Прэзентацыя інфармацыйна-ілюстрацыйнага праекта “Лясная песня” ў горадзе Нур-Султан была прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальная акадэмічная бібліятэка Рэспублікі Казахстан, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан.
Інфармацыйна-ілюстрацыйны праект “Лясная песня” – гэта сумесная ініцыятыва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, праект распавядае пра гісторыю беларускага партызанскага руху.
У сувязі з гэтым выбар Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкі Рэспублікі Казахстан у якасці выязной пляцоўкі для дадзенага праекта невыпадковы. Казахстанцы актыўна ўдзельнічалі ў партызанскім руху на тэрыторыі нашай краіны. Паводле наяўных звестак, у гады Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскіх злучэннях на тэрыторыі Беларусі ваявала не менш за паўтары тысячы жыхароў і ўраджэнцаў Казахстана.
У сваім выступленні на адкрыцці выставы генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава адзначыла: “Перамога ў вайне, захаванне памяці пра яе – гэта тое, што аб’ядноўвала і ў далейшым будзе аб’ядноўваць народы Беларусі і Казахстана”.
З прывітальным словам да гасцей таксама звярнуліся Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Павел Уцюпін, генеральны дырэктар Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкі ў Рэспубліцы Казахстан Умітхан Муналбаева.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і беларускай дыяспары ў Казахстане.
Мерапрыемства адбылося ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.