ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Семінар па формах культурна-адукацыйнай дзейнасці
Гісторыя і традыцыі беларускай навукі

"Кую-кую ножку, паеду ў дарожку...", або Як дзецям палюбіць кнігу?

"Кую-кую ножку, паеду ў дарожку...", або Як дзецям палюбіць кнігу?
Іншыя навіны

Нядаўна ў рэдакцыі газеты “Звязда” прайшоў круглы стол “Мастацкае слова – падмурак выхавання дзяцей”, удзельнікі якога цесна звязаны з дзіцячай кнігай, дзіцячым чытаннем.


Калі завітваю пасля працы да сваёй хрэсніцы, не нарадуюся. Ні Юстынка, ні яе старэйшы брацік Янка спаць не пойдуць, пакуль ім не пачытаеш. Кніжку яны самі штовечар выбіраюць са сваёй дзіцячай бібліятэчкі. У апошняй, дарэчы, вельмі шмат беларускамоўных казак.

Хочацца, каб як мага болей было такіх сем’яў, якія штодзень чытаюць з дзеткамі. Але рэальнасць пакуль іншая. За маленькага чытача трэба літаральна змагацца, бо ў нашым грамадстве апошнім часам, на жаль, пануе культура спажывання ды камп’ютарных гульняў, а не чытання.

Менавіта гэтая праблема была ў цэнтры ўвагі падчас “круглага стала” “Мастацкае слова – падмурак выхавання дзяцей”.

Надзвычай сімвалічна, што на пачатку Года культуры ў сценах нашай рэдакцыі сабраліся людзі, заклапочаныя станам дзіцячай перыёдыкі і літаратуры, якія лічаць, што з сыходам культуры чытання (а яе трэба прывіваць з калыскі!), можа сысці і сама культура.

Сярод іх: галоўны рэдактар дзіцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся”, пісьменнік Уладзімір Ліпскі; намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Бярозка”, аўтар кніг для дзяцей Генадзь Аўласенка; галоўны рэдактар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Іван Крук; метадыст аддзела метадычнага забеспячэння пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Буторына; дырэктар дзіцячай бібліятэкі імя Васіля Віткі Тамара Патук; старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнік Міхась Пазнякоў і пісьменніца Раіса Баравікова.

Р. Баравікова: Дзіцячая літаратура ва ўсе часы мела велізарнае значэнне, бо выхоўвае асобу. У маім дзяцінстве чытанне было нормай, як зубы пачысціць. Сёння, на жаль, на змену кнігам прыйшлі камп’ютарныя гульні, шоу. Таму перад намі стаіць няпростая задача – прывучыць (а не прымусіць!) дзяцей чытаць штодзень.

У. Ліпскі: Сапраўды, галоўная задача дзіцячай літаратуры – выхоўваць. І часопіс можа дапамагчы кнізе ў гэтай важнай справе. Толькі за мінулы год у “Бусі” мы надрукавалі творы 35 беларускіх пісьменнікаў, у “Вясёлцы” – удвая больш. Даём магчымасць праявіць сябе на старонках часопісаў і юным творцам. Я ўжо сем гадоў уручаю прэмію Васіля Віткі таленавітым дзецям. І мару пра выданне двухтомніка: “Хрэстаматыя «Бусі» для дашкольнікаў” і “Хрэстаматыя «Вясёлкі» для малодшых школьнікаў”.

І. Буторына: Калі я працавала настаўніцай, мы разам з вучнямі ўдзельнічалі ў праекце часопіса “Вясёлка” “Міс Вясёлка”. Ён закрануў шмат школ, праводзіўся ў два этапы. Канкурсанткі павінны былі знайсці пэўны твор з “Вясёлкі”, вывучыць і выразна прачытаць яго на памяць. Члены журы задавалі пытанні: “Хто аўтар гэтага твора? Што ты ведаеш з яго жыцця? Чаму асабіста цябе навучыў гэты твор?” і інш. Падключылася сям’я кожнай дзяўчынкі-ўдзельніцы, настаўнікі, аднакласнікі. Дзеці настолькі глыбока акунуліся ў літаратуру, прачыталі шмат новых твораў, паглыбілі веды пра беларускіх пісьменнікаў. Часопіс “Вясёлка” – ініцыятар шматлікіх цікавых рэспубліканскіх праектаў, якія можна з поспехам выкарыстоўваць, каб рэалізаваць дзіцячую дапытлівасць, актыўнасць. Дзеці ж ахвотна вучацца, калі ім цікава.

У. Ліпскі: Ірына Буторына, дарэчы, па матэрыялах “Вясёлкі” распрацавала 50 ўрокаў і напісала ўнікальную кнігу “Урокі «Вясёлкі» ”. Спадзяёмся, што сёлета яна выйдзе ў друк.

Т. Патук: Якімі б добрымі ні былі кнігі ды часопісы, калі не рэкламаваць, мала шанцаў, што нехта пра іх даведаецца. Не першы год выходжу з ініцыятывай да цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска: давайце сумесна з Міністэрствам культуры, Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам адукацыі зробім праграму, якая б прываблівала дзяцей у бібліятэкі. Лічу, што кожнага школьніка хаця б адзін раз трэба прывесці да нас на эскурсію, каб ён убачыў кнігі, у тым ліку і беларускіх аўтараў.

Н. Дрыла: Мае знаёмыя маладыя бацькі скардзяцца, што не хапае беларускіх кніг для самых маленькіх, па якіх можна вучыцца чытаць па складах...

У. Ліпскі: Хачу іх парадаваць. У выдавецтве “Мастацкая літаратура” пачалі такую серыю. Не так даўно выйшла кніга “Бусева школка” ў выдавецтве “Харвест”, якую мы напісалі ў суаўтарстве з Раісай Баравіковай. Яна дапаможа тым, хто збіраецца ў школу, пазнаёміцца з чароўнымі літарамі беларускага алфавіта ды з загадкавымі лічбамі. Больш за тое, з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” мы задумалі выдаць бібліятэку “Вясёлкі” – 100 кніг. Усё самае лепшае, што было ў часопісе за 60 гадоў (у наступным годзе будзе юбілей). 10 кніг ужо выйшла.

“Культура перадаецца з малаком маці”
Н. Дрыла: Нядаўна ў “Фэйсбуку” прачытала перапіску сваіх былых аднакурсніц. Каця: “Хацела падарыць пляменніку кнігу, але вырашыла пакінуць сабе. Яна чароўная. Хутка ўсе грошы спушчу на дзіцячыя кнігі”. Аляксандра: “О, гэта мне знаёма! Толькі нядаўна супакоіліся крыху, таму што ставіць няма куды. Столькі файнага выходзіць. Добра, што адгаворка ў мяне ёсць – дзеці вельмі кніжкі любяць і заўсёды рады новай”. Каця: “А ў мяне дзяцей пакуль няма, таму «загулы» з кніжкамі няма на каго спіхнуць. Проста стараюся не паказваць свайму маладому чалавеку новую пакупку”. Паболей бы такіх матуляў-чытачак (у тым ліку і будучых)...

І. Крук: 20 гадоў таму ў Верхнядзвінскім раёне я сядзеў і даймаў 84-гадовую бабульку: культура перадаецца з малаком маці, культура перадаецца з малаком маці... Раптам яна мяне перапыніла: “Яначка, даражэнькі, паслухай мяне, калі я замуж выходзіла, то як пра велізарную бяду казалі пра маці, якая да года не дакарміла дзіця сваім малаком. А цяпер пакажы ты мне такую жанчыну, якая сваім малаком дакарміла дзіця да года”. Таму трэба ісці не толькі да дзяцей, але і да іх бацькоў. Расказваць ім пра дзіцячыя кнігі, рэкламаваць іх.

М. Пазнякоў: Добра было б, каб з’явілася адмысловая тэлеперадача для бацькоў і іх дзяцей, дзе ў гульнявой форме распавядалася б пра кніжныя навінкі.

Р. Баравікова: Прычым абавязкова на першым канале. А назваць можна “Чытанка”...

У. Ліпскі: Ёсць ідэя пры тэатры юнага гледача стварыць клуб дзіцячых пісьменнікаў, дзе праводзіць літаратурныя вечары, у тым ліку з элементамі спектакля. Таксама цудоўна было б правесці рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю на тэму “Роля літаратуры для дзяцей у выхаванні дашкольнікаў і малодшых школьнікаў”. А па яе выніках выдаць зборнік.

Г. Аўласенка: Вельмі балючае пытанне для бацькоў – кошт кніг. У маім дзяцінстве былі тоненькія дзіцячыя кніжачкі. Яны каштавалі па 5 капеек. Мы іх не бераглі (можа, гэта дрэнна), але ж мы іх чыталі. У прамым сэнсе зачытвалі да дзірак. Сёння бацька наўрад ці набудзе за сто з нечым тысяч беларускую кніжку. Тым больш калі побач ляжыць расійская за 40-50 тысяч.

І. Крук: Цудоўна было б, каб на дзіцячую літаратуру НДС знялі. Ва ўсім свеце для нацыянальнай дзіцячай кніжкі ёсць ільготы.

Р. Баравікова: Паглядзіце, як настойліва шведы нясуць сваю культуру ў іншыя краіны. Я часта бываю ў мінскай бібліятэцы імя Астроўскага, там цэлы паверх адвялі для дзетак. Усталявалі домікі, Карлсана, які жыве на даху, ды іншых герояў шведскіх казак. Беларускія нашы дзеткі прыходзяць туды, гуляюць. У нас жа такое багацце ў літаратуры, такія насычаныя гісторыя, фальклор, народныя традыцыі. Чаму мы саромеемся, хаваем усё гэта?

М. Пазнякоў: Сапраўды, трэба падымаць прэстыж беларускай дзіцячай літаратуры. Гэтаму магло б паслужыць і з’яўленне дзяржаўнай прэміі за найлепшую кнігу для дзяцей.

І. Крук: Варта заахвочваць не толькі дзіцячых пісьменнікаў, але і выдавецтвы, якія актыўна выдаюць дзіцячую літаратуру, узорныя сям’і, найлепшых настаўнікаў, загадчыкаў бібліятэк – усіх тых, хто аддае свой талент і вопыт выхаванню дзетак.

“Сям’я павінна быць клетачкай, падмуркам, з чаго ўсё пачынаецца”

М. Пазнякоў: У 70-80-я гады беларускамоўныя выданні для дзяцей выходзілі вялікімі тыражамі. Сёння такія ж кніжкі, яшчэ і больш таленавітыя, цікавейшыя, лепш аформленыя, выходзяць максімум па 2-3 тысячы... Проста намнога звузілася чытацкае кола.

Н. Дрыла: Нядаўна я была на прэзентацыі новай кнігі, выдадзенай у перакладзе на беларускую мову, шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Там было вельмі шмат маці з дзеткамі. Для іх паводле сюжэту кнігі паказалі лялечны спектакль. Кнігу прадавалі амаль па 200 тысяч, тым не менш яе куплялі. Мне здаецца, мы павінны не толькі больш актыўна прыцягваць увагу да сваёй беларускамоўнай дзіцячай літаратуры і перыёдыкі, але і рабіць гэта больш крэатыўна.

Р. Баравікова: Апошнія гады тры назіраю, як на кніжных выставах, што на Янкі Купалы, раптам пачалі бегаць маладыя таты і мамы ў пошуках беларускамоўнай чытанкі для сваіх маленькіх дзетак. І гэта мяне радуе. Менавіта ад гэтых дзетак у многім залежыць будучыня нашай роднай мовы. Памятаю, мы з маёй Ленай (ёй тады гады тры было), глядзелі спектакль. Адным з галоўных герояў быў дзед-беларус, як у нас любяць паказваць, у лапцях, паласатых штанах – латка на латцы. Жонка на яго з віламі кідаецца, пан яго б’е, крыўдзіць, і нават чорт штурхае ды падманвае. Па дарозе дадому пытаюся ў дачкі: “Ну як, Леначка, спадабаўся табе спектакль?” – “Мама, а баба Ніна дзеда Андрэя таксама б’е віламі?” – пачула я ў адказ.
Варта паказваць, што беларус – самы разумны, самы кемлівы, самы добры і самы мудры. Калі нашы дзеткі будуць бачыць у казках такога беларуса, яны і беларускую мову палюбяць.

Т. Патук: У нашай бібліятэцы беларускамоўная літаратура займае 10 %. І мы актыўна займаемся яе папулярызацыяй. Праводзім на беларускай мове дні сямейнага адпачынку, ладзім прэзентацыю кожнага нумара “Вясёлкі” і “Бусі” для ўсіх школ і садкоў рэгіёна абслугоўвання. Мы можам купіць любую беларускамоўную кнігу, але праблема ў тым, што дзеці не разумеюць мовы. Таму на самым вышэйшым узроўні павінна быць прынята рашэнне, каб ва ўсіх дзіцячых садках і школах на роўных гучалі дзве дзяржаўныя мовы.

І. Буторына: Настаўнік павінен не толькі любіць мову, але і зрабіць так, каб яна стала трапяткой, блізкай для дзіцяці. Пачынаць гэтую працу трэба ў педуніверсітэце. Калі я чытаю методыку выкладання беларускай мовы і літаратуры, стараюся на практычных занятках прывесці студэнтаў у бібліятэку, каб яны ўбачылі рэальныя кнігі, з якімі могуць працаваць на ўроках пазакласнага чытання. Заўсёды былі настаўнікі, апантаныя сваёй працай. Хацелася б, каб іх лепшы вопыт папулярызаваўся, перадаваўся студэнтам.

І. Крук: Неяк адна з мінскіх школ запрасіла мяне правесці сустрэчу з вучнямі 7-га класа. “Давайце сёння пагаворым пра традыцыі беларускага вяселля”, – прапанаваў ім. Бачу – у вачах пытанне. Хлопчык устае: “А што такое вяселле?” ...Так, пад ляжачы камень вада не цячэ, таму дзякуй за тое, што вы (звяртаецца да Тамары Патук. – Аўт.) робіце – ставіце помнік беларускаму слову. Але гэтага мала. І не з дзіцячых садкоў і школ трэба пачынаць. Сям’я павінна быць першаснай клетачкай, падмуркам, з чаго ўсё пачынаецца.

Т. Патук: Я з вамі згодна. Але добра, калі 50 % бацькоў, якія наведваюць нашу бібліятэку, наогул чытаюць са сваімі дзеткамі (я ўжо не кажу па-беларуску)...

Н. Дрыла: На бацькоўскім форуме адна маладая маці піша: “Як вы лічыце, ці варта чытаць дзіцяці пра Карлсана? Ён няправільна сябе паводзіць, я баюся, што ён навучыць дрэннаму маё дзіця”. Як вы лічыце, ці апраўданы бацькоўскі страх? І якімі, на ваш погляд, павінны быць героі дзіцячых казак?

Г. Аўласенка: Самае цікавае, што бацькоў не турбуе, што дзіця ў камп’ютарныя гульні гуляе, серыялы глядзіць! Ужо Карлсан вінаваты...

У. Ліпскі: Дарэмныя гэтыя хваляванні. Дзеці больш кемлівыя, чым нам, дарослым, здаецца, яны разбяруцца, што да чаго.

І. Буторына: Маленькім трэба чытаць уголас. Безумоўна, само дзіцятка здолее толькі выхапіць імёны герояў, з чаго пачалося дзеянне, чым скончылася. А што падштурхнула таго ж самага Карлсана зрабіць той ці іншы ўчынак? Чаму менавіта так разгортваліся падзеі? Вось гэтыя прычынна-выніковыя сувязі павінны тлумачыць бацькі і настаўнікі. Калі мы гаворым, які ўплыў кожная кніга можа пакінуць у свядомасці дзіцяці, шмат што залежыць ад таго, як дарослыя правялі гэтае абмеркаванне.

Р. Баравікова: У нашым жыцці з’яўляецца вельмі многа жорсткасці. Я плакала, калі даведалася, што маладая маці выкінула дзіця з акна, а параўнальна маладыя бацькі пакінулі паміраць немаўлятка ў кватэры... Казкі павінны сеяць добрае і вечнае, быць прывіўкай супраць такіх жахаў.

Г. Аўласенка: Існуе думка: калі дзеці будуць чытаць толькі добрыя светлыя казкі, дзе вельмі правільныя, “прычасаныя”, ідэальныя героі, ім будзе яшчэ цяжэй сутыкацца з рэальным, часам даволі жорсткім жыццём. Маўляў, малых з дзяцінства трэба прывучаць, што свет можа быць жорсткім, не варта давяраць усім.

І. Крук: Давайце будзем закладваць светлае, мёд, а дзёгаць яны самі знойдуць.

Н. Дрыла: А што вы ў свой час чыталі сваім дзецям, а цяпер – унукам? Узгадайце кнігу, якая стала вызначальнай у вашым жыцці? Магчыма, ваш досвед стане штуршком для маладых бацькоў, якія будуць чытаць гэты артыкул.

У. Ліпскі: У маёй першай вясковай настаўніцы была багатая бібліятэка. Яна давала нам кнігі дадому чытаць. Мне чамусьці запомніліся “Васількі” Эдзі Агняцвет. Прайшлі гады, мы пазнаёміліся з ёй, яна мяне рэкамендавала ў Саюз пісьменнікаў. Як бачыце, у жыцці нічога выпадковага не бывае. Я перакананы, што дзіця, якое чытае, больш паспяховае ў жыцці. Таму запрашаю бацькоў далучацца да акцыі “Сямейнае чытанне”, якую ладзіць Міністэрства інфармацыі сумесна з Выдавецкім домам “Звязда”. І ў прыватнасці да сямейнага чытання разам з “Вясёлкай”: мы плануем за гэты год надрукаваць творы 12 беларускіх аўтараў, якія будуць суправаджацца ілюстрацыямі ды заданнямі з прызамі.

І. Крук: Майму старэйшаму ўнуку 4 гады. Да трох гадоў я яго выхоўваў выключна на дзіцячым фальклоры. Рабіў масаж і прагаворваў уголас лічылкі, загадкі, скорагаворкі.

М. Пазнякоў: Згодны, трэба пачынаць прывіваць цікавасць да чытання з фальклору, з народных казак, легендаў, паданняў. Гэта аснова як усёй літаратуры, так і выхавання душы чалавека. Тата мой вельмі многа казак ведаў: “Бацькаў дар”, “Сіўка-Бурка”...

У. Ліпскі: Як я табе, Міхась, зайздрошчу, што твой бацька быў адукаваны, ведаў казкі. Мае бацькі непісьменныя, умелі толькі распісацца. Але якія мудрыя педагогі, святыя людзі! Ніколі не забудуся, як мама разбудзіла мяне ранкам са словамі: “Сынок, пайшлі, я табе штосьці пакажу”. Яна павяла мяне па расе на сенажаць, каб паказаць, як узыходзіць сонца. Вось педагогіка нашых бацькоў была. Маладым бы павучыцца! А то яны цяпер толькі ў цырк водзяць. І гэта, вядома, важна, але куды важней паказаць прыроду: як кветачка цвіце, як пчолы мёд збіраюць. “Мускулы” душы трэба загартоўваць.

Р. Баравікова: Бацькоў можна ўпікнуць, што яны адварочваюць дзіця ад кніжкі, часопіса і накіроўваюць на нейкае дзіцячае шоу. Колькі перадач, дзе дзяўчаткі маленькія, ім па 5-6 гадоў, а яны ўсе пры касметыцы...

Т. Патук: Мая першая і любімая кніжка на беларускай мове – “Піліпка-сынок”. А яшчэ, Уладзімір Сцяпанавіч, вам маці паказала, як узыходзіць сонца, а мяне вадзіла любавацца на жытнёвае поле. “Паглядзі, казала, дачушка, – мора”. Вось яна, любоў да роднага.

І. Буторына: Калі я была маленькай, мая бабуля са мной шмат гуляла, выкарыстоўвала фальклорныя забаўлянкі: і “Кую-кую ножку”, і “Сарока-варона”, і “Казачка-ласачка”. Спачатку гэта для дзіцяці проста цёплы кантакт са сваёй матуляй, бабуляй, татам, дзедам. Пасля гэта на доўгі час як быццам схавалася дзесьці глыбока ў маёй душы. Калі ж сама нарадзіла сына, мне таксама захацелася дакрануцца, “пагуляць” з маленькімі пальчыкамі, перадаць цеплыню свайго сэрца. І ўсе слоўцы ўспомніліся самі сабой. Калі бацькі лічаць, што гэта ўжо састарэла, што не на плыні часу, то яны вельмі памыляюцца і пазбаўляюць сваё дзіця самага каштоўнага.

У. Ліпскі: Усе слушныя прапановы, якія гучалі падчас дыскусіі, я занатаваў. Назбіралася больш як 20. Давайце давядзём іх да зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, тых, хто вырашае гэтыя пытанні, каб наша размова не засталася проста размовай.

Аўтар публікацыі: Надзея Дрыла.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:

Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам