ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
У духу беларускага авангарда: выстаўка Уладзіміра Акулава
Запрашаем на мерапрыемства

Гістарычная драма: работа над памылкамі

Гістарычная драма: работа над памылкамі
Іншыя навіны

Новы герой, хто ты?, або Асоба на сцэне ў эпоху дэгераізацыі.


Падвялі вынікі абвешчанага Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і “Беларусбанкам” конкурсу па стварэнні твораў для драматычнага тэатра “Францыск Скарына і сучаснасць”. Газета “Культура” прапанавала яго фіналістам паразважаць пра значэнне вобраза нацыянальнага героя ў сучаснай драме і ацаніць рэальнае становішча гістарычнай п’есы ў айчыннай драматургіі.

У “Форуме” прынялі ўдзел паэт, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Андрэева, драматург, журналіст Алена Іванюшанка (Мінск), драматург, рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Цімафей Ільеўскі, драматург, літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў (Мінск – Люблін), пісьменнік Віктар Марціновіч (Мінск), драматург, рэжысёр, радыёвядучы Мікалай Рудкоўскі (Мінск), драматург, пісьменнік Міхаіл Туруноўскі (Брэст), эсэіст, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Шыдлоўскі.

Настасся Панкратава: – Што патрабуе айчынная публіка ад драматурга, які працуе з такімі вобразамі, як Францыск Скарына: прытрымлівацца гістарычных фактаў ці актуалізаваць іх для сучаснасці, ствараючы новы расповед на аснове эпізодаў з біяграфіі?

Віктар Марціновіч: – Мне падаецца, часцяком новы расповед і ёсць прытрымліванне гістарычных фактаў, бо факты тыя таксама некалі былі проста чыімсьці расповедам, пісьмовым ці вусным. Скарына жыў у часы Рэнесансу, у атачэнні рукапіснай культуры, калі само паняцце факта было іншым. Якраз гэта дачыненне да канцэпту “ісціна” я і паспрабаваў скарыстаць у сваёй п’есе.

Алена Іванюшанка: – Францыск Скарына – адначасова гістарычная і міфічная асоба. Асабіста мне было цікава здзейсніць пачуццевае напаўненне тых рэдкіх фактаў біяграфіі, якія да нас дайшлі.

Сяргей Шыдлоўскі: – Сапраўды, захавалася не так і шмат гістарычных крыніц, што тычацца Францыска Скарыны, каб можна было вычарпальна і дакументальна дакладна прасачыць развіццё яго асобы ад маленства да скону. У гістарычнай навуцы няма ўмоўнага ладу, а вось у мастацкім творы ёсць месца для імправізацыі на тэму “што было б, калі…”

Настасся Панкратава: – Які ж падыход драматургу найбліжэйшы?

Ірына Андрэева: – На мой погляд, творцу ў адрозненне ад вучонага больш пасуе займацца актуалізацыяй гістарычных фактаў для сучаснасці. Як педагогу, які працуе ў ВНУ, мне вядома, што моладзі не хапае айчынных герояў, з якіх можна “рабіць жыццё”.

Міхаіл Туруноўскі: – Адштурхоўваючыся ад фактаў біяграфіі і ўлічваючы рэаліі той эпохі, драматург можа выказаць здагадку, што паўплывала на персанажа настолькі, каб адважыцца на ягоны грамадзянскі подзвіг. Прызнаюся, праца над гістарычным вобразам Скарыны стала для мяне, бадай, самым грандыёзным адкрыццём за апошняе дзесяцігоддзе. За вядомай постаццю беларускага першадрукара я раптам пабачыў простага, неверагодна натхнёнага чалавека, які ад нараджэння быў узнагароджаны шматлікімі талентамі. Я імкнуўся з аднаго боку перадаць напружанне і вастрыню ўнутраных перажыванняў Скарыны, з іншага – яго ўпартасць і мужнасць у дасягненні пастаўленых перад сабой мэт.

Мікалай Рудкоўскі: – З розных гіпотэз драматург, вядома ж, мае права выбіраць тое, што яму найбліжэй. Вось, напрыклад, гісторыя жаніцьбы Скарыны на ўдаве мецэната Юрыя Адверніка. У Сярэднявеччы распаўсюджанай з’явай ва ўсіх еўрапейскіх краінах была якраз жаніцьба адоранага вучня на ўдаве памерлага майстра – такім чынам справа майстэрні працягвала паспяхова развівацца далей. У выпадку са Скарынам не зразумела, ці сапраўднае тое каханне да Маргарыты, ці гаворка ідзе пра звычайную цэхавую традыцыю… Намінацыі конкурсу “Францыск Скарына і сучаснасць” прадугледжвалі розныя шляхі стварэння матэрыялу. Я абраў “Сучасную п’есу”, бо мне было цікава параўнаць XVI і XXI стагоддзі. Тады адбываліся войны з Маскоўскім княствам на ўсходзе беларускіх і ўкраінскіх зямель, зараз ідуць ваенныя дзеянні ў Данбасе, адпаведна – агульная на абедзве эпохі праблема бежанцаў… Тады ўсялякую ініцыятыву заглушала немагчымасць увасаблення ў сваёй краіне задуманага, зараз часам таксама. У Сярэднявеччы бушавалі ўспышкі чумы і сіфілісу, сёння галосяць пра пандэміі СНІДу, вірусаў Эбола і Зіка...

Цімафей Ільеўскі: – Сапраўды, XVI стагоддзе – час тэктанічнага разлому эпох, час гераічны і трагічны, калі на нашай зямлі імкнуліся стварыць новую дзяржаву са сваёй мовай. І, на мой погляд, рэаліі сённяшняга свету, які раздзіраецца войнамі і нацыянальнымі супярэчнасцямі, парадаксальным і прароцкім чынам пераклікаюцца са стагоддзем Скарыны.

Сяргей Шыдлоўскі: – Калі ўсё зроблена карэктна, публіка ацэньвае плён падобнай работы звычайна пазітыўна.

Цімафей Ільеўскі: – Калі і ёсць у айчыннай публікі некалькі чалавек, якія чагосьці патрабуюць ад драматурга, то мне не давялося з імі нідзе перасекчыся. Мая рэжысёрская практыка сведчыць, што шырокая публіка нічога не чакае ні ад драматурга, ні ад рэжысёра, ні нават ад беларускага акцёра (у масе сваёй зусім невядомага самаадданага працаўніка сцэны). Зразумела, у рабоце над драматургічным тэкстам апошняя справа арыентавацца на яе чаканні. А як не актуалізаваць жыццё Скарыны, не спрабаваць знайсці ў яго дзеяннях тое, што “варыцца” ў галовах суайчыннікаў? Тут я вяду гаворку не пра шырокую публіку, а пра ўдумлівага і разумнага гледача, які, на шчасце, яшчэ не перавёўся.

Настасся Панкратава: – Ці адчуваеце вы ў сённяшнім грамадстве патрэбу ў нацыянальным героі?

Ірына Андрэева: – На маю думку, такі вобраз патрэбны, бо гераічная постаць кансалідуе нацыю, дазваляе ёй пазбавіцца ад комплексу непаўнавартаснасці пры параўнанні з больш шматлікімі этнасамі і з’яўляецца крыніцай нацыянальнага гонару. Сучасны тэатр мае ўсе магчымасці стварыць падобны вобраз, і не важна, у якім часе будзе знойдзены падобны персанаж. Істотна, каб герой быў псіхалагічна блізкім нашаму сучасніку.

Сяргей Кавалёў: – Героі маюць быць, але нельга ствараць чарговага ідала. Праз драматургічных герояў трэба спрабаваць зразумець, што такое гісторыя, жыццё… Герой жа не складаецца на 100 працэнтаў з “геройства”: ён часта апынаўся перад такім выбарам, што не пазайздросціш.

Сяргей Шыдлоўскі: – Здаецца, трэба пачаць з таго, што нашы продкі не ведалі замежнага слова “герой”, але ўмелі шанаваць дзядоў. Дзяды – гэта і твае прамыя, кроўныя папярэднікі і прашчуры ўсяго роду да самага Адама. У падобным шанаванні – праз малое бачыцца вялікае, праз блізкае – далёкае. Таму магутныя постаці мінулага павінны заставацца ў фокусе грамадскай увагі, у тым ліку і з дапамогай тэатра.

Цімафей Ільеўскі: – Грамадству неабходны не толькі нацыянальны герой, але і нацыянальная ідэя, нацыянальнае мастацтва, нацыянальная самасвядомасць, як ні пафасна тое прагучыць. Зараз гэтыя паняцці зацяганыя, таму і гучаць з экранаў часам пустой балбатнёй, але, на жаль, не з’яўляюцца ўнутранай сутнасцю сучасніка. Калі пайсці ад адваротнага і заявіць, што нам не патрэбны нацыянальны герой, то праз некаторы час мы са здзіўленнем пабачым, што ў галовах наступнага пакалення месца Ефрасінні Полацкай і Францыска Скарыны зоймуць Мэрлін Манро і Мікі Маус. Ды што далёка хадзіць: у сваёй педагагічнай практыцы я неаднойчы сутыкаўся з тым, што падлеткі не маюць уяўлення пра родную гісторыю і яе знакавыя фігуры. Сёння ўзровень выкладання гісторыі і літаратуры жахлівы…

Настасся Панкратава: – Дык дзе больш перспектыўна шукаць постаць на гэтую ролю: у гістарычным мінулым ці ў сучаснасці?

Віктар Марціновіч: – Мне здаецца, новы герой хворага на культурны склероз грамадства — гэта заўсёды добра забыты стары герой…

Цімафей Ільеўскі: – Я не бачу ў нашым часе “адраджэнскіх” тытанаў, роўных Скарыну, Леанарда, Дантэ. Прынамсі, для мяне сур’ёзнай падставай паразважаць над галоўнымі пытаннямі свайго жыцця і нашай эпохі сталася менавіта постаць нашага першадрукара.

Алена Іванюшанка: – Я мала гляджу гістарычных спектакляў, бо ў тэатры мне больш цікавы сучаснік. Але можна знаходзіць арыгінальныя сродкі, каб і гістарычныя падзеі рабіць папулярнымі. Параўнайце, якім попытам карыстаюцца тэлевізійныя праекты кшталту “Гульня тронаў” ці дакументальныя праекты Леаніда Парфёнава. Я чула пра тое, як моладзь Амерыкі рвецца на мюзікл “Гамільтан”, дзе бацькі-заснавальнікі ЗША размаўляюць між сабой пад рытмы хіп-хопа і R’n’B. Сапраўды, абмежаванняў для творчасці няма.

Міхаіл Туруноўскі: – Асабіста для мяне вобраз нацыянальнага героя непарыўна звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. Хтосьці скажа, што тэма вайны сёння не актуальная, але я прытрымліваюся іншага меркавання. Менавіта таму не так даўно напісаў п’есу-мюзікл “Кіно пра вайну”, якую я мару падараваць маладому гледачу ў якасным рок-выкананні.

Настасся Панкратава: – Па сілах сучаснаму тэатру стварыць такі вобраз, які публіка прыме за прыклад для пераймання?

Цімафей Ільеўскі: – У самой пастаноўцы пытання крыецца вялікая праблема: ці магчыма стварыць героя ў перыяд татальнай дэгераізацыі тэатра, літаратуры, кіно, мастацтва ў цэлым. Герой зараз “не ў модзе”, яму наканавана быць высмеяным, развенчаным. А разам з ім растоптваюцца асноватворныя паняцці, на якіх будавалася светаразуменне гуманістаў эпохі Адраджэння: прыгажосць, вера, абавязак. Брыдкае і забароненае прэ на сцэну і там добра размясцілася (пахадзіце па тэатральных фестывалях). “Ургант”-тызацыя і “КВЗ”-тызацыя культуры стала, на жаль, дамінантай. У модзе “сцёб” з любой нагоды. Вось і паспрабуй стварыць у гэтым часе сцэнічнага героя, якому павераць...

Мікалай Рудкоўскі: – Нацыянальны герой перш-наперш – ярка выяўленая індывідуальнасць. Такім быў, безумоўна, і Францыск Скарына. Ён — чалавек вялікай энергіі і смелых поглядаў, які апярэдзіў свой час, бо не жадаў жыць, як заведзена традыцыямі, а ішоў да мэты насуперак усяму. Ці гэта не можа быць прыкладам для публікі?

Алена Іванюшанка: – А я лічу, што публіка ідзе ў тэатр не па прыклады для пераймання. Шмат было і спектакляў, дзе са сцэны дыдактычна расказвалі, як і што трэба рабіць. А дагэтуль актуальнымі засталіся менавіта такія творы мастацтва, дзе адбываюцца сапраўдныя падзеі, дзе патрабуецца мужнасць супрацьстаяць сваім жарсцям ці грамадскаму асуджэнню, дзе герой губляе плён сваёй справы і мусіць недзе прыдбаць мужнасць пачаць усё спачатку. Мне здаецца, можна жыць і без нацыянальных герояў, трэба ўмець адказнасць браць на саміх сябе.

Настасся Панкратава: – Падставай для нашай размовы стаўся конкурс да юбілею славутай постаці. Падчас ўзнагароджання пераможцаў нават прагучала думка, ці не варта праводзіць аналагічныя конкурсы да ўгодкаў іншых айчынных славутасцей...

Сяргей Кавалёў: – Мяркую, гэтая фраза была ў пэўным сэнсе жартам. Замова перашкаджае творчасці, драматург пачынае дзейнічаць па схеме, ствараючы адну і тую ж сюжэтную лінію, толькі мяняючы імёны. У гэтых рамках атрымліваецца самы горшы варыянт гістарычнай драмы: біяграфія, напісаная дыялогам. Плённай працы замінае і абмежаванне ў тэрмінах здачы матэрыялу. На маёй памяці ўжо праводзіўся падобны конкурс да ўгодкаў беларускага першадрукара, абвясцілі аб яго правядзенні загадзя, на ўсё пра ўсё ў драматургаў было каля года. Сёлетні конкурс даваў нам фактычна пару месяцаў на стварэнне тэксту. За такі кароткі тэрмін напісаць “з нуля” вельмі складана. Напрыклад я прыняў удзел толькі таму, што ідэя “Юдзіфі” ўзнікла ў мяне вельмі даўно, першыя накіды я рабіў яшчэ ўзімку.

Настасся Панкратава: – На якім узроўні знаходзіцца азначаны жанр у сучаснай беларускай драматургіі?

Сяргей Шыдлоўскі: – Пятру Васючэнку, беларускаму пісьменніку і філолагу, належыць азначэнне беларускай літаратуры як вялікай. Я таксама ўпэўнены ў выдатных якасцях айчыннай літаратуры, часткай якой з’яўляецца і драматургія. Мы маем цудоўную драматургічную традыцыю, вопыт папярэднікаў мусіць нас натхняць.

Віктар Марціновіч: – Новай гістарычнай драмы пакуль не бачу. У Купалаўскім тэатры ідуць п’есы, напісаныя ў 1990–2000-я. Спадзяюся, гэты конкурс у пэўнай меры выправіць сітуацыю.

Сяргей Кавалёў: – Некалі я напісаў артыкул, што гістарычная драма шкодная для айчыннай драматургіі, бо яна пачала асацыявацца толькі з гэтым жанрам. Калі мяне ў чарговы раз папрасілі даць яшчэ адну гістарычную драму, я ўзбунтаваўся: а хто будзе пісаць пра сучаснасць, эксперыментальныя ці філасофскія тэксты?! Мы ўпадаем у нейкую бясконцую ілюстрацыйнасць, ператвараем творчасць у руціну. Быў час у 1990-я, калі з новых твораў працэнтаў восемдзесят пазначалася, як гістарычная драма. Арганізатары фестываляў і конкурсаў хацелі пабачыць на сцэне сучасную беларускую драматургію, а ім прапаноўвалі спектаклі пра XVI стагоддзе альбо часы Понція Пілата... Яны таксама патрэбныя, але нельга забывацца на тое, што гістарычная драма – гэта толькі адзін з жанраў.

Ірына Андрэева: – Мяне цешыць наяўнасць шырокай разнастайнасці падыходаў да гістарычнай драмы ў сучасных аўтараў. Як мне здаецца, зараз гэты напрамак набывае большую філасофскую і псіхалагічную глыбіню. Падобная гістарычная драма можа быць карыснай сучасніку ў асэнсаванні экзістэнцыйных праблем і мець пэўны псіхатэрапеўтычны характар. Аднак лёс жанру залежыць не толькі ад карыснасці яго для гледачоў і ад якасці літаратурнага матэрыялу, але і ад запатрабаванасці ў рэжысёраў.

Міхаіл Туруноўскі: – Пакуль айчынныя тэатры вядуць надзвычай асцярожную палітыку, робяць стаўкі на класічныя, даўно вядомыя гледачу творы.

Мікалай Рудкоўскі: – Нас “перакармілі” гістарычнымі п’есамі не вельмі добрай якасці і ўзроўню, таму адбыўся адток цікавасці да яе. Змянілася і эпоха: у ХХІ стагоддзі стала цікавай актуальная драма, якая ўздымае сённяшнія праблемы чалавека ў нашай краіне і ў свеце. Але гісторыя рухаецца па спіралі, а мы так і не зрабілі работу над памылкамі, таму гістарычны жанр можа зноў стаць цікавым для сучасных падмосткаў.

Сяргей Кавалёў: – Нагадаю, сам жанр распаўсюдзіўся ў іншых краінах значна раней, чым у Беларусі. Возьмем да прыкладу п’есы пра Барбару Радзівіл: у палякаў першы твор з’явіўся напачатку XIX стагоддзя, у літоўцаў – у 1930-я, краіны-суседкі, уступаючы ў новае тысячагоддзе, перажылі пэўную эвалюцыю п’ес такога кшталту. У тамтэйшых драматургаў гэты вобраз значна ўскладнены, больш супярэчлівы. У Беларусі пачалі пісаць пра Барбару ў 1990-х, таму, канешне, на першы план выйшла патрэба ўвогуле распавесці людзям, хто гэта. Атрымаўся пэўны дысананс паміж тым, што было ў нас, і тым, што ў гэты час рабілі нашы суседзі. Часцяком яны ўжо адмаўлялі тое, што мы толькі сцвярджалі…

Цімафей Ільеўскі: – Адназначны адказ: сучасная гістарычная драма практычна адсутнічае, усё лепшае – у мінулым. Гістарычная тэма займае такое малое месца ў рэпертуары сучасных тэатраў, хоць плач. Камедыі-меладрамы-вадэвілі – вось і ўвесь жанравы спектр сучаснага беларускага тэатра. І, хвалююся, такая сітуацыя застанецца да таго часу, пакуль ад тэатраў будуць патрабаваць у першую чаргу выконваць статыстычныя паказчыкі напаўняльнасці глядзельнай залы… А між тым, гістарычная тэма запатрабаваная, тэма нацыянальнага самавызначэння лунае ў паветры і бударажыць розум дзеячаў мастацтва. Ускосна пра гэта сведчаць дзве апошнія пастаноўкі Купалаўскага тэатра: “Пан Тадэвуш” і “Дзве душы”. Аднак першая – паэтычная класіка, другая – інсцэніроўка прозы. Відаць, не ад багацця беларускіх п’ес на гістарычную тэматыку Мікалай Пінігін узяўся за тыя пастаноўкі…

Сяргей Кавалёў: – Арганізатары конкурсу абяцалі па выніках выпусціць зборнік п’ес. Творы, што прымалі ўдзел, усе новыя, нідзе не апублікаваныя. Вось прачытаем, і тады можна будзе аргументавана працягнуць гаворку, ці выйшла айчынная гістарычная драма на новы віток свайго развіцця.

Аўтар публікацыі: Настасся Панкратава.

Крыніца: газета “Культура”

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам