ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Індустрыя 4.0: лічбавая трансфармацыя
“З Новым годам, дружа чытач! З новым шчасцем!”: Раство і Новы год на старонках газет 1917–1922 гг.

Кулігі, фанты, снежныя балваны. Як бавілі ўзімку час літаратурныя героі

Кулігі, фанты, снежныя балваны. Як бавілі ўзімку час літаратурныя героі
Іншыя навіны

Спаконвек людзі прыдумвалі, як заняць сябе доўгімі зімовымі вечарамі. Мабыць, нездарма на гэты час прыпадалі самыя вясёлыя святы, а ў вёсках наставала пара вяселляў – каб на санях, ды са званочкамі-шаргунцамі на конях...

Зразумела, у герояў беларускай літаратуры таксама хапала чым сябе заняць – згодна з фантазіяй аўтараў. Нешта вартае пераймання, нешта – смеху ці суму.

Давайце ж паглядзім на іх зімовае баўленне часу.

1. Аб'есці шляхетнага суседа падчас карнавалу

Вялікі знаўца старажытных беларускіх святочных традыцый – Адам Мальдзіс, абавязкова прачытайце ягоную кнігу «Як жылі нашы продкі ў XVІІІ стагоддзі», напісаную на матэрыяле мемуараў і хронік тае эпохі. Мальдзіс распавядае пра культ госця, які панаваў у нашых продкаў. Праўда, некаторыя падарожнікі злоўжывалі звычаямі, і гэта пра іх склалі прымаўкі накшталт «Госць і рыба на трэці дзень смярдзяць».

«Асабліва нахабна паводзілі сябе госці ў час «карнавалу» – ад Каляд да Вялікага посту. Перад запустамі (Масленіцай) шляхта наладжвала так званыя кулігі. Іх удзельнікі рабілі вялікія спусташэнні, якія апісаны ў мемуарах Кітовіча. «Ніжэйшай заможнасці шляхта праводзіла кулігі. Яны выглядалі прыкладна так: два або тры суседы дамаўляліся паміж сабой, бралі з сабой жонак, дачок, сыноў, слуг – усіх дарослых, што былі ў доме, пакідалі ў ім толькі малых дзяцей пад наглядам якіх двух чалавек, мужчыны і жанчыны. Самі ж, напакаваўшыся ў санкі, калі ж саннай дарогі не было – у каляскі, карэты, вазочкі, а таксама на ездавых коней, як хто мог, кіраваліся да бліжэйшага суседа, які ані прасіў іх, ані папярэджваўся (бо мог скрыцца ці з'ехаць з хаты). Там, застаўшы яго знячэўку, загадвалі даваць ім есці, піць, коням і людзям, без ніякай цырымоніі – як салдаты ў час збору падаткаў. Да таго часу ў яго дэбашырылі, пакуль не апаражнілі ў яго склеп, камору, свіран. Калі ж ужо выелі і выпілі ўсё, што было, бралі таго небараку з сабой з цэлай яго сям'ёй і цягнуліся да іншага суседа, якому рабілі такое ж спусташэнне, затым ехалі далей, пакуль не даходзіла чарга да тых, хто пачаў куліг».

2. Зляпіць снежнага балвана і паваражыць

Карыстаўся даследаваннямі Адама Мальдзіса і ягоны сябар Уладзімір Караткевіч. Вось ужо хто ўмеў маляўніча апісваць старадаўнія святы! У рамане «Каласы пад сярпом тваім» маладыя шляхцюкі і на санях катаюцца, і ў простанародную «Жаніцьбу Цярэшкі « гуляюць, і феерверкі ладзяць... Займаюцца таксама вось чым:

«Насупраць ганка стаяў вылеплены Мсціславам снегавы балван. Ён быў вышэйшы за чалавека, і ў яго была самая смешная з усіх балваноў на зямлі пыхатая пыса.

Мсціслаў вылепіў балвану і грудзі, але прыйшоў гер Фельдбаўх, няўхвальна паглядзеў на гэтую вольнасць, паківаў галавою і ўласнаручна адрэдагаваў балвана.

Снег. Яліны. Снежны балван. Агеньчыкі ў вокнах. Гэта нагадвала б калядную карцінку, каб не існавала ў натуры».

На Каляды, вядома, і варажылі... Юная Майка Раўбіч, якую палохае пачуццё да Алеся Загорскага, хоча ведаць, што яе чакае.

«Ліўся, застываў у вадзе перакручаны, перавіты воск. Нібы ў місе ўставалі гарады і дзівосныя звяры.

А ў люстэрку, між двух агнёў, яна бачыла бясконца паўтораныя, нібы ў доўгім, загнутым налева калідоры, сваё бледнае аблічча і ўзбуджаныя трывожныя вочы.

– Толькі ён такі, той, аб кім думаеш, – шаптала Тэкля. – Толькі з ім. Не адмаўляйся, усё адно не атрымаецца. А век до-оўгі...»

3. Рабіць цацкі з бульбін і спяваць

Сяргей Грахоўскі ў аўтабіяграфічным творы «Зімовыя сны» ўспамінае дзяцінства, калі яны з маці жылі па чужых кутах, а маці шаравала падлогі ў панскіх пакоях, мыла і прасавала бялізну.

«Зімою па разутасці я сядзеў дома і гартаў той адзіны часопіс, з бульбін і трэсачак рабіў «пільшчыкаў», рагатых кароў і расстаўляў на лаве цэлыя чароды. З бульбін зрабіў і пастуха, праўда, на чатырох нагах, бо на двух не стаяў».

Былі і іншыя радасці: «Седзячы на маленькім зэдліку, мама абірала картоплю, а я на падлозе расстаўляў бязрукіх і аднаногіх аблезлых і пагнутых алавяных салдацікаў. Мама паціху спявала: «Степь да степь кругом, путь далёк лежит...», і я далучаўся тоненькім галаском: «А в степи глухой паміраў ямшчык». Хто такі ямшчык, я не ведаў і не пытаўся ў мамы, – быў упэўнены, што чалавек, які капае ямы».

4. Праехацца на санях

Як не праехацца ўзімку на санях? Самы, бадай, бадзёры верш пра гэта напісаў Максім Багдановіч... Хоць быў ён хворы на сухоты, і наўрад паездка ў холад магла быць яму на карысць. Але няма сумнення, што зведаў такое задавальненне... Ён жа нават калі прыехаў у Мінск у 1916-м і кашляў ужо крывёй, настаяў, каб з'ездзіць у самыя халады з прадстаўнікамі Камітэта дапамогі бежанцам у Гародню, забраць дзяцей з беларускага прытулку. Тады Уладзіслаў Галубок выручыў, прынёс паэту, які меў толькі паношанае паліто, агромністы кажух...

Зімой

Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег.

Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.

Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
І рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.

Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.

5. Пагуляць у фанты і адправіцца на паляванне

Вялікі знаўца народных зімовых забаў – Якуб Колас. У паэме «Новая зямля» ён сакавіта апісаў сваё дзяцінства ў лесніковай сядзібе. Чытачы на памяць вучаць, як герой Костусь коўзаецца на лёдзе ракі, а бацька сямейства Міхал ідзе на паляванне... А вось у рамане «На ростанях» зіма іншая... Малады настаўнік Лабановіч, а менавіта выраслы Костусь, пачынае кар'еру вясковага настаўніка... На жаль, сярод правінцыйнай інтэлігенцыі няма аднадумцаў, пануе мяшчанства і абыякавасць да беларускай культуры. Лабановіча змушаюць завітаць у госці да пісара, дзе бавяць час тутэйшыя «падпанкі».

«Пісарава гасціная ярка асвятлялася дзвюма лямпамі. Пераступіўшы парог і акінуўшы поглядам гасцей, Лабановіч прыпыніўся ў нейкім замяшанні: да каго наўперад падысці і з кім павітацца, проста не ведаў хлопец, куды дзецца – так многа было тут гасцей. Трэба б было пачаць з гаспадара, але гаспадар сядзеў за столікам, трымаў цэлую жменю карт і пільна ў іх углядаўся. Насупраць блішчаў урадніцкі каўнер. Збоку сядзеў фельчар Гарошка.

Ён падганяў пісара:

– Хадзі, хадзі, кум! Пад туза! Пад туза яму!»

Але карты і заляцанне да мясцовай прыгажуні Людмілы – не ўсе забавы...

«Вечар скончыўся гульнямі. Селі гуляць у «фанты». Было дамоўлена, што той, хто праштрафіцца, павінен па свайму выбару пацалаваць каго-небудзь з прысутных. Калі праштрафіцца хлопец, ён павінен выбраць дзяўчыну, і наадварот. Самым цікавым у гульні і быў гэты момант. Аматараў праштрафіцца знайшлося нямала. Праштрафілася і дваранка. З хітраватаю ўсмешкаю выйшла яна ў круг. Крадучыся, як кошка, яна абвяла поглядам хлопцаў і падышла да Лабановіча. Бедны настаўнік збянтэжыўся, чым і выклікаў дружны смех і воплескі».

І які ж хлопец шчаслівы, калі нарэшце выбіраецца з гэтага «духоўнага» асяродку...

6. Папрасці, паспяваць і не ўкрасці елачку

Кандрат Крапіва пісаў не толькі байкі. У ягоным ранні апавяданні «Снег ідзе» малады камсамолец Якуб сутыкаецца з цяжкай дылемай: бацька намаўляе ісці ў лес і забраць сухую елку. А гэта ж крадзеж у народа! І бацькі-працаўніка шкада, і сумленне камсамольскае вярэдзіць... Таму Якуб ідзе на вячоркі, дзе дзяўчаты па традыцыі бавяць час за прадзеннем.

«А ў Змітравых зырка гарыць на камінку смаліна і пужае час ад часу дзяўчат, страляючы ім на прыпол. «Гасцінец будзе», – цешаць яны адна другую...

Самі скачуць на панажах правыя ногі дзяўчат, зліваюцца ў адзін круг спіцы, жвава смычуць мокрыя пальцы сівую льняную бараду. Вілачак зусім не відаць: яны ў шалёным захапленні круцяцца наўкол свайго шпяня, ледзь спраўляючыся накручваць на шпулю мокрую нітку.

Даўно пераказалі дзяўчаты ўсе вясковыя навіны, перапелі шмат песень і цяпер трохі прыціхлі. Адна з іх, што бліжэй да камінка на зэдліку, раз-пораз паглядае цераз плячо на дзверы. Яе сіняя крамная сукенка і русыя, чуць кучаравыя валасы ёй надта да твару. Левая шчака нагрэлася ад камінка – румяная і пульхная. Гэта той магнэс, які цягнуў Якуба да Змітравых».

Пасля спаткання з каханай Якуба чакае яшчэ адна прыемнасць: яму ўдаецца адгаварыць бацьку ад таго, каб красці елку!

7. Накарміць калядоўшчыкаў рэпай

У цудоўнай казачнай аповесці Пятра Васючэнкі пра прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага, стылізаванай пад старажытныя беларускія мемуары і хронікі, галоўныя героі, лянотныя паны, сустракаюць зімовыя святы сумнавата... Бо няма ў іх нічога да стала, акрамя рэпы.

«У калядную ноч запальваюцца ў небе зоркі, бы тысячы сярэбраных свечак. Паны пакрываюць стол накрухмаленым ільняным абрусам, кладуць пад яго, як і мае быць, сена – каб наступны год пражыць у шчасці ды дастатку. Ставяць на стол сем посных страваў: рэпу печаную, рэпу смажаную, рэпу пражаную, салату з рэпы, рэпныя грыбы, рэпныя гарэхі; а ў галаве стала, у гліняным гаршку, нібы каралева якая, стаіць куцця з рэпы.

Пан Заблоцкі расчыняе вакно, стукае ў падваконне драўлянаю лыжкаю і кажа, як належыць па звычаю:

– Мароз, мароз, ідзі куццю есці!

– Зараз іду! – адгукаецца з цемры хтось».

Адказвае не хто-небудзь, а калядоўшчыкі. А чым іх сустракаць?

– Ты што, пане, блёкату аб'еўся? – надта ветліва і далікатна адказвае пан Заблоцкі. – Не адкрыць калядоўнікам?! То ж смяротны грэх! Няхай рэпу апошнюю забіраюць, але я ім адчыню.

І ён кідаецца да дзвярэй ды расчыняе іх наўсцеж. Імгненна ў хаціну ўвальваюцца калядоўнікі – разам з марознаю параю, ды снегам, адсталым ад валёнак, вясёлым скавытаннем ды кугіканнем. У панскай хаце робіцца цесна ад зыкаў ды спеваў.

Але не трэба аддаваць апошнюю рэпу: паноў чакае сапраўдны калядны цуд: гэта прыйшлі да іх сябры і прынеслі пачастункі. У адным кашы – кілбасы, булкі, цукеркі, марцыпаны, біклажкі з віном... «Вось другі кош, поўны фінікаў, хвігаў, мігдалаў ды іншых заморскіх пладоў, што ў Палястыне растуць. Вось куфар, на куфры надпіс: «Дзякуй за добрыя адносіны да жывёлаў». Адчыняюць, а ў ім – свінка, з лычыкам і крыльцамі, з чыстае чакаляды, ды важкая такая!

Вось торбачка, у ёй нешта прыемна так, меладычна дзвэнгае. Развязалі торбачку – а з яе глядзяць на паноў масляна-жоўтымі вочкамі залатыя дукаты, дукаты, дукаты... Вось дзежачка з мёдам, ладненькая такая... Вось мех з аўсом. Вось бочачка з селядцамі.

Ад такое раскошы паны проста розум губляюць. Пан Кубліцкі кажа: «Мама», пан Заблоцкі кажа: «Бабуля». І абодва пакаціліся на падлогу, як два снапы.

Ужо на іх пырскалі, хукалі, кілбасу пад нос падносілі. Нарэшце паны ачомаліся.

...Ну ж і Каляды ўдаліся ў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага! Частаваліся хто чым хацеў: хто – кілбасамі, хто – аўсом, хто – марцыпанамі, хто цукеркамі. Мядзведзю асабліва рэпа спадабалася. Ён проста роў ад задавальнення, хоць вушы затыкай:

– Ды я за ўсё сваё мядзведжае жыццё такой рэпы не каштаваў! Салодкая, як мёд!»

Няхай жа і для вас, дарагія сябры, зімовыя святы пройдуць як найлепей – і ў кампаніі добрай беларускай літаратуры!

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам