ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Запіс на першы курс “Клуба кніжных прафесараў”
Вынікі VІІ Міжнароднага кангрэса “Беларусь як феномен культуры”

«Чаму ўсё так?» Цудоўная дэбютная кніга маладой беларускай пісьменніцы, сапраўднае адкрыццё

«Чаму ўсё так?» Цудоўная дэбютная кніга маладой беларускай пісьменніцы, сапраўднае адкрыццё
Іншыя навіны

Многія скардзяцца, што апошнія месяцы не могуць чытаць нічога, акрамя навін. А між тым пад’ехала добрае чытво на вечар пасля цяжкага выхаднога дня. У выдавецтве «Кнігазбор» выйшла тры дэбютныя кнігі выпускніц «Школы маладога пісьменніка».

Адна з іх – «Чаму ўсё так?» Таццяна Карытка. Аўтарцы 29 гадоў, яна родам з Магілёва, але з 18 гадоў жыве ў Мінску.

Таццяна – эканаміст, працуе бухгалтарам у EPAM. Кажа, што калі не працуе, то чытае або піша (да слова, аўтарка класна каментуе прачытаныя кнігі ў сваім фэйсбуку, такі якасны, трапны кніжны блогінг). Адна з любімых тэм у літаратуры – універсітэцкія раманы. «Відаць, таму, што ў мяне няма філалагічнай адукацыі, але заўжды хацелася», – кажа Таццяна.

Вокладку для кнігі стварыла сама Таццяна. «Фота гэтай інсталяцыі я зрабіла ў час падарожжа па Францыі, у горадзе Кан. Калі я дакладна памятаю, яна знаходзіцца на тэрыторыі Канскага замка. Там шмат было дзіўных твораў мастацтва, але ад гэтай дзяўчынкі складана было адарваць погляд. І калі я думала над вокладкай, я зноў успомніла гэтую дзяўчынку на фоне даху і вырашыла, што лепш не прыдумаеш». Фота з фэйсбука Таццяны Карытка.

Дэбютная кніга пісьменніцы «Чаму ўсё так?» – гэта якасная вострасюжэтная псіхалагічная аповесць. Збіралася напісаць «жаночая вострасюжэтная псіхалагічная аповесць», але рука завісла над клавіятурай. З чаго б гэта – бо галоўныя гераіні жанчыны? Але мы з цікавасцю чытаем пра герояў мужчын, чаму б і мужчынам пра нас не пачытаць. Дык вось – вострасюжэтная псіхалагічная аповесць. Але гэта толькі абалонка. У кнізе шмат слаёў.

У першым – аповед пра здымкі рэаліці-шоу. На піку нацыянальнага абуджэння беларускае тэлебачанне здымае аналаг праграмы «Халасцяк». На загадкавага рэдактара Славу прэтэндуюць чатыры дзяўчыны: крутога нораву Каця, ціхмяная Яся – «майстар кароткіх рэплік», Лёля, што хоча ўсім падабацца, і Соня з няўдалым досведам сямейнага жыцця. Адна з іх – галоўная гераіня. Хто? Даведаецеся. У апошнім раздзеле…

На здымках адкрываюцца асабістыя гісторыі кожнай гераіні, сакрэты, шкілеты – карацей, усё, чаго патрабуе рэаліці-шоу і добрая кніжка на вечар.

У другім слаі аповесці – гісторыя сталення ў 1990–2000-я. Вельмі асабістая, з дзіўнымі характэрнымі дэталямі (гераіня ўспамінае, як кожны дзень, прыйшоўшы са школы, павінна была цалкам пераадзявацца. «Успамін не даваў спакою: у чым была патрэба пераадзяваць трусы? Хто гэта прыдумаў: мама ці сама Яська? І калі гэта практыка спынілася?..»). Аповесць поўная адсылак на тыя дзіўныя часы, і я, аднагодка аўтаркі, памятаю ўсё гэта вельмі выразна: фільм «Чаго хочуць жанчыны», вобраз Алсу ў кліпе «Зімні сон», пакуначак з налепкамі «Барбі», якія ўклейваліся ў спецыяльны альбом… А зашчаміла мне, калі гераіня ўспомніла серыял пра выратавальніц з такой прыгожай Памэлай Андэрсан у галоўнай ролі. Пад серыял гераіня есць вафлю «Віцьба» ў шакаладнай глазуры, і найбольшае майстэрства – расцягнуць яе на ўсе 60 хвілін серыі.

У трэцім слаі аповесці аўтарка прапануе паназіраць за гульнямі нашай падсвядомасці. Гэта, бадай, самы захапляльны слой. Сапраўдную чытацкую сатысфакцыю атрымліваеш, калі злучаеш нітачкай факт рэальнасці і яго адбітак у падсвядомасці адной з гераінь. Часам прыходзіцца пашукаць, але ў выніку ўсё злучаецца. Азартна!

Чацвёрты слой кніжкі – гэта гісторыя змагання з цяжарам сваіх траўм, гісторыя перажывання сораму за сябе, свае паводзіны і ўчынкі… Кніжка пра тое, да чаго даводзіць гвалт у дзяцінстве, нават досыць бяскрыўдны. Пра тое, як мы не ўмеем даваць рады грузу мінулага. Наша культура не вучыла нас процістаяць гвалту, не вучыла, і як перажываць, прапрацоўваць памылкі. Зрэшты, усё гэта, у першую чаргу, пра сумныя вынікі непаразумення дзяцей і бацькоў.

Гераіня ўцякае ад сябе, ад свайго мінулага, але аднойчы яе ўцёкі твар у твар сутыкаюць яе з сабой. Усведамленне, хто ты ёсць, можа быць страшнае – і адначасова гэта момант абсалютнай свабоды.

І нягледзячы на ўсе гэтыя слаі, кніжка застаецца вострасюжэтнай аповесцю. Апошнія старонкі чытаеш агаломшаны ад фіналу. Раптам усе замкі расчыняюцца. Магчыма, вам нават захочацца вярнуцца да пачатку і зноў прайсціся па тэксце – пазбіраць ключы.

«Цяпер пішацца вельмі цяжка. Любая тэма, якую ні закрані, здаецца няважнай у параўнанні з тым, што адбываецца. Але і акунацца ў той жа кашмар, толькі ў літаратуры, не хочацца. Таму даводзіцца пераконваць сябе, што аднойчы свет адновіцца, і людзям, і мне самой зноў стануць цікавыя тыя тэмы, на абмеркаванні якіх мы спыніліся вясной 2020-га». Фота з фэйсбука Таццяны Карытка.

Пішучы «Чаму ўсё так?», Таццяна Карытка натхнялася кнігамі з пакручастым сюжэтам і хітрымі прыёмамі аповеду: «Рэшта дня» і «Пахаваны велікан» Кадзуа Ісігуры, «Энглбі» Себасціяна Фолкса і «Адной гісторыяй» ды «Прадчуваннем канца» Джуліяна Барнса. А стылістычна арыентавалася на дэбютную кнігу Салі Руні «Conversations with Friends»: «Гэта маладая ірландская пісьменніца, своеасаблівая Джэйн Остэн ХХІ стагоддзя, якой хапае смеласці і майстэрства пісаць пра адносіны свежа і іранічна і будаваць стыль на мінімуме слоў». (Да слова, беларускі пераклад бестселера Салі Руні «Нармальныя людзі» рыхтуе выдавецтва «Янушкевіч».)

Раней Карытка пісала па-расейску (цудоўнае іранічнае яе апавяданне «Беспрынцыповы» часоў Школы маладога пісьменніка), але цяпер стварае на дзвюх мовах. «Роднай лічу расейскую, але гэта выбар, які зрабілі ў дзяцінстве за мяне і да якога я прывыкла і ўспрымаю як свой.

Ёсць прыкладна тысяча прычын, з якіх я напісала кнігу на беларускай, адзначу адну. Беларускамоўную літаратуру часта папракаюць, што яна толькі «пра вайну ды пра вёску». Я шаную гэтыя тэмы і лічу іх патрэбнымі, але мне яны няблізкія, і хацелася стварыць нешта на мове, што было б блізка мне і такім, як я».

З беларускай літаратуры Таццяна вылучае «Сабак Еўропы» Альгерда Бахарэвiча – кажа, што захапляецца яе стылістычнай незвычайнасцю.

Мне кніжка Таццяны Карытка перагукаецца з раманамі амерыканскай аўтаркі Марышы Пэсл: загадкі, нечаканыя сувязі між падзеямі і персанажамі, амаль дэтэктыўная фабула і фінал, у якім кніга абарочваецца зусім не дэтэктывам. Цікава, што Марыша Пэсл таксама стала пісаць свой першы бестселер – «Некаторыя пытанні тэорыі катастроф» – працуючы фінансавым кансультантам. Сумна адно: наклады Пэсл – сотні тысяч, наклады Карытка – 150 асобнікаў. Але некалі і нашы аўтары будуць прадавацца па ўсім свеце. Усё ў нас будзе.

Aўтар: Паўліна Скурко
Крынiца: Наша Нiва

Навіны

Віншуем: генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі абраны прэзідэнтам Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі!

25 Ліс 2020

25 лістапада на XXIV Агульным сходзе членаў некамерцыйнага партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі” (БАЕ) прайшлі выбары прэзідэнта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Цытаты Уладзіміра Караткевіча

25 Ліс 2020

26 лістапада спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Разам з дзеткамі цытуем аднаго з самых яркіх і самабытных прадстаўнікоў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адкрыйце для сябе мастака Караткевіча на выстаўцы “Княства вобразаў і слоў”

25 Ліс 2020

26 лістапада ў бібліятэцы пачне работу выстаўка “Княства вобразаў і слоў”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Выставачныя мультыпраекты

Запрашаем далучыцца да анлайн-прэзентацыі даследавання Берасцейскай Бібліі

25 Ліс 2020

25 лістапада адбудзецца прэзентацыя манаграфіі "Асэнсаванне шэдэўра. Берасцейская Біблія", прымеркаваная да 80-годдзя Брэсцкай абласной бібліятэкі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Выкладчыкі раяць: што чытаць, каб не забыць сваю англійскую, нямецкую і нават чэшскую мову

24 Ліс 2020

У сучасным свеце без ведання замежных моў не абысціся. Але колькі б намаганняў мы ні прыкладалі вывучаючы мовы, наша памяць з часам бязлітасна пазбаўляецца ад усяго слоўнікавага запасу, варта хоць на месяц перастаць практыкавацца. Дык што ж рабіць? Адказ: чытаць, вядома. Выкладчыкі моўнай школы LinguaLand склалі для вас выдатную падборку кніг, якія не толькі падтрымаюць ваш узровень ведаў, але і захопяць самой гісторыяй. Так што хапайце слоўнікі і свае чытацкія білеты: мы ідзём вучыцца!

Аўтарскі погляд

24 лістапада спаўняецца 80 гадоў Тамары Канстанцінаўне Радзевіч, ветэрану Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, высокакваліфікаванаму спецыялісту ў галіне бібліятэчнай справы

24 Ліс 2020

Тамара Канстанцінаўна нарадзілася ў горадзе Мінску ў сям'і служачага. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька Тамары пайшоў на фронт, а маці з сям’ёй вымушана была эвакуіравацца на Урал. Як і многія жыхары Беларусі, дзяўчынка перажыла ўсе жахі вайны.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

111