ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Беларуская батлейка ў музеі кнігі
100 гадоў гісторыі з БелТА

Радзімалюб і словалюб

Радзімалюб і словалюб
Іншыя навіны

Да 90-годдзя акадэміка Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася яго юбілейная вечарына.

Радзім Гаўрылавіч перадаў у дар бібліятэцы сваю новую кнігу “Апантаны Бацькаўшчынай”. Дарэчы, яго пяру належаць 515 навуковых прац і агулам каля 1 000 артыкулаў у перыядычным друку на тэмы культуры, літаратуры, беларускай мовы, кнігі ўспамінаў “Ахвярую сваім я”, ( 1998), “Браты Гарэцкія”( 2008), “Жыццёвы меланж” ( 2013), “Лісты жыцця і кахання”( 2013), зборнікі артыкулаў “Шляхам адраджэння” (1977), “Вечна жыве Беларусь!” (2003). “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы” (2002) і іншыя.

SAM_4724.JPG

Мы пагутарылі з шаноўным акадэмікам пра яго літаратурную спадчыну і род Гарэцкіх.

– Радзім Гаўрылавіч, вы шмат працуеце над захаваннем гісторыі вашай сям’і. Вашы бацькі надалі вам такі моцны імпульс узаемнай любові і паказалі прыклад годнага жыцця, што яго хапіла на 90 гадоў!

– Такога шчырага, вернага і высокага кахання, як у нашых бацькоў, якое ўключала любоў да жыцця, людзей, зямлі, мы з братам не сустракалі! Гэты быў прыклад узаемаразумення, аднадумства, шчырай любові адзін да аднаго, да блізкіх, Бацькаўшчыны, народа, беларускай мовы і роднай зямлі.

Гаўрыла Іванавіч – сапраўдны беларускі інтэлігент, носьбіт вызначальных рыс беларускага нацыянальнага характару, сярод якіх – высакародства, мудрасць, вера ў гуманістычныя ідэалы, арганічная зрошчанасць са сваім народам, самаахвярнасць, здзіўляючае працалюбства, сіла духу, унутраная непахіснасць, няскоранасць.

Вось чаму сёння неабходна гаварыць пра вялікую ролю Гаўрылы Гарэцкага ў нашым духоўным жыцці, маральным аздараўленні грамадства, як і даследаваць літаратурна-мастацкую спадчыну класіка айчыннай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Ларыса Восіпаўна Парфяновіч была родам з Беластоку з сям’і чыгуначніка Восіпа Іванавіча і хатняй гаспадыні Ефрасінні Міхайлаўны.

Я заўсёды здзіўляўся мужнасці гэтых людзей. Што ім дапамагло перанесці ўсе тыя жудасныя пакуты і застацца добразычлівымі людзьмі з чыстымі душамі?

Гэта – прага да жыцця, бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны, уменне знаходзіць задавальненне ў рознай, як у разумовай, так і фізічнай працы, а каму пашчасціла – вялікае каханне. 8 ліпеня 1939 года з турмы пасёлка Мядзвежая Гара Гаўрылу ўдалося перадаць ліст да жонкі, у якім ён выказаў сваё вялікае каханне да яе і які цудам захаваўся да нашага часу.

Да 90-годдзя пачатку жыцця бацькоў , складанага і нялёгкага, я вырашыў выканаць сваю задуму і выдаць кнігу “Лісты жыцця і кахання” . У пачатку 2013 года я аддаў рукапіс і фотаздымкі ў выдавецтва “Тэхналогія”.

– Жыццёвы досвед вашага бацькі надзвычай багаты.

– Мяне здзіўляе, што ён так шмат дасягнуў у геалогіі! Да гэтага дзейнасць Гарэцкага як эканаміста высока ацэньваў урад БССР і шэраг калег. У 1925 годзе ў Горках ён працаваў дацэнтам, загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён выпусціў манаграфію пра народны прыбытак Беларусі і артыкулы пра сельскую гаспадарку. Гаўрыла Гарэцкі вельмі многа працаваў у розных напрамках – навукова-арганізацыйным, грамадскім.

У высылцы ў Мядзвежай Гары былы акадэмік-эканаміст ступіў на невядомую сцежку новай спецыяльнасці – геалогіі – і захапіўся ёй. Ён праводзіў інжынерна-геалагічныя вышуканні пад шэраг гідраэлектрастанцый. І ужо 16 лютага 1945 года ў Інстытуце геалагічных навук АН СССР адбылася абарона яго кандыдацкай дысертацыі па вывучэнні Кольскай і Туломскай далін на Кольскім паўвостраве. Яго праца была высока ацэнена, а 13 мая 1946 года Гаўрыла Гарэцкі абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені доктара геолага-мінералагічных навук.

Яго поўнасцю рэабілітавалі ў 1958 годзе і толькі праз 10 гадоў, у 1968-м, яму дазволілі вярнуцца на Радзіму.

На мой жыццёвы выбар паўплывала наша падарожжа з бацькам па рацэ Каме, тады я адчуў захапленне прыгажосцю прыроды і пазнаёміўся з геолагамі.

SAM_4772.JPG

– Адзін з сучасных пісьменнікаў адзначыў, што вы распрацоўваеце свой жанр у кірунку літаратуры нон-фікшн, які вы акрэслілі як “меланж”. Ён ахоплівае публіцыстыку, лірычныя мініяцюры, нататкі, згадкі пра сяброў, цікавыя факты з жыцця. Такі багаты матэрыял складае вашу апошнюю кнігу.

– “Апантаны Бацькаўшчынай” – гэта працяг маёй кнігі ўспамінаў “Жыццёвы меланж”, якая выйшла ў 2013 годзе. Падрыхтававаць і выпусціць кнігу мне дапамагло ГА ЗБС “ Бацькаўшчына”. “Меланж-2” аб’ядноўвае пяць раздзелаў, у якіх сабраны ўспаміны і нататкі пра падзеі грамадскага і культурнага жыцця 2013–2018 гадоў.

– У вашай новай кнізе вы ўзгадваеце пра сяброўства з Нілам Гілевічам, Янкам Брылём, успамінаеце сустрэчы з Міколам Аўрамчыкам.

– Мае блізкае знаёмстсва з Нілам Гілевічам пачалося ў дні, калі адзначаўся 100-гадовы юблей з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Выдатны паэт і дзяржаўны дзеяч высока цаніў асобу Максіма Гарэцкага. З вялікай радасцю мы сустракаліся на літаратурных вечарынах, нарадах, прымалі ўдзел у штогадовых Гарэцкіх чытаннях, тэлефанавалі адзін аднаму. З прыемнасцю успамінаю нашу вандроўку ў Крынічнае на Нёмане з жонкай Галінай, Нілам Гілевічам і яго Нінай Іванаўнай. Мяне здзіўляла ўніверсальнасць творчай палітры ўсіх літаратурных родаў і жанраў у творчасці Ніла Сымонавіча.

Тады ж я зблізіўся з Янкам Брылём. У Горках адбыліся другія Гарэцкія чытанні, рэспубліканскі ўрачысты вечар, адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку сельскагаспадарчай акадэміі і музея М. Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы. На зваротным шляху ў нашым аўто ўсю дарогу гучалі песні, галоўным салістам быў Янка Брыль, які меў прыгожы голас, а аматарскі хор складалі Тэрэза Голуб, Таццяна Дасаева, Міхась Мушынскі і я.

З Міколам Аўрамчыкам я пазнаёміўся яшчэ ў канцы 1970-х гадоў, калі ён працаваў загадчыкам аддзела паэзіі часопіса “ Маладосць”. Я ведаў пра яго трагічны лёс, які двойчы прыводзіў яго на мяжу жыцця і смерці ў чэрвені 1942 года на Волхаўскім фронце і ў красавіку 1945-га на Рурскіх шахтах. Мікола Аўрамчык уражваў мяне сваёй высокай чалавечай годнасцю, надзвычайнай добразычлівасцю, жыццярадаснасцю, шчырасцю адносін.

Аўтар публікацыі: Эла Дзвінская, фота аўтара.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам