10 верасня ў Музеі беларускага кнігадрукавання (г. Полацк) прайшло пасяджэнне круглага стала “Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні”, прымеркаванага да 25-годдзя Музея беларускага кнігадрукавання.
У рабоце круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі музеяў і бібліятэк Беларусі і Расіі: Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музея беларускага кнігадрукавання, Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З дакладамі ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выступілі кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Аляксандравіч Суша (“Скарыніяна ў музейнай экспазіцыі: набыткі і перспектывы напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”), загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Галіна Уладзіміраўна Кірэева (“Роль Е.Л. Немировского в изучении наследия Ф. Скорины: к 90-летию со дня рождения российского исследователя”) і загадчык сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Таццяна Андрэеўна Сапега (“Арыгінал і копія кніжнага помніка ў музейнай экспазіцыі: да праблемы суіснавання”).