14 снежня ў рамках афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Беларусь Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведала в'етнамская парламенцкая дэлегацыя.
Дэлегацыю ўзначаліў старшыня Камісіі па юстыцыі Нацыянальнага сходу Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Нгуен Ван Хіен.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі гасцей сустракаў дырэктар Раман Матульскі. Для членаў дэлегацыі была арганізавана аглядная экскурсія, падчас якой яны азнаёміліся з працай бібліятэкі, архітэктурна-канструкцыйнымі асаблівасцямі яе будынка, тэхнічным абсталяваннем, інфармацыйнымі рэсурсамі, мастацкім афармленнем інтэр’ераў. Экскурсія прадоўжылася на закрытай агляднай пляцоўцы бібліятэкі, адкуль разгортваюцца маляўнічыя краявіды сталіцы і наваколля.
У музеі кнігі да ўвагі гасцей была прадстаўлена калекцыя рарытэтных выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Спадар Ван Хіен пакінуў памятны запіс у Кнізе ганаровых гасцей.