ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
У бібліятэцы прайшоў паўфінал конкурсу “Жывая класіка”
Гэты дзень мы набліжалі як маглі…

Гары Потэр не будзе есці дранікі і бабку – перакладчыца пра беларускае выданне знакамітай кнігі

Гары Потэр не будзе есці дранікі і бабку – перакладчыца пра беларускае выданне знакамітай кнігі
Іншыя навіны

У інтэрв’ю Алена Пятровіч, перакладчыца першага рамана Джоан Роўлінг, распавядае, чаму вырашыла перакласці “Гары Потэра”, як перапісвалася з праваўладальнікамі і ці будзе абеларушваць тэкст.

Алена Пятровіч перакладае з англійскай, польскай, украінскай моў, выкладае на філфаку БДУ. У яе перакладзе выйшаў раман Рышарда Капусьцінскага “Падарожжы з Герадотам”. Дзесяць гадоў Алена ўваходзіць у рэдкалегію часопіса перакладной літаратуры “Прайдзісвет”.

“Кнігі пра Гары Потэра захапляюць мяне як пазл”

Alena_Piatrovich_1.jpg

– Чаму вы ўзяліся за пераклад “Гары Потэра”? Гэта ж цяжка, доўга і вельмі адказна.

– Гэта доўгая гісторыя (смяецца). Калі я вучылася ў школе і пачаў выходзіць “Гары Потэр” у рускіх перакладах, я думала, што я занадта дарослая, каб чытаць такую літаратуру. Але ў 26–27 год гэтыя кнігі трапілі да мяне зноў, і ўжо ў такім больш-менш дарослым узросце я імі праніклася.

Зацікавілі кручкі, якія пакідала Роўлінг у першых кнігах, каб вярнуцца да іх потым, тое, наколькі добра прадуманы сюжэт і як тлумачацца многія рэчы. Хоць фанаты знайшлі некалькі нестыковак, мяне гэтыя кнігі захапляюць, як пазл.

Вырашыла перакладаць, бо я добра арыентуюся ў гэтым сусвеце. Я разумела, што гэты праект практычна не ажыццяўляльны праз правы, праз тое, што гэта сур’ёзнае выдавецтва. Таму я да гэтага сур’ёзна не ставілася.

Але год таму я даведалася, што ў паветры лунае ідэя выдання беларускага перакладу “Гары Потэра”. Тады я сама звярнулася да выдаўца, пра якога хадзілі такія чуткі, і сказала, што вось я, ваша перакладчыца.

Alena_Piatrovich_2.jpg

Праз нейкі час прадстаўнікі выдавецтва паведамілі, што яны зацікаўлены ў супрацоўніцтве, але кандыдатуру перакладчыка зацвярджае Bloomsbury [брытанскае кніжнае выдавецтва. – РС.]. Я, ні на што не спадзеючыся, пачала перакладаць першую частку “Гары Потэра” яшчэ амаль год таму і чакала адказу выдавецтва. А потым мяне зацвердзілі ў якасці перакладчыцы.

– Выхад кнігі ў беларускім перакладзе плануецца на снежань. А пра тое, што яна выйдзе, стала вядома ў маі. То бок у вас ужо была частка перакладзеная?

– Так, калі мяне зацвердзілі, паўкнігі ўжо было перакладзена. Я цяпер працую сур’ёзна над тэкстам, каб да мяне было мінімальна прэтэнзій. Яны ўсё роўна будуць, і я гэта разумею. Мне засталося вырашыць самыя складаныя пытанні, тыпу – перакладаць ці не перакладаць імя, што рабіць з алюзіяй на твор. Гэта складана, калі твор, да якога ёсць адсылка, не перакладзены на беларускую. Альбо калі пераклад ёсць, але не захаваная структура назвы тэксту, а спасылка ідзе менавіта на назву, то бок на беларускай гучыць па-іншаму.

Нэвіл – не Даўгапупс, у яго іншае прозвішча

Alena_Piatrovich_3.jpg

– Ёсць два афіцыйныя пераклады серыі кніг “Гары Потэра” на рускую мову: пераклады выдавецтваў “РОСМЭН” і “Махаон”. Дагэтуль вядуцца дыскусіі пра тое, які пераклад больш удалы, хоць, безумоўна, у абодвух ёсць свае недасканаласці.

– Цяжка сказаць, бо я разумею, у якіх умовах працавалі перакладчыкі РОСМЭН. Яны рабілі гэта вельмі хутка, таму якасць тэксту пацярпела. Співак [перакладчыца “Махаона”. – РС.], я думаю, перакладала ў больш камфортных умовах. Да таго ж былі вядомыя хібы першага перакладу, якія маглі быць улічаны ў іншых працах. Павінна сказаць, што Зладзеюса Злея ў маім перакладзе не будзе (смяецца). Ёсць таксама і народны пераклад, не самы благі. У ім улічылі хібы Співак і РОСМЭН. Але мне цяжка выставіць камусці балы.

Цяпер я даволі шмат чытаю пра асобныя рашэнні ў французскіх, нямецкіх перакладах. Як адно і тое ж імя, напрыклад, перадаюць на той ці іншай мове. Я б сказала, што многія рэчы не ідэальныя.

Увогуле мастацкі пераклад немагчыма зрабіць так, каб ён падабаўся ўсім. Усё адно штосьці кагосьці не задаволіць, асабліва калі гэта нейкі вядомы твор. У кожнага будзе свая думка. У сеціве зараз можна знайсці шмат інфармацыі навуковага плану, якая тычыцца калямоўных, калялітаратурных рэчаў, напрыклад, этымалогіі імёнаў у “Гары Потэры”.

– Співак крытыкуюць за “абрусенне” кнігі, таго ж Зладзеюса Злея, які, дзякуй богу, так і не трапіў у канчатковы варыянт. Алена, вы будзеце абеларушваць “Гары Потэра”, і калі так, то ў якой ступені?

– Мінімальна буду абеларушваць, калі і буду. На гэтае пытанне я ўжо адказвала самім праваўладальнікам. У нас была перапіска, і яны хацелі ўпэўніцца, што я не сапсую тэкст (смяецца). Я крыху тлумачыла сваю пазіцыю, якую, як я зразумела, яны ўхвалілі.

У прынцыпе, “Гары Потэр” – гэта вельмі брытанскі твор. Нягледзячы на тое, што дзеянне адбываецца ў школе чарадзейства, мы ведаем, што яна знаходзіцца ў Брытаніі. Да прыкладу, усе стравы, што апісваюцца ў кнізе, збольшага брытанскія. Я не збіраюся з іх рабіць дранікі і бабку, умоўна кажучы.

Справа ў тым, што мы ўжо існуем у кантэксце гэтага твору. Ясна, што будуць людзі, якія прачытаюць гэты твор упершыню, і, можа, нават па-беларуску. І я на гэта спадзяюся. Але ёсць людзі, якія ўжо чыталі гэты тэкст, якія ўжо ўяўляюць яго больш-менш, і рабіць яго беларускім для іх непатрэбна. Больш за тое, для будучых маладых людзей гэта, магчыма, таксама няважна.

Мы больш не жывём у закрытым свеце, дзе мы можам пазнаваць штосьці выключна праз сябе і сваю культуру. Мы ад нараджэння ведаем, што ёсць шмат культур, і пагрузіцца ў новую, здаецца, больш не праблема.

У кнізе ёсць пара момантаў, дзе сітуацыя вымушае нейкую слоўную гульню з прозвішчам, праз якую давядзецца абеларушваць тэкст. Але я хачу, каб твор застаўся брытанскім. Я разумею, што мяне будуць крытыкаваць. Хтосьці прызвычаіўся да Даўгапупса, але Даўгапупса там не будзе. Я ўвогуле не разумею, як гэтае слова магло ўтварыцца (смяецца). Ясна, што хтосьці гэтага не ацэніць. Можа, у кагосьці Нэвіл – любімы герой, і ён нават не ведае, як яго прозвішча гучыць па-англійску. Гэтага не пазбегнуць, я гатова да таго, што будзе пасля.

“Браты Уізлі няпатасныя, а Герміёна крыху нудная”

– Выдаўцы выказвалі якія-небудзь пажаданні да перакладу?

– Я нават не ведаю, ці былі ў іх пажаданні. Мне былі пастаўлены пытанні, як я буду спраўляцца з той ці іншай сітуацыяй. Я не ведала “правільнага” адказу, але неяк пастаралася адказаць. І ў выніку пажаданняў ніякіх мне выказана не было.

Перапіску вёў беларускі выдавец. У мяне ніякіх непасрэдных кантактаў не было. Калі праваўладальнікі задавалі пытанні наконт перакладу, выдавец пераадрасоўваў іх мне, і я на іх, уласна, адказвала. Затым выдавец ім гэта дасылаў.

Я вельмі задаволена тым, што яны дазволілі мне звяртацца да іх праз выдаўца, калі ў мяне будуць узнікаць пытанні ў працэсе перакладу. Пакуль я спраўляюся сама, але гэта мой першы досвед такой сур’ёзнай камунікацыі з праваўладальнікамі.

– Вы хацелі б перакласці і іншыя часткі раману?

– Наколькі я разумею, гэта залежыць ад таго, як будзе прадавацца першая кніга. Я ў фінансавыя пытанні не заглыбляюся, гэта збольшага справа выдаўца. Мы спадзяёмся, што ўсё будзе добра.

Напэўна, гэта будзе адсочвацца брытанскім бокам, наколькі кніга тут запатрабаваная і ці ёсць сэнс перакладаць далей. У мяне ёсць любімыя кнігі, і гэта не першая і не другая, і я хачу іх хутчэй перакладаць. І, вядома, я мару, што я перакладу іх усе.

Alena_Piatrovich_4.jpg

– Якая частка “Гары Потэра” вам падабаецца больш за ўсё?

– Я страшна люблю чацвёртую частку, дзе Герміёна засноўвае асацыяцыю па абароне правоў эльфаў. Уся дзейнасць асацыяцыі накіраваная на вызваленне прыгнечаных народаў, якія самі не ўсведамляюць сваёй прыгнечанасці. І вось Герміёна спрабуе са сваёй дэмакратычнай пазіцыі давесці гэтым народам, эльфам, што яны не павінны цярпець. Уся псіхалогія эльфаў, якая раскрываецца ў гэтым, вельмі актуальная сёння.

Так шкада, што яе няма ў кіно, бо многія глядзелі кіно і не чыталі кніг, а гэтая рэч шмат што тлумачыць у сённяшнім свеце.

“Гары Потэр і вязень Азкабана” – напэўна, мая любімая частка. Але калі б я вучылася ў школе і мне трапіліся гэтыя кнігі тады, маёй улюбёнай часткай быў бы “Ордэн Фенікса”, дзе вучні аказваюць супраціў міністэрству.

– У вас, напэўна, ёсць і любімыя героі?

– Вядома. Гэта браты Уізлі, блізняты. Яны забаўныя, вясёлыя. У братах Уізлі мяне вельмі прываблівае пачуццё гумару, уменне радавацца простым рэчам і тое, што яны максімальна няпатасныя. Відаць, я павінна была сказаць, што мне падабаецца Герміёна, калі гаварыць пра трох галоўных герояў. Сапраўды, яна мне падабаецца, але месцамі яна крыху нудная. Але цікава чытаць, як мяняецца яе вобраз, як яна пераступае праз нешта дзеля больш важных рэчаў.

Alena_Piatrovich_5.jpg

– Як вы думаеце, у беларускай літаратуры ёсць нешта падобнае да “Гары Потэра” ці гэта новы для нас свет?

– У беларускай літаратуры я такога не сустракала, хоць я тут не вялікая спецыялістка. Роўлінг добра трапіла ў час, калі ў дзіцячай літаратуры пачалі ўздымацца сур’ёзныя дарослыя праблемы.

Мне падабаецца, што “Гары Потэр” – гэта глабальны твор, які цікавы ў кожнай краіне. Аднак у той жа момант Роўлінг зрабіла яго брытанскім і еўрапейскім у тым сэнсе, што выкарыстала там старажытнагрэчаскую, скандынаўскую і іншыя еўрапейскія міфалогіі.

Любы тэкст, які быў бы зроблены ў такім ключы, мне здаецца, стаў бы спробай напісаць “Гары Потэра”. Я не ведаю, ці гэта магчыма і ці гэта ўвогуле патрэбна.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны

У Маскве адкрылася выстаўка “Сімяон, сын Полацка”

13 Сне 2019

12 снежня ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адкрылася кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Сімяон, сын Полацка”, прысвечаная 390-годдзю з дня нараджэння дзяржаўнага, царкоўнага і культурнага дзеяча Беларусі і Расіі.

Кніжныя выстаўкі

“Школа даследчыка” навучыць, дзе і як шукаць літаратуру

13 Сне 2019

Нацыянальная бібліятэка Беларусі валодае шырокім спектрам электронных інфармацыйных рэсурсаў, якія адлюстроўваюць не толькі нашы фонды і фонды іншых бібліятэк, але і дзясяткі мільёнаў лепшых сусветных публікацый з ліцэнзійных баз даных.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Доўгая дарога да дома Караткевіча

13 Сне 2019

Адзін з найзначнейшых юбілеяў, якія будуць адзначацца ў надыходзячым 2020-м — 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Як налета збіраюцца ўшанаваць памяць аб славутым земляку на ягонай малой радзіме — пакрысе высвятляецца ўжо сёння.

Навіны бібліятэк

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымае феномен “Паўлінкі” Купалаўскага тэатра

12 Сне 2019

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымае тэатральны феномен спектакля “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Такую прапанову сёння падтрымаў Беларускі рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведамілі ў Мінкульце.

Навіны бібліятэк

Пра беларускіх ілюстратараў, якія прысвяцілі талент Яе Вялікасці Кнізе

11 Сне 2019

“Я не самотны, я кнігу маю…” – невыпадкова радок з верша Максіма Багдановіча прагучаў на ўрачыстай прэзентацыі кнігі журналіста Вольгі Паўлючэнкі “Малюнак пад кніжнай вокладкай”, якая адбылася 10 снежня ў бібліятэцы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111