ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Беларускі дызайнер рэканструяваў шрыфт Францыска Скарыны
Загадкі Янкі Купалы. Скрыган пра Песняра

Рамантыкі адраджэння. Максім Багдановіч і Міхай Эмінеску

Рамантыкі адраджэння. Максім Багдановіч і Міхай Эмінеску
Іншыя навіны

Чалавек рэдка бывае задаволены эпохай, у якой яму выпадае нарадзіцца, і схільны рамантызаваць мінулае. Зразумела, мала хто жадае жыць падчас вайны, змены грамадскага ладу ці быць сведкам прыродных катастроф. Аднак падобныя стрэсавыя сітуацыі спрыяюць актывізацыі чалавечага патэнцыялу, пераацэнцы каштоўнасцей і з’яўленню геніяў – асоб, якія закліканы даць свету надзею, арыенціры для будучыні, растлумачыць сутнасць рэчаў і ісці сваім прароцкім шляхам, часта насуперак акружэнню. Іх імёнамі потым, праз шмат гадоў ці нават праз стагоддзі, называюць гарадскія вуліцы і плошчы.

У часы нацыянальнага адраджэння Румыніі і Беларусі (XIX – пачатак ХХ стагоддзя) такімі яркімі асобамі былі Міхай Эмінеску і Максім Багдановіч.

Нездарма гэтыя творцы згаданы разам. Дні памяці абодвух прыпадаюць на пару цвіцення, росквіту прыроды. 25 мая 1917 года ў 25 гадоў не стала Максіма, а 15 чэрвеня 1889-га – 39-гадовага Міхая.

Кажуць, геніі не жывуць доўга – геніі жывуць вечна. І нярэдка ў іх лёсах і творчасці можна знайсці паралелі. Кароткае, але надзвычай плённае жыццё, няўдачы ў асабістым, невылечная хвароба, абвостранае адчуванне прыгожага, а таксама адзіноты, мяжы жыцця і смерці, перажыванне за лёс свайго народа і радзімы, вандроўнае або вымушанае існаванне на чужыне...

Больш-менш абазнаны ў беларускай літаратуры чытач падчас знаёмства з біяграфіяй і паэзіяй класіка румынскай літаратуры Міхая Эмінеску абавязкова згадае радкі, вобразы ды факты з жыцця Максіма Багдановіча. У жыццяпісах двух класікаў ёсць нават лічбавыя супадзенні. Так, першы верш абодва паэты апублікавалі, калі ім было па 16 гадоў; у кожнага пры жыцці выйшаў усяго 1 зборнік твораў: у Эмінеску – "Вершы" (1883 г.), у Багдановіча – "Вянок" (1914 г.); паміж гадамі іх нараджэння розніца – 41, а пражыў Эмінеску больш за Багдановіча на 14 гадоў. І гэта толькі тое, што навідавоку.

Інтэлігентныя, далікатныя натуры, пакліканыя нацыянальным адраджэннем, яны былі ў ліку заснавальнікаў літаратурнага працэсу кожны ў сваёй краіне і спрычыніліся да фарміравання літаратурнай мовы, натхняліся прыродай і фальклорам.

Непагодны вечар. Сумна, дружа, мусі?
Каб разважыць смутак, ціха запяваю: –
Ой, ляцелі гусі ды з-пад Беларусі,
Скалацілі воду ціхага Дунаю…

Не раз пад уплывам беларускай народнай творчасці Максім Багдановіч згадвае назву гэтай ракі, тэрытарыяльна бліжэйшай, хіба, Міхаю Эмінеску. У беларускім жа фальклоры Дунай – увогуле вялікая рака (такое значэнне назоўніка "дунай" у старажытнай арыйскай мове). Але ж як прыгожа пракладзена нітка сувязі паміж Беларуссю і поўднем Еўропы, куды птушкі з поўначы ляцяць у вырай!

Арыентацыя на вусную народную творчасць і цікавасць да гісторыі, любоў да прыроды і яе адухаўленне – агульнае для румынскага і беларускага класікаў.

– Задуменны лес, лясок,
Што ты робіш, мой браток?
Як рассталіся сябры,
шмат мінула з той пары…

– так пачынаецца верш "Спатканне" Міхая Эмінеску.

Максім Багдановіч, "заварожаны вячэрняй цішынёй", бачыць, "з прыродай зьліўшыся душой, як дрыжаць ад ветра зоркі", чуе "як расьце трава", а "на моху між спелай брусніцы" ўяўляе адзінокага Лесуна. Адзінокага, як і сам паэт. Як, дарэчы, абодва класікі, якім асвятлялі смутак хіба згадкі ці знакі ўвагі каханых.

...І хоць рэдка, ды бывае:
Я сяджу пры лямпе ўночы –
Раптам сэрца замірае,
Клямка недзе там скрыгоча...
То Яна. Ў мой дом самотны
Ледзьве толькі увайшла –
Азарыла ўсё абліччам,
Поўным яснага святла...

– дзеліцца Міхай Эмінеску ў вершы "Адзінота". І ва ўнісон з ім – Максім Багдановіч:

Я, бальны, бесскрыдлаты паэт,
Помню, раз пазабыў сваё гора, –
Гэта чуда зрабіў Ваш прывет...

Сапраўды, цяжка ўявіць паэта без музы. А яшчэ цяжэй – паэта, шчаслівага ў каханні. Міхаю Эмінеску, падаецца, больш пашанцавала ў гэтым плане. Паміж ім і яго каханай, паэткай Веранікай Мікле, была ўзаемнасць, хоць адносіны і жыццёвыя абставіны, у якіх яны развіваліся, не назавеш простымі. Максім Багдановіч быў закаханы не раз, аднак цяжкая хвароба, узвышаная далікатнасць ды сціпласць паэта перашкаджалі змагацца за сваё каханне. Яднае ж двух паэтаў імя Вераніка. У свядомасці кожнага беларуса са школьнай пары ўпісаны радкі Максіма Багдановіча:

...Няма таго, што раньш было,
І толькі надпіс "Вераніка"...

Настальгія па дзяцінстве і каханні – таксама агульныя матывы паэзіі беларускага і румынскага класікаў. А яшчэ – зорка Венера (вячэрняя і ранішняя зорка) у Багдановіча і Лучафэрул (ад румынскага ‘вячэрняя або ранішняя зорка’) у Эмінеску, увогуле начны зорны ды месяцавы небасхіл. Верш "Раманс" ("Зорка Венера...") у Багдановіча і паэму "Лучафэрул" у Эмінеску можна лічыць самымі папулярнымі ў гэтых аўтараў. А румынскага класіка называюць "ранішняй зоркай" нацыянальнай літаратуры, Максіма Багдановіча – песняром, які вывеў беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, паказаўшы, як прыгожа па-беларуску гучаць тыя ж санеты, трыялеты ды філасофская, інтымная лірыка.

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я...
(з "Трыялета" М. Багдановіча)

Яны, такія блізкія, ніколі не сустракаліся, бо гэта было немагчыма: Максім Багдановіч нарадзіўся праз два з паловай гады пасля смерці Міхая Эмінеску. Няма дакументальных сведчанняў пра знаёмства Багдановіча з творчасцю румынскага паэта. Аднак іх абодвух сфарміравала эпоха нацыянальнага адраджэння, падобныя гістарычныя ўмовы, выдатная адукацыя, а таксама найлепшыя ўзоры еўрапейскай літаратуры, якія яны цудоўна перакладалі і аналізавалі, на якія арыентаваліся, пішучы свае творы. Абодва паэты, дарэчы, вядомыя як выдатныя журналісты і літаратурныя крытыкі, публіцысты, патрыёты, чые разважанні ды заўвагі актуальныя і сёння. У артыкуле "Рэальны і фіктыўны прагрэс" Міхай Эмінеску адзначае: "Нізкі культурны ўзровень і ў вярхах, і ў нізах – яшчэ не самае вялікае бедства... Усе імкнуцца толькі да аднаго – карыстацца перавагамі замежнай цывілізацыі, а не ствараць у краіне культурныя ўмовы, у якіх такія вынікі дасягаюцца самі сабой". Гэта вельмі блізка і знаёма таксама беларусу, прычым як пачатку ХХ стагоддзя, так і сучаснаму. У артыкуле "Забыты шлях" Максіма Багдановіча чытаем: "...занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго... гэта значна глуміць народную душу. Да таго ж, адны жабракі могуць праз усё жыццё толькі браць".

Паэты моцныя і патрыятычнымі вершамі. Пранізліва гучыць "Дойна" Міхая Эмінеску:

Ад Днястра ажно да Цісы
Слёзы лье румын, як з місы,
Што не можа ён прабіцца:
Паабселі чужаніцы…

І паралельна згадваецца ў Максіма Багдановіча:

Краю мой родны!
Як выкляты Богам –
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты...
Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі...

На дапамогу ў барацьбе за незалежнасць Міхай Эмінеску кліча легендарнага румынскага кіраўніка Штэфана Вялікага:

Бог, цябе пачуўшы, можа,
Ратаваць наш род паможа!..

А Максім Багдановіч кліча старадаўнюю Пагоню ў аднайменным вершы.

Да канца жыцця ні адзін, ні другі паэт не прычакаў шчаслівага моманту поўнага адраджэння сваёй дзяржавы. Але і Міхай Эмінеску, і Максім Багдановіч самааддана змагаліся за гэта, пакінуўшы нашчадкам свае перажыванні і неўміручыя словы, якія працягваюць біць у сэрцы і натхняць.

...Дадзена адно паэту –
Ўзняцца па-над далямі,
Час пераадолець...

У гэтым быў перакананы румынскі класік.

Аўтар: Вераніка Бандаровіч.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр

15 Кра 2024

Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведаў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр – адзіны дзеючы манастыр горада Мінска, галоўная мэта якога – духоўная і сацыяльная дапамога хворым і пакутным людзям.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Яны сталі першымі беларусамі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза

16 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна камандзіру танкавага ўзвода, лейтэнанту Мікалаю Аляксандравічу Сяліцкаму (1907–1936) і камандзіру танка Паўлу Емяльянавічу Купрыянаву (1908–1936) прысвоена Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР ад 31 снежня 1936 года “за ўзорнае выкананне спецыяльных і цяжкіх заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і праяўлены ў гэтай справе гераізм” (пасмяротна).

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэка прымае ўдзел у месячніку па добраўпарадкаванні і азеляненні

13 Кра 2024

13 красавіка супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падтрымалі акцыю і прымаюць удзел у месячніку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”

15 Кра 2024

У гэтым годзе адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі (1819–1872). Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі папаўняе новымі матэрыяламі ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаны ў 2019 годзе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам