ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Адзін з найбуйнейшых кампазітараў Беларусі ХХ стагоддзя
Як краязнаўцы адкрываюць віртуальную прастору і сацыяльныя сеткі

Адам Мальдзіс – верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Францыска Скарыны – застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў

Адам Мальдзіс – верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Францыска Скарыны – застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў
Іншыя навіны

Беларуская культура панесла вялікую страту. На 90-м годзе жыцця скончыў свой зямны шлях вядомы літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Іосіфавіч Мальдзіс.

“Адораны ад Бога вясковы хлапчук змог вырасці ў энцыклапедычна падрыхтаванага, шырока прызнанага ў свеце навукоўца, рознабакова раскрыць свой талент літаратара, публіцыста, асветніка, культурнага дзеяча нашай краіны”, – пісаў пра шаноўнага прафесара Генадзь Кісялёў.

Творчая актыўнасць стала выяўляцца ў будучага літаратуразнаўца яшчэ са школьных гадоў, калі юнак з вёскі Расолы ў Астравецкім раёне, дзе ён нарадзіўся 7 жніўня 1932 года ў сям’і земляроба, пачаў дасылаць свае вершы і допісы ў мясцовыя газеты. Род яго паходзіў са абеларушчаных у даўнія часы літоўцаў Астравеччыны.

У 1951 годзе, пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы, юнак паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Пасля вучобы ў БДУ тры гады працаваў адказным сакратаром раённай газеты ў Радашковічах.

У 1959 годзе Адам Іосіфавіч паступіў у аспірантуру пры Інстытуце імя Янкі Купалы АН Беларусі і засяродзіўся на вывучэнні беларуска-польскіх літаратурных узаемасувязей ХIХ стагоддзя. На гэтую тэму ў 1963 годзе ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. З інстытутам літаратуры звязана звыш трыццаці гадоў напружанай працы А.І. Мальдзіса як літаратуразнаўца, даследчыка і папулярызатара, навуковага кіраўніка-арганізатара, а пазней – стваральніка і першага дырэктара Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, заснавальніка і ганаровага старшыні грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”.

1-Maĺdzis.png

Адам Мальдзіс прымаў чынны ўдзел як у напісанні акадэмічных гісторый беларускай літаратуры (за што ў 1980 годзе быў заслужана ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі), так і ў выкананні Скарынаўскай праграмы, распрацаванай напярэдадні 500-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара і асветніка. Надзвычай грунтоўнае даследаванне “На скрыжаванні славянскіх традыцый” (1980) атрымала міжнароднае прызнанне і заслужана прынесла аўтару высокую ступень доктара філалогіі.

2-Maĺdzis.png

А. Мальдзіс пачынаў свае пошукі як захоплены і апантаны даследчык літаратуры ХIХ стагоддзя. Яго кніга “Творчае пабрацімства” (1966) пра беларуска-польскія літаратурныя сувязі была па-сапраўднаму наватарскай, адкрывальніцкай. У ёй – мноства фактаў, здабытых у айчынных і польскіх архівах. Кніга “Падарожжа ў ХIХ стагоддзе” (1969) стала настольнай для ўсіх, хто цікавіцца культурнай спадчынай. У ёй пададзены яскравыя партрэты пісьменнікаў, музыкаў, падарожнікаў, дзеячаў вызваленчага руху.

Адам Іосіфавіч спрабаваў сябе і ў белетрыстыцы. Яго аповесць “Восень пасярод вясны” (1984) была пастаўлена як п’еса ў Барысаўскім тэатры.

Бліскучай і арыгінальнай у жанравых адносінах стала яго кніга “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” – сплаў мемуарыстыкі, эсэістыкі і літаратуразнаўства.

У кнізе “Як жылі нашы продкі ў ХVIII стагоддзі” (2001) Адам Мальдіс стварыў партрэты магнацтва, шляхты, мяшчанства і сялянства, расказваў пра грамадскае і сямейнае жыццё, матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі ХVIII стагоддзя.

3-Maĺdzis.jpg

Яшчэ адно шчырае захапленне Адама Мальдзіса – краязнаўства – рэалізавалася ў кнізе “Астравеччына – край дарагі…” і шматлікіх артыкулах па краязнаўстве. Блізкія па духу, па імкненні глыбей спазнаць родны край кнігі “Шляхі вялі праз Беларусь” (1980), сумесна з гісторыкам Валянцінам Грыцкевічам) і “Беларусь ў люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIII cтагоддзя” (1982), якая ў 2001 годзе была перавыдадзена ў абноўленым выглядзе.

4-Maĺdzis.jpg

Тытанічным навуковым подзвігам Адама Мальдзіса з’явіліся падрыхтоўка і выданне 6-томнага біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі”, які выходзіў у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя” ў 1992–1995 гадах. Гэта была даўняя мара-задума Адама Мальдзіса. Дзякуючы яго намаганням была створана рэтраспектыўная картатэка па беларускай літаратуры (каля мільёна картак). Яна легла ў аснову ўнікальнага энцыклапедычнага даведніка, які змяшчае неацэнную інфармацыю пра амаль 1 200 пісьменнікаў Беларусі ХII–ХХ стагоддзяў.

Далёка ў свеце ведалі Адама Мальдзіса як прызнанага паўпрэда беларускай культуры. Ён удзельнічаў у рабоце шматлікіх міжнародных форумаў навукоўцаў, з’ездах славістаў, канферэнцыях, сімпозіумах, круглых сталах. Яго змястоўныя даклады і выступленні гучалі ў Вільнюсе і Варшаве, Лондане і Сафіі, Рыме і Венецыі, Берліне і Парыжы, Празе і Браціславе, Нью-Ёрку і Токіа. Агульнапрызнана і прамоўніцкае майстэрства Адама Мальдзіса, выдатнага лектара – прапагандыста беларускай літаратуры, нацыянальнай культурнай спадчыны.

Яго шматгранная дзейнасць і творчасць мелі энцыклапедычны характар. Шмат каму ён дапамагаў – кансультаваў, рэцэнзаваў, рэдагаваў, выступаў апанентам на абароне дысертацый і г.д. Без дапамогі Адама Іосіфавіча не абышлося стварэнне Музея беларускага кнігадрукавання ў Полацку.

Яго ініцыятывы і намаганні дапамаглі стварыць унікальную бібліятэку Скарынаўскага цэнтра (самавітыя тамы “Альбарутэнікі”, “Вяртання”), штомесячны бюлетэнь “Кантакты і дыялогі”.

У апошняе дзесяцігоддзе Адам Іосіфавіч працаваў у рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”, даследаваў жыццёвыя шляхі нашых суайчыннікаў у замежжы. У сталым веку шмат працаваў ён і дома.

Чынны ўдзел браў слынны літаратуразнавец у падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе.

5-Maĺdzis.png

Ён пакінуў вялікую навуковую спадчыну. На кніжных паліцах застануцца яго даследаванні: “Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.” (1966), “Падарожжа ў XIX ст.: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры” (1969), “Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.” (1972), “Таямніцы старажытных сховішчаў” (1974), “На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна XVII–XVIII ст.” (1980), “Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў” (1982), “Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў” (1984), “З літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі” (1987), “Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў” (1988), “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека” (1990), “І ажываюць спадчыны старонкі” (1994), “Як жылі продкі ў XVIII стагоддзі” (2001), “Выбранае” (2007), “Белорусские сокровища за рубежом” (2009), “Соотечественники” (2013)…

Кнігі доктара філалогіі даўно выйшлі за межы літаратуразнаўчых пошукаў, – напісаў у прадмове да кнігі “Ад Скарыны і Фёдарава – у ХХI стагоддзе” Алесь Карлюкевіч. – Жаданне вучонага разгледзець мінуўшчыну праз літаратурныя помнікі, праз артэфакты прыгожага пісьменства, што ў розны час ствараліся на тэрыторыі Беларусі, прывяло да будаўніцтва сістэмнага ведання пра ўплывы на далейшае літаратурнае і культурнае развіццё народа і нацыі, краіны”.

Пісьменніца Людміла Рублеўская назвала Адама Мальдзіса чалавекам Адраджэння. Ва ўдзячнай памяці нашчадкаў застанецца навечна верны рыцар навукі і пісьменства, паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый, сапраўдны энцыклапедыст Адам Іосіфавіч Мальдзіс.

Аўтар публікацыі: Э. Дзвінская.

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам