ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
На iPhone і Android выйшла беларускамоўная “Біблія для дзяцей”
XVI Міжнародны кангрэс славістаў праходзіць у сталіцы Сербіі

Кнігі, якія ён надрукаваў, данеслі праз стагоддзі ягонае імя

Кнігі, якія ён надрукаваў, данеслі праз стагоддзі ягонае імя
Іншыя навіны

Пётр Цімафеевіч Мсціславец (? – пасля 1579). Пра гэтага чалавека можна сказаць, што ён рассяваў духоўнае насенне і яно парасткамі ўзыходзіла ў людскіх душах. Вялікая місія вялікага асветніка. Імя Пятра Мсціслаўца непарыўнае з імем іншага вялікага асветніка Івана Фёдарава. Сумесна яны сталі заснавальнікамі рускага кнігадрукавання.

Невядомы год нараджэння Пятра Мсціслаўца, а само прозвішча можа ўказваць на тое, што паходзіў ён з горада Мсціслава. Застаецца загадкай, дзе і як навучыўся Мсціславец друкарскай справе і чаму ён апынуўся ў Маскве. Можа ён, як і ягоны напарнік Іван Фёдараў (беларускі шляхціц Іван Фёдаравіч герба “Рагоза”), вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. З пазнейшых крыніц вядома, што абодва друкары навучыліся кнігадрукаванню “от самех фряг (італьянцаў. – В. Ч.)”.

Відавочна, што да прыезду ў Маскву Мсціславец быў выдатным майстрам кнігадрукавання “искуша бяху и смыслени к таковому хитрому делу”. Пэўна, таму і запрасілі яго ў Маскву для работы ў створанай царом Іванам Грозным друкарні. Магчыма і тое, што Мсціславец і Фёдараў самі білі чалом цару аб заснаванні друкарні. І вось 19 красавіка 1563 года Мсціславец і Фёдараў прыступілі да друкавання “Апостала”. А дагэтуль яны зрабілі значную тэксталагічную і рэдактарскую працу. Паколькі, як прызнаваліся друкары, старыя царкоўнаславянскія кнігі Святога пісьма былі “сапсаваныя” перапісчыкамі, дык перад друкарамі паўстала складаная задача – выправіць памылкі, а гэта было па сілах толькі высокаадукаваным тэолагам, лінгвістам, філолагам. Меў рацыю знаўца Бібліі Сымон Будны, калі адзначыў, што “мала для гэтага галоў” Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, але прызнаў, што іншыя павінны быць ім удзячныя за іх працу.

Неўзабаве друкары выдалі яшчэ адну кнігу – “Часоўнік”. І на гэтым давялося спыніць работу ў Маскве. Як успамінаў Іван Фёдараў, друкарню зачынілі з-за “озлобления, часто случающегося нам от многих начальник и священноначальник и учитель, которые на нас зависти ради многие ериси умжиляли”.

Друкары адправіліся ў Літву (дакладней вярнуліся на радзіму). Іх падтрымаў вялікі гетман літоўскі Рыгор Хадкевіч, які запрасіў майстроў у свой падляшскі маёнтак Заблудаў. Хадкевіч вызначыўся не толькі пераможнымі бітвамі з ворагам, але і асветніцкай дзейнасцю. Ён марыў выдаваць кнігі для “народу христианскому русскому литовскому, да и русскому московскому, да и повсюду всем православным христианам, иже в Болгарех, и в Сербе, в Мильтенех и Волосех”. Мсціславец і Фёдараў якраз і падыходзілі да гэтых грандыёзных планаў “научение людям”.

І вось 17 сакавіка 1569 года Пётр Мсціславец і Іван Фёдараў выдалі ў Заблудаве “Евангелле вучыцельнае”, як яны пісалі, “к лучшему поученію і направлению душевному”. У гэтую кнігу яны ўключылі твор славутага царкоўнага пісьменніка Кірылы Тураўскага “Слова на Ушэсце”, нібыта засведчылі працяг ягонай асветніцкай традыцыі. А іншая кніга “Псалтыр з Часаслоўцам” была апошнім Заблудаўскім выданнем Мсціслаўца і Фёдарава. Хвароба Хадкевіча спыніла работу Заблудаўскай друкарні. Мсціславец падаўся ў Вільню, а Фёдараў на Украіну, дзе яны працягнулі сваю друкарскую дзейнасць.

У Вільні Мсціславец пачынаў з нуля. У горадзе не было ніводнага друкара, таму стварыць новую друкарню было для яго “выше нашея меры”. Аднак Мсціслаўца падтрымалі багатыя віленскія купцы Мамонічы, віленскі бурмістр Зянон Зарэцкі і яго брат Іван. Друкар лічыў сваю справу Божым талентам, дадзеным яму дзеля карысці людзей: “аще и един талант вверен будет, то не ленитися подабает, но прилежно делати”. Вось і працягваў ён “делати” кнігі. У 1575 годзе Мсціславец выдае “Евангелле напрастольнае”, а следам яшчэ дзве кнігі – “Псалтыр” і “Часоўнік”.

Тое, што часта адбывалася з падзвіжнікамі, адбылося і з Пятром Мсціслаўцам. Ягоныя высакародныя памкненні не стасаваліся з суровай рэчаіснасцю. У свой час з-за гэтага спыніў друкарскую дзейнасць Францыск Скарына, і вось ягоны паслядоўнік сутыкнуўся з падобным становішчам. Матэрыяльныя цяжкасці, жыццёвая нястача, канфлікты могуць нанесці смяротны ўдар па самых чыстых і высакародных памкненнях.

У Мсціслаўца пачаліся судовыя разбіральніцтвы з адным са сваіх кампаньёнаў Кузьмой Мамонічам. Пэўна, Пятра не задавальняла роля друкара, і ён дамагаўся таго, каб на роўных з Мамонічамі кіраваць друкарняй і ўдзельнічаць у выдавецкіх праграмах. Гэты канфлікт перашкодзіў Пятру Мсціслаўцу выдаваць кнігі. У 1576 годзе віленскі суд пастанавіў вярнуць яму друкарскае начынне і прылады і выплаціць кампенсацыю. А майстар павінен быў аддаць Мамонічу “книги выдрукаваныя”. На бяду друкара, Мамоніч не выканаў пастановы суда, а значыць ён не мог займацца кнігадрукаваннем. Давялося зноў судзіцца, і ў рэшце рэшт Мсціславец прайграў працэс. Друкарня перайшла ў чужую ўласнасць. Для Мсціслаўца гэта стала сапраўднай трагедыяй. Матэрыяльных сродкаў на тое, каб зноў наладзіць кнігадрукаванне, у яго не было. Пасля 1579 года сляды Пятра Мсціслаўца губляюцца, але ягонае імя засталося на кнігах, надрукаваных ім, якія неслі людзям “духоўнае насенне”.

Аўтар публікацыі: Вітаўт Чаропка.

Крыніца: Звязда

Чытайце таксама:


Навіны

9 Ліп 2020

Вядомы музыка, краяўзнаўца, пісьменнік Юры Несцярэнка дэбютаваў як дзіцячы аўтар: у мінскім выдавецтве “Каўчэг” выйшла яго кніга для малодшых школьнікаў на беларускай мове “Чароўныя назвы”.

Навіны бібліятэк

Па Мазырскім краі – віртуальна ў летні дзень

8 Ліп 2020

Краязнаўчы напрамак сваёй дзейнасці працягвае Мазырская цэнтральная раённая бібліятэка імя А. С. Пушкіна Гомельскай вобласці. Яна прадаставіла віртуальнай чытальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адразу некалькі сваіх рэсурсаў пра край.

Бібліятэка анлайн

Інтэрв’ю з гендырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі да Дня Незалежнасці

7 Ліп 2020

А вы ведалі, што Беларусь займае 10-е месца ў свеце па колькасці бібліятэк на мільён насельніцтва? Да Дня Незалежнасці здымачная група тэлеканала АНТ прыехала ў беларускі храм кнігі, каб сустрэцца з яго кіраўніком.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

7 Ліп 2020

7 ліпеня 1882 года ў вёсцы Вязынка, што паміж Мінскам і Маладзечна, нарадзіўся Янка Купала. Звычайны беларускі хлапец з танклявымі рысамі твару мог паўтарыць лёс свайго бацькі – дробнага шляхціца, які жыў з арэнды зямлі.

Навіны бібліятэк

Нацыянальная бібліятэка Беларусі на міжрэгіянальным круглым стале “Метадычная служба рэгіянальных бібліятэк у сучасных умовах”

7 Ліп 2020

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі 3 ліпеня 2020 года ў Пензенскай абласной бібліятэцы імя М. Ю. Лермантава ў фармаце анлайн адбыўся XII Міжрэгіянальны круглы стол “Метадычная служба рэгіянальных бібліятэк у сучасных умовах”, удзел у якім Нацыянальная бібліятэка Беларусі прыняла ўпершыню.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111