5 красавіка ў бібліятэцы адбыўся семінар “Магчымасці выкарыстання баз даных Research Monitor і Passport у макраэканамічных даследаваннях”.
Мерапрыемства было арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з кампаніяй Euromonitor International, якая спецыялізуецца на стратэгічных эканамічных і сацыяльна-дэмаграфічных даследаваннях.
Падчас семінара выступілі Максім Бусловіч, рэгіянальны кіраўнік аддзела ўрадавых і акадэмічных арганізацый, і Кацярына Бандарэнка, спецыяліст па развіцці бізнесу кампаніі Euromonitor International, якія прадставілі ўдзельнікам агляд зместу баз даных Research Monitor і Passport, алгарытмы іх выкарыстання ў даследаванні сусветных і рэгіянальных эканамічных і сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў, а таксама развіцці макраэканомікі і спажывецкіх рынкаў.
Былі падрабязна раскрыты пошукавыя і функцыянальныя магчымасці баз даных, а таксама прапанаваны практычныя рэкамендацыі па выкарыстанні атрыманай інфармацыі ў навуковых даследаваннях.
У семінары прынялі ўдзел карыстальнікі і спецыялісты бібліятэк, інфармацыйных цэнтраў, супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый розных галін эканомікі, а таксама прадстаўнікі навуковых устаноў, якія займаюцца эканамічнымі і сацыяльна-дэмаграфічнымі даследаваннямі.