ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Запрашаем на заняткі “Рукапісная кніга”
Калейдаскоп талентаў у Нацыянальнай бібліятэцы

Алесь Суша – Алесь Карлюкевіч: ці інтэграваны Скарына ў наша жыццё?

Алесь Суша – Алесь Карлюкевіч: ці інтэграваны Скарына ў наша жыццё?
Іншыя навіны

У другой частцы размовы пра Францыска Скарыну абраны досыць важкі аспект для ўсведамлення постаці першадрукара: наколькі ён прысутнічае ў назвах, наколькі шырока даходзіць да звычайных людзей само імя Скарыны.


Алесь Карлюкевіч: – Давайце пагаворым гэтым разам пра тое, наколькі скарынаўская тэма прысутнічае ў паўсядзённым жыцці нашага грамадства, нашай краіны... І першае пытанне, якое я хацеў бы прапанаваць для разгляду, наступнае: як вы асабіста лічыце, а ці патрэбен Беларусі музей Францыска Скарыны? І дзе, на базе якой установы яго можна было б арганізаваць?

Алесь Суша: – Я вам нават скажу, што такі музей ужо існуе. Нават два! Але пра гэта мала хто з беларусаў ведае. І на тое свае прычыны. Адзін з музеяў знаходзіцца ў Лондане, у Вялікабрытаніі, і называецца Беларускай бібліятэкай і музеем імя Ф. Скарыны. За апошнія дзесяцігоддзі гэта ўстанова стала сапраўдным духоўным і інтэлектуальным цэнтрам беларусаў за мяжой, але ўласна ў Беларусі яна вядомая далёка не кожнаму. Да таго ж музейнай экспазіцыі, прысвечанай беларускаму першадрукару, яго жыццю і дзейнасці, там няма. Гэта бібліятэка з найбагацейшымі беларусазнаўчымі зборамі, якая валодае таксама артэфактамі скарынаўскай тэматыкі.

Другая падобная структура працуе ўжо больш як 20 гадоў на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Завецца яна музеем-лабараторыяй Францыска Скарыны і з’яўляецца структурным падраздзяленнем гэтай ВНУ. Там сабрана вялікая калекцыя ў першую чаргу публікацый і мастацкіх твораў, прысвечаных нашаму першадрукару, а таксама некаторыя іншыя матэрыялы. І ўсё ж статус лабараторыі-музея як мага лепш адлюстроўвае рэальны фармат яе дзейнасці: гэта ўніверсітэцкі музей, арыентаваны найперш на вучэбны працэс і даследчую працу студэнтаў і выкладчыкаў навучальнай установы. Экспазіцыя музея-лабараторыі пакуль не можа прэтэндаваць на паўнацэнны і ўсеахопны паказ жыцця і кнігавыдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны. Да таго ж рэгіянальнае размяшчэнне паўплывала на тое, што яе дзейнасць пакуль мала вядомая ў іншых рэгіёнах Беларусі і за мяжой.

Дзеля справядлівасці адзначу, што абедзве гэтыя структуры маюць вялікія планы свайго развіцця і дзейнасці на гэты, юбілейны, год. Аднак вымушаны канстатаваць, што паўнацэннага публічнага музея Францыска Скарыны ў Беларусі сёння няма, а наяўнасць яго проста відавочная. На жаль, беларускі асветнік і першадрукар памёр ужо вельмі даўно, і не засталося вядомых яго нашчадкаў, якія маглі б парупіцца пра стварэнне музея, як гэта часта бывае з іншымі творцамі. І ўсё ж значэнне яго дзейнасці і багацце спадчыны настолькі вялікія, што стварэнне прысвечанага яму музея ці нават цэлага інстытута (па аналогіі з Інстытутам Гётэ ці Інстытутам Канфуцыя) – гэта справа гонару і наш абавязак.

Такая ўстанова павінна, на мой погляд, размясціцца ў Мінску і мець свае аддзяленні ў іншых абласных цэнтрах і Полацку, а таксама (зыходзячы з замежнага досведу) можа мець прадстаўніцтвы за мяжой.

Калі казаць пра месца, то гэта можа быць як асобны будынак, так і тэрыторыя адной з наяўных устаноў. Гіпатэтычна, хаця гаворка пра гэта пакуль не ішла, яго магла б прыняць і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, дзе ёсць выданні Скарыны і яго паслядоўнікаў, дзе ўжо ёсць свой Музей кнігі, дзе маецца багаты дапаможны фонд і дзе працуюць дасведчаныя ў тэме спецыялісты.

А. К.: – Дарэчы, і помнікаў беларускаму першадрукару магло б быць, пагадзіцеся, болей... Мемарыялізацыя знакавага персанажа айчыннай культуры, айчыннай гісторыі праз скульптурныя выявы, манументальную прапаганду – хіба гэта не шлях да выхавання нацыянальнай свядомасці? Ці, на крайні выпадак, – адзін са шляхоў...

А. С.: – Цалкам згодны. Усталяванне помнікаў і мемарыяльных дошак – адзін з асноўных шляхоў ушанавання найважнейшых асоб у гісторыі і культуры розных краін. Нашы суседзі робяць у гэтым кірунку шмат. Напрыклад, па падліках украінскіх калег, помнікаў і мемарыяльных дошак у гонар Тараса Шаўчэнкі ў свеце налічваецца больш як тры тысячы (!). Помнікі Аляксандру Пушкіну таксама можна сустрэць па ўсім свеце. І гэтак далей. Скарына, як і іншыя беларускія творцы, на гэтым фоне ўшанаваны значна больш сціпла: літаральна некалькі дзясяткаў падобных аб’ектаў. Прычым за мяжою – лічаныя адзінкі: помнікі ў Празе і Калінінградзе, мемарыяльныя дошкі ў Вільні, Падуі, Празе, Лондане... І вінаваціць некага ў такой несправядлівасці бессэнсоўна. Ніхто, апрача нас саміх, не будзе займацца прадстаўленнем беларускай краіны і нашай культуры за мяжою. Гэта наш абавязак. Гэта наша будучыня.

А. К.: – Гарадская тапаніміка... Вуліцы з імем Скарыны... Іх таксама, здаецца, не так і шмат. Вось бы сёлета мясцовыя ўлады тых ці іншых гарадоў прынялі рашэнне аб перайменаванні чарговай Сонечнай, Рачной, Лугавой у вуліцу Францыска Скарыны!.. Праўда, на тое яшчэ патрэбна і шырокая грамадская ініцыятыва...

А. С.: – Бясспрэчна! Абсалютна разумная ідэя. Культурная прастора вакол нас фарміруе грамадскую свядомасць, стварае пэўныя арыенціры, замацоўвае каштоўнасці. Менавіта таму ва ўсім свеце распаўсюджаная практыка – найменне вуліц і праспектаў, плошчаў і бульвараў, набярэжных і завулкаў у гонар нацыянальных герояў, выбітных дзяржаўных і культурных дзеячаў мінулага. На вялікі жаль, Беларусь дагэтуль застаецца краінай, якая недастаткова выкарыстоўвае названы рэсурс.

Вялікая колькасць (а месцамі пераважная большасць) вуліц нашых гарадоў і мястэчак названа імёнамі дзеячаў, якія амаль ніяк не звязаны з нашай краінай і ніколі не бывалі на нашай зямлі. Нешта сваё можна знайсці хіба наводшыбе, на перыферыі. Імёнамі беларускіх дзеячаў пачалі называць вуліцы ў новых аддаленых ад цэнтра раёнах. У выніку пра іх мала хто ведае. Нават зададзенае вамі пытанне пра гэта сведчыць.

А. К.: – Карыстаўся, магчыма, інфармацыяй папярэдніх гадоў… Хаця і з даведнікаў, энцыклапедый грунтоўных…

А. С.: – На самай справе імем Францыска Скарыны названы вуліцы, завулкі, плошча, праспект і нават набярэжная ў многіх гарадах Беларусі. Мне такіх вядома некалькі дзясяткаў: у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Полацку, Браславе, Бялынічах, Ваўкавыску, Горках, Дзяржынску, Дзятлаве, Драгічыне, Жабінцы, Жодзіне, Жыткавічах...

А. К.: – Згодзен, не так і мала…

А. С.: – Але ў пераважнай большасці выпадкаў гэта далёка не цэнтральныя вуліцы. За межамі нашай краіны гэта і ўвогуле зусім адзінкавыя прыклады. Я ведаю толькі невялікую вуліцу Скарыны ў Вільні (Вільнюсе). Але з гэтым горадам Скарына быў непасрэдна звязаны, таму самі віленчукі і звярнуліся да яго імя. А што мы зрабілі? Калі мы самі без лішняга сораму прапаноўвалі назваць імем Скарыны вуліцу ў Празе, Падуі, Маскве, Смаленску, Пецярбургу, Бранску, Калінінградзе, Кіеве, Чарнігаве, Львове, Варшаве, Беластоку, Даўгаўпілсе, Браціславе, Берліне і г. д.? У выніку атрымліваецца дзіўная сітуацыя, калі мы маем небеларускія імёны на шыльдах нашых гарадоў і амаль не маем такога ў адказ у выпадку замежнай гарадской тапанімікі. Мне падаецца, што такую сітуацыю трэба мяняць. Гэта ніколькі не змяншае нашу павагу да іншых народаў і культур, але ж і сябе трэба хоць колькі-небудзь паважаць. Калі мы хочам, каб самі беларусы не задаваліся пытаннем, ці мы чаго вартыя і ці ў нас ёсць чым ганарыцца.

А. К.: – Лічу, што не так і шмат у нас масавай, папулярнай літаратуры пра беларускага першадрукара... Хіба не патрэбен турысцкі буклет, напрыклад, з такой назвай, такім зместам – "Шляхамі Францыска Скарыны"?..

А. С.: – Вельмі патрэбен. Пытанне развіцця турызму – адно з найбольш актуальных для пакуль мала вядомай замежнікам (а значыць, патэнцыяльна вельмі прывабнай) краіны ў цэнтры Еўропы. Падобны дапаможны інфармацыйны матэрыял вельмі патрэбен. Як у друкаванай, так і ў лічбавай форме. У выглядзе буклетаў, карт, даведнікаў, дапаможнікаў, віртуальных тураў, інтэрактыўных гульняў-падарожжаў і г. д. А яшчэ павінны быць у наяўнасці распрацаваныя турыстычныя маршруты, узятыя на ўзбраенне турыстычнымі кампаніямі. Павінна быць магчымасць звярнуцца ў пэўнае агенцтва з жаданнем праехаць па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Скарыны, – як у Беларусі, так і за мяжою. За апошнія два гады да нас звярталіся прадстаўнікі асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, а таксама некалькіх турыстычных агенцтваў з просьбамі аб дапамозе ці прапановамі супрацоўніцтва ў гэтым кірунку. Ведаю, што некалькі такіх тураў адбудзецца, але ці стануць яны сістэматычнымі – вялікае пытанне.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Чытайце таксама
Алесь Суша – Алесь Карлюкевіч: скарынаўскі грунт

Навіны

5 Ліп 2020

Чалавек рэдка бывае задаволены эпохай, у якой яму выпадае нарадзіцца, і схільны рамантызаваць мінулае. Зразумела, мала хто жадае жыць падчас вайны, змены грамадскага ладу ці быць сведкам прыродных катастроф. Аднак падобныя стрэсавыя сітуацыі спрыяюць актывізацыі чалавечага патэнцыялу, пераацэнцы каштоўнасцей і з’яўленню геніяў – асоб, якія закліканы даць свету надзею, арыенціры для будучыні, растлумачыць сутнасць рэчаў і ісці сваім прароцкім шляхам, часта насуперак акружэнню. Іх імёнамі потым, праз шмат гадоў ці нават праз стагоддзі, называюць гарадскія вуліцы і плошчы.

Навіны бібліятэк

Нацыянальная бібліятэка афарбавалася ў колеры канадскага флага

2 Ліп 2020

1 ліпеня Дзень Незалежнасці адзначае Канада. З нагоды нацыянальнага свята паўночнаамерыканскай краіны на вонкавым электронным светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіўся бела-чырвоны сцяг з кляновым лістом – сімвалам Канады. Акцыя прайшла па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш за 4 тыс. нумароў беларускіх часопісаў міжваеннага перыяду сталі даступны анлайн

2 Ліп 2020

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае адкрываць анлайн свае фонды. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь паўнатэкставая электронная калекцыя “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.” папоўнілася новымі выданнямі.

Бібліятэка анлайн

2 Ліп 2020

Творчасць Валянціны Паліканінай даўно заўважана не толькі айчыннымі літаратарамі, але і замежнымі. Зрэшты, дзейнасць паэтэсы, публіцыста, перакладчыцы не абмяжоўваецца толькі літаратурай. Пасля аддзела культуры часопіса «Беларусь» яна працягвае журналісцкую працу ў часопісе «Гаспадыня». Нядаўна стала вядома, што Валянціна Паліканіна – у ліку іншых дзечаў культуры, якія неўзабаве атрымаюць медаль Францыска Скарыны.

Навіны бібліятэк

3 Ліп 2020

Я не ведаю (каюся ў сваёй недасведчанасці), ці надрукавана тое, пра што я хачу сказаць, у кнігах альбо перыядычных выданнях. Гаворка пра Яна Скрыгана і яго згадку пра Янку Купалу. Зноў жа – матэрыял з цэкоўскага сейфа.

Навіны бібліятэк

111