ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Рэсурсы ВЧЗ у лічбавай трансфармацыі адукацыі
Як правесці дзень усіх закаханых... у бібліятэцы?

Класiка пачалася ў Глiнiшчах

Класiка пачалася ў Глiнiшчах
Іншыя навіны

8 лютага ў Iвана Мележа, чый векавы юбiлей мы адзначым у наступным годзе, быў дзень народзiнаў.

«Вясной 1975 года ў будынку Купалаўскага тэатра адбылася сустрэча чытачоў (цi не апошняя) з Iванам Паўлавiчам Мележам. Ён сядзеў у ложы, глядзеў i слухаў неяк вельмi ж сур’ёзна, нават строга i тады, калi мы, выступаючы, спрабавалi падвясельваць сябе, аўдыторыю i яго самога рознымi гiсторыямi пра яго палешукоў, яго родныя Глiнiшчы…

Увесь вечар быў, заставаўся задумлiвы, невясёлы, бо ведаў больш за нас. Ужо занатавана была ў яго запiсных кнiжках балючая думка: «Адламала галiну, на якой поўна зялёных яблык, я як гэтая галiна. Поўна ва мне задум, якiя прападуць са мной».

Так пачынаецца артыкул Алеся Адамовiча, прысвечаны беларускаму класiку.

Тое, што Iван Мележ сустрэўся з чытачамi ў Ку­па­лаўскiм тэатры, не выпадкова. Ён i сам спрабаваў сябе ў драматургii. А ў часы адлiгi ягоныя знакамiтыя «Людзi на балоце» з’явiлiся на сцэне Купалаўскага ў пастаноўцы рэжысёра Барыса Эрына. Ролю Васiля выконваў Генадзь Гарбук, а ролю Мiканора – Аляксандр Гарцуеў.

Праз шмат гадоў, у 2012-м, Аляксандр Гарцуеў ужо ў якасцi рэжысёра зробiць новую тэатральную версiю «Людзей на балоце», якая з поспехам iдзе дасюль. Ролю Ганны iграе дачка Аляксандра Гарцуева Валянцiна.

Свiнапас i паэт

Максiм Танк аднойчы сказаў пра Мележа: «Яму не было патрэбы прабiвацца ў лiтаратуру. Яна сама яго паклiкала, калi ён са скарынкай хлеба ў кайстры пасвiў статак, калi знаёмiўся з кнiжнай мудрасцю, а потым з вiнтоўкай у руках iшоў па цяжкiх i горкiх дарогах вайны, калi, паранены, вырываўся з кiпцюроў смерцi».

Сапраўды, у дзяцiнстве даводзiлася хлапцу з Глiнiшчаў Хойнiцкага раёна пасвiць свiней. Але ж i вучыўся, i маляваў, iграў у драматычным гуртку, пiсаў вершы.

Праўда, першая публiкацыя ледзь не ўнесла змены ў гiсторыю лiтаратуры. Паэт Мiкола Аўрамчык успамiнаў: «Помню, яго першы верш быў падпiсаны прозвiшчам Мелеш. Пасля вайны я спытаў у Iвана, чаму ён змянiў апошнюю лiтару ў сваiм прозвiшчы. Ён, усмiхаючыся, адказаў: «Пачынаючаму трэба разборлiва пiсаць прозвiшча пад сваiм творам».

Шпiталь – месца натхнення

У 1939-м Мележ паступiў у Маскоўскi iнстытут фiласофii, лiтаратуры i гiсторыi iмя М.Г.Чарнышэўскага. Але з першага курса прызвалi ў Чырвоную Армiю. Палiтрук Iван Мележ удзельнiчаў у паходах у Бесарабiю i Букавiну.

А пасля пачалася Вялiкая Айчынная вайна.

Peramoga.jpg
   Чытайце таксама:
   «100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.»


У 1942 годзе Мележ апынуўся ў Тбiлiскiм шпiталi: у баях пад Растовам яму раструшчыла плячо. Iшла гаворка пра ампутацыю. Хiрург па прозвiшчы Антонаў выратаваў руку будучага класiка.

У шпiталi Мележ напiсаў свае першыя апавяданнi – левай рукой. У вераснi 1943 года ягоны аповед «Последняя операция» быў надрукаваны ў «Бугурусланской правде». Хаця фактычны дэбют адбыўся яшчэ раней, у 1933-м. Тады юны Мележ удзельнiчаў у конкурсе часопiса «Искры Ильича» на лепшае апавяданне па малюнках «Прыгоды на мяжы» i апынуўся ў лiку пераможцаў.

Вяселле – справа прыватная

З самiм пiсьменнiкам мне не ўдалося пазнаёмiцца: мы размiнулiся ў часе, але ў 1990‑х я сустрэлася з ягонай удавою – рабiла iнтэрв’ю пра яе знакамiтага мужа. Лiдзiя Якаў­леўна баялася дыктафонаў, таму я запiсвала ўсё ад рукi… Запомнiлася яна вельмi светлай, сцiплай, адданай памяцi мужа. Ганарылася тым, што дапамагала Iвану Паўлавiчу ў творчай працы: ён чытаў ёй услых напiсанае, даваў рэдагаваць. Аднойчы яна, напрыклад, заўважыла, што герой выйшаў з пакоя не ў той адзежы, у якой быў апiсаны.

sb_melezh_2.jpg
Купалаўскi тэатр, 1966 г. «Людзi на балоце» Барыса Эрына. Ганна – Лілія Давiдовiч i Васiль – Генадзь Гарбук.

Iван Мележ нездарма давяраў густу жонкi. Лiдзiя Пятрова-Мележ вырасла ў iнтэлiгентнай сям’i. Мацi – з купецкага роду Бугуруслана Арэнбургскай вобласцi, бацька – начальнiк палiтаддзела. Цётка Ксенiя Пятрова – пiсьменнiца i паэтка. У Бугуруслан Iван Мележ прыехаў, калi пасля ранення атрымаў iнвалiднасць. Выкладаў ваенную падрыхтоўку, завочна вучыўся. Лiдзiя была дачкой яго хатняй гаспадынi.

Лiдзiя Якаўлеўна ўспа­мiнала, што яе ўразiў рамантычны выгляд кватаранта: бледны, худы, рука ў марлевай павязцы, светлыя адрослыя валасы i тры тамы «Тихого Дона» ў заплечнiку. Натхнёнасць, унутраны свет i чысцiня. Iван Мележ таксама занатаваў у сваiх дзённiках: «Лiдзiя – дзяўчына асаблiвая. Трэба да яе ўважлiва прыгледзецца».

10 красавiка 1943 года яны, не сказаўшы нiкому нi слова, пайшлi ў ЗАГС i распiсалiся.

sb_melezh_3.jpg
Купалаўскi тэатр, 2012 г. «Людзi на балоце» Аляксандра Гарцуева.
Фота: БелТА

Вяртанне на радзiму

У 1944 годзе ў Бугуруслане ў маладой пары нарадзiлася дачка Людмiла. Праз год Мележ павёз жонку на сваю радзiму. На месцы хаты ў Глiнiшчах – папялiшча. Мацi пiсьменнiка адмовiлася пераязджаць да яго ў Мiнск, i Мележ дапамагаў адбудоўваць хату, нягледзячы на хворую руку.

У 1946 годзе выйшаў яго першы зборнiк апавяданняў «У завiруху». Гэтыя творы высока цанiў Кузьма Чорны. Мiкола Аўрамчык так характарызаваў Мележа: «Сярод маiх таварышаў i аднагодкаў, якiя да самазабыцця былi адданыя лiтаратуры, нiводзiн не выявiў, як ён, такой цвёрдай настойлiвасцi ў дасягненнi мэты. Помню, як Iван пакiнуў спачатку службу ў рэдакцыi, а потым аспiрантуру i выкладчыцкую працу». Усё дзеля творчасцi.

Але грамадскiм дзеячам Мележ заставаўся заўсёды. На VII з’ездзе пiсьменнiкаў Беларусi ў маi 1976 года ён востра крытыкуе становiшча ў беларускiм тэатры: «Драматургiя наша, на мой погляд,  развiваецца аднабакова. Па сутнасцi, амаль знiкла са сцэны сацыяльная, маштабная драма, драма фiласофская, псiхалагiчная».

Сам пакрытыкаваў – сам спрычынiўся да выпраўлення сваiмi «Людзьмi на балоце».

Верталёт на школьным двары

Апошнiя гады Мележ цяжка хварэў. Акрамя ваенных ран, хварэў на ныркi ды яшчэ i сухоты. Iван Шамякiн успамiнаў: «З Мележам мы пачалi з добрага сяброўства. Асаблiва калi ў 1953 годзе пасялiлiся побач, на адной пляцоўцы, праз сцяну, я чуў, як ён кашляў, лёгкiя ў яго таксама былi хворыя».

sb_melezh_4.jpg
Iван Мележ каля школы, у якой вучыўся. Хойнiкi, 1968 г.

У апошнi год жыцця пiсьменнiка кiраўнiк рэспублiкi Пётр Машэраў зрабiў яму падарунак: прывёз на спецыяльным верталёце на ягоную малую радзiму, куды звычайным шляхам хвораму было цяжка дабрацца. Верталёт сеў проста на школьны двор Глiнiшчаў.

Дачка пiсьменнiка Людмiла ўспамiнала, як яны з мацi вычытвалi апошнюю частку «Палескай хронiкi» для часопiса, у канцы значылася: «Працяг будзе». Мележ зайшоў у пакой, яго позiрк упаў на гэтыя словы:

– Хто ведае: будзе цi не будзе…

Iван Мележ памёр, калi яму было ўсяго 55 гадоў. Як бы ён скончыў сваю «Палескую хронiку», якая задумвалася ў пяцi кнiгах, засталося гадаць. А на сцэне Купалаўскага тэатра дасюль жывуць яе героi.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.

Крыніца: газета «СБ – Беларусь сегодня»

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам