ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
“КрасаWeek” у пошуках юных талентаў
Круглы стол і асветніцкая акцыя

Раман з кнігай

Раман з кнігай
Іншыя навіны

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі – пра новыя тэхналогіі ў чытальных залах, складанасці замены шкла “брыльянта” і свае сенакосы.


2017-ты аб’яўлены годам 500-годдзя беларускага і ўсходнееўрапейскага кнігадрукавання. Мерапрыемствы, звязаныя з гэтай датай,ужо на ўсю моц ідуць па краіне і за яе межамі. Асноўныя ж дзействы запланаваны на восень. У Нацыянальнай бібліятэцы адбудуцца міжнародны кангрэс і маштабная выстаўка. Абяцаюць мноства замежных гасцей і ўнікальных экспанатаў. Пяць стагоддзяў таму пра такую раскошу Францыск Скарына і марыць не мог. А чым жа сёння жыве Нацыянальная бібліятэка і якой бачыцца яе будучыня? Пра гэта і многае іншае мы пагаворым з чалавекам, які ўзначальвае яе амаль пятнаццаць гадоў. У нас у гасцях доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі.

Усё, як у Оксфардзе і Кембрыджы

– Раман Сцяпанавіч, часта, праязджаючы міма Нацыянальнай бібліятэкі, чую размовы людзей, маўляў, навошта адбудавалі такі гмах, ён жа нікому не патрэбны? І праўда, калі іду сюды, не бачу чарады людзей, якія штурмуюць чытальныя залы. Што адкажаце?

– Вялікія чэргі, абмежаванні на ўваход, барацьба за крэсла ў чытальнай зале – усё гэта было... у старым будынку. Новы будынак для таго і будавалі, каб у ім было прасторна, утульна і камфортна працаваць. Але нават у першыя гады працы ў новым будынку нашы залы былі перапоўненыя, і мы рабілі ўсё для таго, каб нашы карыстальнікі маглі атрымаць патрэбную ім інфармацыю як мага хутчэй і ў зручнай “сэрвіснай упакоўцы”. Для гэтага працягвалі ўдасканальваць падыходы да арганізацыі абслугоўвання карыстальнікаў.

Перапоўненыя чытальныя залы – сімвал, які адлюстроўваў нацыю чытачоў у мінулым, у сучасным свеце можа ўспрымацца і інакш. Як тэхналагічная адсталасць. За той час, што прайшоў пасля будаўніцтва бібліятэкі, інфармацыйныя тэхналогіі, і мы разам з імі, прасунуліся значна наперад. А колькасць чытачоў у параўнанні з тым, што было ў старым будынку, павялічылася ў нас прыкладна ў дзесяць разоў. Справа ў тым, што мы цяпер ставім перад сабой іншую задачу.

Напрыклад, калі я прыйшоў на пасаду дырэктара ў Нацыянальную бібліятэку, якая знаходзілася яшчэ па старым адрасе, маёй марай было набыць хоць бы адзін ксеракс. Па-першае, спадзяваўся, што чытачы нарэшце перастануць выразаць з нашых кніг вельмі патрэбныя ім старонкі, а па-другое, аказваючы такую паслугу, мы хоць крыху паправім сваё фінансавае становішча. У выніку стварылі цэлы паліграфічны цэх. У год мы друкавалі больш за дваццаць тысяч кніг, гэта калі палічыць усе гэтыя адксеракапіраваныя старонкі. І ўжо тады можна было казаць, што зрабілі крок наперад: людзі не трацілі час на перапісванне. А гэта не самае выдатнае баўленне часу, я вас запэўніваю як чалавек, які правёў у чытальнай зале не адзін месяц і нават не адзін год. Мы зэканомілі час чытачоў: людзі ўжо не сядзяць у бібліятэцы днямі, а хутка атрымліваюць неабходную інфармацыю і працуюць з ёй дома, у ВНУ, на сваім працоўным месцы – там, дзе ім зручней. Потым мы ўкаранілі электронную тэхналогію аддаленага доступу да баз даных. Тое, што ёсць у Оксфардзе, Кембрыджы, Сусветным банку і іншых навуковых і адукацыйных цэнтрах свету, ёсць і ў нас. Наведвальнік можа карыстацца гэтымі рэсурсамі ў чытальнай зале або скапіяваць іх фрагменты і аднесці дамоў на флэш-карце або іншым зручным для яго носьбіце. У выніку паслугі па ксеракапіраванні сталі мала запатрабаваныя. Гэта яшчэ адзін крок наперад, які эканоміць час і грошы карыстальнікаў і робіць нашы навуковыя распрацоўкі і адукацыйныя паслугі больш таннымі.


З гэтага часу ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША ёсць факсімільнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”

Але мы пайшлі яшчэ далей. Рэалізавалі тэхналогію віртуальнай чытальнай залы і электроннай дастаўкі. Цяпер практычна любую інфармацыю, якая ёсць у нашай бібліятэцы, можна атрымаць, не наведваючы яе. Скажу вам больш, многія нават не здагадваюцца, што карыстаюцца паслугамі нашай бібліятэкі, знаходзячыся на самых розных інфармацыйных рэсурсах. І скажыце, што лепей: калі чалавек імгненна, знаходзячыся на другім канцы планеты або проста ў сябе дома, атрымлівае інфармацыю ў патрэбным яму выглядзе ці калі ён едзе ў чытальную залу за некалькі кіламетраў і сядзіць там гадзінамі?

– Гучыць пераканаўча, але, на мой погляд, тут вымалёўваецца іншая праблема: са з’яўленнем сучасных тэхналогій адпадае неабходнасць у такой вялікай колькасці кадраў, як у вас. Значыць, ідзе аптымізацыя штату?

– Мы пастаянна мяняем структуру і прызначэнне супрацоўнікаў. Наша бібліятэка мае місійныя функцыі, якія бачныя на адлегласці і праз стагоддзі. Напрыклад, мы займаемся зборам і захоўваннем нацыянальнага дакумента, фарміраваннем нацыянальнай бібліяграфіі. І трэба разумець, што калі мы на экране бачым нейкую інфармацыю, гэта не значыць, што яна там з’явілася з паветра – яе нехта туды паклаў.

Адзін асобнік замест дваццаці

– Хачу спытаць вас пра алічбоўку дакументаў. Гэтай працай вы займаецеся ўжо шмат гадоў, але чаму атрымліваецца так, што некаторых кніг па-ранейшаму няма ў электронным варыянце?

– Усю сусветную плынь дакументаў можна падзяліць на дзве часткі: нацыянальныя, тыя, што вырабляем мы – жыхары Беларусі, і тыя, што вырабляе ўвесь астатні свет. Дык вось на тыя, што вырабляем мы, маем пэўныя правы як на інтэлектуальную ўласнасць. Калі ж пачнём лічбаваць і капіяваць чужое, гэта, мякка кажучы, крымінальнае злачынства. І, у прынцыпе, ніхто ў свеце на гэта не ідзе. Мы набываем каля 150 баз і банкаў даных усёй сусветнай інфармацыйнай прасторы і фактычна закрываем навуковыя і адукацыйныя патрэбы нашых карыстальнікаў.

Другая частка пытання – нацыянальныя дакументы. Мы адказныя за іх у сусветнай прасторы. У нашай электроннай бібліятэцы цяпер больш за 450 тысяч самых розных копій дакументаў. Толькі музыкі ў нас алічбавана столькі, што яе тры гады можна слухаць без перапынку. Гэта ў першую чаргу дакументы гістарычнага і культуралагічнага плана, напрыклад, тыя ж рэдкія кнігі Скарыны, тыя ж “Губернскія ведамасці”, газета “Наша доля” і гэтак далей. Ёсць закон аб аўтарскім праве і інтэлектуальнай уласнасці, які не дазваляе дакранацца да твора раней чым праз 70 гадоў пасля смерці аўтара. Гэта сусветная праблема, і яна не такая простая, як здаецца на першы погляд. Незаконна выстаўлены ў грамадскае карыстанне дакумент цягне за сабой нават не адміністрацыйнае, а крымінальнае пакаранне. І, дарэчы, у нас у Беларусі ўжо прайшло некалькі судовых працэсаў, у якіх аўтары абаранілі свае правы на вынікі сваёй творчай дзейнасці ад нядобрасумленных выдаўцоў і іншых арганізацый. Мы першапачаткова паводзілі сябе карэктна, таму часам і даводзіцца чуць: “Як такая вялікая бібліятэка не мае ў сябе ў электронным варыянце творы таго ці іншага аўтара?”. Проста мы выконваем прававыя нормы. І, дарэчы, неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды міжнародных цэнтраў за выкананне заканадаўства ў галіне аўтарскага права і інтэлектуальнай уласнасці, і гэта дае нам вельмі вялікія дывідэнды як у сацыяльным, так і ў фінансавым плане. Напрыклад, мы былі першай нацыянальнай бібліятэкай, якой Сусветны цэнтр патэнтнай інфармацыі перадаў доступ да сваіх рэсурсаў. Толькі за тое, што мы прыстойныя людзі.


Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ была захоплена нашай бібліятэкай

Я праводзіў эксперымент на сабе: аўтар Матульскі спрабаваў дамовіцца з дырэктарам Матульскім за адзін рубель перадаць правы на ўсе публікацыі. І ў рамках існуючага прававога поля гэты шлях нам прайсці цалкам не ўдалося, хоць мы кансультаваліся з усімі, з кім толькі маглі.

– Адзін асобнік, няхай гэта будзе кніга або газета, выдадзены ў Беларусі, абавязкова паступае да вас у бібліятэку. На колькі гадоў хопіць яшчэ месца для іх захоўвання?

– Гэтае пытанне нас з вамі дакладна можа не хваляваць. На бліжэйшыя пяцьдзясят гадоў ёсць рэзерв сховішча. Гэта з улікам тых тэхналагічных працэсаў, пра якія я казаў. Калі дзесяць гадоў таму бібліятэка набывала дваццаць асобнікаў вучэбнай літаратуры, каб задаволіць патрэбы студэнтаў, то сёння ў гэтым няма неабходнасці. Ёсць электронны рэсурс, які дае магчымасць карыстацца дзясяткам людзей адначасова. Таму мы бяром сабе толькі адзін асобнік.

Пры будаўніцтве бібліятэкі аб’ём фондасховішча закладваўся на ўзроўні 14-15 мільёнаў адзінак. Цяпер гэтыя плошчы заняты дзяржархівам, гістарычным музеем, гэта значыць яны не пустуюць. Па меры таго як мы будзем развівацца, будзем і высяляць нашых кватарантаў.

Будынак прастаіць пяць стагоддзяў

– Вы часта бываеце ў камандзіроўках. Раскажыце, як сёння працуюць замежныя бібліятэкі, чаму нам яшчэ трэба павучыцца? Ці, можа, мы дзелімся сваім вопытам?

– На самой справе ў нас высокі статус сярод нацыянальных бібліятэк свету. На прасторах СНД мы з’яўляемся бясспрэчным тэхналагічным лідарам. Гэта такая школа перадавога вопыту, куды пастаянна прыязджаюць вучыцца, пераймаць нашы напрацоўкі. Але гэта не значыць, што мы заганарыліся і глядзім на ўсіх з вышыні. Жыць у гэтым свеце можна толькі ва ўзаемадзеянні. Калі не абменьвацца з калегамі новымі падыходамі, поглядамі, то з перадавікоў вельмі хутка можна апынуцца ў апошніх шэрагах. Гэта бясконцы ўзаемны працэс. Таму мы нешта запазычваем у калег, напрыклад, у пытанні развіцця сістэмы электроннай бібліятэкі, у прасоўванні ў воблачныя тэхналогіі. Да нас жа прыязджаюць за канцэптуальным тэхналагічным рашэннем пабудовы новага будынка бібліятэкі будучага, за новымі падыходамі ў арганізацыі сацыякультурнай дзейнасці і гэтак далей.

– Напэўна калегі з іншых краін цікавяцца праблемамі ў эксплуатацыі такога суперсучаснага будынка: напрыклад, як замяніць шкло, якое лопнула.

– Нагадаю, плошча нашага будынка крыху большая за адзінаццаць гектараў. Гэта такі еўрапейскі катэджны пасёлак з тысячы дамоў. Таму сказаць, што праблем тут няма, было б няпраўдай. Хоць павінен адзначыць, што будынак вельмі добра спраектаваны, ён праходзіў мноства экспертыз і нейкіх глабальных праблем праз дзесяць гадоў пасля ўводу ў эксплуатацыю не стварае. Можа быць, і таму, што мы, эксплуатуючая арганізацыя, працавалі ў цесным узаемадзеянні з будаўнікамі. Можна сказаць, заглядвалі ў кожную шчыліну, разбіраліся, што да чаго. Што называецца, гэты будынак мы ведалі яшчэ да нараджэння, таму асаблівых сюрпрызаў для нас не было. Але ёсць асаблівасці. Мы валодаем унікальным абсталяваннем, якое ёсць у краіне толькі ў адным экзэмпляры. Напрыклад, ліфт, які вядзе на аглядную пляцоўку. Ён выраблены фінскай кампаніяй спецыяльна для нас, і калі ў яго штосьці зламалася, то нельга ўзяць такую ж дэтальку з іншага ліфта і хутка паправіць. А тут, як вы разумееце, вельмі складана прагназаваць, што і дзе зламаецца, каб загадзя заключыць кантракт на пастаўку таго ці іншага элемента. Таму мы перыядычна сутыкаемся з пэўнымі праблемамі.

Пра шкло. Цяпер з’явілася шмат вышынных будынкаў, таму асаблівых праблем у іх абслугоўванні няма. Але ў нас будынак незвычайнай формы – “брыльянт” на подыуме, які знаходзіцца вельмі далёка ад вонкавых сцен першага паверха. Таму нельга проста падагнаць машыну, падняць кран і выканаць усе работы: стылабат не дазваляе ўшчыльную пад’ехаць да самога “брыльянта”. Таму далёка не кожная кампанія можа абслугоўваць наш будынак, тут патрэбна спецыяльная тэхніка. Але ў цэлым мы зжыліся з гэтым будынкам, і ўжо нічога незвычайнага для нас тут няма.

– Адна з апошніх навін, хай і звязаная з Нацыянальнай бібліятэкай не наўпрост, а ўскосна, якая атрымала розгалас у грамадстве, – пачатак нейкіх будаўнічых работ побач з ёй. Тады папаўзлі чуткі, што гэта можа негатыўна адбіцца на вашым шкляным будынку. Дык наколькі трывала ён стаіць? І, дарэчы, колькі гадоў наогул ён можа прастаяць?

– Можна падняцца на аглядную пляцоўку і ўбачыць, што вакол працягваецца будоўля. Дыскусіі паміж архітэктарамі і будаўнікамі таксама працягваюцца, наколькі я ведаю. Але справа ў тым, што ёсць арганізацыя, якая назірае за нашым будынкам з моманту яго стварэння. І робіць гэта не толькі, каб забяспечыць нашу жыццядзейнасць, але і з мэтай атрымання вопыту ў эксплуатацыі такога незвычайнага аб’екта. Мы знутры абвешаны шматлікімі датчыкамі, якія і перадаюць інфармацыю пра паводзіны будынка. І адхіленняў ад нарматываў не зафіксавана, сігналу трывогі ад тых, хто назірае за будынкам, не паступала. Разам з тым будоўля вядзецца не на тэрыторыі нашай бібліятэкі, і мы юрыдычна ніяк не можам паўплываць на сітуацыю, якая адбываецца літаральна за сто метраў ад яе. Але мы заўсёды выказваем адзін пункт гледжання: бібліятэка з’яўляецца сімвалам нашай краіны, і ніякія імгненныя будаўнічыя праекты не павінны гэта перакрэсліць, наадварот, неабходна зрабіць усё магчымае, каб іх знешні выгляд быў прыемны не толькі жыхарам Мінска, але і гасцям. Дарэчы, мы шмат разоў былі пераможцамі конкурсаў сэлфі ў інстаграме і іншых сацсетках – для турыстаў гэта вельмі прывабны аб’ект. Дарэчы, будынак пабудаваны моцна і надзейна. Тэрмін яго эксплуатацыі – 500 гадоў.

Навука як аддушына

– Якія пытанні вам даводзіцца вырашаць часцей: навуковыя або гаспадарчыя?

– Адназначна адказаць складана. Гэта шматфункцыянальны будынак. Тут і аглядная пляцоўка, і Прэзідэнт-цэнтр, і фізкультурна-аздараўленчы комплекс, таму на пэўных этапах нейкая з гэтых тэм становіцца больш актуальнай. Вядома, калі ідзе гаворка пра падрыхтоўку да мерапрыемстваў з удзелам найвышэйшых службовых асоб, тады ўся ўвага ў гэтым кірунку. Або ўспомнім чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе, калі ўсім гасцям захацелася паглядзець на Мінск з вышыні птушынага палёту і аглядная пляцоўка зрабілася самым папулярным месцам у горадзе. Тады займаліся ў асноўным ёю.Сёлета 500-годдзе беларускага кнігавыдання, таму вельмі шмат увагі да навуковага аспекту: увосень арганізуем буйны міжнародны кангрэс і выстаўку. Словам, даводзіцца быць адначасова і будаўніком, і бухгалтарам, і архітэктарам, і кнігазнаўцам – сумаваць няма калі.

– У гэтай мітусні ёсць час на ўласныя навуковыя працы?

– Гэта мая аддушына, сэнс жыцця, псіхатэрапія – называйце як хочаце. Часам сапраўды хочацца адысці ад гаспадарчых клопатаў, рахункаў, бюджэтаў і акунуцца ў зусім іншы свет. Напрыклад, вярнуцца на пяцьсот гадоў таму да Скарыны і хоць некалькі гадзін пажыць у яго часе. Часцей гэта здараецца вечарам ці ў выходны дзень. Усе псіхолагі настойліва рэкамендуюць пераключацца на іншыя справы, я імкнуся прытрымлівацца гэтага. Не ўяўляю сябе без навуковай працы.

– А час на мастацкую літаратуру ў вас ёсць?

– Час і грошы – гэта тыя рэсурсы, якіх заўсёды не хапае. Проста трэба навучыцца правільна іх размяркоўваць, і тады можна шчасліва жыць у гэтым свеце. Таму мастацкая літаратура ў мяне заўсёды ўвечары перад сном. Чытаю добрую фантастыку, цяпер скончыў трылогію Муракамі “1Q84”. Бывае, паралельна чытаю некалькі кніг. Вось цяпер зноў вярнуўся да выдадзенага намі ж зборніка п’ес беларускіх драматургаў да юбілею Скарыны. Цікава даведацца, як сучасныя аўтары бачаць эпоху.

Бацька – асабісты прыклад

– Раман Сцяпанавіч, усё ж такі прафесія бібліятэкара – справа жаночая. Хлапчукі звычайна мрояць пра космас, армію і гэтак далей. Што падштурхнула маладога чалавека ў гэту прафесію?

– Касманаўт, падводнік, палярнік – усё гэта было ў дзіцячых марах і ўзялося менавіта з кніг. Чым гэтая прафесія прыцягнула? Тым, што быў асабісты прыклад – бацька працаваў бібліятэкарам. Ён з гэтай нагоды не камплексаваў, наадварот, быў вельмі паважаным чалавекам. Таму я не лічыў гэтую прафесію незвычайнай для мужчын. Праўда, да гэтага часу памятаю фразу сакратара прыёмнай камісіі ў вучылішчы: “Хочаце быць адзіным мужчынам на курсе?” Я тады наогул не зразумеў пытання. Усвядоміў яго значна пазней.


Вялікая сям’я Рамана Матульскага ў зборы

– Прызнайцеся, і жонку знайшлі ў гэтым кветніку?

– Дзяўчат, з якімі я вучыўся, лічыў калегамі, паплечнікамі, але ніяк не прадметам мужчынскай увагі. З жонкай пазнаёміўся ў будатрадзе. Збіралі гародніну і садавіну ў Стаўрапольскім краі. Тады фарміравалі вялікія атрады з розных ВНУ, вось там я і прыкмеціў прыгожую дзяўчыну з педагагічнага інстытута. Літаральна праз паўгода мы і пажаніліся. Жонка ў мяне дэфектолаг.

– Першае працоўнае месца памятаеце?

– Мая кар’ера пачыналася з падвалаў Нацыянальнай бібліятэкі, дзе размяшчалася фондасховішча. У старым будынку месцаў у сховішчы не хапала, і там была такая бясконцая праца, як перасоўка фондаў – выключна мужчынскі занятак. З’яўленню ў сховішчы мужчыны жанчыны-калегі вельмі ўзрадаваліся. Неўзабаве я пайшоў у войска, а вярнуўся адтуль у аддзел камплектавання, скажам так, у бібліятэчную эліту, дзе таксама прапрацаваў зусім няшмат. Вельмі хацеў займацца навукай, але ў той час з бібліятэкі нельга было паступіць у аспірантуру, толькі з навучальнай установы. Таму я перайшоў на паніжэнне – у бібліятэку інстытута культуры, затое гэта дало мне магчымасць паступіць і вучыцца далей.

– Няўжо ніколі не было шкадавання наконт абранай прафесіі? Бо матэрыяльны складнік для гаспадара сям’і вельмі важны.

– Скажам так: прафесія мяне ніколі не крыўдзіла. Я пачынаў з заробку ў 105 рублёў, і ў нас тады ўжо было дзіця. Вядома, на такія грошы жыць было немагчыма. Тады я і вырашыў рухацца далей, ісці ў навуку. Стаўшы кандыдатам навук, зразумеў, што ў гэтай прафесіі таксама можна зарабляць. Праўда, як жартаваў адзін мой сябар, толькі чалавекам стаў – перабудова пачалася. І я так і не паспеў разжыцца на кандыдацкай зарплаце. Але з перабудовай адкрыліся новыя магчымасці. Я быў адным з першых у Беларусі, хто стаў выйграваць розныя гранты міжнародных фондаў, і такім чынам займеў магчымасць працягнуць адукацыю і атрымаць досвед у навучальных установах і бібліятэках Еўропы. Так я апынуўся ў Інстытуце Гётэ ў Германіі, удасканальваў там сваю нямецкую мову, а потым стажыраваўся і выкладаў у Вышэйшай бібліятэчнай школе ў Штутгарце і ў Ягелонскім універсітэце. Гэта значыць, у тыя цяжкія часы, калі людзі вазілі беларускі трыкатаж у Польшчу, каб неяк выжыць, я стажыраваўся за мяжой і дзякуючы гэтаму ўтрымліваў сям’ю і заставаўся ў прафесіі – выкладаў ва ўніверсітэце, пісаў кнігі і артыкулы.

Каса – лепшы трэнажор

– Дзяцей у прафесію не штурхалі?

– Па сутнасці, сын і дачка таксама займаюцца апрацоўкай інфармацыі. Праўда, трохі на іншым узроўні – яны айцішнікі, спецыялісты ў галіне камп’ютарных тэхналогій. Выбар зрабілі самастойна. Думаю, шмат у чым захапленне сына вызначыла тое, што я быў першым выкладчыкам у інстытуце культуры, у якога дома быў свой камп’ютар. Гэта як раз вынік першай паездкі ў Германію. Заўважу, што ён мне быў патрэбны не для цацак, а для напісання навуковых прац. Сын, дарэчы, таксама не захапляўся стралялкамі, яго цікавілі рэчы больш сур’ёзныя. Бывала, вяртаюся з працы, а камп’ютар разабраны. Таму неўзабаве мы вырашылі падзяліць нашу гаспадарку і купілі яму свой камп’ютар, з якім ён рабіў, што хацеў. У выніку паступіў у БДУІР. Дачка ў мяне дзяўчынка ўпартая, яна заўсёды старалася не адступаць ад брата, таму пайшла па яго слядах.

– Вы сказалі, што навуковая праца – гэта ваша аддушына, але і ад такога занятку таксама трэба адпачываць. У вас ёсць лецішча?

– У свой час я набыў дом на хутары. Гэта быў запушчаны будынак, у якім ніхто не жыў дзесяць гадоў. Там рос бур’ян вышэй за дах. Але мы ніколі не разглядалі гэты дом у якасці лецішча. Тры з паловай гады будавалася бібліятэка, гэта былі вельмі цяжкія часы – ні свят, ні выхадных. І калі скончылася будаўніцтва, неабходна было пераключыцца на нешта іншае. Гэта была парада і лекараў, і сяброў, і святароў. Тады я знайшоў гэты закінуты дом і пачаў ездзіць туды слухаць салаўёў, атрымліваць асалоду ад прыроды. Там стары сад, пасаджаны яшчэ падчас вайны. Цяпер ужо я і сам там шмат пасадзіў дрэў, у тым ліку дэкаратыўных: піхт, елак, бярозак і гэтак далей. Гэта месца псіхалагічнай разгрузкі.


Першым месцам працы цяперашняга дырэктара была Нацыянальная бібліятэка, якая тады называлася Ленінскай: спачатку ў фондасховішчы, а пасля ў аддзеле камплектавання

Не люблю спартыўных залаў. Куды лепш атрымліваць фізічную нагрузку, выконваючы нейкую працу. Ёсць у мяне там вялікі луг, які трымаю менавіта як трэнажор. Ранічкай прайсці некалькі пакосаў дастаўляе мне велізарнае задавальненне. А гэта ж яшчэ і зносіны з прыродай, з зямлёй. Усе стрэсы сыходзяць.

– Цяпер у модзе здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне. Прытрымлівайцеся?

– Я люблю гатаваць. Але, як мы жартуем, у жонкі атрымліваецца правільная ежа, а ў мяне смачная. Я прыхільнік тэорыі, што есці трэба ўсё, але з пачуццём меры. Трэба разумець: раз добра пад’еў, гэта трэба адпрацаваць. Да таго ж стараюся выконваць пасты. Выдатна разумею, што адмова ад пэўных страў у такіх выпадках не самае галоўнае, куды больш важна ўпарадкаванне думак, але адпачынак для арганізма, страўніка таксама карысны. Гэтай методыцы тысячы гадоў, яна прайшла выпрабаванне часам.

Яшчэ ў мяне ёсць лыжы і ровар. На лыжах з задавальненнем бегаю па лесе. Люблю і горныя, балазе цяпер вакол Мінска дастаткова месцаў для гэтага захаплення. Гэта спосаб атрымаць зарад адрэналіну. За рулём аўтамабіля не дазваляю сабе здзяйсняць рэзкія абгоны, а вось на горцы адрываюся. Улетку саджуся на ровар. Яшчэ люблю падводнае плаванне. Там усё інакш, рэлакс непераўзыдзены. Праўда, для гэтага трэба ехаць на мора.

– Калі б з’явілася магчымасць пражыць жыццё зноў, што б вы змянілі?

– У прафесійным плане нічога б не змяняў. А вось у асабістым... Знайшоў бы больш часу, каб мець зносіны з бацькамі. Гэта, на жаль, ужо ніяк не навярстаеш. Таму, у каго ёсць магчымасць больш размаўляць са сваімі бацькамі, не ўпускайце яе.

Аўтар публікацыі: Наталля Сцяпура.

Крыніца: газета “РЭСПУБЛIКА”

Пераклад з рускай мовы Юрыя Чарнякевіча, вядучага бібліятэкара аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам