ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дзед Талаш i дзед Васiль
Мастацтва для кожнага: у бібліятэцы прадставілі работы дзяцей з парушэннем слыху

Інтрыгі і жарсці часоў Рэфармацыі

Інтрыгі і жарсці часоў Рэфармацыі
Іншыя навіны

Як звязаны Жан Кальвін, Марцін Лютэр і Напалеон ІІІ з Беларуссю?

Перапісвацца з Папам Рымскім можа далёка не кожны. Між тым, беларусы ў XVI стагоддзі актыўна перапісваліся ды сустракаліся з тагачаснымі сусветнымі рэлігійнымі лідарамі – Марцінам Лютарам, Жанам Кальвіным ды многімі іншымі. А ўсё таму, што тагачасная Беларусь не засталася ў баку ад еўрапейскіх рэлігійных рэвалюцый і развівалася па ўсіх канонах Рэфармацыі – руху за рэформу царквы.

Рэфармацыя ў трэндзе

– Цікавасць да Рэфармацыі зразумелая, – тлумачыць намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. – У канцы XVІ стагоддзя Праваслаўная ды Каталіцкая цэрквы знаходзіліся ў крызісе. З аднаго боку – перад войскамі мусульман капітуляваў Канстанцінопаль, які да гэтага быў духоўным цэнтрам Праваслаўя. З другога боку, пэўны ўплыў на розум каталіцкіх вернікаў зрабіла Рэфармацыя. Вельмі шмат людзей, у тым ліку багатых і ўплывовых, перайшлі з каталіцтва ў пратэстанцтва.

Пётр Скарга і многія іншыя тагачасныя рэлігійныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ сур’ёзна дакаралі Царкву ў перажытках. Маўляў, і ў традыцыях яна закасцянела, і царкоўнаславянскай ці лацінскай мовай, на якой вядуцца набажэнствы, просты люд не карыстаецца...

– Між тым, у кальвінізме святары абіраліся вернікамі, набажэнства ішло на роднай мове, – кажа Алесь Суша. – Таму, скажам, у Наваградскім ваяводстве ў сярэдзіне XVI стагоддзя, паводле выказвання сучаснікаў, з 600 праваслаўных родаў толькі 16 захавалі веру продкаў, у дзясяткі разоў скарацілася колькасць каталіцкіх парафій. Праз некаторы час пратэстанцкія погляды настолькі пашырыліся ў асяроддзі гараджан Беларусі і Літвы, што ВКЛ можна было, не пабаюся сказаць, назваць сапраўднай краінай Рэфармацыі.

Па гэтай прычыне ўвага знакамітых беларусаў да сусветных лідараў пратэстанцкага руху выглядае цалкам заканамернай. І вось толькі некалькі прыкладаў, якія тую цікавасць пацвярджаюць.

Скарына хацеў забіць Лютара?

– Па-першае, варта сказаць пра тое, што наш вядомы першадрукар Францыск Скарына пільна сачыў за Рэфармацыяй і, натуральна, ведаў тых людзей, якія з’яўляліся лідарамі пратэстанцкага руху, – адзначае Алесь Суша. – Так, існуе гіпотэза, што Скарына ў сярэдзіне 1520-х гадоў, ужо пасля выдання сваіх пражскіх кніг Бібліі, ездзіў у Вітэнберг, дзе сустрэўся з Марцінам Лютарам, вядомым пачынальнікам агульнаеўрапейскага руху Рэфармацыі.

Нагадаю, што менавіта ў Вітэнбергу 31 кастрычніка 1517 года Лютар прымацаваў да дзвярэй Замкавай царквы свае вядомыя 95 тэзісаў супраць продажу індульгенцый. З таго часу прайшло ўжо каля дзесяць гадоў, пратэстанцкі рух пашыраўся па ўсёй Еўропе, і невыпадкова, што ўсё гэта вельмі зацікавіла нашага знакамітага земляка “са слаўнага горада Полацка”.

Дык вось. Як мяркуюць даследчыкі, у прыватнасці Варфаламей Копітар, менавіта Францыск Скарына завітаў у 1525 годзе да Лютара (у тагачасных дакументах, праўда, гаворка ідзе пра “Францыска-паляка”).

– Незнаёмы госць з Усходняй Еўропы пры сустрэчы вельмі ўразіў славутага пачынальніка Рэфармацыі сваімі ведамі і манерамі, ды так, што яны дамовіліся аб сустрэчы на наступны дзень, – кажа Алесь Суша. – Але ўсё знянацку змянілася: Марціну Лютару сярод ночы прысніўся сон, што гэты прыезджы Францішак хоча яго забіць, і галоўны ідэолаг пратэстанцкага руху настолькі спалохаўся свайго сну, што ў тую ж ноч з’ехаў з Вітэнберга ў горад Торгаў.

Пры гэтым Лютар паспеў напісаць ліст у гарадскі магістрат, каб улады паспрыялі захопу чужаземца, бо, маўляў, ён звязаны з д’яблам і рыхтуе замах на жыццё знакамітага пратэстанта. На шчасце, мясцовыя кіраўнікі не ўчынілі нічога злога над прыезджым, параіўшы пакінуць Вітэнберг як мага хутчэй.

 – Версію ў тое, што менавіта Францыск Скарына сустракаўся з Лютарам падтрымліваюць многія навукоўцы, прычым, як айчынныя, так і замежныя, – кажа Алесь Суша. – Але ёсць і іншыя меркаванні пра тое, хто ж хаваўся за імем “Францішка-паляка”. Так што дакладна сказаць, ці быў славуты палачанін у Вітэнбергу, мы пакуль, на жаль, не можам.

Разам з тым, па словах Алеся Сушы, прыведзеная версія цалкам можа быць рэальнай. Бо, як вядома, Францыск Скарына менавіта ў сярэдзіне 1520-х гадоў актыўна супрацоўнічаў з каталіцкімі біскупамі, цікавіўся рэлігійнымі справамі, уваходзіў у лік знакамітых людзей Еўропы. Але ж ці меркаваў ён забіваць Лютара? Хутчэй за ўсё, не. Праўда, з якой місіяй ён ездзіў да лідара пратэстантызму – застаецца загадкай.

Ад Альбрэхта да Напалеона

Дарэчы, адным з першых з магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, які падтрымаў Рэфармацыю і перайшоў у лютэранства, а пазней у кальвінізм, стаў канцлер княства Мікалай Радзівіл Чорны. Для пашырэння ідэй новага веравызнання ён заснаваў друкарню пры Берасцейскім зборы, дзе 4 верасня 1563 года за кошт Радзівіла і пры яго ідэйнай падтрымцы была выдадзена так званая Берасцейская, або Радзвілаўская, Біблія.

Пра факсімільнае перавыданне Берасцейскай Бібліі “К” пісала зусім нядаўна, таму падрабязна спыняцца на гэтым, думаецца, не варта. Але пра падрыхтоўку Берасцейскай Бібліі да друку трэба сказаць абавязкова.

– Бо каб падрыхтаваць падобнае выданне, трэба дасканала валодаць яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай мовамі, мець пад рукой іншыя выданні Святога Пісання і, натуральна, быць здольным падрыхтаваць тлумачэнне незразумелых месцаў, – кажа Алесь Суша. – Таму падчас падрыхтоўкі да выдання Мікалай Радзівіл актыўна перапісваўся з Жанам Кальвінам, які вельмі зацікавіўся перакладам і накіроўваў сваіх французскіх і італьянскіх калег, напрыклад, П’ера Сарторыуса і Жана Тэнаўдуса, для ўдзелу ў праекце.

Акрамя гэтых экспертаў, да працы над перакладам Берасцейскай Бібліі была запрошана вялікая група вядомых у Еўропе тэолагаў, перакладчыкаў, рэдактараў, пісьменнікаў і царкоўных дзеячаў. Агулам над перакладам працавала каля 20 чалавек, прычым не толькі выхадцы з ВКЛ і Польшчы, але і французы, італьянцы, немцы ды галандцы.

Пераклад атрымаўся настолькі ўдалым, што яго знакамітасць пераўзышла межы Беларусі. Берасцейскую Біблію трымалі ў сваіх бібліятэках не толькі жыхары ВКЛ і Польшчы, але і прускі герцаг Альбрэхт, князь Крыштоф Віртэнбергскі і нават Напалеон ІІІ. Усё гэта сведчыць пра папулярнасць і запатрабаванасць названай кнігі сярод кіраўнікоў шэрагу краін свету.

Лісты з перасцярогамі

Да слова, сам Мікалай Радзівіл Чорны перапісваўся не толькі з Жанам Кальвінам, але і з іншымі знакамітымі прадстаўнікамі рэфармацыйнага руху ў Еўропе – Генрыхам Булінгерам, Вольфгангам Мускулюсам, Філіпам Меланхтанам і іншымі.

– Князь спачатку схіліўся да ідэй Марціна Лютара і лютэранства, потым яго зацікавіў Жан Кальвін і ён перайшоў у кальвінізм, а пазней, пад уплывам Фаўста Соцына і Джорджыа Бляндраты Мікалай Радзівіл Чорны схіліўся да антытрынітарызму – рэлігійнага вучэння, якое адмаўляла траічную сутнасць Бога, – тлумачыць Алесь Суша. – І з усімі пералічанымі дзеячамі князь вёў актыўную перапіску, бо часам сумняваўся ў сваіх рэлігійных перакананнях, пісаў пра гэта ў лістах, а знакамітыя тэолагі і багасловы спрабавалі накіраваць ягоныя думкі ў правільнае, з іх пункту гледжання, рэчышча.

Менавіта Жан Кальвін пісаў Мікалаю Радзівілу лісты перасцярогі, у якіх прасіў не звязвацца з антытрынітарыямі, бо яны сапраўдныя ерэтыкі, якія не разумеюць Божага вучэння. Акрамя таго, Жан Кальвін у 1561 годзе даслаў з Жэневы ліст у Вільню, дзе папярэджваў Сабор евангелічных (чытай, кальвінісцкіх) цэркваў пра тое, што сюды, на Беларусь, едзе Джорджыа Бляндрата, якому нельга давяраць.

Яшчэ адзін знакаміты – не, не рэлігійны дзеяч, а пісьменнік Еўропы, – з якім звязана актыўная перапіска Мікалая Радзівіла Чорнага – Эразм Ратэрдамскі. Актыўнае ліставанне з ім прывяло да таго, што менавіта вучань Эразма Ратэрдамскага Бярнард Ваяводка быў запрошаны князем у Берасцейскую друкарню, дзе ім былі надрукаваны некалькі рэлігійных кніг. Але гэта, мабыць, ужо тэма для асобнага артыкула.

Вынік Рэфармацыі ў Беларусі вядомы: каталіцкія і праваслаўныя епіскапы зразумелі пагрозу і змаглі правесці шэраг рэформ у Царкве. Так, каталікамі быў заснаваны езуіцкі ордэн, які, акрамя пашырэння асветы, значную ўвагу скіроўваў у бок барацьбы з пратэстанцкім рухам. А пры праваслаўных храмах з’явіліся царкоўныя брацтвы, а потым і школы, друкарні. Скажам, Віленскі Свята-Духаў манастыр стаў асноўным “метадычным цэнтрам” у кіраванні адукацыяй. Пры ім узнікла манастырская школа, якая стала галоўным адукацыйным цэнтрам для праваслаўных на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Так што Рэфармацыя зрабіла істотны ўплыў на айчынную культуру, падводзячы вынікі размовы, адзначыў Алесь Суша. Менавіта пад эгідай Рэфармацыі ствараліся першыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкія друкарні ў Берасці, Нясвіжы, Цяпіне ды іншых гарадах і мястэчках краіны. Друкарні выпускалі не толькі царкоўную і палемічную літаратуру, але і кнігі юрыдычнага і палітычнага характару, павучальныя трактаты, гістарычныя творы, пераклады антычных аўтараў ды шмат што яшчэ. Для патрэб кнігадрукавання пашыралася айчынная вытворчасць паперы. Няма сумненняў, што плюсоў у Рэфармацыі больш, чым мінусаў. І гэтыя плюсы дня мінулага лёгка разгледзець і ў дні сённяшнім, узяўшы ў рукі хаця б тое ж факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі, якое шматразова перавыдавалася ў Еўропе цягам 400 гадоў – ажно да канца XX стагоддзя.

Аўтар публікацыі: Юрый Чарнякевіч.

Крыніца: Культура

Навіны

У Маскве адкрылася выстаўка “Сімяон, сын Полацка”

13 Сне 2019

12 снежня ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адкрылася кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Сімяон, сын Полацка”, прысвечаная 390-годдзю з дня нараджэння дзяржаўнага, царкоўнага і культурнага дзеяча Беларусі і Расіі.

Кніжныя выстаўкі

“Школа даследчыка” навучыць, дзе і як шукаць літаратуру

13 Сне 2019

Нацыянальная бібліятэка Беларусі валодае шырокім спектрам электронных інфармацыйных рэсурсаў, якія адлюстроўваюць не толькі нашы фонды і фонды іншых бібліятэк, але і дзясяткі мільёнаў лепшых сусветных публікацый з ліцэнзійных баз даных.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Доўгая дарога да дома Караткевіча

13 Сне 2019

Адзін з найзначнейшых юбілеяў, якія будуць адзначацца ў надыходзячым 2020-м — 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Як налета збіраюцца ўшанаваць памяць аб славутым земляку на ягонай малой радзіме — пакрысе высвятляецца ўжо сёння.

Навіны бібліятэк

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымае феномен “Паўлінкі” Купалаўскага тэатра

12 Сне 2019

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымае тэатральны феномен спектакля “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Такую прапанову сёння падтрымаў Беларускі рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведамілі ў Мінкульце.

Навіны бібліятэк

Пра беларускіх ілюстратараў, якія прысвяцілі талент Яе Вялікасці Кнізе

11 Сне 2019

“Я не самотны, я кнігу маю…” – невыпадкова радок з верша Максіма Багдановіча прагучаў на ўрачыстай прэзентацыі кнігі журналіста Вольгі Паўлючэнкі “Малюнак пад кніжнай вокладкай”, якая адбылася 10 снежня ў бібліятэцы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111