ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Агульная будучыня агульнымі сіламі
Да юбілею Алены Сіваковай, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, высокага прафесіянала бібліятэчнай справы

“Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях”

Іншыя навіны

У 2017 годзе ў Беларусі святкавалася 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, падмурак якога заклаў наш зямляк, палачанін, асветнік, медык, дыпламат, пісьменнік Францішак Скарына. З гэтай нагоды нават уздымалася пытанне аб наданні ганаровага імя Скарыны Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнаму Аэрапорту. Ініцыятыва гэтая, на жаль, пакуль засталася не ажыццёўленай. Але наперадзе чарговая круглая гадавіна.

У 1522 годзе ў Вільні выйшла “Малая Падарожная кніжыца”, першая ў ВКЛ друкаваная кніга, якая таксама была справай працалюбных рук Францішка Скарыны. Думаю, што чытачы пагодзяцца, што надышоў час ізноў вярнуцца да планаў 2017 года. Тым больш, што ёсць для гэтага і нагода – неўзабаве Нацыянальнай бібліятэцы споўніцца 100 гадоў! І, вядома, залатыя літары на фасадзе бібліятэкі маглі б арганічна спалучыцца з велічным помнікам нашаму першадрукару, які заклікае мінакоў не праходзіць, а заходзіць у бібліятэку. Ну, а пакуль “К” раскажа чытачам аб новым выданні, прысвечаным Скарыне, якое сёлета выйшла ў выдавецтве “Беларуская навука” – “Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях”. І зробім мы гэта ў форме інтэрв’ю з галоўным укладальнікам кнігі, вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, спадаром Алесем Жлуткам.

/i/content/pi/cult/818/17514/19.jpg

Калі так можна сказаць, у Францішка Скарыны і спадара Алеся Жлуткі вельмі даўняе знаёмства. Яшчэ будучы аспірантам Акадэміі навук БССР, а гэта быў канец 1980-х, спадар Жлутка быў запрошаны вучоным-рупліўцам Віктарам Дарашкевічам, каб расчытаць і перакласці лацінамоўныя дакументы, датычныя жыцця Скарыны. І вось цяпер, праз больш як сорак гадоў, спадар Жлутка сам стаў каардынатарам калектыву навукоўцаў, якія вырашылі перавыдаць ужо вядомыя дакументы і дадаць да іх тыя, якія былі выяўленыя пасля 1988 года.

Кніга, як сказана самімі аўтарамі, “адрасуецца спецыялістам у галіне гісторыі і іншых гуманітарных навук, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, лёсам і творчасцю вялікага Палачаніна”. І вельмі шкада, што такая важная праца выйшла накладам усяго 250 асобнікаў і ўжо фактычна стала “бібліяграфічнай рэдкасцю”. Але час даць слова спадару Жлутку.

– Спадар Алесь, чаму менавіта Скарына? Падаецца, яго імя вядома кожнаму беларусу, і ўвагай даследчыкаў, як быццам бы, ён не быў абыйдзены. Чым вас так зацікавіла яго постаць?

– Сапраўды, сама постаць Францішка Скарыны і яго дзейнасць здавён прывабліваюць увагу даследчыкаў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Напісаны сотні кніг і тысячы артыкулаў. Тым не менш, у ягонай біяграфіі застаецца яшчэ шмат невядомага і загадкавага. Нявызначаныя дакладныя даты і месцы яго нараджэння і смерці. Ёсць прагалы ў ягоным жыццяпісе, напрыклад, паміж момантам атрымання ступені бакалаўра вызваленых навук у Кракаўскім універсітэце ў 1506 годзе і прамоцыяй на доктара медыцыны ў Падуі ў 1512-м; паміж падуанскім дактаратам і пачаткам друку кніг Бібліі ў Празе ў 1517 годзе; паміж зняволеннем у познанскай вязніцы ў 1532-м, вызваленнем з яе і смерцю каля 1552 года ды іншае.

Мы не ведаем таксама, як і дзе праходзіла яго дзяцінства: у Полацку ці ў Вільні? Дзе ён атрымаў пачатковую адукацыю? Дзе атрымаў ступень магістра вызваленых навук (бо ў Падую ён прыбыў ужо з гэтым тытулам)? Чаму ў пратаколах Падуанскай біскупскай курыі, дзе ён атрымліваў знакі годнасці доктара медыцыны, ён названы сакратаром дацкага караля? З якімі выдатнымі асобамі свайго часу ён кантактаваў і быў знаёмы? Імкненне хоць часткова запоўніць лакуны ў жыццёвым шляху першадрукара і паспрабаваць адказаць на гэтыя ды іншыя пытанні, якія ён паставіў перад намі, і паслужылі штуршком да нашай працы. Дарэчы, у працы бралі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі: Алесь Доўнар, Алесь Жлутка і беларускія даследчыкі, якія цяпер жывуць і працуюць у Чэхіі: Павел Котаў і Сяргей Кнырэвіч.

– На сённяшні дзень выяўлены адносна невялікі корпус дакументаў, прама ці ўскосна датычных і самога Скарыны, і яго сям’і. Колькі новых крыніц вы, як галоўны ўкладальнік, уводзіце ў гэтай кнізе ў навуковы ўжытак, і што гэта за дакументы?

– У зборнік “Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях” увайшло 85 дакументаў і наратыўных сведчанняў, датычных Скарыны і ягонай сям’і. Сюды трапілі ўжо публікаваныя ў зборніку пад рэдакцыяй Віктара Дарашкевіча (“Францыск Скарына. Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Мінск, 1988 г.”) матэрыялы, а таксама 33 новыя, выяўленыя пасля 1988 года.

У нашай кнізе ўсе тэксты публікуюцца паводле новых археаграфічных патрабаванняў, забяспечаныя адпаведным навуковым апаратам і падрабязнымі каментарыямі. З новых матэрыялаў у кнігу ўключаныя сярод іншага: запіс з дзённіка папскага цырымонімайстра Парыса Грасі, дакумент, які дазваляе адкінуць ранейшую версію пра другое імя Скарыны “Георгій”, наратыўныя сведчанні Парацэльса пра падарожжа ў Літву-Беларусь і паразу ў Вільні ад мясцовых дактароў медыцыны, чатыры дакументы сына Скарыны Сымона (Сімяёна), два з якіх аўтографы, дакументы і сведчанні пра сустрэчу доктара медыцыны Францішка, які прыбыў з Польшчы з Марцінам Лютэрам, два дакументы на старабеларускай мове з 1603 і 1605 гадоў (пры супастаўленні з ранейшымі матэрыяламі яны дазваляюць уключыць у лік блізкіх родзічаў Скарыны Еску Скарыну, які мог быць пляменнікам альбо сынам Францішка Скарыны).

– Ці удалося Вам зрабіць “прарыўныя адкрыцці”, ці ўсё ж гэта толькі ўдакладненні некаторых вядомых фактаў?

– Запіс у дзённіку папскага цырымонімайстра Парыса Грасі 6 жніўня 1512 года пра дацкую дэлегацыю да папы Юлія ІІ на V Латэранскі сабор дазваляе зрабіць выснову пра сувязь з гэтай місіяй Францішка Скарыны, які 9 лістапада ў Падуі выступае пад тытулам сакратара дацкага караля, і яго магчымым навучанні ў Капенгагенскім універсітэце паміж 1506 і 1512 гадамі. У 1995 годзе вядомы беларускі гісторык і скарыназнаўца Георгій Галенчанка выявіў у Пазнанскім дзяржаўным архіве і апублікаваў копію, зробленую непасрэдна з арыгінала абарончага ліста, выдадзенага Жыгімонтам І 25 лістапада 1532 года і ўнесенага асабіста Францішкам Скарынам у яго прысутнасці ў актавую кнігу Пазнанскай гарадской рады. Гэтая знаходка дазволіла канчаткова адкінуць доўга бытаваўшую версію пра наяўнасць у Скарыны другога імя “Георгій” (Georgius), якое памылкова было ўнесенае ў недакладную другую копію таго ж дакумента замест звычайнага, сугучнага тытула Скарыны “Egregius” (выдатны).

– Алесь Суша, намеснік дырэктара НББ, выказаў думку, што Скарына мог быць “вялікалітоўскім дыверсантам”, які выконваў пэўныя заданні па-за межамі ВКЛ (прыкладам, у Прускім герцагстве, адкуль ён звёў у ВКЛ друкара і лекара вялікага князя Альбрэхта Брандэнбурскага). Ёсць версія, што Скарына нібыта меў намер атруціць славутага немца Марціна Лютэра. Наколькі гэтыя чуткі ўдалося пацвердзіць ці абвергнуць?

– Выяўлены намі ў выданні 1564 года Ёгана Аўрыфабра, першага выдаўца лістоў і іншых твораў Лютэра, тэкст пра прыезд у Вітэнберг з Польшчы доктара медыцыны Францішка, які нібыта шукаў магчымасці выдаць Біблію на сямі мовах, дазваляе з большым даверам аднесціся да гіпотэзы Барталамея Капітэра, які атаясамляў гэтага Францішка з доктарам медыцыны Францішкам Скарынам з Полацка. Дадатковыя аргументы на карысць такога атаясамлення можа даць супастаўленне тэкста Аўрыфабра з творам Ёгана Матэзіюса і з лістамі Лютэра з 1520, 1524 і 1525 гадоў. Пацвердзіць версію пра “дыверсійную” дзейнасць Францішка Скарыны дакументальна не прадстаўляецца магчымым. Пра намер нейкага доктара медыцыны нібыта атруціць Лютэра вядома з саміх сведчанняў рэфарматара, апублікаваных у нашай кнізе, але ні ў адным з апісаных эпізодаў гэта не пацвердзілася, у тым ліку судова. Даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што Лютэр быў даволі прымхлівы і баяўся замаху на сябе. Ён нават быў упэўнены, што ворагі атручвалі катэдры і амбоны, з якіх ён прапаведваў.

– Вядома, што славуты доктар і алхімік Парацэльс, падчас свайго турнэ па Еўропе (а праходзіла яно і праз землі Беларусі), пабываў у Вільні, дзе ў навуковых баталіях быў нагалаву разбіты мясцовымі дактарамі медыцыны. Што дакладна вядома аб гэтым цікавым выпадку?

– Вядома са сведчанняў самога Парацэльса ў яго ўласных творах, што ў перыяд з 1520 да 1524 гадоў ён падарожнічаў па цэнтральнай і ўсходняй Еўропе, у тым ліку быў у Літве-Беларусі ды пацярпеў паразу ў дыскусіі з медыкамі ў Вільні. У гэты ж перыяд у Вільні знаходзіўся і Скарына, які ў 1523 і 1526 гадах дакументальна засведчаны як лекар Віленскага біскупа Яна. Вакол біскупа Яна тады гуртавалася кола выдатных навукоўцаў і літаратараў, медыкаў. Наўрад ці Скарына мог прапусціць нагоду паўдзельнічаць у дыспуце з Парацэльсам.

– Падкажыце, калі ласка, што на сённяшні дзень вядома навукоўцам пра продкаў, сваякоў і нашчадкаў славутага друкара? Ці ўдалося выявіць нешта новае?

– Ідэнтыфікаваны яшчэ адзін блізкі родзіч Скарыны, полацкі радца Еска Скарына, які можа быць пляменнікам альбо сынам першадрукара. Больш поўную інфармацыю маем цяпер пра сына Скарыны Сымона (Сімяёна).

– А ці ўдалося прыадкрыць дзверы таямніцы, дзе ж быў пахаваны Скарына і ці ёсць хоць адзін шанец знайсці месца яго апошняга спачыну?

– Вядомы беларускі вучоны, прафесар Адам Мальдзіс выказаў здагадку, што апошнія гады свайго жыцця Францішак Скарына мог правесці ля свайго сына Сымона (Сімяёна), які жыў у Інджыхувым Градцы ў Чэхіі. Даследаванні ў чэшскіх архівах, у тым ліку абласным архіве ў Тршэбані, дзе добра захаваліся дакументы з XVI стагоддзя, могуць, на маю думку, істотным чынам дапамагчы ў пошуках месца пахавання Скарыны.

– Ці з’явіліся за час, які прайшоў ад выхаду кнігі, новыя дакументы і сведчанні? І ці плануецца выданне, якое б занялося раскрыццём таямніц радаводу Скарыны ?

– Паколькі кніга выйшла сёлета, то звестак пра новыя знаходкі пакуль не з’яўлялася. Але ў ёй зададзеныя кірункі пошукаў і будзем спадзявацца, што ў перспектыве мы можам стаць сведкамі новых адкрыццяў. Кароткія звесткі па радаводзе Скарыны, заснаваныя на апублікаваных дакументах, змешчаныя ў каментарыях да нашага выдання. Удакладніць і пашырыць гэты радавод цяпер – новая задача для даследчыкаў, перад усім для спецыялістаў у галіне генеалогіі.

Аўтар: Зміцер Юркевіч
Крыніца публікацыі: Культура

Навіны

У бібліятэцы адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя"

17 Кра 2024

16 красавіка ў дзень 90-годдзя з дня заснавання звання "Герой Савецкага Саюза" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя", прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прапануем новую віртуальную кніжную выставу “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”

17 Кра 2024

Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый прапануе віртуальную кніжную выстаўку “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Віртуальныя выстаўкі

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам