ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Унёсак у беларускае бібліяфільства
Загадкі без падглядкі

Не забываем летуцець...

Не забываем летуцець...
Іншыя навіны

Нямала сярод творцаў тых, чый лёс склаўся трагічна! Існуе меркаванне, што «прафесія» пісьменніка – самая небяспечная, гэта пераканаўча даводзіць Грыгорый Чхарцішвілі ў папулярным даследаванні «Пісьменнік і самагубства» (Масква: Захаров, 2013).

У такім разе галоўнае пытанне да творцы: ці ўплывае ён праз уласныя творы на тое, як укладаецца ягонае жыццё?

Як раніца прыйшла і сонца ўстала,
Дык засталася назаўжды ў раі.
Анёлы яе здольнасць скарысталі
Прыдумваць цудадзейныя краі...

Гэтыя радкі належаць пяру Святланы Явар. Цяпер яны падаюцца прарочымі. Сёлета ў ліпені паэтэса магла б адсвяткаваць сваё 50-годдзе. Але ў чэрвені 2011 года яе не стала. Згаданае чатырохрадкоўе Святлана напісала незадоўга да сваёй раптоўнай смерці. У яе паэзіі шмат вершаў, дзе яна нібыта прадбачыла свой нешчаслівы адзінокі лёс, заўчасны сыход. Гляджу на фотаздымкі, што суправаджаюць шматлікія публікацыі, і згадваецца "ружа-кветка" з народных песень: такая ж кідкая прыгажосць. Бездакорны круглы твар, яркія цёмныя вочы і выразнымі дугамі чорныя бровы над імі, поўныя, яскрава акрэсленыя вусны, цёмна-каштанавыя пышныя валасы. Ды і розумам Бог не пакрыўдзіў: таленавітая паэтэса і празаік, Святлана таксама аўтар шматлікіх навуковых публікацый, цікавых артыкулаў на старонках айчыннага друку пра пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў. Яе пяру належаць і пераклады з польскай і англійскай моў.

7_28_yavar_1.jpg...Ці маюць рацыю фаталісты? Кожны чалавек сам вызначае свой лёс, ці лёс яго прадвызначаны яшчэ да нараджэння? І ў сусветнай, і ў айчыннай літаратуры – безліч прыкладаў, калі паэты апісвалі смерць ці жудасныя падзеі, якія потым адбываліся з імі ў рэальнасці. Як вызначыць гэтую з’яву? Спрацоўвае абвостраная інтуіцыя, нярэдка ўласцівая людзям з тонкай псіхічнай арганізацыяй? Падзеі, якія маюць надарыцца ў недалёкай будучыні, кідаюць перад сабой “цень”, і чалавек з чулымі душэўнымі “рэцэптарамі” можа яго “ўлавіць”? Ці, наадварот, пэўныя падзеі адбываюцца таму, што іх “праграмуюць”, тым больш калі пры гэтым вызваляецца магутная творчая энергія (ёсць жа ў народзе выраз: пра воўка памоўка – а воўк і ў хатку)? А можа, гэта ўзаемаўплывовы працэс?..

Святлана Явар – аўтар двух зборнікаў паэзіі: “Раніца ў туманах” (Мінск: Б-ка часоп. “Маладосць”, 1994) і “Белы месяц” (Мінск: Маст. літ., 1994). Падрыхтаваны да друку трэці яе зборнік пад назвай “Дзівосны сад”, які неўзабаве пабачыць свет. У ім, акрамя ранніх вершаў, і творы апошніх гадоў жыцця пісьменніцы – яны публікаваліся на старонках айчынных перыядычных выданняў.

Цяпер, калі Святланы няма з намі, мы не можам паразмаўляць з ёй, спытаць, што ж ёй патрэбна, каб пачувацца шчаслівай, ці што яе турбуе. Таму застаецца толькі зазірнуць ёй у вочы праз вершы, каб зразумець, чым жыла яе душа і чаму на ёй было часам надзвычай змрочна, беспрасветна.

Вясна. Не можна без цябе.
Сумую.
Удалячынь
Пішу табе лісты...

На дзіва журботная, шчымлівая, жаночая лірыка, асноўны лейтматыў – туга па каханым, немагчымасць спраўдзіцца без адчування побач роднага чалавека, сум па той спрадвечнай жаночай долі, калі аддаеш сваё жыццё абранаму, Богам дадзенаму, цалкам у ім раствараючыся:

Страшней за адзіноту ўсведамленне,
Што не знайсці больш роднаснай душы.

Калі заглыбіцца ў лірыку Святланы, узнікае ўражанне, што яна ў сваім болю хавалася ад новых расчараванняў. Як у звыклым пакоі: хай ён няўтульны, хай у ім няма таго, што хацелася б мець, але... выйдзеш за межы – і раптам будзе яшчэ горш?

У лесе ціш. Ласкавы дотык голля
Нагадвае цяпло тваёй рукі.
Бясспрэчна, што і заўтра, як і сёння,
Не будзе ні цябе, ні рук тваіх.
І ні вачэй, ні голасу... Завошта?

Роспачны крык, поўны болю, горычы і безвыходнай тугі: “завошта?”... Лірычная гераіня кранулася дна свайго адчаю. Цяпер, скарыстаўшы інерцыйную сілу руху, варта было б адштурхнуцца ўверх, а там – плынь падхопіць і вынесе на паверхню... І сапраўды, часам гучаць мажорныя ноты:

...як быццам месяц, узышла –
Надзея на Святло праз ростань.

Але ў межах гэтага ж верша:

...Загінуць –
Ці дачакацца слёз кахання?..
Відаць, цяжэй, чым свет пакінуць,
Трываць маё з табой расстанне.

Жыццё лірычнай гераіні – бясконцае ваганне. Яна нібы штохвіліну вырашае для сябе, ці варты гэты свет таго, каб цярпець невыносныя душэўныя пакуты:

Ступаю крок за крокам у бясконцасць...
Да смерці ўсё бліжэй, ды чую я
Выратавальна-зыркі промень сонца,
І страхаў разбягаецца сям’я.
...Я буду жыць! – А паміраць хацела.

Прырода, навакольныя лясы, палі, лугі, неба – фон, які ілюструе рухі душы. Бывае, прастора запоўнена празрыстай чысцінёй, калі сонца пераможа непагадзь, альбо зіхаценнем зор у ясную ноч. Але часцей (як і ў нашай звыклай рэчаіснасці) навокал – шэрань, імгла, хмары... Стан прыроды сугучны пачуццям і настрою:

І церусіць над багнай дождж:
Бо для нікога –
І першага кахання ноч,
І ўвысь дарога...

...Ці прадбачыла Святлана свой сыход? Чаму яе лёс склаўся менавіта так? Гэта ведала яе душа, а нам засталіся вершы, дзе ёсць адказы на ўсе пытанні. Як чалавек, які апускаўся на самыя глыбіні дэпрэсіі і, значыць, ведае, што там і не жадае падобнага нікому, Святлана нагадвае (і давайце ж да яе прыслухаемся і запомнім, яна мела рацыю):

Не забываем летуцець
У звабным мроіве надзеі
Аб тым, што зараз будзе днець
І шлях не замяце завеяй.

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Звязда

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам