Менавіта так называецца інфармацыйны рэсурс, які папоўніў рэпертуар баз даных краязнаўчай тэматыкі арганізацый – партнёраў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, даступных праз віртуальную чытальную залу.
У аснове рэсурсу, створанага супрацоўнікамі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна, – матэрыялы пра жыццё і творчую дзейнасць сучасных мастакоў і мастацтвазнаўцаў, членаў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, якія па праву лічацца паслядоўнікамі традыцый сусветна вядомай віцебскай мастацкай школы.
Нагода для прадстаўлення дадзенага рэсурсу больш чым знамянальная – падзеі 100-гадовай даўніны, звязаныя з прыездам у 1917 г. у Віцебск самога Марка Шагала ў якасці ўпаўнаважанага Калегіі па справах мастацтваў Віцебскай губерні, супрэматыста Казіміра Малевіча, а таксама адкрыццё ў 1919 г. Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, якое падарыла свету многіх вядомых мастакоў і садзейнічала ператварэнню Віцебска ў адну з найбуйнейшых у свеце лабараторый сучаснага мастацтва, архітэктуры і дызайну. А паняцці “віцебская мастацкая школа”, “віцебскі рэнесанс” і “віцебскі авангард” па-ранейшаму прыцягваюць даследчыкаў з усяго свету.
Інфармацыйны рэсурс “Мастакі Віцебшчыны” – свайго роду дэманстрацыя дасягненняў сучаснага перыяду развіцця віцебскай мастацкай школы. Матэрыялы рэсурсу згрупаваны па асноўных раздзелах: “Артхранограф” (гісторыя станаўлення і развіцця мастацкага жыцця Віцебшчыны) і “Партфоліа” (персанальная інфармацыя пра больш за 100 мастакоў), прадстаўленае рубрыкамі “Біяграфія”, “Бібліяграфія”, “Выстаўкі”, “Галерэя” , “Работы” і “Альбом”.
Раім звярнуць увагу ў віртуальнай чытальнай зале і на яшчэ адзін вельмі цікавы краязнаўчы рэсурс, які ствараецца супрацоўнікамі Віцебскай абласной бібліятэкі сумесна з гісторыкамі і краязнаўцамі. Называецца ён “Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада”. Зараз ён ужо ўключае больш за 50 відэазапісаў тэматычных лекцый і тэлепраграм на рэгіянальным канале “Віцебск”, прысвечаных розным этапам гісторыі горада.
Вылучым у гэтым рэсурсе некалькі відэазапісаў змястоўных і пазнавальных лекцый па нашай тэме: “Марк Шагал і Віцебск”, “Культурнай жыццё віцяблян у 1920-я гады”, “Дом І.В. Вішняка і яго гісторыя” (пра будынак Музея гісторыі Віцебскага мастацкага вучылішча, урачыста адкрытага ў лютым 2018 г.), відэазапіс перадачы “Адкрыццё Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча” (тэлеэфір ад 28.02.2018 г.).
Упэўнены, што, азнаёміўшыся з гэтымі краязнаўчымі рэсурсамі, вы адкрыеце для сябе шмат новых дзіўных старонак і фактаў адной з самых яскравых з'яў не толькі беларускай, але і сусветнай мастацкай культуры.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам карпаратыўнага ўзаемадзеяння.