ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Размова з адвакатам аб ільготах і дапамозе маладым і шматдзетным сем’ям
Новае краязнаўчае электроннае выданне бібліятэкі

Маргарыта Латышкевіч: Люблю марыць, а часам і падурэць

Маргарыта Латышкевіч: Люблю марыць, а часам і падурэць
Іншыя навіны

Яна – паэтка, пісьменніца, даследчыца, фалькларыстка, аўтарка шэрагу кніг («Яблыкі», «Наш дом», «Там, дзе сэрца»), а да таго ж лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Але гэта ўсё фармальнасці, бо ў яе творах вы акуняцеся ў магію і шчырасць у розных формах, жанрах і відах. Дзе шукаць беларускую міфалогію, як выйсці за межы кнігі, расказала суразмоўніца.

– Сацыяльныя сеткі часта вельмі добра характарызуюць чалавека. Ваша старонка сустракае надпісам: «Тэксты. Малюнкі. Кепскія жарты». Чаму менавіта так?

– Справа ў тым, што калі стварала «прэзентацыйную» старонку колькі часу таму, вырашыла: для наведвальнікаў варта пакінуць нейкія ўмоўныя маркеры. Каб ведалі, чаго чакаць, і не пужаліся. Ну і, паколькі ад пачатку меркавала, што выкладваць буду сваю творчасць – тэксты і малюнкі, так і напісала. А кепскія жарты – так бы мовіць, прыемны бонус. І стан душы.

– На вашай старонцы часам з’яўляюцца фотаздымкі, якія адразу выклікаюць усмешку. Там вы з дапамогай плюшавай цацкі ката-авакада паўтараеце матывы карцін Пабла Пікасо, Дыега Веласкеса і г. д. Як да вас прыйшла задума такога постмадэрнісцкага пераасэнсавання мастацтва?

– Насамрэч, яна не мая. Падчас каранціну і самаізаляцыі амстэрдамскі Рэйксмузей запусціў арт-чэлендж з капіраваннем твораў мастацтва любымі даступнымі сродкамі (хэштэг #tussenkunstenquarantaіne). Да акцыі падключыліся інтэрнэт-карыстальнікі з усяго свету, бо акцыя цудоўная: аддаецца даніна павагі майстрам жывапісу і адначасна ў людзей з’явілася аддушына. А гэта было важна. Датычна авакоціка – ён наш дамашні ўлюбёнец, таму, падумаўшы, вырашылі скарыстаць яго незямную фотагенічнасць.

– Цікавая ідэя! Зыходзячы з назваў дзвюх вашых кніг, у вас, здаецца, такіх багата. Празаічны зборнік «Наш дом» (2018) і лірычны «Там, дзе сэрца» (2020) разам утвараюць каламбур і як бы дыпціх. Як вам такое прыдумалася?

– Гэта сапраўды дыпціх, калі можна так іх назваць. У «Дом» першапачаткова меліся пайсці вершы, цэлы блок. Але кнігі ў выдавецтвах праходзяць цэлы шэраг пераўтварэнняў, і блок, які мне дужа падабаўся, выпаў. А творы засталіся, цягам часу дапісваліся новыя. І, у рэшце рэшт, утварылі новую кнігу, маленькую. Але генетычна звязаную з папярэдняй. Датычна назваў – мне заўжды хацелася, каб у чытача была магчымасць «выйсці за межы». Нават – за межы кнігі. Каб творчасць аўтара ўяўлялася нечым цэласным звязаным. І – так. Наш дом там, дзе сэрца, мне падаецца.

– Не выпадкова, што паэзія змешчана пад назвай больш эмацыянальнай (сэрца як крыніца пачуццяў), а проза пад больш прыземленай і фундаментальнай (дом як сімвал асновы, упарадкавання)?

– Тэхнічна «Там, дзе сэрца» – не зусім зборнік паэзіі, бо вершы чаргуюцца з кароткімі лірычнымі замалёўкамі ў прозе. І, зноў жа, канцэпцыя кнігі – гэта суладдзе прозы і верша. Як у японскіх майстроў хайку, што былі аматары даць да трохрадкоўя празаічнае тлумачэнне. Так і тут: адно што прамога тлумачэння няма, ёсць сугучны па настраёвасці абразок. Проза, як і паэзія, бывае розная. І фундаментальная, і не дужа. І гэта добра – бо літаратура павінна адгукацца на патрэбы чалавека.

– У часопісе «Бярозка» вы ведзяце цыкл літаратурных майстар-класаў. Напрыклад, «Як напісаць раман за пяць крокаў». Існуюць універсальныя схемы, каб напісаць варты твор?

– Так, «бярозкаўцы», якіх шчыра люблю як сяброў і творцаў, прапанавалі паўдзельнічаць у іх «майстар-класным» праекце, куды яны прыцягваюць больш-менш спрактыкаваных аўтараў часопіса. На той момант я якраз закончыла свой першы вялікі (праўда вялікі – 1,5 мільёна знакаў) раман і займела сякі-такі вопыт. Ясна, што ўніверсальнай схемы, якая пасавала б усім і кожнаму, няма, і гэта, уласна, і даводжу ў першай публікацыі з серыі. Але падказаць, як структураваць свой час, як аперыраваць словам і складнікамі мастацкага свету, – гэта, на маю думку, цалкам магчыма. А яшчэ трэба працаваць. Шмат. Без гэтага ніяк.

– У вашых творах шмат адсылак да міфалогіі і казак. Як вы збіраеце чароўныя вобразы і матывы?

– Увогуле, па спецыяльнасці я фалькларыст, даследчык. Пэўны час працавала ў Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору ў БДУ (дарэчы, адзінай такой у краіне). А міфалогіяй цікаўлюся з маленства – хоць хто ў свой час не зачытваўся пераказам старажытнагрэчаскіх міфаў ад Мікалая Куна. Беларускую ж міфалогію люблю шчырай і трапяткой любоўю. Напэўна, дзякуючы Баршчэўскаму і Караткевічу. Ну і, канешне, дзякуючы беларускім казкам, якія таксама любіла чытаць у маленстве. Што да літаратуры, дык заўжды згадваю як прыклад адзін выпадак. Студэнткаю другога курса напісала артыкул пра вобраз Кашчэя Бессмяротнага ў беларускіх казках (параўноўваючы яго з Вотанам-Одзінам са скандынаўскай міфалогіі).

А праз дзесяць гадоў назапашаныя веды «пераварыліся» ўжо ў творчую інтэрпрэтацыю вобраза – у аповесці фэнтэзі. Неяк так яно працуе, мусіць.

– Ці можна вас назваць летуценніцай?

– Напэўна, не болей за каго-небудзь яшчэ. Як і ўсе, люблю марыць, а часам і падурэць. Але ёсць шэраг рэчаў, да якіх заўжды стаўлюся сур'ёзна. Да якіх, мабыць, і нельга ставіцца несур'ёзна. Да творчасці, скажам, у якую трэба ўкладацца напоўніцу. Да кахання. Да сямейнага ачага – дома. Да Дома ў больш шырокім, агульным разуменні – Радзімы.

Ну і фэнтэзі, па вялікім рахунку, няхай і забаўляльны, але не летуценны жанр. Забаўляючы, тут можна многае сказаць – і многае даць чытачу. З самым падступным пісьменніцкім разлікам.

– У інтэрв'ю Навуму Гальпяровічу вы сказалі, што больш чым пісаць, любіце толькі маляваць. Адчуваеце перш за ўсё сябе мастачкай, нягледзячы на тое, што лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі?

– Не, я зусім не мастак. Не прафесійны дакладна. Аматар памаляваць – гэта ёсць. Проста, як і літаратурныя студыі, маляванне прыносіць мне асалоду, падбадзёрвае. Дапамагае разгрузіць галаву. А часам дапамагае парадаваць блізкіх і сяброў. Таму – так, люблю маляваць.

– У часопісе да вашых твораў змяшчаюцца і ілюстрацыі. А вы малюеце сваіх герояў?

Latyshkievich-M-2.jpg

– О, у «Бярозцы» зараз маю аповесць «Першая песня» ілюстрыруе – як і раман «Век людзей» у «Маладосці» – мастачка Валерыя Дзяткова, яна ж Бестрамвайнасць. Звяла нас некалі агульная сяброўка, намесніца галоўнага рэдактара часопіса Света Курганава. І аказалася, што стылістыка, у якой Валерыя бачыць тэксты, вельмі мне блізкая. Менавіта Валерыя стварыла «партрэтную» ілюстрацыю для зборніка «Там, дзе сэрца», і ёй жа належыць дызайн рэкламных картак для гэтай кнігі. Валерыя малайчына, адным словам.

Я сама рабіла шэраг малюнкаў да публікацый, напрыклад, у «Маладосці», і сваіх, і чужых. Мне ўвогуле заўжды прасцей візуалізаваць персанажаў і свет вакол іх. Як толькі ўбачу – «ідзе». І ўсё складваецца.

– Аднойчы я брала інтэрв'ю ў Алеся Бадака пра конкурс «Першацвет». І калі папрасіла згадаць найбольш выдатных удзельнікаў, «надзей беларускай літаратуры», першым імем, якое ён назваў, было ваша. А як вы ставіцеся да крытыкі сваіх твораў?

– Мне, безумоўна, прыемна, што Алесь Мікалаевіч прыгадаў маё імя ў шэрагу першых. Датычна надзей беларускай літаратуры – пачакаем яшчэ хоць бы гадоў пяць, пабачым, што атрымаецца ды напішацца. Крытыка ж – гэта нармальная з'ява, як мне падаецца. Дасканаласці не існуе, і таму хораша, калі нехта можа паказаць табе на твае хібы. Скажам, я нядаўна заканчвала новую аповесць, і мой каханы чалавек рабіў вялікую справу: вычытваў кожны раздзел, пазначаючы, што яго насцярожвае або напружвае. Шчыра магу сказаць: так працаваць куды прасцей, тэкст на выхадзе значна лепшы.

Напэўна, усялякай крытыкі хапала, усяго і не прыгадаць. Можа, Пушкін казаў правільна: «хвалу и клевету приемли равнодушно». Што камусьці падабаецца, не пад густ іншаму, і наадварот. Таму дагадзіць усім і ўсім спадабацца немагчыма. Што магчыма – дык гэта працаваць над сабою і над тэкстамі. Адпрацоўваць уласны стыль, уласнае майстэрства. Быць сабою.

– Дарэчы, а каго з сучасных літаратараў лічыце найбольш выдатнымі, магчыма, будучымі класікамі?

– Калі шчыра, ніколі дужа не задумвалася пра такую катэгорыю. Думаю, нават самым геніяльным творцам не варта спяшацца «бранзавець» і трапляць у яе.
А ўвогуле, у нас ёсць шмат таленавітай моладзі – мне пашчасціла працаваць з многімі з іх, калі была рэдактарам у «Маладосці». І сёння, калі бяру іх кнігі ў рукі, адчуваю гонар. Таму што яны ўсе розныя, адметныя, з уласнымі галасамі. Гэта крута. Яны крутыя.

Latyshkievich-M-3.jpg

– Яшчэ Алесь Бадак тады адзначыў, што ў літаратуру пачало прыходзіць надзвычай шмат дзяўчат. Вы, як сучасная пісьменніца, як думаеце, з чым гэта звязана?

– З тым, напэўна, што дзяўчаты, як і хлопцы, таксама пішуць. А некаторыя яшчэ і някепска пішуць. Ну і з цягам часу мяняюцца прыярытэты: цяпер жанчына, якая хоча нечага дамагчыся ў творчасці, у кар'еры, не выклікае такога здзіўлення. Не толькі «Kіnder, Küche, Kіrche» на павестцы дня. Ва ўсіх свае мары, ва ўсіх ёсць магчымасці для рэалізацыі сябе як асобы. Магчымасць выбіраць.

– На сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў вас ёсць «Блог прафесійнага чытача». Але да таго ж вы і прафесійная літаратарка. Як ацэньваеце кнігу: усё ж як чытач ці як творца?

– «Блог» ад пачатку задумваўся як шэраг чытацкіх уражанняў ад розных кніг. Без маралізатарства, без навязвання сваіх ацэнак. Проста пункт погляду, меркаванне, з якім можна пагадзіцца або не пагадзіцца. І мне гэта падабаецца, таму што для «Блога» магу перачытваць кнігі не па-рэдактарску, наўскос, а ў сваю асалоду, смакуючы. Мая мэта – найперш прыцягнуць увагу да кнігі і падштурхнуць наведвальнікаў сайта да чытання. А што яны вынесуць з таго чытання – ужо іх асабістая справа.

Што наконт водгукаў на Караткевіча, дык ён заўсёды актуальны. Люблю яго і карыстаюся магчымасцю рэкламаваць як толькі можна. Да таго ж, юбілейны год. Словам, хто-хто, а Караткевіч заслугоўвае ўвагі.

Аўтар публікацыі: Ганна Варонка.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам