ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Творчыя заняткі “Велікоднае яйка”
Нацыянальная бібліятэка пашырае сферы супрацоўніцтва

Праца на перспектыву, або Хто такі сучасны бібліятэкар?

Праца на перспектыву, або Хто такі сучасны бібліятэкар?
Іншыя навіны

Ці змяніліся функцыі бібліятэкара ў сённяшнім тэхналагічным свеце? Як падрыхтаваць спецыяліста, абазнанага не толькі ў запаўненні чытацкіх фармуляраў, але і здольнага вырашаць актуальныя задачы з дапамогай інтэрнэту ды інфармацыйных рэсурсаў? Наколькі лёгка адаптуюцца маладыя спецыялісты да працы ў бібліятэчных установах? Пра гэта ды многае ў размове з дэканам факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юліяй Галкоўскай.

Halkouskia.jpg

– Юлія Мікалаеўна, ваш факультэт рыхтуе спецыялістаў, якія могуць працаваць як у бібліятэчнай, так і ў музейнай ды турыстычнай сферах. Наколькі запатрабаваныя вашы выпускнікі?

– Попыт на падобных спецыялістаў заўсёды быў і будзе высокі. Нашых выпускнікоў чакаюць у бібліятэках і музеях Беларусі, інфармацыйных цэнтрах, выдавецтвах, турыстычных арганізацыях і шмат дзе яшчэ, бо яны валодаюць методыкай фарміравання медыйнай культуры, аналізуюць масівы інфармацыі, выбіраюць аптымальныя формы яе прадстаўлення... Якасць падрыхтоўкі будучых прафесіяналаў пацвярджаецца высокай запатрабаванасцю ў арганізацый – заказчыкаў кадраў. У сярэднім штогод на аднаго выпускніка факультэта прыпадае 4-5 заявак на размеркаванне ад патэнцыйных працадаўцаў.

– Мабыць, за вашых выпускнікоў распачынаюцца “бойкі”?

– Так, асабліва за тых, хто ўжо мае вопыт працы ў бібліятэках Мінска ці рэгіёнаў. Дарэчы, на размеркаванні можна пабачыць, як працадаўцы змагаюцца за нашых выпускнікоў.

– Выязджаючы ў рэгіёны, сустракаўся з тым, што, на жаль, не ўсе бібліятэкары, асабліва ў сельскай мясцовасці, сябруюць з найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.

– Магу запэўніць, што нашы выпускнікі з інтэрнэтам ды ІТ на “ты”. Якраз летась мы ўпершыню зрабілі набор на спецыяльнасць “Бібліятэчнаінфармацыйная дзейнасць” па кірунках “Аналітыка” і “Лічбавізацыя”. У “Аналітыцы” робіцца акцэнт на стварэнне і прасоўванне інфармацыйна-аналітычных прадуктаў, кіраванне кантэнтам у лічбавым асяроддзі, візуалізацыю інфармацыі і даных. У “Лічбавізацыі” – на праектаванне, стварэнне і прасоўванне лічбавых бібліятэк, калекцый, баз даных, вэбсайтаў з выкарыстаннем інструментаў лічбавізацыі. Выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя “Бібліятэкар-бібліёграф. Спецыяліст па лічбавізацыі” і “Бібліятэкар-бібліёграф. Спецыяліст па аўтаматызаваных бібліятэчна-інфармацыйных сістэмах”.

– Складана адкрываць новыя кірункі ў той ці іншай спецыяльнасці?

– Безумоўна, але нам неабходна адгукацца на сучасныя патрэбы і працаваць на перспектыву. Бо не сакрэт, што цяпер бібліятэчна-інфармацыйная адукацыя інтэнсіўна мяняе змест і форму. Прычын для гэтага даволі шмат. Гэта і ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій, і адкрытасць і даступнасць інфармацыі ў інтэрнэце, і развіццё анлайн-адукацыі. Таму нам заўсёды трэба ісці ў нагу з часам. Іначай проста немагчыма.

– Але як вы вызначаеце перспектыўныя вектары развіцця бібліятэчнай адукацыі? Гэта ж патрабуе значнай аналітычнай працы.

– Так. І гэта праца на нашым факультэце праводзіцца пастаянна з дапамогай аналізу запытаў ад працадаўцаў, ад нашых студэнтаў, ад абітурыентаў, правядзення маніторынгу, анкетавання і гэтак далей. Увогуле, гэта даволі складаная тэма, якая патрабуе асобнай гутаркі. Скажу толькі, што, на мой погляд, у вызначэнні перспектыўных вектараў развіцця бібліятэчна-інфармацыйнай адукацыі варта прытрымлівацца сінтэзу ў развіцці інавацыйных і традыцыйных практык, тэхналогій, спосабаў дзеяння, своечасова рэагаваць на змяненні знешняга асяроддзя і запыты карыстальнікаў адукацыйных паслуг.

– Калі мы ўжо загаварылі пра маніторынг, то, наколькі я ведаю, не так даўно вы зладзілі адзін з іх, які закранае пытанні прафесійнай адаптацыі выпускнікоў спецыяльнасці “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць”. І якія тут вынікі?

– Даволі пазітыўныя. Падчас маніторынгу мы правялі анкетаванне выпускнікоў 2019, 2020 і 2021 гадоў, апытванне студэнтаў 4 курса, а таксама анкетнае апытванне прадстаўнікоў 39 арганізацый. І як высветлілася, дамінуючая большасць нашых выпускнікоў працаўладкаваны ў бібліятэках, якія з’яўляюцца базавымі арганізацыямі і арганізацыямі-заказчыкамі кадраў па спецыяльнасці “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць”. Так, 67,2% уладкаваны ў публічных бібліятэках, 26,3% – у спецыяльных (навуковых, абласных, універсітэцкіх), а 4,9% – у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

– Што наконт прафесійнай адаптацыі?

– Атрыманыя намі звесткі сведчаць, што прафесійная адаптацыя нашых выпускнікоў цягнецца пераважна ад 1 да 6 месяцаў (у 78,8% рэспандэнтаў). А сярод найбольш характэрных адаптацыйных цяжкасцей для маладых спецыялістаў бібліятэк з’яўляюцца недастатковы ўзровень заработнай платы (50,8% рэспандэнтаў), высокае псіхаэмацыйнае напружанне (24,6%), рэжым і ўмовы работы (21,3%).

– А ці прагназуюць працадаўцы патрэбы ў маладых спецыялістах? Пытанне гэта актуальнае, бо, як вядома, сёння назіраецца тэндэнцыя старэння кадраў бібліятэчных устаноў, а супрацоўнікі ва ўзросце да 30 гадоў складаюць не больш за 20% ад агульнай сукупнасці работнікаў публічных бібліятэк Беларусі.

– Паводле вынікаў нашага маніторынгу, 97,6% апытаных кіраўнікоў бібліятэк загадзя прагназуюць патрэбы ў маладых спецыялістах. Таксама ажыццяўляюць кадравае планаванне, у прыватнасці, маюць планы па развіцці кадравых рэсурсаў на 5 гадоў (47,6% рэспандэнтаў), на 3 гады (35,7%), на бягучы год (11,9%). А каб замацаваць маладых спецыялістаў, іх уключаюць у праектныя групы (45,2% рэспандэнтаў), у навукова-даследчую працу (16,7%), у працэсы кіравання бібліятэкай (19%) і гэтак далей.

– Высновы даволі цікавыя, вартыя, на мой погляд, таксама асобнай гутаркі. І яшчэ адно, цалкам практычнае пытанне. Падчас камандзіровак даводзілася бываць як у звычайных бібліятэках, так і ва ўстановах так званага змешанага тыпу, накшталт бібліятэк-музеяў, бібліятэк-клубаў. Да працы ў іх падрыхтаваныя выпускнікі? Ці могуць ладзіць цікавыя і адметныя мерапрыемствы, замяняючы клубных супрацоўнікаў?

– І ў гэтым аспекце нашы выпускнікі падрыхтаваны на ўсе сто працэнтаў. Па-першае, яны лёгка могуць працаваць з рознымі катэгорыямі чытачоў. Па-другое, валодаюць навыкамі правядзення разнастайных сацыякультурных праектаў, а таксама ўмеюць прыдумваць свае, арыгінальныя, суправаджаючы іх на ўсіх узроўнях – ад задумы і да рэалізацыі.

– Юлія Мікалаеўна, вялікі дзякуй за гутарку.

Аўтар публікацыі: Юрый Чарнякевіч.
Фота аўтара
Крыніца: Культура і мастацтва

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам