ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Акцыя “Чытанне – прастора інфармацыі і ведаў”: вынікі першых шасці месяцаў
Раман Матульскі: “Немагчыма сабе ўявіць аптэкара, які ўсім дае адно лякарства. І бібліятэкара таксама”

«Даўгая дарога»

«Даўгая дарога»
Іншыя навіны

Бывае, кола жыцця пачынаецца і завяршаецца ў адным месяцы. Чэрвень – месяц Быкава, аднаго з самых папулярных аўтараў і сапраўды народнага пісьменніка, які не меў, акрамя школьнай, ніякай спецыяльнай адукацыі. Днямі на Ушаччыну, дзе прыйшлі на свет Васіль Быкаў, а таксама Рыгор Барадулін і Пятрусь Броўка, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурны музей Петруся Броўкі зладзілі вандроўку. Такія літаратурныя падарожжы ўжо сталі традыцыйныя ў межах праекта «1.1.1».

Сціпласць родных мясцін

Сядзіба-музей Васіля Быкава ў Бычках – філіял Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. Гэта дакладная копія той хаты, у якой жыў пісьменнік з сям’ёй. На працягу некалькіх гадоў яе будаваў бацька будучага пісьменніка, Уладзімір Хведаравіч. У новую хату сям’я перайшла жыць, калі яна была яшчэ недабудаваная, таму першыя гады падлога была земляная, потым ужо вымашчаная спецыяльнай чырвонай цэглай. Хаты тады ставіліся невялікія: сенцы ды адзін пакой, падзелены перагародкай на кухню і жылы кут. У 2003 годзе, калі бацькоўскі дом разбурыўся, яго вырашылі знесці і на старым фундаменце паставіць новы зруб. Дарэчы, у свой час пісьменніку прапанавалі стварыць там музей, але ён быў супраць – дазваляў толькі пасля смерці. Сядзіба адбудаваная і адкрытая для наведвальнікаў з 2004 года на месцы, дзе знаходзіўся другі дом Васіля Быкава.

Афіцыйна музей працуе з 9 да 18 гадзін, але паколькі дазорцамі працуюць родныя, якія жывуць побач, яны ніколі не адмовяць у наведванні па-за часам працы. Між іншым кошт уваходу складае такую мізэрную суму, што паўстае пытанне аб перспектывах развіцця і нават існавання музея (40 капеек для дарослых і 20 – для дзяцей).

Дарэчы, пры ўездзе на тэрыторыю Кубліцкага сельвыканкама, у які ўваходзяць Бычкі, можна ўбачыць вялікі банер «Васіль Быкаў – гонар ушацкай зямлі». Яго ўсталявалі з фінансавай дапамогай простых жыхароў, якія імкнуцца, каб імя пісьменніка не толькі не забывалася, а гучала шырока па-за літаратурнымі коламі. Жыхары і кіраўніцтва сельвыканкама намагаюцца добраўпарадкаваць усю вёску, каб турысты без перашкод маглі патрапіць на радзіму пісьменніка, бо да часу не было нават указальнікаў да сядзібы-музея. Шмат планаў у іх і надалей. Літаральна толькі на мінулым тыдні паставілі новую агароджу вакол сядзібы і ўстанавілі памятны знак на месцы першай хаты пісьменніка. Планавалі, каб камень быў павернуты да дарогі, але склалася, што ён глядзіць на другую хату Быкава, якая была побач і на месцы якой знаходзіцца музей. На валуне ўмацавана памятная дошка з граніту.

Пакоі невялічкія і сціплыя, столь даволі нізкая. Усё ў гэтых памерах і размяшчэнні рэчаў нагадвае пра адсутнасць імкнення пісьменніка да пампезнасці і раскошы ў далейшым. Ды і дзяцінства, па яго ўспамінах, было не вельмі багатае на радасць. Тым больш што старэйшая сястра памерла ў 15 гадоў, і Васіль нёс адказнасць за малодшых брата і сястру.

Большасць рэчаў, якія знаходзяцца ў музеі, належала сям’і Быкавых, але частка была перададзена жыхарамі вёскі. Экспазіцыя пастаянна дапрацоўваецца. Зараз можна ўбачыць лісты Васіля Быкава ваенных часоў, а таксама вялікую колькасць кніг, якія належалі пісьменніку і якія перадалі музею госці, чамадан пісьменніка, акуляры… Паміж іншых фотаздымкаў розных перыядаў вісіць на сцяне партрэт пісьменніка з чорнай стужкай, які стаяў 40 дзён на магіле. Гушкаецца і люлька, але няма дакладных звестак, ці калыхалі ў ёй старэйшыя Быкавы сваіх дзяцей, бо многія рэчы знайшлі на гарышчы – цяжка сказаць, каму насамрэч яны належалі. Дакладна захавалася, але ўжо ў дрэнным стане, начоўка, у якой мылі маленькага Васіля.

Васіль Быкаў вельмі любіў дарогі, і, як згадваў лепшы яго сябар Рыгор Барадулін, самай любімай была дарога ў свае мясціны. Магчыма, невыпадкова апошняя кніга мае назву «Доўгая дарога дадому». Ёсць меркаванне, што ў думках Васіля Быкава гэта гучала па-ўшацку – «Даўгая дарога дадому».

Сардэчнасць і глыбіня

«Крыніца паэтаў» – першы прыпынак вандроўкі, і ў большай ступені ён звязаны з постаццю Петруся Броўкі. Гэта маленькая, але знакавая крыніца, якую літаратары называлі Броўкавай. Знаходзіцца яна недалёка ад рэчкі Эсы. Паэт заўсёды спыняўся каля яе, вяртаючыся на Ушаччыну па лепельскай дарозе. Гэтую традыцыю творца перадаў і іншым пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, – Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну… «Крыніца паэтаў» магла б пазначацца на картах як асобны прыпынак вандроўнікаў. Супрацоўнікі музея спадзяюцца, што можна будзе ўсталяваць шыльду, на якой маглі б быць радкі з верша «Чаму я такая».

Хата-музей Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах значна большая па памерах за дом, дзе ён жыў (немцы спалілі яго ў 1944-м). Музей уключае ў сябе літаратурна-дакументальную экспазіцыю і этнаграфічны кут, які распавядае пра жыццё людзей на гэтай зямлі. Традыцыйна прывозячы розныя цікавосткі ў Пуцілкавічы, сёлета Літаратурны музей імя Петруся Броўкі зрабіў акцэнт на ўзаемаадносінах Быкава і Броўкі. У фондах музея ёсць фотаздымкі, на якіх творцы разам (на жаль, аўтар фота невядомы). З імі і звязаныя некаторыя ўспаміны Васіля Быкава. Так, у дзяцінстве ён, як і ўсе дзеці, успрымаў літаратуру і пісьменнікаў як нешта далёкае і нерэальнае. І калі ўбачыў у падручніках вершы свайго земляка, здзівіўся. Да таго ж настаўнікі прымушалі вывучаць яго вершы. Быкаў прызнаваўся: вершамі ў той час не асабліва цікавіўся, але менавіта творы Петруся Броўкі з-за своеасаблівай блізкасці былі для яго больш прываблівыя.

Пазней паміж творцамі не было шматлікіх сустрэч і шчырых размоў, але некаторыя з іх вартыя ўспаміну. Такой стала сустрэча ў 1965 годзе, калі яны паехалі ў Гродна. Аляксей Карпюк, які вельмі любіў горад, вадзіў іх датуль, пакуль не палічыў, што ўсё паказаў. Экскурсія зацягнулася, і Быкаў з Броўкам адсталі. Другі распавядаў пра свой літаратурны шлях: пачынаў у 1920–1930-я гады, але калі б дэбютаваў у 1960-я, рабіў бы гэта больш павольна і, магчыма, з большай сардэчнасцю, чалавечнасцю і глыбінёй. Ён прызнаваўся: у той час патрэбна была, хутчэй, паэзія-агітацыя з высокай патэтыкай, чым сапраўдная паэзія. Броўка адзначаў, наколькі больш спрыяльная была атмасфера для паэзіі ў 60-я гг., і хваліў Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і Еўдакію Лось.

Другі выпадак меў месца ў Ждановічах у 1970 годзе. У той час Быкава беспадстаўна крытыкавалі, што непакоіла паэта. Пасля размовы быў зроблены фотаздымак, на якім творцы выглядаюць шчаслівыя. Нельга забываць, што Быкаў і Барадулін па маладосці далі недвухсэнсоўную адзнаку творчасці Броўкі, які не пакрыўдзіўся і запрасіў іх да сябе. Тады і заклікаў іх пісаць пра сваю родную зямлю: ніхто лепш гэтага не зробіць.

Млынар паэзіі

Bykov_1.jpg

Сядзіба-музей Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі

Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава аб’ядноўвае больш як 40-гадовае сяброўства, якое суправаджалася ліставаннем. Хата ва Ушачах, дзе дажываў апошнія гады Рыгор Барадулін, была пабудаваная на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Зараз яна ва ўласнасці родных, але ў музейшчыкаў вялікае жаданне зрабіць з яе музей. Але зараз там амаль усё, як было пры жыцці паэта, і гэта надзвычайная магчымасць пабачыць сапраўдны пісьменніцкі дом з яго рабочым сталом (знаходзіцца ён на другім паверсе, а лесвіца вельмі вузкая і крутая), шматлікімі кнігамі, партрэтамі і іконамі.

Рыгор Барадулін заўсёды маліўся – не таму, што прыйшла мода, а таму, што так навучыла з дзіцячых гадоў маці Акуліна Андрэеўна. Кожны раз, калі ён пакідаў Ушачы, станавіўся на калені перад абразамі. Маліўся і за сваіх сяброў, калі ім было дрэнна.

Яго лёс вызначылі Бог, маці, Васіль. Апошняя воля Рыгора Барадуліна – быць пахаваным разам з маці. Ён прасіў, каб яе помнік захавалі. А «Прашэнне» не пакінула іншых варыянтаў, каб гэтую просьбу выканаць і паставіць сівы валун і крыж на валуне (на ім выбітыя два радкі верша). Сімвалічна, той валун быў знойдзены ў вёсцы Кублічы, дзе некалі вучыўся Васіль Быкаў, які, па ўспамінах Барадуліна, быў для яго ўсім: і настаўнікам, і старэйшым сябрам, і спагадлівым братам, і заступнікам, нават бацькам, якога Рыгор вельмі рана страціў. Час ад часу пісьменнікі разам завітвалі ў Бычкі. Паездкі былі непрацяглыя (каля трох дзён), але дастаткова частыя. Яны любілі снедаць шкваркамі і яечняй з патэльні (не варта было прапаноўваць ім талеркі). Любілі яны і парыбачыць, размаўляючы аб усім на свеце. Глыбінную паэзію і прозу, лічыў Барадулін, можна напісаць толькі на роднай мове – матчынай, на якую ўсё жыццё абапіраўся творца, а менавіта на ўшацкі варыянт.

На могілках Барадуліных знайсці няцяжка – стаяць указальнікі. З ўсёй Беларусі былі сабраныя жорны, якія ўлітыя ў падмурак надмагілля. Па традыцыі іх кладуць на магілу млынара ці чалавека, які мае нейкія незвычайныя здольнасці. Абедзве характарыстыкі падыходзяць, бо ёсць дакладныя звесткі: дзед паэта быў млынаром.

Як правіла, Быкаў са старонак кніг і газет глядзіць на нас суровым ці сумным поглядам. Так, у год сканчэння вайны яму спаўняўся толькі 21 год, і ён быў вымушаны несці боль убачанага і перажытага праз усё жыццё. Але мы часам забываемся, што і яго доўгі шлях быў поўны звычайных пачуццяў: ён кахаў і ненавідзеў, спачуваў, радаваўся і злаваўся... І нават – усміхаўся.

Аўтар публікацыі: Яўгенія Шыцька, фота аўтара.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэка прымае ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні і азеляненні

13 Кра 2024

13 красавіка супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падтрымалі акцыю і прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”

15 Кра 2024

У гэтым годзе адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі (1819–1872). Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі папаўняе новымі матэрыяламі ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаны ў 2019 годзе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам