ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Да 110-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рэвекі Ісаакаўны Штыльман
Творчыя заняткі "Кактусы"

Фея, якая дорыць казку

Фея, якая дорыць казку
Іншыя навіны

У дзяцінстве яна марыла стаць настаўніцай, запісвала свае першыя літаратурныя творы ў сшытак, з хваляваннем чакала іх на старонках друкаваных выданняў... Сёння жанчына ўваходзіць у Саюз пісьменнікаў Беларусі, з'яўляецца членам рэдкалегій часопісаў «Вясёлка» і «Маладосць», лаўрэатам шматлікіх рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, а таксама лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва». Пра творчае натхненне, квэсты-падарожжы, сям'ю і чароўнае пераўтварэнне ў Кніжную фею пагаворым з дзіцячай пісьменніцай, настаўніцай і маці Кацярынай Хадасевіч-Лісавой.

– Кацярына, у адным інтэрв'ю вы пагадзіліся з выслоўем: "той, хто піша для дзяцей, сам ніколі не пакідае краіну дзяцінства"... Давайце прыгадаем ваша дзяцінства, чым захаплялася будучая казачная фея, якія кніжкі чытала, кім марыла стаць?

Fieja-6.jpgМне сапраўды думаецца, што нават калі я стала дарослай, для мяне не зачыніліся чароўныя дзверы, якія вядуць у краіну дзяцінства. У мяне ёсць ключ ад тых дзвярэй і час ад часу ўдаецца вяртацца туды. Няхай толькі госцяй, як Кніжная фея, якая піша для дзяцей. Гэта проста неабходна для творчасці – адчуць атмасферу той  шчаслівай залатой пары, дзе весела, звонка і сонечна. Там, у дзівоснай краіне дзяцінства, жывуць ні з чым не параўнальныя адчуванні і вобразы, якія назаўсёды застаюцца з намі. Там я маленькая дзяўчынка Кацярынка з доўгімі светлымі коскамі і блакітнымі вачыма, якія глядзяць на свет з цікавасцю, шчырасцю і любоўю. Мне падабалася марыць, выдумляць і распавядаць сваім сябрам цікавыя і неверагодныя гісторыі. Я любіла слухаць казкі, якія чытала мая бабуля Жэня. Яна пастаянна купляла нам, унукам, кнігі, выбірала выданні толькі на беларускай мове. Я і сёння, як вялікую каштоўнасць са свайго дзяцінства, беражліва захоўваю ў хатняй бібліятэцы купленыя ёю зборнікі “Бацькаў дар”, “Людзей слухай, а свой розум май”, “Беларускія народныя казкі”, “Жаронцы”…

З маленства марыла быць настаўніцай, як мая мама Галіна. Абрала педагогіку, працую ў школе. І журналістам я ў свой час хацела стаць. На гэта сваё жаданне таксама не забылася і нават пэўным чынам увасобіла: час ад часу супрацоўнічаю з некаторымі рэспубліканскімі выданнямі, а яшчэ стварыла ў сваёй Ждановіцкай школе творчае аб’яднанне “Школьны прэс-цэнтр”. Магу адзначыць, што пяць выпускнікоў нашай школы, якія наведвалі заняткі аб’яднання, абралі прафесію журналіста. Яшчэ некалькі дзяўчатак паступілі ва ўніверсітэт культуры і на гэты выбар таксама паўплывала наша сумесная школьная творчая дзейнасць. Было неверагодна прыемна і адначасова хвалююча чуць гэта ад выпускнікоў і іх бацькоў. Няхай у іх усё атрымаецца! 

– У кожнай маленькай прыгажуні ў дзяцінстве існуе свой прыклад жанчыны, да якой яна хацела б быць падобнай. У кагосьці гэта настаўніца, у кагосьці – маміна сяброўка. Хто для вас быў такім узорам? І ці адчуваеце, што цяпер вы з’яўляецеся для многіх своеасаблівым ідэалам?

Пра прыклад з майго дзяцінства вы адгадалі! Мая першая настаўніца Лілія Уладзіміраўна, сапраўды, была і застаецца прыгожай жанчынай. Эфектная, стройная, яркая. Яна ўсім нам вельмі падабалася, і мы часта рабілі ёй кампліменты, звярталі ўвагу на яе прыгожыя сукенкі і нязменна высокія абцасы. Я і сёння выразна памятаю некаторыя яе ўборы, туфлі, залаты бранзалет-гадзіннік і колцы-завушніцы. Вучні звяртаюць увагу на ўсё!

І калі я прыйшла працаваць у школу таксама настаўніцай пачатковых класаў, чула шмат кампліментаў-захапленняў ад дзяцей. Гэта, канешне, радуе!

– Казачная фея мусіць быць прыгожай і ўмець сачыць за сабой як мае быць, як сапраўдная лэдзі, – у вас гэта цудоўна атрымліваецца! Падзяліцеся сваімі сакрэтамі прыгажосці, што параіце, каб трымаць сябе ў форме?

Прыгажосць для мяне – гэта гармонія, спалучэнне ўнутранага і знешняга, усё тое, што асвятляе душу і абуджае яе спрычыніцца да лепшага. Калі ў сэрцы любоў, святло і дабрыня, то гэта адлюстроўваецца ў вачах, усмешцы, постаці, хадзе. Трымаць сябе ў форме кожнаму чалавеку дапаможа любімая справа, натхнёная дзейнасць, увасабленне задумак, рэалізацыя праектаў… З такім рытмам жыцця форма будзе трымацца сама па сабе!

– Кацярына, на кожную сваю сустрэчу з дзецьмі вы бераце сваіх сяброў – персанажаў вашых казак Падабайку, Вухуціка, ВасільВасю, Пухліка... Зразумела, што яны нараджаюцца ў вашым уяўленні. А хто дапамагае вам ствараць іх у рэальнасці, у якасці цудоўных цацак?

Fieja-1.jpg

Я вялікую ўвагу надаю прэзентацыям і творчым імпрэзам, дзе сустракаюся з чытачамі і прадстаўляю ім свае кнігі. Я пішу для дзяцей і зацікавіць іх хочацца нечым незвычайным, каб ім запомнілася, каб захацелася чытаць. Для гэтага сама я магу завітаць ў вобразе феі, а са старонак сыходзяць мае героі, з’яўляюцца розныя казачныя атрыбуты і інтэрактыўныя рэчы. Як гэта адбываецца? Нічога дзіўнага, звычайнае чараўніцтва! Мне пашчасціла пазнаёміцца з цудоўнай майстрыцай-чараўніцай Вольгай Лапінай, якая можа ўвасобіць мае самыя крэатыўныя ідэі. За што я ёй вельмі ўдзячна.

– Калі казаць пра фею, якая стварае казкі, адразу ў думках узнікае вобраз чароўнай істоты, якая лунае на сваіх паўпразрыстых тонкіх крылах, трымаючы ў руцэ пяро з аркушам паперы... Як сапраўды выглядае рабочы кабінет пісьменніцы-феі?

У мяне няма спецыяльнага кабінета, я нават пісьмовым сталом не карыстаюся. Гэта праўда. Проста я сапраўды лунаю на паўпразрыстых крылах натхнення ў сваім сусвеце фантазіі. Там жывуць мае персанажы, з імі адбываюцца цікавыя прыгоды, а я толькі назіраю за дзеямі і занатоўваю тое, што ўбачыла і пачула. Часам я запісваю новыя казкі на аркушы паперы выкшталцоным залацістым пяром, якое атрымала ў падарунак ад майстрыцы саламяных спраў Алены, але часцей мне дапамагае мой сябра ноўтбук, які разумее мае думкі праз танец пальцаў на клавіятуры і захоўвае іх у сваёй электроннай памяці. Калі вам стала цікава, як адбываецца мой творчы працэс, зазірніце ў кнігу “Знаёмцеся – #Падабай.к@!”, на яе старонках адкрываюцца некаторыя таямніцы.

– Якія пачуцці былі ў пачынаючай феі-казачніцы, калі яна ўбачыла на паліцах кнігарні сваю першую надрукаваную кнігу? Падзяліцеся ўспамінамі, калі ласка.

Гэта быў цёплы сонечны ліпеньскі дзень 2008 года. У кнігарні “Светач”, разам з кнігамі сапраўдных пісьменнікаў стаіць і мая першая дзіцячая кніга “Падарожжы ў Чароўны лес”! Я памятаю, якой прыгожай і асаблівай яна мне бачылася, згадваю водар тыпаграфскай фарбы, радаснае тахканне ўласнага сэрца. Такія ўспаміны застаюцца ў памяці назаўсёды. Калі заходзіла ў іншыя сталічныя кнігарні, то таксама шукала і знаходзіла сваю кнігу на паліцах. А ў жніўні далёкага 2008-га мы сям’ёй адпачывалі ў Браславе. Гуляючы па горадзе, напаткалі кніжную краму “Літарынка”, зайшлі. Я чамусьці не падумала, што і там мая кніга можа прадавацца, проста разглядала асартымент. А вось мой муж Дзмітрый адразу знайшоў і паказаў мне “Падарожжы ў Чароўны лес”. Прыйшло асэнсаванне, што мая кніга знаходзіць сваіх чытачоў па ўсёй краіне. Новыя неверагодныя эмоцыі!

– Вы ствараеце не толькі квэсты-падарожжы на старонках сваіх кніг, аднак самі пастаянна выпраўляецеся ў шлях па гарадах ды мястэчках Беларусі… Можаце прыгадаць мясціны, у якіх вы пабывалі ўпершыню, дзякуючы сваёй творчасці, і куды хацелася б вярнуцца зноў?

Я недастаткова падарожнічала па роднай Беларусі. Такую выснову я зрабіла, калі стала актыўна ездзіць па нашай краіне па запрашэнні бібліятэк. На пытанне “А вы былі ў нас раней?”, часта адказвала адмоўна. Але вельмі рада, што за апошнія два гады я наведала Нясвіж, Гарадзею, Магілёў, Гомель, Браслаў, Дзяржынск, Докшыцы, Бягомль, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Іўе, Пружаны, Слонім… Дзесьці я бывала, але ў многія гарады і мястэчкі, якія зараз не назвала, бо можна доўга пералічваць, я завітала ўпершыню. Удзячна выдавецкаму дому “Звязда” за шматлікія творчыя камандзіроўкі, у якія мы выпраўляліся разам. Шчырыя словы падзякі бібліятэкам і кнігарням за запрашэнні, вельмі прыемна, калі едзеш туды, дзе цябе чакаюць, гасцінна сустракаюць, арганізоўваюць сустрэчы з дзецьмі і іх бацькамі. Колькі сяброў-чытачоў у мяне з’явілася па ўсёй рэспубліцы! Буду рада зноў прыехаць, пабачыцца, прадставіць новыя кнігі, якія я напісала для вас, мае дарагія!

– Ці ёсць нейкія чалавечыя рысы, учынкі, якія фея-казачніца не можа сцярпець?

Сапраўдная фея-казачніца любіць усіх-усіх. Яна, вядома, заўважае ў людзях недасканаласць, некаторыя адмоўныя рысы, не лепшыя ўчынкі, але ёй вядома, што дрэнных людзей насамрэч не існуе, проста бываюць памылкі, абставіны, недастатковасць любові, праблемы, дрэнны настрой… Фея-казачніца не думае, што яна не можа гэта цярпець, яна разважае, якія яшчэ кнігі-казкі трэба стварыць, каб перасцерагчы ад памылак, навучыць выбірацца з абставін, не дапускаць праблем ці вырашаць іх, навучыць спраўляцца са сваім дрэнным настроем ды іншымі цяжкасцямі, а яшчэ, фея-казачніца праз сваю справу імкнецца дадаць людзям любові, дабрыні, святла, шчырасці… Я хачу быць такой дасканалай феяй, стараюся навучыцца менавіта так успрымаць людзей, свет і дапамагаць людзям сваёй справай, сваімі казкамі і энергіяй.

– Аб чым вы марыце?

Мара павінна быць дзівоснай! Хачу паляцець да зорак, бо іх вельмі люблю! Дарэчы, касмічная тэма часта прысутнічае ў маіх кнігах. А сама я з радасцю павандравала б па зорных далячынях, палюбавалася б касмічнымі пейзажамі. Давайце адправімся ў палёт разам! Скарыстайцеся маім запрашэннем, бо звычайнаму чалавеку неабходны касмічны карабель, скафандр, гады трэніровак, немалыя фінансы, а фея-пісьменніца можа здзейсніць касмічны палёт у сваім уяўленні. Таму прапаную не чакаць развіцця міжпланетнага турызму, а ўжо сёння падарожнічаць разам на старонках маіх кніг. Абяцаю, будзе прыгожа і цікава! Запрашаю зазірнуць у маю новую касмічна-рамантычную кнігу “Зорка нябесная. Зорка зямная”.

Fieja-5.jpg

А яшчэ вельмі чакаю, калі ў выдавецтва з’явіцца тэхнічная магчымасць выдаць кнігу-галаграму. Уявіце сабе: адкрываеце кнігу, героі ажываюць, рухаюцца над старонкамі і пачынаецца чароўнае дзейства…

Быць чараўніком марыць кожны – ад малога да вялікага. І кожны можа ім стаць, узяўшы ў рукі дзіўную 4D-кнігу з дапоўненай рэальнасцю. Цяпер такую цуд-кнігу можна сустрэць у Нацыянальнай бібліятэцы! Запрашаем вас на інтэрактыўную экскурсію “Ажыўшыя кнігі”!
– Якая колькасць на сённяшні дзень выдадзеных вамі кніг? І ці можаце выдзеліць сярод іх самую любімую, дарагую для вас, чаму?

– У маёй творчай скарбонцы 16 кніг для дзяцей і падлеткаў. Выдзеліць адну? Гэта немагчыма! Кожная для мяне дарагая, любімая і па-свойму адметная.

– У творчага чалавека заўсёды ёсць свая любімая пара года, падчас якой прыходзіць натхненне і цудоўна пішацца… Ці ёсць такая ў вас?

– Натхненне не залежыць ад надвор’я. Кожная пара натхняе і надае творам розныя адценні, падказвае сюжэты. Радуюся, што ў нас выразна вылучаюцца ўсе сезоны года, што можна любавацца іх зменай. Я адчуваю водар кожнай пары і тады адзначаю, што яна надышла.

– Вядома, пісьменніцкая праца патрабуе больш вольных гадзін, пры гэтым існуе шмат іншых спраў – работа, сям’я… Адкажыце, калі ласка, як удаецца знаходзіць час для творчасці?

– Калі любіш творчасць, лічыш яе справай свайго жыцця – час знаходзіцца. А яшчэ я ўдзячна маёй сям’і за паразуменне і за падтрымку. Калі, напрыклад, пасля працы ці ў выходны дзень мне вельмі хочацца сесці за ноўтбук і, як праз чароўны партал, выйсці ў сусвет сваёй фантазіі, я магу зрабіць гэта. Муж і сын самі прыгатуюць вячэру ці абед. Яшчэ і фею пакормяць, калі яна праз некаторы час вернецца з казачнай краіны ў рэальнасць (J).

– Неяк вы казалі, што можаце быць рознай феяй, напрыклад, Кветкавай. У залежнасці ад чаго фея можа памяняць свой вобраз?

– Творцу ў працэсе працы над кнігамі шанцуе пражыць шмат жыццяў, ствараць характары, адчуць розныя эмоцыі і перажыванні сваіх персанажаў, апынуцца ў іншым часе, назіраць за падзеямі, весці сваіх герояў… У кожным творы я пакідаю частку сябе, застаюся жыць ў сваіх кнігах. А калі прэзентую кнігу чытачам, то сыходжу са старонак, увасабляючыся ў розных вобразах. Кветкавыя казкі прадстаўляе Кветкавая фея, пра таямнічыя касмічныя далячыні раскажа Зорная фея, пра чароўныя дзіцячыя сны распавядзе Фея Краіны Сноў, з серыяй розных кніг пазнаёміць Кніжная фея…

– Вашыя кніжкі адрасаваны дзеткам малодшага школьнага ўзросту. Вядома, што першы ваш крытык – гэта сын Станіслаў, ён, дарэчы, з’яўляецца прататыпам многіх вашых казак. Аднак дзеці хутка растуць, і ваш хлопчык ужо падлетак. Плануеце пашырыць узроставы дыяпазон сваёй аўдыторыі?

– Так, Стасік вырас, яму зараз шаснаццаць гадоў. Я па-ранейшаму пішу для школьнікаў пачатковых класаў, гэта мая асноўная чытацкая аўдыторыя, але ёсць ў мяне і кнігі для падлеткаў: “Код геніяльнасці”, “Зорка нябесная. Зорка зямная”, “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці”, жахліўчыкі…На прэзентацыях для 5–7 класаў трэба мяняць вобраз феі. Я прыходжу да чытачоў, напрыклад, Кікімарай…

Fieja-7.jpg

– Кацярына, раскрыйце сакрэт, дзе бераце ідэі для напісання твораў?

– Я і сама для сябе не раскрыла гэтую таямніцу. Няма такой валізкі, якую можна пры неабходнасці адчыніць, перабраць змесціва і проста ўзяць цікавую і прывабную новую ідэю. Задума для стварэння кнігі – своеасаблівая тонкая матэрыя. Бывае, яна ўзнікае сама па сабе, альбо перажытыя ўражанні праходзяць праз глыбіні твайго сэрца і патрабуюць падзяліцца з чытачамі. Часам заўважыш цікавага прататыпа – і сюжэт пачынае вымалёўвацца, могуць натхніць нейкія падзеі, альбо хочацца данесці да чытачоў нешта важнае, ці проста падзяліцца сваёй фантазіяй. Ідэю можна знайсці там, дзе ніколі б і шукаць не прыдумалася!

– Падзяліцеся крыху з намі, якія ў вас планы на будучае?

Прыдумляць новыя казкі, прадстаўляць чытачам новыя кнігі, ствараць незвычайныя фарматы выданняў, старацца адкрыць дзецям дзівосны свет чытання, навучыць іх сябраваць з кнігай і любіць чытаць. Спадзяюся пашыраць кола сваіх чытачоў і знаходзіць новых сяброў. Буду рада вітаць усіх зацікаўленых на маіх старонках у Фэйсбуку і Інстаграме (@kaciaryna_khadasevich_lisavaya). І, вядома, чакаю сустрэч на старонках кніг! Вы ж цяпер ведаеце, што Кніжная фея жыве ў кожнай сваёй кнізе. Заходзьце на госці!

– Дзякуй вялікі за размову! Жадаем поспехаў і асабістага шчасця Казачнай феі! Няхай казка ніколі не завяршаецца!

Гутарыла Надзея Зуева.
Фота з асабістага архіва пісьменніцы.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам