ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Святочны дзень сапраўдных мужчын
Дзіцячы пакой запрашае

Хто гатовы да дня мовы?

Хто гатовы да дня мовы?
Іншыя навіны

21 лютага ва ўсім свеце і, натуральна, у Беларусі адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы.


Газета “Культура” (18.02.2017) прадстаўляе невялікі агляд таго, што падрыхтавалі ўстановы сферы культуры і навукі да гэтай знамянальнай даты.

Так, напрыклад, 21 лютага 2017 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае далучыцца да музейнай акцыі “Дзясятка – за Коласа!” Удзельнікі музейнай акцыі павінны будуць напісаць дыктоўку па творах Коласа і вызначыць, з якога твора ўзяты ўрывак. Тыя, хто напіша дыктоўку на дзесяць балаў і правільна назаве твор, атрымаюць падзякі і сувеніры ад музея.

Тым жа днём у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адбудзецца мерапрыемства “Я нясу вам дар”, якое зладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы і 135-годдзя першага народнага паэта Беларусі.

Падчас урачыстасцей паэтычныя радкі Янкі Купалы прачытаюць па-беларуску і на многіх мовах свету міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей і прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі. Таксама адбудзецца адкрыццё выстаўкі з фондаў музея Купалы “Я нясу вам дар”, якая пазнаёміць са старонкамі жыцця і творчасці класіка, прадставіць прыгажосць Вязынкі – мясціны, якой выпаў лёс стаць малой радзімай вялікага паэта.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі з 17 лютага па 30 сакавіка ў зале беларускай літаратуры прапануе сваім наведвальнікам тэматычную выстаўку “Мовы рысы непаўторныя”. У чатырох раздзелах выстаўкі “Першыя друкаваныя слоўнікі”, “Беларускія слоўнікі XIX – пачатку XX стагоддзя”, “Беларускія слоўнікі 20-х гадоў XX стагоддзя”, “Сучасныя беларускія слоўнікі” прадстаўлены аднамоўныя, двухмоўныя, трохмоўныя, тлумачальныя, перакладныя, гістарычныя і сучасныя, навуковыя, галіновыя, энцыклапедычныя і іншыя слоўнікі. Сярод іх як грунтоўныя лексікаграфічныя работы, так і невялікія цікавыя выданні.

Дапаўняюць экспазіцыю шматлікія публікацыі, якія раскажуць пра гісторыю стварэння некаторых слоўнікаў, іх аўтараў. У ліку экспанатаў – “Старабеларускія лексіконы” (1992), дзе сабраны слоўнікі XVI і XVII стагоддзяў; “Слоўнік беларускай мовы” Івана Насовіча (факс. выд., 1983) – першы навуковы даведнік па лексіцы беларускай мовы сярэдзіны XIX стагоддзя, падрыхтоўцы якога вучоны аддаў 16 гадоў напружанай працы; “Беларуска-польска-руска-лацінскі батанічны слоўнік” Зоські Верас (1924), да якога і сёння звяртаюцца дасведчаныя лексікографы, і іншыя. Усяго выстава налічвае больш за 100 дакументаў.

22 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў рамках святкавання Дня роднай мовы адбудзецца прэзентацыя аднатомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”. Выданне змяшчае больш за 65 тысяч слоў і дае не толькі тлумачэнне іх значэнняў, але і з’яўляецца нарматыўным даведнікам па арфаграфіі, націску, словазмяненні, словаспалучэнні і граматычнай характарыстыцы.

А ўвогуле Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі з 20 па 26 лютага праводзіць Тыдзень роднай мовы, падчас якога запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Так, 20 лютага ў інстытуце адбылася сустрэча са школьнікамі – пераможцамі ІІІ этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Сёння там жа пройдзе круглы стол “Мова ў навуцы, адукацыі, заканадаўстве” з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выкладчыкаў профільных навучальных устаноў сталіцы і ўсіх зацікаўленых.

Акрамя таго, як расказаў 17 лютага на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Капылоў, сёлета завершана выданне “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” (37-ы том здадзены ў друк), а таксама фінішуе стварэнне нацыянальнага корпуса беларускай мовы і падрыхтоўка да выдання 15-томнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, у якім мяркуецца змясціць каля 240 тысяч слоў.

Як паведамляе газета "Звязда", 22 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя аднатомнага "Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы", які быў падрыхтаваны калектывам лексікографаў інстытута. Ён змяшчае больш як 65 тысяч слоў і адлюстроўвае змяненні ў напісанні слоў паводле прынятага ў 2008 годзе Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". Новае выданне паказвае сучасны стан лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы і дынаміку развіцця сучаснай беларускай мовы. На прэзентацыю запрошаны студэнты навучальных устаноў, выкладчыкі, настаўнікі, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі краіны, аматары жывога беларускага слова.

У гэты ж дзень член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец сустрэнецца з курсантамі і выкладчыкамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў і раскажа ім пра сучасную моўную сітуацыю ў краіне і дасягненні айчынных вучоных.

23 лютага на вучоным савеце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі абмяркуюць тэму "Актуальныя напрамкі сучаснага беларускага мовазнаўства".

На наступны дзень у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры прачытаюць лекцыю на тэму "Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры".

Таксама на працягу тыдня вядучыя вучоныя-філолагі выступяць перад грамадскасцю, па радыё і на тэлебачанні, прымуць удзел у імпрэзах і святочных мерапрыемствах, што будуць арганізаваны дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі нашай краіны.

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаць у беларускіх кнігарнях 21 лютага ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, паведамілі карэспандэнту агенцтва “Минск-Новости” ў аддзеле арганізацыі гандлю і рэкламы ААТ “Белкнига”.

Прымеркаваныя да гэтага мерапрыемствы арганізуе Саюз пісьменнікаў Беларусі і ААТ “Белкнига”.

Так, у Мінску адбудзецца сустрэча з дырэктарам інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Іванам Саверчанкам. На мерапрыемстве пойдзе гаворка пра фарміраванне сучаснай літаратурнай беларускай мовы і такіх выдатных майстроў слова, як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францыск Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. Менавіта гэтыя пісьменнікі ў сваёй творчасці надавалі вялікую ўвагу дыялектам.

Сустрэча з Іванам Саверчанкам пачнецца ў кнігарні “Вянок” (вул. Траецкая Набярэжная, 4) а 15-й гадзіне.

Падобныя мерапрыемствы таксама пройдуць у Віцебску, Гродне, Брэсце, Мазыры, Вілейцы і Маладзечне.

Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам