ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
14 цікавых фактаў пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі
“Эяф'ятлаёкудль” – вулканічная музыка з беларускім каларытам

Што яшчэ мы не ведалі пра Максіма Багдановіча?

Што яшчэ мы не ведалі пра Максіма Багдановіча?
Іншыя навіны

Чалавек жыве і не задумваецца, якія тонкія повязі трымаюць яго на зямлі і як лёгка ўсё можа абарвацца. Гісторыя Багдановіча крыху іншая: спадчынная хвароба праявілася ў  Максіма рана, і пэўны час ён жыў, добра ўсведамляючы свой кон, усю каштоўнасць і хуткацечнасць жыцця. Гэта, з аднаго боку, разбурала яго, але з іншага – штурхала да больш стараннай работы, бо часу на выпраўленне памылак ён у запасе не меў.

Плёнам гэтай напружанай працы з’явіліся тры тамы поўнага збору твораў і памяць па сабе, якая натхніла не аднаго суайчынніка на тое, каб быць беларусам не толькі па нараджэнні, але і па духу. Калі мы згадваем Максіма Багдановіча ў чарговыя ўгодкі яго смерці, адчуваем святло, няхай і з адценнем суму...

Сёлета споўнілася 103 гады, як сышоў у іншы свет класік беларускай літаратуры. Радасна, што гэтую дату мы адзначылі не толькі з урачыстымі прамовамі, але і  знаходкамі, якія дапамогуць лепей зразумець нашага героя.

Ініцыятывы бібліятэк і архіваў па ўсім свеце дазволілі даследчыкам атрымаць доступ да матэрыялаў, якія з той ці іншай прычыны раней былі недасяжныя. Скарысталіся такой магчымасцю і супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча: дзякуючы лічбавым фондам Дзяржаўнага архіва Яраслаўскай вобласці ўдалося заняцца дэталёвым вывучэннем прэсы, у якой друкаваўся Максім Багдановіч, і гэтая работа дала плён.

Яшчэ ў 1984 годзе Міхасём Пазняковым, дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, быў выяўлены ліст супрацоўніка газеты “Голас”, у якім сярод іншага можна было прачытаць: “Максим Адамович жарит фельетоны под псевдонимом Ив. Февралев”. Гэта дазволіла атрыбуціраваць некалькі невядомых да гэтага публікацый Багдановіча. Іх можна пабачыць у раздзелах “Мастацкая проза” і “Публіцыстыка” Поўнага збору твораў. Але, як высветлілася, знойдзена было далёка не ўсё. Цяпер з вялікай доляй верагоднасці мы можам сцвярджаць, што Максіму Багдановічу належаць яшчэ адзінаццаць нататак, падпісаных псеўданімам “Ив. Февралев” і вытворнымі ад яго крыптанімамі, а таксама крыптанімам “М.Б.”.

 Гэта рознатэматычныя матэрыялы другой паловы 1916 года, якія паказваюць Максіма Адамавіча як тэатральнага аглядальніка, карэспандэнта і публіцыста, а таксама апісваюць займальныя падзеі яго жыцця, пра якія раней не было нічога вядома.

Так, з замалёўкі “Небывалая навальніца” (“Небывалая гроза”) мы даведваемся, што ў памяшканне, дзе месцілася газета “Голас”, падчас моцнай навальніцы трапіла маланка. Праз дэталёвае апісанне можна зрабіць выснову, што пісьменнік у гэты час там прысутнічаў, бачыў на свае вочы, як тушылі друкарскі станок, які загарэўся ў суседнім будынку, як паўсюль дымілася праводка і лічыльнікі, адчуваў наэлектрызаванасць паветра, як у паніцы бегалі людзі, напалоханыя шаравой маланкай, што пэўны час лётала ў двары рэдакцыі “Голасу”. Зразумела, што падзея вельмі ўразіла аўтара, бо перад намі ўзрушанае жывое апісанне, якое дае амаль поўны эфект прысутнасці.

Як рэпарцёр і культурны аглядальнік Багдановіч раскрываецца праз серыю нататак, прысвечаных “Інтымнаму тэатру мастацкіх мініяцюр”, які на працягу летніх месяцаў забаўляў яраслаўскую публіку. Перад намі своеасаблівыя справаздачы. Некалькі лёгкіх п’ес за вечар, музычныя і танцавальныя нумары, часам выкананыя больш старанна, часам крыху неахайна, але ўсё адно міла. Добрая магчымасць лёгка бавіць вечар. Не выключана, што нататкі мелі і пэўны рэкламны характар, бо з’явіліся тады, калі першая ажыятацыя прайшла і трэба было ізноў крыху падагрэць інтарэс да тэатра. Можна сказаць, што інфармацыйным партнёрам тэатра быў “Голас”: амаль у кожным нумары друкаваліся новыя афішы. Такую практыку можна было прасачыць і за рэкламай іншых тэатральных і цыркавых прадстаўленняў. Выяўленыя публікацыі пераклікаюцца з ужо вядомай замалёўкай “Около театра миниатюр”, датаванай тым жа перыядам. Але ў ёй увага была скіравана больш на публіку, чым на выступоўцаў і тое, што адбывалася на сцэне.

У гэты час графік Багдановіча-журналіста сапраўды напружаны. Калі праглядзець храналогію публікацый, то пабачым, што амаль кожны вечар ён наведвае тое ці іншае мерапрыемства і неўзабаве друкуе альбо рэцэнзію, альбо справаздачу, альбо стэнаграму, замалёўку. Часам у адным нумары з’яўлялася адразу некалькі публікацый. Такая актыўнасць не вельмі пасуе вобразу смяротна хворага паэта, і, пэўна, напружаная праца мела канкрэтныя мэты. Можна меркаваць, што ў Максіма былі планы па ўладкаванні свайго жыцця на новым месцы, і для рэалізацыі гэтага патрэбны былі грошы. Плацілі, дарэчы, яму, як і ўсім у газеце, 2–3 капейкі за радок у калонцы (ад 1 да 4 рублёў за матэрыял).

Можа падацца, што ў асноўным змест іх быў не вельмі сур’ёзны, і гэта цалкам справядліва, але, як у любой газеце, кожны супрацоўнік звычайна вядзе свой кірунак. Тое ж было і з Багдановічам. Часцей за ўсё ён з’яўляўся ў рубрыцы “Бібліяграфія”, дзе даваліся сціплыя характарыстыкі новых выданняў, у рубрыцы “Маленькі фельетон”. Былі ў яго “замалёўкі з натуры”, справаздачныя публікацыі сходаў, гарадскіх і судовых пасяджэнняў, дзе трэба было выступаць хутчэй стэнаграфістам, чым аўтарам. Але за ўсёй руцінай мы можам пабачыць асобу, са сваёй пазіцыяй і перакананнямі.

Вялікім пачуццём грамадзянскай адказнасці прасякнута нататка “Неадкладная справа” (“Неотложная задача”). Максім Багдановіч запрашае людзей наведаць сход, дзе будуць абмеркаваны пытанні дапамогі інвалідам вайны, якіх сотні тысяч, калі не мільёны, было ў тую пару па ўсёй Расійскай імперыі. Ён нагадвае, што грамадзянская супольнасць нясе адказнасць за лёс пацярпелых ад вайны, бо вайна распачыналася амаль з агульнай згоды весці яе да пераможнага канца, і зараз людзі мусяць расплачвацца за свае мілітарысцкія памкненні. Інвалідам патрэбна дапамога, але гэта задача не толькі ўладаў, “вялікую долю такой работы зробяць родныя і блізкія параненых. Шмат зробіць дзяржава. Але яшчэ болей павінна зрабіць Айчына”, то бок самі грамадзяне, сцвярджае Максім. Гэты невялікі тэкст-запрашэнне дэманструе антываенныя пазіцыі Багдановіча, які праз сваю творчасць неаднойчы задаваўся пытаннем: “…нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?” Але хто прыслухоўваецца да такіх заклікаў у вайну? Хіба толькі той, хто сам сутыкаецца з жудаснымі наступствамі, смерцю і паламанымі лёсамі.

З газетных рубрык “Яраслаўскае жыццё”, “Замалёўкі з натуры”, “Мімаходам” мы атрымалі багата фактуры, каб уявіць, што адбывалася ў горадзе ў перыяд Першай сусветнай вайны, з якімі праблемамі сутыкаліся гараджане. Дзякуючы новым знаходкам, на некаторыя сітуацыі мы можам цяпер паглядзець вачыма Максіма Багдановіча. Да прыкладу, апынуцца ў студэнцкай сталоўцы Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя, у якім давучваўся апошні год Максім. Зразумела, ваеннае становішча паўплывала і на меню, і на цэны, і на абслугоўванне, пра што ў дасціпнай форме, з іроніяй распавядае аўтар. “Варэнікі, нягледзячы на вялікія кошты скуры, як быццам бы зробленыя з апошняй”, “клёцкі сырыя, бліны сырыя; увогуле пасля абеду адчуваеш сябе блага”, “ці вернецца былы касір? Калі не вернецца – ці вернуцца старыя парадкі?”, – цытуе Багдановіч кнігу скаргаў, а дзесьці на другім-трэцім плане ў яго тэксце адчуваецца самота, што хутка аўтару давядзецца назаўсёды пакінуць гэтыя сцены. Дарэчы, на цяперашні час гэта апошняя вядомая публікацыя Максіма Багдановіча, якую ён надрукаваў у газеце “Голас” 23 верасня 1916 года, перад тым, як з’ехаць на радзіму. Зразумела, што яна магла выйсці пасля таго, як Максім з’ехаў, але тое малаверагодна, бо звычайна матэрыялы ў газеце друкаваліся вельмі аператыўна: штодзённы фармат вымагаў адпаведных форм працы. Але, прынамсі, мы маем яшчэ адно сведчанне, што Багдановіч выправіўся ў Мінск не раней за 23 верасня.


Праз публікацыі ў “Голасе” цяжка вызначыць, што насамрэч займала думкі пісьменніка. Але, як ва ўсялякім правіле, тут ёсць выключэнні. Сярод знаходак варта вылучыць нататку “Юбілей кнігі” 1914 года, прымеркаваную да 350-годдзя “Апостала”. Максім Багдановіч распавядае пра абставіны стварэння першай друкаванай рускай кнігі, але паралельна з гонарам акцэнтуе ўвагу на тым, што на беларускіх землях яна з’явілася значна раней, што іх папярэднікам на ніве кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе быў выбітны майстар кніжнай справы, а па сумяшчальніцтве “доктар у лекарскіх навуках” Францыск Скарына. Аўтар паказвае гісторыю “Апостала”, паглыбленасць у матэрыял і гістарычны кантэкст, а таксама прыярытэты каштоўнасцей для яго асабіста. Максім аддае даніну павагі працы Івана Фёдарава, але ў першых шэрагах у яго зусім іншыя героі. Жыццё ў паралельных сусветах, якое рэдка калі разумелі нават сваякі і найбліжэйшыя сябры. Дзіва, што яго стрыечны брат Пётр Гапановіч апісваў гэтую замкнёнасць як жыццё ў  “падвойнай абалонцы”. Тут і дзесьці далёка, ва ўяўнай Бацькаўшчыне.

З поўнымі тэкстамі і каментарамі да іх можна пазнаёміцца на старонках Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў  сацыяльных сетках альбо ў часопісе “Нёман”, які з’явіцца ў друку летам.

Справа пошуку публікацый Максіма Багдановіча працягваецца, і будзем спадзявацца, што нас чакаюць новыя адкрыцці. Бо як яшчэ можна аддзячыць лёсу за ўсведамленне, што “мы – гэта мы”, як не збіраннем, ушанаваннем памяці пра асоб, чыя творчасць і адданасць Радзіме паслужыла таму, што Беларусь жыве і сёння.

Аўтар: Міхал Бараноўскі

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Чытайце таксама: “Ад Максіма Кніжніка пачатак”: аповесць “Развітанне” Барыса Мікуліча

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам