У музеі кнігі экспануюцца рэдкія дакументы з фонду Уладзіміра Ліхадзедава, створанага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Як адбываецца пошук і вяртанне каштоўных дакументаў у фонды дзяржаўных устаноў? Якія дакументы папаўняюць фонды бібліятэк?
Адказы на гэтыя пытанні можна атрымаць на выставе “Бацькаўшчына. У пошуках страчанага”, якая адкрылася 15 верасня, у Дзень бібліятэк, у музеі кнігі. На працягу месяца ўвазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены рукапісы, архіўныя дакументы, рэдкія друкаваныя выданні XVI – пачатку XX ст. з фонду У. Ліхадзедава, набытыя пры падтрымцы дзяржавы, перададзеныя ў дар і на дэпазітарнае захоўванне.
На адкрыцці з прывітальным словам звярнуўся намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка. Павіншаваўшы прысутных з Днём бібліятэк, ён нагадаў аб нязменнай місіі бібліятэчных устаноў па захаванні і папулярызацыі кніжнай культуры.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Так, намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава выказала словы падзякі Нацыянальнай бібліятэцы і Уладзіміру Ліхадзедаву за актыўную дзейнасць па пашырэнні доступу да інфармацыі аб нацыянальнай кніжнай спадчыне, нагадала пра каштоўнасць друкаванай кнігі і запатрабаванасць праекта па стварэнні электроннай бібліятэкі.
Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч падкрэсліў важнасць сумеснага гісторыка-асветніцкага праекта “Бацькаўшчына. У пошуках страчанага”, якому споўніцца ў наступным годзе 20 гадоў. Сёлета на 36-м Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы беларускі стэнд прыцягнуў асаблівую ўвагу дзякуючы дэманстрацыі вынікаў сумеснага праекта – выставы кніг-альбомаў, вечнага календара, а таксама праграмы па інтэрактыўным “ажыўленні” фатаграфій розных куткоў Беларусі XIX – пачатку XX ст.
Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандр Храмой у сваім выступленні распавёў пра сувязь бібліятэкі і музея. Дзякуючы бібліятэчным фондам ён рэалізаваў сябе як даследчык, а сёння музей і галоўная захавальніца кніжнай спадчыны краіны часта ўзаемадзейнічаюць і ажыццяўляюць цікавыя праекты па захаванні гістарычнай памяці. Таксама ён падарыў бібліятэцы зборнік матэрыялаў V Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”.
Ад грамадскага дзеяча і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава госці больш падрабязна даведаліся аб праекце і дзейнасці па пошуку і набыцці каштоўных дакументаў. Падчас аўтарскай экскурсіі ён распавёў гісторыю многіх рарытэтаў, прадстаўленых на выставе. Уладзімір Аляксеевіч перадаў у дар бібліятэцы шэраг кніг-альбомаў і вечны каляндар, выпушчаныя ў рамках праекта ў 2022–2023 гг., ілюстраваныя каталогі паштовак вядомай рускай мастачкі Л. Бём і творчай групы вядомых еўрапейскіх майстроў XIX–XX стст. вядомых пад назвай “Венскія майстэрні”, унікальныя картаграфічныя матэрыялы, рэдкія кнігі ХІХ – пачатку ХХ ст. з правененцыямі бібліятэчных збораў Беларусі, а таксама асобныя нумары перыядычных выданняў ХІХ – пачатку ХХ ст.
Выстава будзе працаваць у музеі кнігі (пам. 347) да 30 лістапада 2023 г.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 81, 293 27 22.
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.