ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Краязнаўства Міншчыны
Камплектаванне фондаў бібліятэк Беларусі ў кантэксце сучасных патрабаванняў грамадства

Што новага ў айчынных выдавецтвах?

Што новага ў айчынных выдавецтвах?
Іншыя навіны

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны, князі Радзівілы і творы Караткевіча без купюр…Напрыканцы адыходзячага года выдаўцы сабраліся разам, каб прыгадаць тое самае лепшае і цікавае, што было выдадзена сёлета, а таксама падзяліцца планамі на будучыню.


Выдавецтва “Мастацкая літаратура” традыцыйна парадавала сваіх чытачоў перавыданнем класічнай літаратуры. Завяршылася работа над зборам твораў Івана Шамякіна, і зусім хутка, перад Новым годам, выйдзе яго 23 ці том. За мінулы час у выдавецтве пабачылі свет сем тамоў нашага ўлюбёнага класіка – Уладзіміра Караткевіча, на наступны год плануецца яшчэ чатыры. Нарэшце творы майстра гістарычнай прозы паўстануць у такім выглядзе, у якім калісьці былі напісаны аўтарам (у пэўны час цэнзурай рабіліся істотныя купюры ў яго тэкстах), адзначыў галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп.

Галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Ларыса Языковіч расказала, што ў іх выходзіць шматтомная энцыклапедыя “Гарады і вёскі Беларусі”, якая з’яўляецца ўнікальнай не толькі для Беларусі, але і для ўсёй постсавецкай прасторы. Ужо выйшлі тамы, прысвечаныя Брэсцкай і Гомельскай абласцям. Сёлета скончылі работу над энцыклапедыяй, прысвечанай Мінскай вобласці.

У якасці святочнага падарунка галоўны рэдактар вельмі раіць набываць “Вялікую энцыклапедыю Вялікага тэатра Беларусі”. У кнізе адлюстравана жыццё тэатра, пачынаючы ад 1933 года, калі ён быў створаны, і да нашых дзён. У алфавітным парадку змешчана больш за 600 артыкулаў, у якіх апісаны самыя розныя аспекты тэатральнага жыцця: гэта і праблемы сучаснага тэатра оперы і балета, і пастаноўкі гэтага тэатра, і самыя яскравыя гастролі, і многае іншае.

Загадчык літаратурнай рэдакцыі выдавецтва “Беларусь” Сяргей Пешын прэзентаваў кнігу пра Радзівілаў – “Радзівілы. Нясвіж. Замак”. Яе напісала доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая. Яна шмат гадоў вывучала старажытны род. У кнізе змяшчаюцца як архіўныя матэрыялы (шмат фотаздымкаў, якія паказваюць, як раней выглядаў Нясвіжскі замак – у той час, калі там жылі самі Радзівілы), а так і выявы сучасныя, у тым ліку зробленыя пад час рэстаўрацыі.

Працягваецца і выданне серыі кніг нашага вядомага даследчыка, этнографа Анатоля Федарука. Толькі-толькі пабачыла свет яго новая кніга, прысвечаная сядзібам Гродзеншчыны. Рэдактары адзначаюць, што і не думалі, што па іх захавалася столькі цікавага матэрыялу.

Загадчыца аддзела навукова-папулярнай літаратуры Выдавецкага дома “Звязда” Наталля Карасёва падзялілася планамі на 2015 год і адзначыла, што многае робіцца для захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну: “Захоўваем і памятаем” – пад такой назвай ствараецца кніжны гід па залах музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У ім будуць размешчаны матэрыялы не толькі пра экспазіцыі, прызначаныя для шырокага кола наведвальнікаў, але і прадстаўлены асобныя экспанаты з фондаў захоўвання. Альбом стане своеасаблівым сімвалам захавання памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, паспрыяе павелічэнню колькасці наведвальнікаў гэтага музея.

Новы погляд на падзеі Вялікай Айчыннай вайны будзе прадстаўлены і ў фотаальбоме Васіля Аркашова. Гэты чалавек прайшоў многія ваенныя сцяжыны са сваёй фотакамерай і адлюстраваў не толькі баявыя дзеянні, але і жыццё ва ўсёй трагічнасці, недарэчнасці, якія нясе вайна. І ў той жа час асобныя фотаздымкі робяцца сімвалам непераможнасці духу народа, яго вялікай жыццёвай моцы.

Своеасаблівым народным выданнем стане праект “Зачараваны Беларуссю”, аўтарамі якога з’яўляюцца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Цыдзік і члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дэпутат зрабіў серыю здымкаў, на якіх імкнуўся адлюстраваць унікальнасць роднай прыроды. Аздабляць фотаработы будуць паэтычныя радкі творцаў Міншчыны.

Аўтар публікацыі: Ніна Шчарбачэвіч.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам