ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Падзяка за працу – Нацыянальную бібліятэку ўзнагародзілі дыпломам ЮНЕСКА
Беларусь адзначае 400-годдзе выдання першай кнігі пад назвай “Буквар”

Адзінота паэта

Адзінота паэта
Іншыя навіны

Сёлета намінацыя “Лепшы дэбют” магла б гучаць як “Лепшы паэтычны дэбют”, бо намінанты Нацыянальнай літаратурнай прэміі – тры маладыя паэтэсы.

Да ўвагі журы прадстаўлены зборнік паэзіі Вікторыі Курбекі, якая, акрамя вершаў, піша казкі на беларускай і рускай мовах. Сваё першае самастойнае выданне “Наш мир – это звёзды” (Мінск, “Колорград”, 2017) паэтэса прысвяціла тэмам кахання, шчасця і ў сувязі з гэтым – праблемам грамадства. Паэтычная думка сканцэнтравана на асэнсаванні тонкасцей жаночай душы. Таму галоўнай гераіні, увасабленню яе аўтарскага “Я”, часам уласцівы паказная абыякавасць, перажыванне болю і здрады, пачуцці непаразумення, адзіноты і недаацэненасці і, разам з тым, вера ў магутнасць кахання, бязмежная адданасць. Паэтэса змагаецца за простае і адначасова незямное, ідэалізаванае шчасце: жадае раздзяліць усё на дваіх, перавярнуць свет дзеля сваёй палавіны, аддаць апошняе. І ўсё ў яе з душэўным надрывам. Увогуле, творы Вікторыі Курбекі характарызуюцца ідэйнай канкрэтнасцю: шматсэнсоўнасці і расплывістасці ў зборніку няма. Іншая справа, ці даспадобы будуць гэтыя ідэі і іх увасабленне чытачу.

Кніга вершаў і перакладаў Юліі Алейчанкі “Пад чароўным шкельцам” (Мінск, “Выдавецкі дом «Звязда»”, 2017) суправаджаецца прадмовай Алеся Карлюкевіча, дзе адзначаецца, што паэтэса “знаходзіцца ў дарозе якраз да вялікай паэзіі”. Ніхто не ведае, які кірунак прыме творчасць паэтэсы ў далейшым, але зараз ён характарызуецца разнастайнасцю і часам рознапалярнасцю пачуццяў, інтымнасцю і філасафічнасцю, насычанасцю сімваламі і іншасказаннямі. Першазначнасць у паэзіі Юліі Алейчанкі мае каханне, якое суправаджаецца сімваламі маладога, неабдымнага, чыстага, амаль казачнага шчасця:

Давай сустрэнемся ў Сонечным горадзе,
Дзе ўсе пацалункі на целе не змесцяцца,
Збяжым па гулкай параднай лесвіцы
У сад, дзе-птушкі-сірыны водзяцца.

Ёсць і трывожныя ноткі ў тэкстах Юліі Алейчанкі: вобразы чорнай ночы, атруты і зелля, гругана, што б’ецца ў шыбу, бадзяжных душ ідуць поплеч з лірычнай гераіняй, якая, бывае, знаходзіцца ў палоне самоты, смутку і страху, спрабуе ператварыць сваё сэрца ў камень, звяртаецца да каханага з недаверам, амаль заўсёды адчуваючы ненадзейнасць, небяспеку, скруху. У зборнік уключаны пераклады вершаў іншых паэтаў з розных краін: Эквадора, Непала, Удмуртыі, Туркменістана і Кітая. У кожны з іх аўтар укладвае часцінку сваёй душы.

Настасся Каротчыкава дэбютуе з выданнем “До мінор” (Мінск, “Колорград”, 2017), якое прываблівае сваёй філасафічнасцю і сур’ёзнасцю. У слове ад аўтара паэтэса заўважае, што вершы і музыка заключаюць у сабе шмат судакранання, бо ў кожнага з іх ёсць свая мелодыя. І нягледзячы на тое, што паэтэсе няма нават 22 гадоў, яна стварыла паэтычны зборнік аднароднага настрою, сугучны з трывожнай і крыху трагічнай мелодыяй “до мінор”. Ён напоўнены адчуваннем хуткаплыннасці часу, і, здаецца, аўтар ужо адчувае сябе пасталелай не па гадах – шмат твораў прысвечаны пройдзенасці жыццёвай дарогі. Прыкмячаючы ўсю супярэчлівасць свету і пастаянна знаходзячыся ў пошуках, паэтэса прымярае на сябе некалькі роляў, некаторыя вершы нават напісаны ад мужчынскага імя. Падсумоўванне адбываецца вершам даволі самакрытычным:

И разве назовёшь стихами
Души моей чернильный след?
Моё из мыслей оригами?
Из строчек искренний букет?
Мой рок, измеренный листами?
Нет. Я не поэт. Нет...

Храналагічна і структурна гэта апошні твор зборніка. Ён дае чытачу нагоду для разважання, ці будзе Настасся Каротчыкава працягваць творчыя пошукі. У вершах адчуваецца ўплыў рускіх паэтаў на кампазіцыйным і ідэйным узроўнях. Супрацьпастаўленне сябе натоўпу, тэма чужога чалавека ўласціва творчасці Настассі Каротчыкавай у поўнай ступені. Усё ж такі існуе ўнутраны канфлікт гераіні, які наўрад ці дасць скончыцца плённай творчасці. Галоўны герой у аповедзе Настассі Каротчыкавай – час, які бяжыць, імкнецца, дадае вопыту, але адбірае шмат дарагога. Менавіта ён і пакажа, чым будуць цікавы асоба паэтэсы і яе творы.

Пры асэнсаванні вершаў любога паэта галоўнай мэтай з’яўляецца перадача тых вобразаў, пачуццяў, што ўзнікаюць пры чытанні і пасля яго. Бясспрэчна, гэта цалкам суб’ектыўная рэч, з якой можна і не пагадзіцца. Але нават суб’ектыўнасць чытачоў так ці інакш надае значнасці і ўвагі творам пачаткоўцаў.

Аўтар публікацыі: Яўгенія Шыцька.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам