ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Боская камедыя” Дантэ: да 700-годдзя стварэння паэмы
Як выжываюць бібліятэкі ва ўмовах пандэміі

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Іншыя навіны

3 лістапада ў Беларусі – чарговыя каласавіны – дзень нараджэння класіка. Дата не круглая, круглая будзе ў наступным годзе – 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа. Пра дом-музей класіка, які знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, ведаюць усе, але нагадаем, што ў музея ёсць філіял «Мікалаеўшчына», звязаны з мясцінамі дзяцінства Коласа. Давайце чарговы раз пройдземся па мемарыяльных сядзібах пісьменніка.

Акінчыцы.jpg
Акінчыцы, месца нараджэння паэта

Стоўбцы: слуп або стаўпец у граблях

Першы этап – трапіць у Стоўбцы. Гэта зрабіць вельмі проста, асабліва калі вы жывяце ў Мінску або ў іншым адміністрацыйным цэнтры. Да Стоўбцаў ходзяць маршруткі. Калі гэты варыянт не падыходзіць, можна скарыстацца цягніком. Коласаўская тэма пачынаецца ўжо з вакзала. Зала чакання ўпрыгожана партрэтам Якуба Коласа і фотаздымкамі сядзіб, дзё ён правёў сваё дзяцінства. Вось што казаў сам Якуб Колас аб гэтых куточках Максіму Лужаніну, які стаў яго асабістым сакратаром:

Паслухай толькі, якія прыгожыя назвы ў нашых мясцінах: Негарэлае, Коласава, Стоўбцы, Адцэда, Арцюхі, Акінчыцы, Шацілаўка, Свержанскія маргі, Свержанская града, Альбуць, Мікалаўшчына. Любата! І ў кожнай назве свой сэнс прытоены. Стоўбцы могуць паходзіць і ад слупа, і ад стаўпца ў граблях. Пра Акінчыцы яшчэ мудрэй можна прыдумаць. Ці не чуцён тут дзеяслоў – акінуць, значыць – глухі куток, акінуты богам і людзьмі.

Акінчыцы: калыска песняра

А мы тым часам рухаемся далей і спрабуем зразумець, як з горада трапіць у Акінчыцы – гэтая сядзіба знаходзіцца бліжэй за астатнія. Ёсць два варыянты: тры кіламетры пешшу, каб лепш пазнаёміцца са Стоўбцамі, або адразу з аўтавакзала заказаіць таксі. Дарэчы, яго кошт смешны – крыху больш за тры рублі. Надвор'е ў гэты дзень было сапраўды восеньскім: ледзяны дождж і парывісты вецер. Таму мы абралі другі варыянт і ўжо праз дзесяць хвілін былі на месцы.

Там нас сустракае экскурсавод Соф'я Пятроўна Міцкевіч, жонка Юрыя Міхайлавіча Міцкевіча – унучатага пляменніка Якуба Коласа. Больш за 40 гадоў яна праводзіць экскурсіі ў філіяле «Мікалаеўшчына» дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Стоўбцах. Не згубіце магчымасці распытаць гэтую цудоўную жанчыну пра ўсё, што вас цікавіць на коласаўскую тэму, паслухаць, як яна натхнёна цытуе творы класіка. Яе муж таксама ўсё жыццё працаваў у музеі свайго дзеда, на жаль, ужо некалькі гадоў яго з намі няма.

Жыхароў у вёсцы не відаць, толькі на аўтобусным прыпынку хаваюцца ад дажджу некалькі чалавек. Прыходзіць у галаву: а, напэўна, Якуб Колас радаваўся б, таму што дождж – гэта на грыбы! Колас быў вялікім грыбніком, у тутэйшых мясцінах, мусіць, кожны грыбны куточак абхадзіў. І пра гэтыя краявіды, якія мы цяпер бачым праз завесу дажджу, казаў: «Мой родны кут, як ты мне мілы».

– У Акінчыцах, – распавядае Соф'я Пятроўна, – сям'я Міцкевічаў жыла з 1881 да 1883 года. Маленькі Кастусь (сапраўднае імя паэта) пражыў тут толькі пяць месяцаў, потым сям'я пераехала... А вось гэта Цімафей Іванавіч, – экскурсавод паказвае на невялікага сабачку, што сядзіць каля дома. – Яго клічуць толькі так, на іншую мянушку ён проста не адгукнецца.

Аднапавярховая драўляная хата Міцкевічаў зусім невялікая. Унутры цёмна і пахне саломай.

– Бацька Якуба Коласа працаваў лесніком, – распавядае Соф'я Пятроўна. – Таму князь Радзівіл часта пераводзіў яго з аднаго месца на іншае. У мяне час ад часу пытаюцца, дзеля чаго ён гэта рабіў. А адказ вельмі просты, у нейкім сэнсе нават сучасны: каб пазбегнуць карупцыі.

Да сядзібы пад'язджае экскурсійны аўтобус. Гродзенскія турысты запаўняюць ціхі сад каля хаты: фатаграфуюць мемарыяльную дошку, заходзяць унутр будынка. Прыемна, што нават у час пандэміі, калі людзі нячаста выбіраюцца ў вандроўкі, коласаўскія сцежкі прывабліваюць гасцей і зблізку, і здалёк.

Ласток: «праезджая дарога далёка»

Ласток – філіял, які лічыцца найбольш аўтэнтычным. Гэта значыць, што рэстаўрацыя была нязначная. А будынак захаваўся менавіта з часоў, калі там жыла сям'я Міцкевічаў – яму больш за 140 гадоў. Наноў нічога не стваралі. Ёсць магчымасць паглядзець цудоўную беларускую прыроду – сядзіба знаходзіцца за 23 кіламетры ад асноўнай дарогі, па якой мы і едзем. Наступным чынам апісваў Ласток Якуб Колас у размовах з Максімам Лужаніным:

– Сухошчына, або Ласток. Туды бацьку перавялі з Акінчыц. Гэта кіламетраў дзесяць на поўдзень ад Мікалаеўшчыны. Леснікова пасада – на адзіноце. Бліжэйшае паселішча – шляхецкі засценачак Сверанава. А так – пустое месца было. Пясчанае поле, і то малая лапінка, за полем – чорны яловы лес. Праезджая дарога далёка. Калі да нас прыходзіў хто-небудзь знаёмы ці сваякі з Мікалаўшчыны, дык заставаліся на некалькі дзён.

– У Ластоку стаяла дзве хаты: новая і старая. У новай жыла наша сям'я, а ў старой мясціліся рабочыя, яны нарыхтоўвалі гонт. Гэтая хацінка была курная, сцены ўсе ў сажы, чорныя, задымленыя.

Шмат часу маленькі Кастусь праводзіў на дрывотні, туды ён прыбягаў, каб паслухаць жаўранкаў. Яму здавалася, што, у адрозненне ад іншых птушак, пяюць яны нешта зразумелае. Тут адбылася і сустрэча з воўкам: аднойчы, калі хлопчык вяртаўся з лесу, на дарогу выбег вялізны сабака. Кастусь прытаіўся за дрэвам, а потым з неспадзяваным крыкам кінуўся на яго. Сабака клацнуў зубамі і пасунуўся далей. І толькі ўжо дома распавялі, што гэта быў сапраўдны воўк.

Сялянскае дзяцінства было насычана рытуаламі. Гэта і даволі строгія царкоўныя пасты перад кожным святам, паляванне па пятніцах і прыбіранне хаты ў сераду. Карацей, чытайце «Новую зямлю» – энцыклапедыю беларускага сялянскага жыцця!

Альбуць: «куток прыгожы і вясёлы»

Маленства маё скончылася з пераездам у Альбуць. Пярэбары туды навіслі над нашай хатай як вялікая бяда. Гэта было ўжо трэцяе месца, куды пераводзілі бацьку. Значыць, наноў абжывайся, пачынай усё ў гаспадарцы з самага пачатку. Альбуць – байчэйшае месца, больш неспакойнае. Недалёка Мікалаўшчына – вёска вялікая, на некалькі вуліц, як мястэчка, вялікая і галодная. Людзі лічылі, што няма чаго цырымоніцца з панскімі выгодамі: «У Радзівіла зямлі хапае, лесу яшчэ больш, а ў нас няма».
Занатаваў Максім Лужанін успаміны пісьменніка.

Трапіць у сядзібу проста, яна знаходзіцца ўсяго за тры кіламетры ад асноўнай дарогі: там сям'я Міцкевічаў жыла з 1890 да 1902 года. Вядомы факт, што ў паэме «Новая зямля» Якуб Колас назваў Альбуць Парэччам:

Парэчча – слаўная мясціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора – лес, як неба – долы,
Зіхціць у кветках лугавіна...

Нядзіўна, што ў Альбуці размешчана экспазіцыя па матывах менавіта гэтага твора.

Смольня.jpg
У Смольні ўпершыню сустрэліся два класікі – Колас і Купала

Для сям'і Міцкевічаў пераезд у Альбуць быў сапраўдным іспытам. Па-першае, прыйшлося пакінуць абжытую хату ў Акінчыцах. Бацька Якуба Коласа вельмі хваляваўся: як жа так?! Новае месца, дрэнная зямля... У яго не было часу на аднаўленне сядзібы, гэтым займаўся дзядзька Антось. Менавіта ён адрамантаваў дзіравую страху, абгарадзіў увесь панадворак. Менавіта ў Альбуці будучы пісьменнік навучыўся чытаць, пайшоў у народнае вучылішча і напісаў свой першы верш.

Смольня: чырвоныя ягады рабіны і загадка дзядзькі Антося

Ад Акінчыц да Смольні ўсяго шэсць кіламетраў. Калі надвор'е добрае і ў вас ёсць ровар – дабрацца туды вельмі проста. Можна і пешшу, каб прайсціся сцяжынкамі пісьменніка. Драўляныя фігуркі, зробленыя майстрамі па матывах твораў Коласа, нагадваюць аб тым, што вы праязджаеце не звычайную дарогу.

Філіял сустракае чырвонымі ягадамі рабіны, што рассыпаліся на ганку. Тут яшчэ цішэй, чым у Акінчыцах. Навокал толькі дрэвы ды поле. У Смольні музей падзяляецца на дзве асноўныя экспазіцыі: непасрэдна сядзіба і літаратурны музей. Тут мы пазнаёміліся з нашым другім экскурсаводам – Сямёнам Пятровічам Корсікам, сваяком Якуба Коласа па жонцы.

– Зараз коласаўскі заказнік «Мікалаеўшчына» займае прыкладна 280 гектараў, – распавядае Сямён Пятровіч. – Тут і размешчаны нашы чатыры сядзібы. Гэтую сядзібу пабудаваў дзядзька Антось з матэрыялу старой школкі, які ён на плыце перагнаў з вёскі Яршы.

Калі казаць дакладней, Міцкевічы змянілі не чатыры, а ажно сем месцаў жыхарства! Сям'і выпала шмат іспытаў, асабліва цяжка прыйшлося пасля смерці бацькі Якуба Коласа, Міхаіла Казіміравіча ў 1902 годзе. Ролю галавы сямейства ўзяў на сябе старэйшы сын Уладзя, ён працаваў і жыў разам з сям'ёй у Цёмных Лядах (сёння на чыгунцы ёсць прыгарадны прыпынак з такой назвай) – хутары, што знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне. Ён прытуліў свайго малодшага брата, калі таго пераследвалі за нелегальны настаўніцкі з'езд. У Цёмных Лядах пісьменнік нават адкрыў прыватную школу, дзе выкладаў дзецям мясцовых сялян. Уладзю звольнілі за дапамогу брату. Адразу пасля гэтага Колас з'ехаў у Вільню. А перад сям'ёй паўстала пытанне: дзе жыць? Яны вярнуліся ў Мікалаеўшчыну, але знайсці прытулак было вельмі складана. Таму некаторы час сям'я арандавала старую карчму на беразе Нёмана – там Міцкевічы пражылі да вялікага пажару. Вось які трагічны і заблытаны шлях прыйшлося прайсці, пакуль сям'я не атрымала ўласны, бяспечны прытулак у Смольні.

– Некалі абапал Нёмана раслі густыя, смалістыя лясы. Была і смалярня, – кажа Сямён Пятровіч. – Адсюль і пайшла назва сядзібы.

У літаратурным музеі сабраны фотаздымкі, дакументы і кнігі, якія распавядаюць аб прыгодах як уласна пісьменніка, так і людзях, звязаных з ім. Захаваўся і партрэт дзядькі Антося, створаны па словах тых, хто быў з ім знаёмы (фотаздымкаў не мелася). А намаляваў яго вядомы беларускі мастак Самуіл Ран.

– У дзядзькі Антося не было ўласнай сям'і, – распавядае Сямён Пятровіч. – Ён жыў разам з сям'ёй старэйшага брата. Гэта быў майстар на ўсе рукі: гаспадар, руплівец. І абавязкова жанчыны задаюць мне пытанне: чаму дзядька Антось не меў сваёй сям'і? Колас у паэме «Новая зямля» адказаў так:

Ды толькі ж доля не судзіла,
І любка-Наста, яго міла,
Што так клялася, цалавала
І к сэрцу з жарам прыхіляла,
Што так суліла шчасця многа, 
Яго змяняла на другога!

І дзядька Антось быў адналюб – рыса ўсіх Міцкевічаў. Сказаў пра жанчын: «Не буду з імі больш ніякіх стасункаў мець!» І так усё сваё жыццё, 58 гадоў, пражыў пры сям'і свайго старэйшага брата. А памёр ён ад іспанкі.

Камяні з вершамі.jpg
Па дарозе да Альбуці вершы Коласа можна сустрэць нават на камянях

У Смольніцкай сядзібе можна ўбачыць здымкі Коласа і Купалы – напамін аб тым, што менавіта ў гэтым месцы адбылася першая сустрэча беларускіх пісьменнікаў. У шафе вісіць блузка маці пісьменніка, Ганны Міцкевіч. Што цікава, з-за свайго фасону і лаканічнага малюнку выглядае яна дастаткова сучасна. Нават і не скажаш, што ёй каля ста гадоў. Шмат у сядзібе і побытавых рэчаў: драўляны «міксер» для перамешвання тварагу (правільная назва калатоўка), велізарныя бочкі, скрыначкі, ды іншыя прылады сялянскіх жыхароў. З акна, упрыгожанага папяровымі выцінанкамі, бачны ліпы, пасаджаныя дзядзькам Антосем.

Я вяртаюся ў Стоўбцы разам з загадчыкам «Мікалаеўшчыны». Падчас дарогі Яўген Шавель расказвае, што ў наступным годзе ў горадзе пройдуць абласныя «Дажынкі» – прымеркавана гэта да юбілейнай даты, аб якой мы згадвалі ў самым пачатку рэпартажу.

– Зараз збіраем грошы на помнік Якубу Коласу, які хацелася б усталяваць у цэнтры горада, – кажа загадчык. – Вось праводзім суботнік, а выдзеленыя грошы адкладваем.

Дарэчы, конкурс на помнік Якубу Коласу ў Стоўбцах выйграў праект аўтарскага калектыву скульптараў Івана Міско, Сяргея Логвіна, Уладзіміра Піпіна і архітэктараў Уладзіміра Архангельскага і Аляксандра Кобрусева. Упэўнена, што сродкі на яго здзяйсненне знойдуцца, і гэты маршрут па коласаўскіх мясцінах займее яшчэ адзін абавязковы для наведвання пункт.

Аўтар публікацыі: Арына Карповіч.
Фота Ганны Занкавіч.

Крыніца: Звязда

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам