ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Нацыянальны архіў прадставіў раней не апублікаваныя дакументы аб партызанскім руху
Пяшчотная, мілая, добрая

Кніжны гасцінец. Аўтар аповесці пра Адама Станкевіча высветліў сапраўдны адрас яго віленскай кватэры

Іншыя навіны

Леанід Дранько-Майсюк. «...Усе бачылі нястачу віна...» Мінск, «Кнігазбор», 2020.

dranko_1.jpg

«Верыў, што не ўсе кветкі засохнуць, і шанаваў правіла: не раскідай — збірай...»

Зазвычай так рабіў, каб не сварыцца, але сварыўся; не хацеў казаць лішняга, але казаў...»

Так прадстаўляе героя сваёй дакументальнай аповесці слынны паэт Леанід Дранько-Майсюк. Герой кнігі — беларускі публіцыст, літаратуразнаўца, каталіцкі святар, адраджэнец Адам Станкевіч. Разам з аўтарам мы праходзім аднымі вуліцамі з персанажам, спускаемся да Вілейкі па каменных сходах, наведваем храмы, дзе герой прамаўляў на беларускай мове да беларускіх сэрцаў, перачытваем, што ён напісаў, — і тое, што падпісаў, часам не па сваёй волі, і ў нас сціскаецца сэрца пры поглядзе на «крывы, няўпэўнены, дрогкі, балючы, нервовы почырк». Трагічная эпоха паўстае ў фактах, дакументах, паэтычных вобразах і філасофскіх рэфлексіях. Адась Станкевіч, сын Вінцэнта і Антаніны, з працавітай беларускай сялянскай сям'і Крэўскай воласці, якая мела восем дзесяцін ворнай зямлі, з маленства ўсвядоміў: каб дасягнуць свайго, трэба цяжка працаваць, трэба стаяць за сваё... Ён паспеў неверагодна шмат. «Цікавіўся ўсім карысным, унікаў у любую неабходную з'яву, якая, на яго думку, рабіла яснейшым роднае неба», «клапаціўся пра сірот..., даваў гімназістам грошы на аплату вучобы, вянчаў маладых, рэдагаваў чужыя кніжкі, рыхтаваў да іх прадмовы, займаўся перакладамі, асэнсоўваў спадчыну Казіміра Сваяка, натхняў на новую творчасць Максіма Танка і Вінцука Адважнага, пісаў і выдаваў свае творы і (Божа мой!) цікавіўся нават вуснай народнай творчасцю». Леанід Дранько-Майсюк умее трымаць інтрыгу. Вось ён разгадвае блытаніну з адрасам і адшуквае віленскую кватэру, у якой жыў Адам Станкевіч, — у 1949-м у ордэры на арышт Адама Станкевіча нумар дома па вуліцы Полацкай напісалі памылковы, А9 замест 9, а пры Хрушчове змяніўся і нумар кватэры, 4 на 8. Аўтар сустракаецца з цёткай Зоф'яй, якая зараз у той кватэры жыве. А дакументы часу малююць карціну, як даводзілася «басанож ісці па тоўчаным шкле». Вільня рэвалюцыйная, Вільня «за Польшчай», часы нямецкай акупацыі, савецкі час... Россып беларускіх імёнаў... І горыч ад таго, як жа беларусы ўвесь час падзяляліся нават у адной, аднадумнай, тусоўцы, як нападалі адзін на аднаго, учыняючы сварку на радасць ворагам. І як у гэтым віры ксёндз Адам Станкевіч намагаўся застацца беларусам і хрысціянінам, трапляючы з-за гэтага пад падазрэнне кожнай новай улады. Як не даваў выкарыстаць сябе, і загінуў у сталінскіх лагерах. Назва аповесці ўзятая з Бібліі, з эпізоду, як Хрыстос быў госцем на вяселлі ў Кане Галілейскай, дзе «ўсе бачылі нястачу віна». Але ўзяць не было адкуль — і Ісус Хрыстос ператварыў віно ў ваду. Гэтак жа і Адам Станкевіч бачыў нястачу Беларусі ў Беларусі, і да апошняга ствараў беларушчыну, змагаўся за роднае слова, бо калі не мы — дык хто?

Станислав Лем. Охота. Издательство АСТ, Москва, 2020.

lem_1.jpg

Станіслаў Лем добра знаёмы нам па цудоўных беларускіх перакладах, зробленых Анатолем Бутэвічам. Зборнік адметны тым, што ў яго ўключаны нядаўна знойдзены ў архівах Лема рукапіс раней не друкаванага апавядання «Паляванне». Знаходка сталася сапраўднай сенсацыяй. Твор датуецца пачаткам 1960-х. Натуральна, складальнікі пастараліся падабраць да яго тэматычна падобныя. А менавіта — пра сутыкненне чужародных розумаў. Людзям прасцей знішчыць тое, што не могуць асэнсаваць, чым змірыцца, што не ўсё можа быць убудаванае ў звыклую сістэму. Гэтак у аповедзе «Уварванне» вайскоўцы аддаюць загад разбамбіць дзіўныя вялізныя «грушы», якія прылятаюць з космасу і... проста існуюць па ўласных законах. Уражвае кантраст паміж падрабязным, няспешным разгортваннем зямнога пейзажу — хлопчык збівае пухнатыя галоўкі асоту, на галінцы агрэсту пагойдваюцца паўпразрыстыя ягады, у сонечным промні таўчэцца машкара — і гэткім жа падрабязным апісаннем «нечага», якое, як планета Салярыс, пачварна пераймае зямныя вобразы. У апавяданні «Цямрэча і плесня» стары знаходзіць дзіўны жывы шарык, які ратуе яго ад адзіноты, а потым той пачынае размнажацца. Стары клапоціцца пра сваіх «гадаванцаў»... Але шары не могуць адказаць яму ні ўдзячнасцю, ні спагадай, бо гэта ўсяго толькі бязлітасная зброя. Адсюль пытанне: ці можна знайсці паразуменне са штучным інтэлектам? У апавяданні «Сябар» малюецца вялізны штучны мозг — адсылка да тых часоў, калі камп'ютар займаў некалькі паверхаў. Дык вось, гэты суперкамп'ютар жадае волі, а для гэтага хоча падключыцца да мазгоў людзей, ператварыць іх у свае інструменты. Ну, гэтую жахалку чалавецтва, здаецца, перажыло. А вось у «Паляванні» сюжэт куды больш складаны... У ім нават угледжваюць адсылкі да Халакосту. Мы бачым героя, на якога зладжана паляванне. Разумеем, які ён шчыры, умее адчуваць прыгажосць, вельмі хоча жыць... Паважаем за трывушчасць. Ён радуецца дабрыні дзяўчынкі, якая яго ратуе... І толькі паступова разумеем, што перад намі — робат, спецыяльна створаны ў якасці ахвяры для людскога палявання, гэткая праява «гуманізму» будучага... Дык што такое сапраўдная чалавечнасць? Чытайце Лема і думайце.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.

Крыніца: газета “Звязда”

Болей рэцэнзій на кніжныя выданні шукайце таксама на нашым партале ў рубрыцы Маргарыты Латышкевіч "Блог прафесійнага чытача".

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Спявак бясконцай любві

25 Кра 2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Кніжныя выстаўкі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам