27 сакавіка ў рамках павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна і цэнтралізаванай сістэмы ДПБ г. Магілёва адбыўся семінар па нарміраванні працы.
Перад удзельнікамі выступіла галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчна-інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі С.В. Казлова. У практыкуме, які суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй “Правядзенне нарміравання тэхналагічных працэсаў у бібліятэцы”, Святлана Васільеўна спынілася на тэарэтычных момантах сучаснага нарматыўнага падыходу да арганізацыі працы: мэтах і задачах нарміравання, заканадаўчай базе, асноўных відах норм працы, метадах нарміравання. У якасці прыкладу яна распавяла пра базу даных Нацыянальнай бібліятэкі “Нормы часу”.
Прысутныя даведаліся пра неабходнасць стварэння інструкцыі аб парадку нарміравання бібліятэчна-інфармацыйных працэсаў у бібліятэцы, азнаёміліся з правіламі вядзення тэхналагічных карт бібліятэчна-інфармацыйных працэсаў, аперацый, элементаў і інш. Абмеркавалі пытанні спецыфікі нарміравання працы ў сектары аўтаматызацыі, аддзелах апрацоўкі літаратуры, абслугоўвання чытачоў.
Семінар садзейнічаў працэсу распрацоўкі норм часу, якія адлюстроўваюць практыку работы канкрэтнай бібліятэкі, што, несумненна, важна для штогадовага планавання бібліятэчнай дзейнасці, вызначэння бюджэту працоўнага часу кожнага работніка, ацэнкі эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў у бібліятэцы.
Крыніца: сайт Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна