14 верасня ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прайшоў урачысты вечар, прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства.
У рамках мерапрыемства адбылося адкрыццё кніжнай выстаўкі "Лепшыя кнігі Беларусі" з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Экспазіцыя пазнаёміла гасцей вечара з тэматычнымі навуковымі, літаратурна-мастацкімі і факсімільнымі выданнямі, звязанымі з гісторыяй беларускага пісьменства і кнігадрукавання, а таксама з друкаванымі выданнямі – лаўрэатамі штогадовага нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" за апошнія пяць гадоў.
Адзін з раздзелаў экспазіцыі быў прысвечаны пераможцам Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Тут размясціліся найбольш вядомыя творы ініцыятара прэміі, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, сустаршыні Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Мікалая Чаргінца. Менавіта таму мерапрыемства прайшло ў фармаце літаратурнага вечара, галоўным героем якога і стаў Мікалай Чаргінец.
Музычнай праграмай гасцей мерапрыемства парадавалі народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок і струнны квартэт Магілёўскай абласной філармоніі "Gold String Quartet".