У аўторак увечары ў кавярні “Грай” адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі 2019 года.
Узнагароду атрымала Марыя Мартысевіч за эпісталярную паэму “Сарматыя”. Прыз прэміі сёлета складае 4 000 рублёў.
У кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, акрамя Мартысевіч, увайшлі яшчэ 2 кнігі:
- Уладзімір Арлоў “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.
- Надзея Артымовіч “Краявід з невідочнай памылкай”. Выдавецтва “Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»”, Беласток.
Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН-цэнтар, “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Прэмія заснавана ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903–1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.
Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, другім – Алесь Разанаў з кнігай “Перавыбранае”.
Крыніца: Наша ніва