ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Прайшло першае мерапрыемства праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прысвечанае 110-годдзю Валерыя Маракова
Акваканцэпт: адкрылася выстаўка мастакоў-акварэлістаў

Без разгубленасці і мітусні

Без разгубленасці і мітусні
Іншыя навіны

Паэту Генадзю Бураўкіну вельмі пашанцавала. У яго быў шчаслівы творчы лёс, поўны спагады, без ценю крызісаў, саманезадаволенасці, прыкрых паўз, забаронаў.

Генадзю Бураўкіну і ў часы адлігі, і ў брэжнеўскі перыяд, і калі пачалося адраджэнне 90-х – з аднолькавай лёгкасцю і прафесійнай пераканаўчасцю пісалася.

У гэтым плане яму мог зайздросціць той жа Міхась Стральцоў, для якога стварэнне кожнага новага твора – пакута, смяротны двубой, памножаны на страх, няўпэўненасць, цяжка вытлумачальную трывогу.

У Бураўкіна няма трывог.

Яго паэзія простая ў сваім недвухсэнсоўным аптымізме.

Спадар Генадзь пазбягаў любой недаказанасці, складанай метафарыстыкі. Творчасць павінна радаваць і аўтара, і чытача – вось залатое правіла Бураўкіна.

Падобнага закона з непарушнай строгасцю прытрымліваліся і сябры-паплечнікі: Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін – гэтаксама паэты, якія з лёгкасцю арлекіна пазбягалі падводных камянёў смутнаглядства, што апаноўвала не толькі згаданага ўжо Стральцова, але і яшчэ адну трагічную постаць нашай літаратуры – Алеся Наўроцкага.

Ніякага трагізму!

Ніякіх рэзкіх выказванняў!

Дабрыня, гуманізм, спакой і спагада, а таксама вялікая любоў да чалавецтва і роднага краю – вось тыя сланы ці чарапахі, на якіх, пэўна, мусіць стаяць наша класічная паэзія, калі яна хоча мець тыражы, добрыя выданні і перавыданні, любоў чытача.

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла ў мінулым годзе кнігу выбранага Генадзя Бураўкіна пад філасофска-тонкай назвай “Ніці лёсу”. Хочацца дадаць у сувязі з ужо напісаным вышэй: “Ніці ШЧАСЛІВАГА лёсу”.

Спакоем і лагодай патыхае ад змешчаных тут вершаў:

Я ўваходжу ў лес,
Нібыта ў хату,
Дзе згадкі ўсе мае ў зацішку спяць.
Іду між сосен, гонкіх і кашлатых,
І чую, як маснічыны рыпяць.

Цуд! Перад намі паэзія, створаная не пачуццямі (якія заўсёды хісткія, няпэўныя, здрадлівыя), а моцнымі нервамі ўпэўненага ў сабе чалавека.

Хтось палюе на сініцу,
Нехта ловіць жураўля…
Мне ж багацце і не сніцца –
Толькі родная зямля…

Проста і выразна, дзе няма нічога лішняга, а толькі неабходная для чытача гуманістычная думка.

Як і пераважная большасць яго калег, Генадзь Бураўкін шчыра быў упэўнены: не так важна, што адчуваеш ты ў глыбіні душы, чаго баішся, каго кахаеш, галоўнае – ведаць, што трэба даць народу, простаму чытачу, якую няхітрую і разам з тым выразную думку закінуць, каб выхоўваць падкрэслена высокія настроі, напоўненыя радасцю, дабрынёй ды іншага кшталту па-школьнаму правільных момантаў.

Бураўкін і напраўду ў адносінах да чытачоў паводзіў сябе як педагог да вучняў малодшых класаў. Дзеці не павінны ведаць унутраны свет свайго настаўніка, іх задача – спасцігаць тыя вядомыя ісціны, якія ім даюць на занятках.

Гэтае выданне – як скульптуры ці жывапісныя выявы класіцыстаў. Тут сабрана лепшае: славутыя тэксты песень, вершы.

Але, відаць, да падобнага кшталту твораў больш бы пасавалі ілюстрацыі геніяў класіцызму Нікаля Пусэна альбо Клода Ларэна. Карціны геніяльнага Леаніда Шчамялёва, якія тут прадстаўлены своеасаблівымі ілюстрацыямі, як мне бачыцца, не супадаюць з Бураўкінскім настроем і сэнсава выбіваюцца. Магчыма, у гэтым ёсць і пэўныя плюсы, бо нараджае хоць нейкую канфліктнасць і псіхалагічную вастрыню, якой Бураўкін старанна пазбягае, бо на манер салаўя, з уласнага цудоўнага верша:

…у прысадах сваё ўмельства адточвае
– Без разгубленасці і мітусні Б’е і б’е
Сваім срэбраным малаточкам
Па нябачным кавадле
Начной цішыні.

Гэтая найлепшая, па-музейнаму падабраная, гарманічная, пазачасавая скарбонка твораў Бураўкіна, я ўпэўнены, заслугоўвае таго, каб заняць сваё безумоўна ганаровае месца ў нашых літаратурных музеях, бібліятэках, як выдатны ўзор педагагічна-выверанай, узвышана-строгай, тэматычна правільнай, ідэйна бездакорнай паэзіі.

Аўтар публікацыі: Васіль Дранько-Майсюк.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам