ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Архіў пад нябеснай апекай
Згадваем Уладзіміра Караткевіча

Не забі ў сабе падлетка, або Чаму людзям падабаюцца авантуры?

Не забі ў сабе падлетка, або Чаму людзям падабаюцца авантуры?
Іншыя навіны

Вялікая папулярнасць трылогіі пра шляхціца Пранціша Вырвіча і змрочнага алхіміка Баўтрамея Лёдніка сталася нечаканасцю для яе аўтара – Людмілы Рублеўскай.


Твор, які пісаўся дзеля ўласнага задавальнення, займеў шмат прыхільнікаў сярод людзей розных прафесій і ўзросту. Як расцаніць гэтую з’яву? І чаму так атрымалася? Адмыслова для рубрыкі “Сама-Крытыка” мы пагутарылі са спадарыняй Людмілай пра трылогію і яе герояў, задаўшы разам з тым некалькі “праблемных” пытанняў.

– Па прачытанні трылогіі пачынае здавацца, што напачатку з’явілася нават не задума твора, але адзін герой – Лёднік. І хоць у назве кожнай з частак фігуруе Пранціш Вырвіч, галоўным героем часам здаецца зусім не ён...
– Я заўсёды пытаюся ў чытачоў: хто з герояў вам больш падабаецца? Варыянты якраз два: Лёднік і Вырвіч. Гэта такі дуэт герояў – ці, быць можа, двайны герой, – які задавальняе любыя густы.
І сапраўды, напачатку ўзніклі героі – толькі не адзін, а два адразу. Такі кантрасны дуэт, у якім адпачатку закладзеная магчымасць канфлікту, дваістае вырашэнне любых праблем, дваісты погляд на падзеі.
Больш за тое, калі я пачынала пісаць, Лёднік быў зусім іншы: вучоны-зоркавед, па-першае, многа старэйшы, па-другое, надзвычай сварлівы.

– А наконт часу? Ён таксама вызначыўся разам з героямі?
– Героі і асяродак вызначыліся адразу – я вельмі хацела пажыць у XVIII стагоддзі: яно мне страшна падабаецца. Напісала некалькі эсэ пра нацыянальных герояў Беларусі той эпохі, назбірала шмат матэрыялаў. Вельмі дапамагла праца Адама Мальдзіса пра жыццё шляхты ў XVIII стагоддзі, – такі матэрыял сакавіты, багацюшчы! Спадзяюся, мне ўдалося перадаць менавіта атмасферу часу, так, як я яе адчуваю і разумею.

– У трылогіі шмат рэальных гістарычных персанажаў. Ці ёсць прататыпы ў Вырвіча і Лёдніка?
– Некаторыя лічаць: і Лёднік з Вырвічам існавалі рэальна! Большасць маіх герояў – зборныя вобразы, і нельга сказаць адназначна, што ёсць адзіны прататып для кожнага. Але мяне вельмі цешыць, калі чытачы іх знаходзяць. Вось Баўтрамей Лёднік – палачанін, алхімік, доктар... Канечне, Францыск Скарына!

– Апошні, пра каго б я падумала.
– Чаму ж – проста мы ўяўляем Скарыну вельмі стэрэатыпна. Насамарэч ён быў чалавекам дастаткова складаным і некалькі гадоў займаўся алхіміяй. Канечне, дакументальных сведчанняў не існуе, але хутчэй за ўсё так і было. Тут жа можна ўспомніць верш Багдановіча “Скарына, доктар лекарскіх навук...”. Падымаецца на вежу, лічыць зоры...
Аднак не будзем праводзіць паралелі між Лёднікам і Скарынам – гэта дастаткова далёкія персанажы.
(Смяецца.) Проста я кажу пра эпоху і ўсведамленне Беларусі як еўрапейскай краіны, дзе было еўрапейскае Адраджэнне, еўрапейскае Асветніцтва.
У беларускай літаратуры вельмі вузкае кола спажыўцоў. Цяжка змусіць чалавека нават узяць у рукі беларускую кнігу. І мяне вельмі цешыць, што цыкл пра Вырвіча чытаюць людзі, якія да гэтага літаратуру на беларускай мове ўвогуле не чыталі. На сустрэчы ў Брэсце было шмат жонак вайскоўцаў – розных нацыянальнасцей, з розных краін. І адна жанчына, здаецца, з Казахстана, сказала, што яна чытае мае кнігі і ганарыцца Беларуссю. Мяркую, гэта галоўнае. Каб пасля маіх кніг хацелася быць беларусам.

– Дарэчы, пра жанчын. Цэнтральны жаночы персанаж трылогіі – Саламея, жонка Лёдніка. Спачатку яна падаецца вельмі моцнай: лекарка, займаецца навукай, праходзіць праз столькі выпрабаванняў і столькі даруе мужу...
А потым пачынаеш бачыць усё з іншага боку. Яе лекарства можна лічыць адлюстраваннем пачуцця да мужа, жаданнем падзяліць яго цікаўнасці. Усёдараванне можна расцаніць як адсутнасць годнасці – “раба любові”. І атрымліваецца, што не такая яна і моцная, наадварот: тыповы вобраз славянскай жанчыны, адданай да самазабыцця.
– Тут трэба падумаць, што можа лічыцца сілай, а што – слабасцю. Сілай жанчыны лічыцца яе маскуліннасць, але насамрэч гэта сведчыць толькі пра тое, што жанчына ўсведамляе сябе настолькі слабай, што, каб давесці сваю моц, яна мусіць пераймаць іншы пол, удаваць з сябе малатабойца.
Не трэба мімікраваць. Трэба цаніць тое, што дадзена. Я перакананая: жанчына нічым не горшая і не слабейшая за мужчыну. Тое, што лічылася жаночымі заганамі, слабасцю, такім не з’яўляецца. Не можа быць заганай для бэза тое, што ён не чырвоны, а бэзавы. Такі ў яго колер. Гэта не добра і не кепска. Чаму адданасць маёй гераіні сям’і мусіць расцэньвацца як слабасць? Па-мойму, гэта якраз патрабуе вялікай моцы. Куды меншых высілкаў патрабуецца на тое, каб усё кінуць і сысці.
Многія чытачы абураюцца, калі Лёднік робіць не вельмі этычныя ўчынкі, і спачуваюць Саламеі. Кажу адразу: героі не павінны быць ідэальнымі. І здольнасць дараваць я таксама не лічу слабасцю. Гэта праява вялікай душэўнай сілы. Зразумейце, мае героі – шчырыя хрысціяне. Паняцці граху і даравання для іх не пустыя словы, яны так выхаваныя, яны гэтым жывуць.
Так, Саламея даравала, але ж Лёднік, што называецца, не спецыяльна... Яго здрады былі абумоўленыя непераадольнымі абставінамі. Вось так.

– Але ж кажуць, што выбар заўсёды ёсць.
– Ну... Значыць, мае героі жывыя людзі з уласцівымі ім слабасцямі. У Лёдніка яны вось такія.

– Ад першай да трэцяй кнігі – а хутка і чацвёртай – можна заўважыць, як змяняецца Пранціш Вырвіч. Напачатку – самаўпэўнены шляхцюк, які мала думае і ледзьве што – хапаецца за шаблю. Пад канец – задуменны паэт. Гэтая эвалюцыя адбылася ў імя мастацтва ці дыдактыкі? Каб чытач-падлетак займеў добры прыклад?
– У твора ёсць свая ўнутраная логіка, і героі змяняюцца згодна з ёю. Яны не могуць застацца ранейшымі, калі перажываюць падзеі, якія павінны іх змяніць. Калі і ёсць нейкая дыдактыка, яна ўзнікае сама па сабе.

– Існуе такі ўмоўны падзел: пісьменнікі-садоўнікі і пісьменнікі-архітэктары. Першыя вырошчваюць твор з драбніцы, з аднаго зерня; другія выбудоўваюць твор ад пачатку да канца. Які вы пісьменнік?
– Для мяне актуальна і тое, і тое. Вельмі важна, каб твор быў жывы, гэта значыць, я садоўнік. Мне нецікава пісаць па падрабязным плане, я сама мушу здзіўляцца. Але зусім адмовіцца ад рамяства – неразумна і не на карысць твору. Трэба мець пэўныя канструкцыі, хоць бы і на ўзроўні падсвядомасці. Акрамя таго, у героя павінен быць выбар, некалькі варыянтаў развіцця падзей. Таму яшчэ раз кажу: нейкія элементы канструкцыі быць павінны, але гэта рамяство, і без таленту за твор не варта і брацца.

– Вы сказалі пра некалькі варыянтаў развіцця падзей. Можаце распавесці пра паварот, які планаваўся, але не адбыўся?
– Жаніцьба Пранціша Вырвіча. Было шмат варыянтаў, як уладкаваць ягонае жыццё, і калі я выпісвала вобраз Ганулькі Макавецкай, ціхмянай, прыгожай дзяўчыны, прыкідвала, а ці не яму яна дастанецца. У адной з кніг яны нават сталі жаніхом і нявестай, але не можа Пранціш быць з Ганулькай!.. Сумна яму з ёй будзе. У чацвёртай кнізе ўсё прачытаеце... Мяркую, яна стала завяршэннем.

– Вы ўпэўненыя?

– (Смяецца.) Хачу адпачыць і напісаць нешта іншае. Я страшэнна баюся пайсці на зніжэнне. Чацвёртую кнігу давала пачытаць некалькім крытыкам, прасіла быць вельмі прыдзірлівымі і строгімі, і нібыта кажуць, што не горш. У кожным з нас жыве падлетак, якому хочацца прыгод, крыху містыкі і рамантыкі... А пад гэтай абалонкай я даю дастаткова сур’ёзны матэрыял па гісторыі Беларусі, сваю канцэпцыю, беларусацэнтрычную, апісваю вельмі шмат сур’ёзных падзей з нашага мінулага, і з усяго гэтага высноўваецца дастаткова ўцямная панарама эпохі з перспектывамі далейшага развіцця Беларусі. Няхай гэтая беларускасць засвойваецца разам з займальным аповедам, як запавядаў нам вялікі Караткевіч.

– Ваша трылогія – ды і многія іншыя творы – відавочна схіляецца да рамантызму. Але і той жа Караткевіч у 16 гадоў чытаецца зусім іначай, чым у сталым узросце... Не баіцёся, што са сталеннем вашай аўдыторыі будзе губляцца сама аўдыторыя?
– Вось гэта самае смешнае. Нядаўна распавялі, як дзяўчаты-студэнткі ў кнігарні абмяркоўвалі маю трылогію: маўляў, цікава, але кнігі гадоў для чатырнаццаці... З іншага боку, людзі ў сталым узросце адмыслова шукаюць мае кнігі – ім таксама цікава, ім падабаецца.

– З чаго можна зрабіць выснову, што “рамантызм” папулярны не ў пэўным узросце, а ў пэўным коле чытачоў.
– Я ўжо зразумела, што ўсё адно буду памыляцца з узроставымі нішамі. “Рабінзон Круза” – для каго ён?.. “Вечары на хутары блізу Дзіканькі” – для якога ўзросту?.. Казаць, што дарослым патрэбныя сур’ёзныя таміны, а малодшым – адно Гары Потэр, няправільна. Хто спажыўцы сучаснага гарадскога фэнтэзі, таго ж Ніла Геймана? Людзі абсалютна дарослыя, якія сцвердзіліся ў жыцці.

– І зусім не насцярожвае, што праз пэўны час “рамантызм” можа стаць неактуальны? Не хацелася напісаць нешта зусім адрознае?
– Калі нехта з маіх чытачоў перарасце Вырвіча, ён можа ўзяць “Сутарэнні Ромула”. Пісьменнік павінен ствараць моду, а не сачыць за ёй і падпарадкоўвацца. Прасцей за ўсё было б паглядзець, што хваліць крытыка, і напісаць дакладна тое самае. Мне гэта нецікава – і не трэба.

– “Рабі, як не робіць ніхто...”
– Так як мне хочацца, вось і ўсё. Будзем казаць шчыра, за свае кнігі я не атрымліваю столькі, каб на гэта жыць. На ўзроўні працы гэта хобі. Займаюся ў вольны час, звычайна – па начах. Таму ніхто не стане дыктаваць, пра што мне пісаць і як.

– Але ж бываюць такія чытацкія водгукі, да якіх вы прыслухоўваецеся?
– Так. Мне і самой цікава пагаварыць пра маіх герояў – як пра жывых людзей. Таму, пэўна, уплыў ёсць.

– Атрымліваецца, што чытач для вас значыць больш, чым крытык.
– Хіба крытык не чытач?.. Да ўсяго, крытык больш ацэньвае, робіць высновы, а чытач – суразмоўца, зацікаўлены ў тваіх героях не менш за цябе.

– Калі ўявіць, што Баўтрамей, Пранціш і Саламея жывуць у наш час, – кім бы яны былі?
– Мяркую, Лёднік быў бы навукоўцам, эксперыментатарам, загадчыкам лабараторыі. Хімік, прыкладам...
– Генная інжынерыя. Тут і хрысціянскае пытанне...
– Дакладна! Вырвіч быў бы студэнтам. Размяркуем яго на гістфак! Упадаў бы за дзяўчатамі, пісаў бы вершы, друкаваўся. Быў бы вельмі актыўны, вадзіў экскурсіі па горадзе на фэсце экскурсаводаў. Саламея была б доктарам, працавала б у бальніцы, магчыма, педыятрам ці акушэркай.

– Цікава, што сярод жаночых персанажаў у вас няма ніводнага адмоўнага. Ёсць вобразы супярэчлівыя, але такіх, што выклікалі б у чытача адмоўныя эмоцыі, няма.
– Як казаў Станіслаўскі, хочаш сыграць добрага, шукай, дзе ён злы. І наадварот. Няма людзей, маляваных адной фарбай.

– А можа, вы як пісьменнік-жанчына не хацелі паказваць жанчын у кепскім святле?
– Ды не... Я пра гэта, па шчырасці, не задумвалася. Жанчына ёсць жанчына. У яе заўсёды будзе апраўданне. Яна заўсёды трошкі ахвяра.

– Як вы самі вызначаеце месца трылогіі ў шэрагу напісанага?
– Я бачу яе ў асобнай нішы, авантурна-прыгодніцкай... Ды гэта ўжо і не трылогія. Цяпер кажу – цыкл раманаў. У ім спраўдзілася шмат папярэдне сабранага, напісанага, таму і зусім асобна яго паставіць нельга. Тут ёсць водгукі ўсіх ранейшых твораў, асабліва дакументальнай прозы і гістарычных эсэ. І нават развіццё нейкіх персанажаў можна заўважыць з папярэдніх твораў – вобраз выклятага вучонага, зоркаведа...

– Калі звярнуцца да ўсіх вашых твораў, які з іх найбольш дарагі?
– «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію». Самы эмацыянальна стратны. Доўга ачуньвала, нават фізічна.

– А герой?
– Зноў-такі, цяжка сказаць, бо з кожным пражываеш ягонае жыццё і пакуты... Баўтрамей Лёднік, канечне, наша ўсё. (Усміхаецца.) Увогуле, у кожным творы мусіць быць персанаж, якога я люблю, іначай не напішацца.

– Ці ненавідзіце.
– Таксама эмоцыя. Але ўсё роўна кагосьці павінна быць вельмі шкада. Нават калі ты вельмі жорстка абыходзішся з героямі, пісаць, не спачуваючы, нельга.

Аўтар публікацыі: Наста Грышчук.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Чытайце таксама:
У Кіеве выдадзена кніга Людмілы Рублеўскай

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам