ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Гадзіна музыкі” адкрывае новы сезон
“Маё шчаслівае жыццё” цяпер па-беларуску

Самота, атлусценне і сяброўства. Пра што пішуць лаўрэаты Еўрапейскай прэміі па літаратуры

Самота, атлусценне і сяброўства. Пра што пішуць лаўрэаты Еўрапейскай прэміі па літаратуры
Іншыя навіны

Роўна 10 гадоў таму Еўрапейскі саюз вырашыў заснаваць уласную прэмію па літаратуры з тым, каб папулярызаваць на міжнародным узроўні не надта вядомых, але таленавітых аўтараў з розных краін Еўропы. Таму намінантам можа стаць аўтар, які мае не менш за дзве, але не больш за чатыры выдадзеныя арыгінальныя кнігі.

Каардынуе прэмію адмысловы кансорцыум, які стварае нацыянальныя журы і арганізуе цырымонію ўзнагароджання. Цікава, што конкурс можа ісці ажно цягам трох гадоў. Першы цыкл быў у 2009–2011 гг., трэці скончыўся ў 2017 г. А ў 2019 г. пачаўся новы цыкл, які завяршыцца ў 2021 г.

Кожны год каля 15-ці еўрапейскіх краін абіраюцца да ўдзелу ў конкурсе, пасля зацвярджаецца склад нацыянальных журы, бо ў кожнай краіне яно сваё. Ну а чальцы журы ўжо вызначаюць пераможцу.

Адметна і тое, што ў конкурсе маюць права ўзяць удзел не толькі краіны – сябры ЕС , але і іншыя краіны Еўропы, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі праграмы “Крэатыўная Еўропа”, – агулам 41 краіна.

Лаўрэаты атрымліваюць грашовую прэмію ў памеры 5000 еўра і падтрымку ў выглядзе перакладу сваёй кнігі, а таксама яе прамоцыю на міжнародным узроўні. Сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел наступныя краіны: Украіна, Аўстрыя, Вялікабрытанія, Грэцыя, Грузія, Ірландыя, Італія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Венгрыя, Фінляндыя і Францыя.

Давайце пазнаёмімся з намінантамі і іх творчасцю.

Аўстрыя. Гэтую краіну прадстаўляе Лаўра Фройдэнтхалер.

Premija_1.jpg

Лаўра нарадзілася ў 1984 г. у Зальцбургу, вывучала нямецкую мову і літаратуразнаўства, філасофію, займалася гендарнымі даследаваннямі. Яе першая кніга выйшла ў 2014 г., а праз чатыры гады раман “Каралева маўчыць” атрымаў добрыя адзнакі ад крытыкаў і атрымаў літаратурную ўзнагароду. Раман пагружае чытача ў ізаляваны космас вёскі і складаецца з фрагментаў памяці старой жанчыны. Гісторыя яе жыцця трагічная, аднак сама гераіня не ўспрымае яе так, яна хутчэй носіць гэты цяжар на плячах з гонарам, як «каралева». Другі раман пісьменніцы “Гісторыя прывідаў” пабачыў свет у 2019 г., і менавіта за гэтую кнігу Лаўра атрымала Еўрапейскую прэмію па літаратуры. Твор пра пустэчу, якая раптоўна ўтварылася ў жыцці маладой жанчыны. Удзень яна блукае па вуліцах, уначы запісвае свае назіранні ў сшытак. Усё, што раней мела значэнне ў яе жыцці, паступова сыходзіць у цень.

Фінляндыю прадстаўляе таксама жанчына – Пія Лейна (Piia Leino).

Premija_2.jpg

Пія нарадзілася ў 1977 г., жыве ў Хельсінкі, працавала журналісткай на тэлебачанні амаль 20 гадоў. Яе першы раман быў прысвечаны рэаліці-шоу і апавядаў аб праблемах, з якімі сутыкаюцца жанчыны. Як аўтарку яе цікавяць правілы, згодна з якімі функцыянуе грамадства, і як яно развіваецца. Папулярная культура, сацыяльныя медыя і палітыка – вось галоўныя тэмы яе твораў.

Францыя. Сафі Доль (Sophie Daull).

Premija_3.jpg

Актрыса і пісьменніца, нарадзілася ў 1965 г. Вывучала музыку ў Нацыянальнай кансерваторыі ў Страсбургу, што і падштурхнула яе стаць актрысай, а потым паспрабаваць сябе ў літаратуры і ў жанры інсталяцый з музыкай і рухамі. Яе першы твор “Camille, mon Evolée” (2015 г.) атрымаў прыз за найлепшы дэбют ад часопіса “Lire”.

Бека Адамашвілі (Beqa Adamashvili) стаў лаўрэатам ад Грузіі.

Premija_4.jpg

Вядомы грузінскі блогер, дырэктар крэатыўнага агенцтва вывучаў журналістыку і сацыялогію ва ўніверсітэце. Яго літаратурны дэбют адбыўся ў 2009 г. Бека апублікаваў у інтэрнэце свае кароткія апавяданні і адразу ж набыў папулярнасць сярод чытачоў. У 2014 г. яго кніга “Бестселер” стала сапраўдным бестселерам у Грузіі. Добрае пачуццё гумару і глыбокія веды ў галіне сусветнай літаратуры, алюзіі на класічныя літаратурныя творы, а таксама выдатнае веданне прынцыпаў маркетынгу і рэкламы робяць яго апавяданні захапляльнымі і прыцягальнымі, што спрыяе росту яго папулярнасці.

Намінантам ад Грэцыі стаў Нікас Хрысас (Nikos Chryssos).

Premija_5.jpg

Аўтар нарадзіўся ў 1972 г. у Афінах і пачатку вучыўся на біёлага, але пасля вырашыў выбраць прафесію рэжысёра. Яму належыць букіністычная кнігарня ў Афінах. Нікас напісаў і выдаў 2 кнігі, сярод якіх раман “Новы дзень”, за які ён і быў намінаваны на прэмію. Кніга апавядае пра прыгоды банды бяздомных, якія жывуць і паміраюць у порце “поўдня Еўропы”. Раман пра жыццё і смерць, злачынствы і пакаранні. Па словах аўтара, менавіта "захапляльныя кароткія гісторыі, а таксама захапляльныя шматгранныя раманы складаюць ядро грэцкай літаратурнай традыцыі".

Ад Венгрыі лаўрэатам з’яўляецца Рэка Ман-Варэдзі (Réka Mán-Várhegyi).

Premija_6.jpg

Рэка нарадзілася ў 1979 г. у Румыніі, а ў 1990 г. пераехала ў Венгрыю, дзе цяпер і жыве. Вывучала эстэтыку і сацыялогію, а таксама этнічныя меншасці. Пасля шмат гадоў працавала рэдактарам дзіцячых кніг у выдавецтве. Яе першы зборнік кароткіх апавяданняў з’явіўся ў 2014 г. і быў прызнаны вельмі ўдалым дэбютам. Рэка піша кнігі для дзяцей і падлеткаў, за якія атрымала ўжо некалькі літаратурных прэмій у 2013 і 2018 гг. З чорным гумарам і яркімі дэталямі яна апісвае паднаготную венгерскай сям’і. Атлусценне, юнацкія комплексы, прабуджэнне сексуальнасці – усё гэта можна знайсці ў творах аўтаркі.

Ян Карсан (Jan Carson) была намінаваная ад Ірландыі.

Premija_7.jpg

Яна жыве ў Белфасце. Яе першы раман быў надрукаваны ў 2014 г. і атрымаў добрыя водгукі. А ў 2015 аўтарка штодзённа пісала кароткую гісторыйку на паштовай картцы і дасылала яе аднаму з сваіх сяброў. Кожная такая гісторыйка апісвала нейкі момант з яе жыцця: падслуханую размову, пабачаную карціну, мімалётную думку і г.д. У 2018 г. зборнік гэтых звышмаленькіх апавяданняў атрымаў прыз ад Ірландскага саюза пісьменнікаў, а перад гэтым – у 2016 г. – ад часопіса “Harper’s Bazaar”.

Лаўрэатам ад Італіі стаў Джавані Дацыні (Giovanni Dozzini).

Premija_8.jpg

Аўтар нарадзіўся ў Перуджы ў 1978 г., дзе жыве і цяпер. Працуе журналістам і перакладчыкам. З 2014 г. – сябра арганізацыйнага камітэта “Encuentro” – фестывалю, які прасоўвае іспанскую літаратуру ў Італіі. Займаецца музыкай і сам сябе называе “рок-зорка, у якой нічога не атрымалася”. У сваіх творах Джавані ўздымае пытанне міграцыі. Што адбываецца з чалавекам, калі ён робіць першыя крокі на зямлі чужой краіны, яго страхі, жаданні, гнеў і настальгія, а яшчэ – надзея.

Нашу суседку Літву прадставіла Дайна Апалскайтэ (Daina Opolskaitė).

Premija_9.JPG

Аўтарка нарадзілася ў 1979 г. у Ваўкавішках, скончыла Віленскі педагагічны ўніверсітэт, дзе вывучала літоўскую філалогію. Цяпер працуе настаўніцай у школе ў родным мястэчку. У 2000 г. атрымала прыз Літоўскага саюза пісьменнікаў за сваю дэбютную кнігу, а ў 2018 г. – дзве літаратурныя прэміі за зборнік кароткіх апавяданняў. Дайна піша кнігі для дзяцей і падлеткаў. У 2017 г. яе раман “І аднойчы, Рычы” стаў кнігай года. Кніга апавядае пра сапраўднае сяброўства і ўздымае шмат важных пытанняў для падлеткаў, а самае галоўнае – імкнецца даць на іх адказы: “Як ты можаш адчуваць сябе шчаслівым, калі цябе зваць Баліс Белек? Што такое быць Белекам – гэта нішто. І нават калі дадаць рудыя валасы, добраахвотнікаў не знайшлося б. Іншы аднакласнік Рычы – прыгожы, разумны, смелы і спартыўны. Калі ён прыязджае ў школу на скутары, вочы ўсіх дзяўчат ззяюць, нібыта люстэркі”.

Сучасную літаратуру яшчэ адной нашай суседкі, Польшчы, прадставіла Марта Дзіда (Marta Dzido).

Premija_10.jpg

Аўтарка нарадзілася ў 1981 г., скончыла школу кіно ў Лодзі і здымае дакументальныя стужкі. А яшчэ яна напісала тры раманы і навукова-папулярную кнігу “Жанчыны салідарнасці”. Яе кар’ера як рэжысёра таксама паспяховая. Марта працавала галоўным аператарам на здымках дакументальнай стужкі "Underground Women’s State" (2009 г.) і адным з рэжысёраў дакументальнага фільма "Downtown" (2010 г.), які атрымаў прыз “Hollywood Eagle Documentary Award” у 2011 г.

Наступны намінант – з Румыніі, Таццяна Цыбуляц (Tatiana Țîbuleac).

Premija_11.jpg

Таццяна нарадзілася ў 1978 г. у Кішынёве, навучалася на факультэце журналістыкі Малдаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Шырокая публіка ўпершыню даведалася пра яе ў 1995 г. дзякуючы калонцы “Сапраўдныя гісторыі” ў штодзённай газеце “Flux”. З 2008 г. аўтарка жыве ў Парыжы. Яе дэбютам стаў зборнік кароткіх апавяданняў у 2014 г. У 2017 г. яе першы раман “Лета, калі ў маці былі зялёныя вочы” атрымаў прэмію ад Саюза малдаўскіх пісьменнікаў, прыз літаратурнага часопіса “Observator Cultural” (Бухарэст) і прэмію “Observator Lyceum prize” на фестывалі ў Ясах. Кніга апавядае пра жанчыну, што памірае, і яе сына, якія праводзяць лета ў французскай вёсцы. Раман быў перакладзены на французскую і іспанскую мовы. Але на прэмію пісьменніца была намінаваная за раман “Шкляны сад”, дзе яна таксама звяртаецца да тэмы маці, любімага і нелюбімага дзіцяці, пра трагічныя наступствы “няверы”. Лёс сіраты ў мультыкультурным Кішынёве, якому самотная і амбітная жанчына можа прапанаваць квітнеючую будучыню, а можа купіць у якасці працоўнай сілы і бязлітасна эксплуатаваць. Сталенне дзяўчыны паміж дзвюма мовамі і дзвюма культурамі (малдаўскай і румынскай) у гады, калі мяняюцца межы і палітычная сістэмы. Твор спалучае і жорсткасць назірання за трагічнымі падзеямі, і спачуванне пакутам.

Івана Дабраковава (Ivana Dobrakovová) стала лаўрэаткай ад Славакіі.

Premija_12.jpg

Пісьменніца і перакладчыца жыве ў Турыне. Яе літаратурны дэбют – зборнік кароткіх апавяданняў – у 2009 г. быў намінаваны на “Anasoft Litera prize” і атрымаў прэмію “Ján Johanides Award” у катэгорыі “Найлепшая проза ад маладога аўтара”. А другі раман – “Bellevue” (2010 г.) апісвае жыццё маладой славацкай жанчыны, у якой здарыўся нервовы зрыў пасля працы ўлетку ў міжнародным лагеры для людзей з інваліднасцю у Марсэлі.

Сучасную літаратуру суседняй Украіны прэзентуе Гаська Шыян.

Premija_13.jpg

Пісьменніца, перакладчыца, блогерка, фатографка. Нарадзілася ў 1980 г. у Львове. Вывучала класічную філалогію ў Львоўскім універсітэце. З’яўляецца саўладальніцай кнігарні ў Львове, змагаецца супраць карупцыйных схем пры закупках падручнікаў для школ. Адкрыла Школу маладога пісьменніка, а ў 2014 г. надрукавала свой першы раман, большая частка якога была напісаная на мабільным тэлефоне, калі аўтарка ляжала ў бальніцы. Цяпер пісьменніца жыве ў Кіеве. Яе твор пра 27-гадовую паспяховую ўкраінку, жыццё якой рэзка змянілася, калі яе хлопцу прыйшла позва ў войска. Вайна падштурхне гераіню да пераацэнкі ўласных каштоўнасцяў і прыняцця няпростых рашэнняў.

Меліса Харысан (Melissa Harrison) стала лаўрэаткай ад Вялікабрытаніі.

Premija_14.jpg

Аўтарка раманаў “Гліна”, “У часы глогу”, “Усё сярод ячменю” і навукова-папулярнай кнігі (нон-фікшн) “Дождж: чатыры прагулкі ў англійскае надвор’е”. Усе творы намінаваліся на літаратурныя прэміі. Меліса супрацоўнічае як калумністка з такімі выданнямі, як “The Times”, “The Financial Times”, “The Guardian” ды інш. Яе творчасць неразрыўна звязаная з прыродаю. Апошні раман, за які Меліса і была вылучаная на прэмію, апавядае пра восень 1933 г. ва ўсходняй Брытаніі – гэта, на думку маці галоўнага героя, была самая прыгожая восень на яе памяці, хаця Вялікая вайна ўсё ж кідае цень на палі і вёскі вакол іх любімай фермы. З горада прыязджае даследчыца фальклору і этнаграфіі, каб запісаць вясковыя традыцыі, якія неўзабаве знікнуць. Галоўны герой і мясцовыя жыхары паступова захапляюцца наведніцай. Але з часам збору ўраджаю пачынае адчувацца эканамічны ціск на супольнасць, і галоўны герой вучыцца давяраць сваім інстынктам і шукае спосабы ўратавацца ад катастроф.

Крыніца: Budzma.by


Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам