ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Homo sum: зборнік вершаў Крысціны Бандурынай
Выстава ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры знаёміць з гісторыяй сям’і Кастравіцкіх

Радавод Капіевічаў

Іншыя навіны

Частка I

Некалькі гадоў таму, займаючыся радаводнымі таямніцамі бабулі Адама Міцкевіча, Тадоры Пенкальскай, якая і сама была кальвіністка, і продкаў мела даволі вядомых сярод еўрапейскіх кальвіністаў, аўтар гэтых радкоў натрапіў на імя Гальяша Капіевіча.

І вось, сёлета, наконадні Дня беларускага пісьменства, настаў момант пазнаёміць чытачоў “К” з некаторымі эпізодамі біяграфіі друкара, перакладчыка, аднаго з імаверных бацькоў сучаснага грамадзянскага варыянта кірыліцы, спадаром Капіевічам. І, як заўсёды, мы ідзём малаходжанымі сцяжынамі, таму звесткі будуць і новыя таксама.

Kapijevich.jpg

Даволі цікава, што біяграфія Гальяша Капіевіча, асабліва, што датычыцца першага перыяду (1651? – 1677), падаецца выключна з ягоных уласных слоў. І словы гэтыя, надрукаваныя ў прадмове да кнігі “Краткое собрание Льва Миротворца…”, былі адрасаваны расійскаму цару Пятру І, з якім Капіевіч напрыканцы XVII стагоддзя ў Амстэрдаме наладзіў шчыльную супрацу. На вялікі жаль, цалкам “аўтабіяграфію” біёграфы нашага земляка не друкавалі, таму працытуем некаторыя нешматлікія знойдзеныя аўтабіяграфічныя ўрыўкі. І скарыстаемся дзеля гэтага артыкулам Генадзя Прыбыткі “На всемирную пользу…” (Жыццё і лёс Ільі Капіевіча), які выйшаў у часопісе “Беларуская спадчына” ў далёкім 1994 годзе. На сённяшні дзень гэта папулярная публікацыя з’яўляецца найбольш поўным жыццяпісам Капіевіча з напісаных ў Беларусі.

“На ўсю зямлю Полскую прогневася был великий государь (Алексей Міхайлавіч – З. Ю.) и повелел огнём и мечем разорити” , “повелевши совсем дом его (Фёдар Капіевіч – З. Ю.)сохранити, придавши караул и двух трубачей, иже оглашаша, дабы никто не посмел в двор заехати, не токмо запаляти…”, “Егда Хованский, великий гетман, ходи под Ляховиче город с войскими силами, тогда боярский сын з Бежецкие пятины (адна з пяцёх частак Ноўгарада Вялікага – Г.П.) противу наказа великого государя меня малого, в девятом году, украл и завёз с собою”, “Умилосердился великий государь и повелеле… пустити (Капиевича – Г.П) в свою землю с Цехановецким, воеводою мсциславским”, “Езуиты, попы римския веры, перед королём Казимером (Ян-Казімір ІІІ Ваза – З.Ю.) возпослушествоваша на мя свидетельство ложное: сказоваша, што я еретик, изменник, предался великому государю. Сею же лестию упросиша себе деревню мою с мужиками у короля”.

Kapijevich-1.jpg

Колькі ў гэтых словах было праўды, а колькі творчасці – дакладна адказаць немагчыма. Але, вельмі хочацца паставіцца да скаргаў Капіевіча на цяжкае дзяцінства і юнацтва крытычна. Вось чаму. На сённяшні момант абсалютна ніякіх гістарычных звестак пра калабаранта, бацьку Гальяша Фёдара Капіевіча знайсці не ўдалося. Далей, абсалютна незразумела, чым ён, уладальнік “вёскі з мужыкамі”, так спадабаўся маскоўскім інтэрвентам, якія выпалілі тэрыторыю ВКЛ да тла і нанеслі катастрафічныя страты і ў насельніцтве, і ў гаспадарцы. Пра культурныя страты ўвогуле можна не казаць. Таму звесткі пра двух маскоўскіх трубачоў і варту, якія пільнавалі дом Капіевіча, не даючы яго ў крыўды іншым маскавітам, выглядаюць, па меншай меры, фантастычнымі.

Прысягала, ратуючы жыццё, вельмі шмат і шляхты, і мяшчан, і сялян, але ва ўсей Масковіі не знайшлося б столькі трубачоў, каб прыставіць да кожнага падворка. Маскоўскі палон, вядома, мог мець месца, бо сотні тысяч беларусаў, каму ўдалося выратавацца ў вогнішчы вайны, давялося змяніць месца прапіскі. Іх сілком, асабліва тых, хто валодаў рамёствамі, ці мог выклікаць сімпатыю з боку гандляроў “жывым таварам”, вывозілі на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы. Так, дарэчы, у Маскве з’яўляліся розныя мяшчанскія слабоды. Амаль у абавязковым парадку палонных беларусаў прымушалі перахрысціцца ў правільнае праваслаўе. І, калі не памыляюся, такіх “перахрэстаў” з палону не адпускалі. Таму даволі цікава, што малы Гальяш, якога “ўзялі ў палон пад Ляхавічамі”, не толькі захаваў “веру бацькоў”, але і змог пазней выскачыць з маскоўскіх рук. Цікава таксама гэтая “бацькоўская апека” з боку цара Аляксея Міхайлавіча, які (якая іронія лёсу!) атрымаў мянушку “Тишайший”. Гісторыкі так і не прыйшлі да адзінай думкі, ці гэта была сапраўдная апека, і Капіевіч аказаўся пры двары, дзе мог пазнаёміцца з яшчэ адным славутым “палонным” – Самуэлям Гаўрылавічам Пятроўскім-Сітняновічам, больш вядомым як Сімяон Полацкі. Дарэчы, апошні таксама аказаўся ў Маскве ў выніку гэтай страшнай вайны 1654 – 1667 гадоў, але, у адрозненне ад Капіевіча, па сваёй ахвоце. І ў ВКЛ-Беларусь ужо не вярнуўся.

Ці, як мяркуюць іншыя, Капіевіч проста знаходзіўся ў Масковіі “пад рукой цара” ў шырокім сэнсе. Што ж да чароўнага вызвалення будучага друкара, то і тут ёсць што сказаць. Капіевіч згадвае мсціслаўскага ваяводу Цэханавецкага, які прыехаў у Маскву і забраў яго на радзіму. На той час, у 1659-м, ваяводам быў Мікалай Цэханавецкі. Але, ці быў ён у 1666 годзе ў Маскве, і ці сапраўды ён забраў палоннага? Вядома, што Цэханавецкі, напачатку вайны, стаў на бок акупантаў (і з іх дапамогай спрабаваў палепшыць свае маёнткавыя справы) і ледзь за гэта не наклаў галавой. Але, неўзабаве, у лістападзе 1658-га, атрымаў поўную амністыю ад караля і нават знаходзіўся у складзе пасольства, якое дамаўлялася пра мір паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Вось толькі пасольства тое было ў 1662 годзе. Праўда, няўдалае. У працах гісторыкаў-“цэханазнаўцаў” знайсці згадкі пра ягоны паўторны пасольскі “трып” не ўдалося. Хаця, можа сапраўды, паміж удзелам, як маршалка, у 1665 і 1679 гадах у Галоўным Літоўскім Трыбунале, Цэханавецкі паехаў у Маскву і выратаваў малалетняга Капіевіча. Цікава тое, што папярэднім мсціслаўскім ваяводам быў князь Рыгор Фёдаравіч Друцкі-Горскі, чый дзед, таксама Рыгор, атрымаў у якасці пасагу ад жонкі княжны Тамілы Заслаўскай Капіевічы, Сенніцу, Лошыцу і Скарынічы, што пад самым Менскам.

Ну і апошняе, што было вядома даследчыкам. У 1674 годзе Гальяш Капіевіч паступіў у Слуцкую кальвінісцкую гімназію, скончыў яе і працаваў там лектарам (выкладчыкам малодшых класаў). А ў 1676 годзе Капіевіч ажаніўся з Аленай з Жыдовічаў. Гэта абсалютна невядомы нашым сучаснікам факт, хоць аб гэтым яшчэ ў 1936 годзе напісаў Шыман Канарскі ў даведніку “Кальвінская шляхта ў Польшчы”. Пазней, у 1970 аб гэтым згадаў і Збігнеў Новак, гісторык літаратуры, аўтар, як падаецца, самай грунтоўнай публікацыі пра Капіевіча. Але выйшла яна ў гданьскім гістарычным альманаху, што называецца, для “сваіх”, і яе мала хто бачыў на ўласныя вочы. Праўда, пра перыяд жыцця Капіевіча, які нас цікавіць зараз, там небагата.

Уласна кажучы, гэта ўсё, што было вядома пра жыццё Гальяша Капіевіча ў перыяд з 1651 (прыблізны год нараджэння) па 1676. І не падлягаюць сумневу толькі дзве даты – 1674 і 1676. Астатняе я б пакінуў пад знакам “пытальніка”.

Словы – словамі,
а дакументы…

Давайце паспрабуем, наколькі гэта будзе магчыма, разабрацца ў пытанні паходжання Гальяша Капіевіча. На тле адсутнасці фактаў прыйдзецца строіць гіпотэзы.

Першым з Капіевічам, згадка пра якога намі была знойдзена ў метрычнай кнізе Слуцкага кальвінісцкага збору, з’яўляецца Філіп. Сярод слуцкіх кальвіністаў, імёны якіх былі запісаны ў камуніі, маецца асобы запіс:

“10 april [1653] – Nowotni – Philippus Kopieiewicz, Gabryel Reczynski, pro die sacro coe”.

Nowotni – як вынікае з іншых падобных запісаў камуній кальвінісцкага збору, гэта асобы, якія або доўгі час адсутнічалі, або ўвогуле прыбылі “першы раз”, або прыбылі і змянілі веру. Напрыклад, ёсць згадка пра такіх “навічкоў”, якія змянілі “рускую веру” на кальвінісцкую.

Магчыма, падказка хаваецца ў асобе Габрыэля Рэчынскага, які згаданы разам з Капіевічам. Гедэон Габрыэль Рэчынскі (часам Рэнчыньскі), быў даволі вядомым дзеячам кальвіністкай царквы ВКЛ. Ажаніўся на Гальшке з Воланаў. У 1663 – кафедрыст збору ў Слуцку. Памёр у 1680-х, як падляшскі кансеньёр і заблудаўскі казнадзей. Гэтыя пасады пасля смерці Рэчынскага адразу пераняў Філіп Капіевіч.

Вельмі цікава, што перш, чым “зарэгістравацца” ў Слуцкім зборы, Габрыэль адзначыўся ў камуніі таго ж збору значна раней, у 1645. Увогуле, калі казаць пра Рэчынскіх, то трэба ўзгадаць “першапродка” Яна, які ў 1612 фігуруе ў дакументах, датычных Літоўскай ядноты. Сустракаецца гэта прозвішча і сярод шляхты, якая жыла на Смаленшчыне перад вайной 1654 –1667 гадоў.

Што да Філіпа Капіевіча, то ён пражыў даволі доўгае і насычанае жыццё. У 1659 годзе быў лектарам (выкладчыкам малодшых класаў) у Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, у 1662-м стаў катэхістам тамтэйшага збору, у 1663-м – казнадзей збору ў Капылі, у 1684 – 1689-х перамясціўся на Падляшша, дзе выконваў розныя абавязкі пры зборы ў Венграве, а потым заняў пасады свайго калегі Рэчынскага. Ажаніўся 19 лютага 1662-га з Сузанай з Музоніўшаў (Мазанікоўскіх), з якой меў дзяцей – Юрыя (1663), Яна (1665) і Канстанцыю (1667). Другі шлюб ён узяў у Койданава з Ганнай з Малюёўскіх.

Расповед пра пачаткі Капіеўскіх не будзе поўным, калі не згадаць пра тое, што 24 сакавіка 1659 года ў Слуцкім зборы адбыўся хрост Юзафа, сына пастара Паўла Жарновіча (Жарнавец) і Рэгіны з Капіевічаў. Кумамі іх сына сталі шляхетныя асобы – Павел Трацкевіч-Радзімінскі, наваградскі харужыч, пастар Геранім Касарскі, Марцін Касакоўскі, Зафея Мірская, жонка стражніка і Канстанцыя з Шпенгоўскіх Храпавіцкая, жонка Тамаша-Казіміра Храпавіцкага, полацкага гараднічага (кліента біржанскіх Радзівілаў). Важна, што іншы Храпавіцкі, полацкі ваявода Ян, антаганіст у судовых спрэчках мсціслаўскага ваяводы Мікалая Цадроўскага, сапраўды будзе браць удзел у заключэнні Андрусаўскага перамір’я з Масквой у 1667 годзе. Можа і Храпавіцкія паўплывалі на лёс Гальяна Капіевіча? Хто ведае…

Дадамо яшчэ, што першая жонка Паўла Жарновіча, Барбара, памерла 11 снежня 1657 года ва ўзросце 57 гадоў і была пахаваная ў Слуцку. А Рэгіна з Капіевічаў, застаўшыся ўдавой, 18 лістапада паўторна пайшла замуж за Станіслава Здановіча.

Гэтыя прыведзеныя звесткі паказваюць, што “каханню ўсе ўзросты пакорны”. Асабліва ў тыя невясёлыя і жорсткія часы. Дзяўчынак маглі аддаць замуж пачынаючы з 12 гадоў, прычым, як падаецца, верхняя планка ўзросту мужа не абмяжоўвалася. 

Частка II
Частка III

Аўтар публікацыі: Зміцер Юркевіч.
Крыніца: Культура

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам