Дэлегацыя “алмаза ведаў” у складзе Ірыны Васільковіч, загадчыцы сектара арганізацыі кніжных выставак, Ганны Каваленка, вядучага бібліятэкара сектара міжнародных сувязей, Ксеніі Крэйда, метадыста сектара міжнародных сувязей, і Іны Каранінай, метадыста сектара экскурсійнай работы, азнаёмілася з вопытам работы Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі і Бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта.
Мэтай візіту, які прайшоў з 22 па 26 кастрычніка, стала наладжванне новых прафесійных кантактаў, абмен вопытам і пашырэнне супрацоўніцтва паміж нашымі арганізацыямі. Паездка адбылася дзякуючы падтрымцы праекта MOST (Mobility Scheme for Targeted People-to-People-Contacts / Праграма мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў), накіраванага на пашырэнне кантактаў паміж грамадзянамі Еўрапейскага саюза і Беларусі.
Куратар візіту ў Латвійскую нацыянальную бібліятэку, старшы спецыяліст па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва Вікторыя Маскіна правяла займальную экскурсію па будынку бібліятэкі, распавяла пра яе гісторыю і дзейнасць на сучасным этапе.
Новы будынак Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі адкрыўся ў 2014 годзе, атрымаў імя “Замак святла” і стаў адной з галоўных славутасцей Рыгі (архітэктар Гунарс Біркертс). Найбуйнейшая бібліятэка Латвіі сёння адыгрывае важную ролю ў развіцці інфармацыйнага грамадства, падтрымцы навуковых даследаванняў і бесперапыннай адукацыі.
Беларуская дэлегацыя наведала папулярныя экспазіцыі “Нябачныя бібліятэкі” і “Кніга ў Латвіі”, дзе акрамя вывучэння каштоўных экспанатаў таксама да кніг можна дакрануцца, панюхаць яе, паслухаць і нават паспрабаваць на смак. Калегі з выставачнага цэнтра бібліятэкі распавялі пра спосабы і магчымасці перайначвання змянення і трансфармацыі выставачных прастор. Таксама цікавым і карысным быў вопыт замежных калег у выкарыстанні брэндынгу як інструмента прасоўвання бібліятэк. Падчас візіту спецыялісты абмяняліся вопытам вядзення міжнароднай дзейнасці, а таксама абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва.
У хуткім часе Нацыянальная бібліятэка Беларусі адзначае сваё стагоддзе. З гэтай нагоды прадстаўнікі падраздзялення сувязей з грамадскасцю падзяліліся вопытам святкавання стагоддзя Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі, распавялі пра нестандартныя рашэнні, якія ўжывалі пры падрыхтоўцы да юбілею.
Візіт завяршыўся сустрэчай з супрацоўнікамі бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта, вядомай сваім інавацыйным падыходам да абслугоўвання карыстальнікаў. Калегі з Беларусі наведалі таксама Уселатвійскі кніжны кірмаш.
Выказваем падзяку кіраўніцтву і каардынатарам праграмы мабільнасці MOST за прадастаўленую магчымасць развіцця прафесійных кантактаў.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам сувязей з грамадскасцю.