Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага адзначыла сваё 970-годдзе.
3 кастрычніка 2014 года, пад час святочных мерапрыемстваў у Наваградку, адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільных выданняў кніжнай спадчыны Францыска Скарыны ў фонды Навагрудскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша адзначыў пры перадачы кніг, што багатыя культурныя традыцыі нашай зямлі павінны стаць асновай для далейшага паспяховага развіцця Беларусі.
У 2014 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Белзнешэканомбанкам рэалізавала першую частку агульнанацыянальнага праекта па выпуску факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францыска Скарыны: пабачылі свет першыя пяць тамоў. Выдавецкі праект разлічаны на перыяд 2013–2017 гг. і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.