ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
За крок ад абароны дыплома або курсавой? Акажам прафесійную дапамогу ў афармленні спіса літаратуры
Падтрымаем медыкаў у барацьбе з вірусам!

Пісьменнік Уладзімір Ліпскі: «Маё дзяцінства прайшло ў нястачы, але я знаў любоў бацькоў, шчырасць людзей»

Пісьменнік Уладзімір Ліпскі: «Маё дзяцінства прайшло ў нястачы, але я знаў любоў бацькоў, шчырасць людзей»
Іншыя навіны

Карэспандэнт агенцтва «Мiнск-Навiны» пагутарыла з вядомым пісьменнікам, грамадзянінам, абаронцам дзяцей і сапраўдным беларусам Уладзімірам Ліпскім напярэдадні яго юбілею.

На працягу 40 гадоў ён – галоўны радактар часопіса «Вясёлка», больш за 30 – узначальвае Беларускі дзіцячы фонд. Ініцыятар і старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках. Можна доўга пералічваць яго званнi, узнагароды, пасады, дасягненні. А можна сказаць так: ён – чалавек-з’ява, сімвал, цуд. Цікавы, добры, прынцыповы, мудры. І, нягледзячы на вельмі сталы пашпартны ўзрост, вельмі малады ў душы.

Мае святыя бацькі

– Уладзімір Сцяпанавіч, вы нарадзіліся за год да пачатку вайны. Якія вашы першыя ўспаміны аб сваім дзяцінстве?

– Вайна яго ўкрала ў мяне. Мы жылі ў маленькай вёсачцы Шоўкавічы на Гомельшчыне. Памятаю, як на кані да нас уляцеў разведчык і закрычаў: «Ратуйцеся, уцякайце, вас карнікі збіраюцца паліць». Шмат пазней ужо даведаўся, што бацька зняў тады са сцяны іконку, а з печы дастаў бульбы дзецям. Мяне, малодшага, мама ўзяла за плечы, астатнія пяцёра ўхапіліся за яе падол, і ўсе пабеглі ў лес. Жылі ў зямлянках. Калі я там захварэў, мама вымазала мяне нейкай маззю, і я цудам паправіўся. Засталося ў памяці, як бяжым па жыце, мама мяне прыціснула да сябе, а над намі раве самалёт. Нядаўна знайшоў дакумент: камандзір партызанскага атрада напісаў на паперцы: «Не забірайце карову Сцяпана Ліпскага». Можа, гэтая кароўка і выратавала нас усіх?.. Вясной мы вярнуліся ў Шоўкавічы на папялішча. А Дзень Перамогі запомніўся мне тым, што ў вёску прывезлі гуманітарную дапамогу, у кожную хату прынеслі пачку пячэння, чорную фасоль, кансервы. Я быў уражаны, што ёсць такая ежа.

Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”

– Чаму, на ваш погляд, адны людзі, нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, вырастаюць вельмі годнымі, добразычлівымі, а другія азлабляюцца?

– Скажу па сабе. Маё дзяцінства прайшло ў нястачы, але я знаў любоў бацькоў, шчырасць людзей, прыгажосць прыроды, асалоду чытання і ведаў. Мяне радавалі і кот вясной, і курыцы, і певень, і каровы, якіх пасвіў. Маё пакаленне выхоўвалася ў працы, гэта нас фарміравала здаровымі і добрымі.

– Вы напісалі некалькі твораў, прысвечаных сваёй сям’і, радаводу, бацькам. Чаму для вас гэтая тэма такая важная?

– Хто мы без сваіх каранёў, без памяці аб продках? Слупы тэлефонныя! Доўгі час думаў, што я хлопец з балотнай вёскі. Калі зацікавіўся сваім радаводам, даведаўся: Ліпскія – дваранскага паходжання, маем свой герб. Упэўнены, што па генах, па радаводу перадаецца ўсё лепшае, што было ў прошлых пакаленнях: сумленнасць, чэснасць, сціпласць, працавітасць, шчырасць. І дзецям усім пастаянна кажу: «Палюбіце тых, хто даў вам жыццё. Запомніце маміны і бацькавы словы і парады». Бацькоў лічу святымі людзьмі. Па сённяшні дзень не магу зразумець, якім цудам мама нас усіх шасцярых уратавала, чым карміла, як сагравала ў цяжкія і галодныя гады. Бацькі вучылі быць чалавекам: нікога не крыўдзіць, не падманваць, не браць чужога, шанаваць і людзей, і птушак, і дрэвы. Ніколі не забуду: калі мяне ўсёй вёскай праводзілі ў Мінск на вучобу, мама, развітваючыся, папрасіла: «Сынок, не згубіся там!» Нават калі мы с братамі і сёстрамі былі дарослыя, бацькі вялі нас па жыцці, і мы перад імі сваімі ўчынкамі, паводзінамі быццам трымалі справаздачу.

lipski_2.jpg

З сынам Iгарам i дачкой Марынай

Наталіцца дзяцінствам

– Вы 41 год кіруеце «Вясёлкай». Верыце ў тое, што ў XXI стагоддзі сучасным дзецям патрэбныя такія традыцыйныя часопісы, як ваш?

– Такія выданні, як «Вясёлка», будуць патрэбныя заўсёды: яны займаюцца фарміраваннем асобы. Мы робім свой часопіс на мастацкім матэрыяле, мэтанакіравана, прытрымліваючыся нацыянальных прынцыпаў і традыцый выхавання, імкнемся далучыць дзяцей да мовы і культуры, навучыць любіць зямлю і паважаць старэйшых. Матэрыялы нашага праекта «Я тут жыву» ўвайшлі ў школьную праграму, на падставе iх выходзіць ужо другая кніжка. Сёння наш тыраж – 6 тысяч. Хачу, каб «Вясёлка» прыйшла ў кожную беларускую сям’ю, дзе ёсць дзеці. Даўно адчуваю сябе дзяржаўным чалавекам, адказным за зямлю, на якой жыву, за людзей, якія побач, і за заўтрашні дзень краіны.

Уладзімір Ліпскі: “Мы захоўваем у «Вясёлцы» высокую планку літаратурнага майстэрства”

– Што вам дала дзейнасць у Беларускім дзіцячым фондзе? Чым са зробленага там за 30 гадоў вы найбольш ганарыцеся?

– Дзякуючы фонду мы стварылі 40 дзіцячых сямейных дамоў, і на некалькі інтэрнатаў у Беларусі стала менш. А наша акцыя «Я бачу», калі мы з брыгадамі медыкаў аб’ехалі ўсю Беларусь, абследавалі 50 тысяч дзяцей, клапоцячыся аб тым, каб іх вочкі былі здаровымі, – ці гэта не добрая справа? Дапамагаем і тым, хто пакутуе пасля Чарнобыля, і юным талентам, і многім іншым. Калі б не дзейнасць фонда, напэўна, шмат сваіх кніжак не напісаў бы і столькі б хрэснікаў – былых дзетдомаўцаў і сірот – не меў. Выціраць слёзы дзецям – у гэтым бачу свой абавязак.

– Чаму вас так цягне да гэтай аўдыторыі? Чаму хочацца тварыць для юных чытачоў?

– Я быццам даганяю сваё дзяцінства, хачу наталіцца ім. Шчыра люблю дзяцей. Веру ў іх. Яны лепшыя за дарослых: больш шчырыя, адкрытыя. Расказваў неяк пра вайну ў адной аўдыторыі. І калі ўжо, развітваючыся, падпісваў кнігі, да мяне падышоў хлопчык, палажыў руку на плячо і сказаў: «Як жа добра, што мама вас выратавала!» Божа ж ты мой, дзеля такіх слоў трэба жыць і пісаць! Задача ўсіх дарослых – цярпліва і няспешна выхоўваць нашчадкаў, радавацца з імі, натхняць, падтрымліваць. Мы, дарослыя, ва многім перад імі вінаваты. Часта мы гаворым ці пішам адно, а ў жыцці паводзім сябе зусім па-іншаму, не трымаемся сваіх прынцыпаў. На жаль, дзеці бачаць гэтыя ўрокі хлусні і крывадушнасці.

lipski_3.jpg

– Вам у адносінах з нашчадкамі вядома праблема бацькоў і дзяцей? Як уплывалі на іх выбар жыццёвага шляху?

– Сябраваў з дзецьмі, сябрую і з унукамі. Свой шлях у жыцці яны шукалі і знайшлі самі. Сын Ігар – архітэктар, Марына – біёлаг. Старэйшы ўнук, Антон, працуе ў камітэце па навуцы НАН Беларусі. Сярэдняя, Маша, юрыст. Малодшы, Толік, заканчвае 8-ы клас. Аповесць «Сонца над галавой» – гэта мае лісты да яго…

Пакуль смяёмся – жывём

– У гэтым годзе споўніцца 25 гадоў Усебеларускаму фестывалю народнага гумару ў вёсцы Аўцюкі, ініцыятарам якога вы з’яўляецеся. Чым, на ваш погляд, наш нацыянальны гумар адрозніваецца ад іншых? Чаму так важна яго не губляць?

– Наш гумар, можа, трохі грубаваты, бо ён – ад зямлі, ад вытокаў. Але ён нязлы, сакавіты, каларытны, дасціпны! Ідзём па вуліцы ў Аўцюках і раптам бачым на варотах самаробны плакат: «Жонка добрая, але моцна б’ецца». У аднаго аўцюкоўца папрасіў: «Дай веласіпед праехаць». «На. Ты ж толькі глядзі – тармазоў няма». Ці неяк услыхаў: «Во, наша Манька раней была дзеўка – на ўсё сяло, а цяпер – на ўсю печ». Адна фраза, а за ёй цэлая жаночая біяграфія. Гумар – гэта доказ нацыянальнага здароўя, дабрыні, крэпасці, мудрасці. Пакуль людзі смяюцца, яны жывуць. «Ты можаш мяне не слухаць, але брахаць не мешай». Ці ж гэта не цуд? Трэба, трэба цаніць свае традыцыі і скарбы. Ёсць ужо ў Аўцюках маёнтак Каласка і Калінкі, незвычайная лаўка прымірэння; ствараем музей гумару. У гэтым годзе на 9-й фестываль прыязджалі з Габрава, Польшчы, Украіны, Літвы і былі ў поўным захапленні ад таго, якое свята адбылося. Веру, што будуць і спектаклі, і фільмы, і кнігі на падставе нацыянальнага гумару.

«Затое колькі мышэй ляснула!» Нядаўняе мінулае – у гістарычных анекдотах

– Чытала, што на першым фестывалі вам падарылі каня… Які ў яго лёс?

– Да, было такое. Ледзь не заплакаў, калі мяне, як арганізатара свята, узнагародзілі вараным канём. Першая думка была – сяду на яго і паеду ў родныя Шоўкавічы. Але потым рашыў перадаць яго вучням вялікааўцюкоўскай школы, каб яны аб’ездзілі яго і дапамагалі старым: каму бульбу ўзараць, каму дровы ці торф прывезці. Конь Ліпскі (так яго назвалі) верна і доўга служыў.

lipski_4.jpg

З унукам Анатолем

Добра ў старасці быць маладым

– Ці праўда, што вы рэгулярна плаваеце ў басейне?

– Так. Амаль кожны дзень. Сорамна ледзь ногі перастаўляць, хачу паважаць сябе. Хачу хадзіць і пазіраць у неба, а не ў зямлю.

– Аб чым часцей за ўсё думаеце напярэдадні юбілею?

– З пачатку года вяду юбілейны дзённік «Усякі дзень – апошні». Эпіграфам узяў словы Янкi Брыля «Добра ў старасці быць маладым». Нядаўна перачытаў дзённікі Льва Таўстога. У 80-гадовым узросце ён піша, што толькі пачынае жыць і разумець, што «жыццё вымяраецца не часам, не гадамі, а чалавечнасцю». Самае галоўнае правіла, якое для сябе ўсвядоміў: кожны дзень – гэта наша жыццё, трэба шанаваць кожнае яго імгненне. Мы часта вельмі бяспечныя, адкладваем справы на потым, думаем, што яшчэ ўсё паспеем. А можам і не паспець. Апошнія гады, як толькі прачынаюся, падыходжу да акна, стаю і як бы здароўкаюся з новым днём. І не важна, якое надвор’е, радуюся ўсяму і прашу Госпада толькі аб адным: «Дай мне яшчэ хаця б адзін дзянёк!» І ведаеце, калі раптам здарыцца, што нараджуся ў нейкім новым стагоддзі, а мо на іншай планеце, то хацеў бы і ў тым вымярэнні застацца Чалавекам.

Даведка

Уладзімір Ліпскі – беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, літаратурнай прэміі імя В. Віткі, міжнароднай прэміі А. Швейцэра, прэміі імя А. Грына. Ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна і г.д.

Аўтар аповесцяў «Адпяванне жывых», «Я: Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод», «Жыві сёння», дзённіка «Бацькі і дзеці», кніг «Мама. Малітва сына», «Бацька. Пісьмы сына», рамана «Цар», а таксама твораў для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды», «Марынчына казка», «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска», «Пралескі ў небе», «Я тут жыву: дзецям пра Беларусь», «Закаханы трэцякласнік» і іншых твораў.

Аўтар публікацыі: Вольга Паклонская.

Крыніца: інфармагенцтва "Мінск-Навіны"

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам