ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Вольга Анатольеўна Сабалеўская: 50 гадоў служэння бібліятэцы
"У сібірскай ссылцы маці дабілася для бацькі права выкладаць у школе": пра Сяргея Грахоўскага распавядаюць яго дачка Таццяна і ўнучка Марыя

"Слова «Глуск» было паролем": пра Сяргея Грахоўскага распавядаюць яго дачка Таццяна і ўнучка Марыя

Іншыя навіны

Паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, крытык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, заслужаны работнік культуры. Гэта ўсё – Сяргей Грахоўскі.

hrachouski_1.jpg

Сяргей Грахоўскі з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай, 1985 г.

– Як бацька з вамі, дзецьмі, спраўляўся, калі маці адсутнічала?

– Цудоўна. Бацька ўсё ўмеў: і згатаваць, і памыць, і пацыраваць, і агарод дагледзець. Адзінае, што не атрымлівалася, – даіць карову. Гэта рабіла суседка. І мы, дзеці, дапамагалі па гаспадарцы.

– У вас і рагуля была?

– У нас былі і карова, і свінні, і нават нейкі час гусі. Па-першае, таму што ў нашай вёсцы Біяза, якую, дарэчы, заснавалі сібірскія татары, ніхто нікому нічога не прадаваў. Усё, што вырошчвалі на агародзе і атрымлівалі ад гадоўлі свойскай жывёлы, было для сябе. Па-другое, бацька ўвесь час чакаў, што заўтра зноў прыйдуць і арыштуюць. І калі жонка застанецца з дзецьмі адна, то каб не з пустымі рукамі. Таму бацькі былі вымушаны трымаць гаспадарку. Але для маці гэта была вельмі цяжкая праца. Яна – такая маленькая, худзенькая, важыла менш чым 50 кілаграмаў. І ў яе не было вясковага вопыту, яна вырасла ў рабочым пасёлку, у іх ніколі там не было ніякай жывёлы…

– Калі вы трымалі жывёлу, самі і траву касілі?

– Бацька касіў. Прычым там не так, як у нас: поймы, лугі. Там траву ў лесе і на балоце косяць. Гэта такая цяжкая праца! Бацька сам і дровы нарыхтоўваў на ўсю зіму…

Між іншым, калі было стагоддзе бацькі, я напісала ў раённую сібірскую газету, адрас якой знайшла па інтэрнэце, расказала пра нас, і мне адказалі: “Так, тут вас памятаюць”.

– А потым вы ездзілі ў Біязу?

hrachouski_2.jpg

З сям’ёй каля пабудаванай самім паэтам хаты, Сібір, 1956 г.

– Аднойчы. Ездзіла дзядулю праведваць, бацьку маці, калі мы ўжо пераехалі ў Мінск. Я тады вучылася ў дзясятым-адзінаццатым класе. А мая маці ездзіла на магілу дзядулі.

Туды было даволі цяжка дабірацца. А бацька таксама ездзіў, пазней за мяне. Калі праходзілі Дні беларускай культуры і літаратуры ў Новасібірскай вобласці, ён лятаў самалётам. Таксама пабыў на магіле свайго цесця. Пабачыўся з людзьмі. Вельмі ў яго былі сяброўскія адносіны з сібіракамі. У яго ж там былі любімыя вучні, якія ўжо працавалі…

– Сяргей Іванавіч пісаў пра сібіракоў?

– Пісаў. Трылогію “Зона маўчання”, “З воўчым білетам” і “Такія сінія снягі” ён напісаў, калі пачалася перабудова. Васіль Быкаў настойваў, каб ён гэта зрабіў. Бацька са мной і з маці раіўся, ці трэба пісаць. Мы сказалі: “Надакучыла слухаць. Каму гэта трэба?” А Быкаў сказаў: “Абавязкова пішы”. І бацька напісаў. Так паспешліва, коратка. Цяпер разумею, што гэтая трылогія, магчыма, самае значнае, што ён зрабіў. І тая частка, якая прысвечана Сібіры – “Такія сінія снягі”, – якраз пра тых людзей, з якімі мы жылі ў адной вёсцы.

– Марыя, а вы якім памятаеце дзеда, з якога ўзросту?

– Ён здаваўся мне не строгім. Мабыць, усё-такі справядлівым і, безумоўна, такім, які любіць. Я ж дзяўчынка, ён мяне апекаваў. Вадзіў на выставы, на розныя літаратурныя мерапрыемствы. Гэта вельмі прыемныя, цёплыя, пяшчотныя ўспаміны.

Мне было пяць гадоў, і ён павёў мяне ў парк імя Горкага. Я чытала ўрывак з Якуба Коласа: “Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…” З ім мы ездзілі на розныя літаратурныя мерапрыемствы і за Мінск. Пабывалі на радзіме Якуба Коласа.

Самыя галоўныя рэчы, што засталіся ад дзеда – кнігі. У яго была вялізная бібліятэка. У кабінеце ўсе сцены ў стэлажах. Прычым ён ведаў, дзе якая кніга стаіць і як яна выглядае.

Таццяна: – Бацька любіў добрую паліграфію, добра выдадзеныя кніжкі. Любаваўся імі, гладзіў. Разбіраўся ў тонкасцях: ці добрыя малюнкі, фотаздымкі, папера, шрыфт. Наогул у яго была трагедыя з бібліятэкамі.

Калі яго арыштавалі ў 23 гады, першая яго бібліятэка, безумоўна, загінула.

Потым была бібліятэка, якую ён сабраў, калі вызваліўся з лагера. Гэта калі яму далі магчымасць працаваць у школе ў мястэчку Урэчча. Ён выкладаў рускую літаратуру, і яму трэба было прачытаць усё, што выйшла значнага за апошнія дзесяць гадоў. І ён пачаў купляць кнігі, хоць жылі мы на жабрацкім узроўні. Бацька літаральна адрываў ад сям’і капейку на кніжкі.

І калі яго арыштавалі другі раз, новая бібліятэка фактычна загінула.

А потым бацькі зноў пачалі кніжкі купляць. Нам прысылалі іх і з Мінска. Я памятаю вельмі прыгожыя выданні Коласа, Купалы (мне здавалася, што ў тых кнігах скураныя пераплёты) бацьку прысылалі нашыя Бобрыкі. І ў Сібіры таксама сабралася цэлая бібліятэка. І калі мы адтуль выязджалі, зноў узнікла праблема: як кнігі вывозіць. І ўжо бацька сказаў: “Не павязу! Вазьму можа з паўсотні якіх”. Бяда і ў тым, што кнігі не было каму пакінуць, хаця ў вёсцы меліся дзве бібліятэкі: школьная і сельская. Там не захацелі браць літаратуру, бо трэба ж на ўлік ставіць, карткі выпісваць. І мы пакінулі кнігі на гарышчы. Памятаю і сёння сваіх “Канька-Гарбунка”, “Дзюймовачку” ў шыкоўным выданні. Бацька сказаў: “Не перажывайце, дзеці! Купім!”

– А кім быў для вас Сяргей Грахоўскі: сябрам, настаўнікам ці яшчэ кімсьці?

Таццяна: – Вельмі любімым чалавекам. Цяпер разумею, што ў кожнай жанчыны, калі ў яе нармальны бацька, ён – галоўны мужчына ў яе жыцці. Ён ніколі не здрадзіць, для яго мы – самыя любімыя жанчыны. Вось гэта ўсё бацька ў сабе і спалучаў. Ён быў і сябрам, і настаўнікам, і апорай, нават калі ён быў ужо зусім старэнькі, ён мог зрабіць для ўсіх членаў сям’і тое, што больш нікому не было пад сілу. Дагаварыцца, дапамагчы, падштурхнуць.

Уся наша сям’я адчувала сябе за бацькам як за сцяной. Заўсёды.

Марыя: – Дзядуля для мяне не быў сябрам, ён быў, безумоўна, настаўнікам. І прыкладам.

З узростам ты пачынаеш больш цаніць родных. Калі бачыш чалавека ў побыце, магчыма, гэта змяншае яго велічыню. Сяргей Грахоўскі ў першую чаргу быў для мяне дзядулем. А ўжо потым – пісьменнікам. Мне хочацца, каб мы працягнулі яго справу, нейкую лепту змагла ўнесці, як гэта робіць мая цётка Таня для падтрымання яго літаратурнай памяці.

Дарэчы, мая бабуля таксама была вельмі цікавым чалавекам. Дзед і бабуля былі ўнікальнымі людзьмі.

– Адчувалася, што яны кахаюць адзін аднаго?

– Безумоўна. Каханне ў нашым сучасным разуменні – адно, каханне людзей, якія прайшлі праз гэты жах і не зламаліся, падтрымалі адзін аднаго і дасягнулі прафесійных поспехаў, павагі, пашаны ад іншых – гэта іншае. Мне здаецца, што мы ў разы драбней людзей таго пакалення. Вось на іх азірацца, у іх вучыцца і шанаваць тое, што яны нам далі, што падарылі. Толькі зараз, з узростам, я па-сапраўднаму пачынаю шанаваць тое, што яны для мяне зрабілі. Я вырасла побач з імі, амаль дваццаць гадоў мы жылі разам. Заўсёды лічыла сваю бабулю маёй другой маці. Таму што яна на мяне болей траціла часу, бо мае бацькі былі занятыя. Сказала б, што па-сапраўднаму сямейнае выхаванне я атрымала ад дзядулі і бабулі. І якасці, якія ў сабе выпрацавала – іх мне далі яны. Бабуля і дзядуля. А гэта – у першую чаргу ўбачыць у кожным чалавеку добрае. Не шукаць падвох, падман, наадварот. І чысціня, наіўнасць, магчыма, дзіцячыя, ува мне ад іх засталіся да сённяшняга дня.

Бабуля, Валянціна Міхайлаўна, перажыла дзеда на чатыры гады, але мне здаецца, што ўжо такой цікавасці да жыцця пасля яго смерці ў яе не было.

Таццяна: – Наймагутная любоўная лірыка бацькі прысвечана маме. Самы высокі верш, які ён напісаў, калі мы толькі прыехалі з Сібіры, – “Як я жыў без цябе”. Гэты верш многія лічаць брэндавым.

А ў нас галоўным сямейным верш лічыцца без назвы, прысвечаны маме:

“Я цябе прыгадаў
Басаногаю, шустраю, тонкай,
Пад нагамі рассыпала
Раніца зерні расы,
І тады, у далёкія тыя часы,
Я цябе ўяўляў
Залатою сасонкай,
І здавалася,
будзеш такою заўжды –
Маладою, іскрыстаю, крышачку колкай…”

– Ці дастаткова ўвагі надаваў ён сваім дзецям і ўнукам? Ці быў у яго на гэта час?

Таццяна: – Надаваў як ніхто! Для нас у яго заўсёды быў час.

Мы адчувалі, што нічога больш важнага, чым сям’я, у бацькі няма ў жыцці. Мы важней, чым літаратура, чым творчасць, чым палітыка, чым яго асабістае здароўе. І заўсёды са сваімі праблемамі, пытаннямі звярталіся да яго, і ён адказваў, дапамагаў, напрыклад, напісаць сачыненне, праверыць пераказ, параіць. Напрыклад, я, будучы ўжо жанчынай перадпенсійнага ўзросту, калі на працы не магла перакласці нейкія словы ці не ведала сэнсу іншых, тэлефанавала бацьку. Ён або адразу адказваў, або казаў: “Пачакай”. Знойдзе даведнікі, энцыклапедыі, патэлефануе, патлумачыць.

І калі мы збіраліся кудысьці ехаць, ён загадзя рыхтаваўся, распавядаў, як дабрацца, дзе і што знаходзіцца. Калі, памятаю, я ехала ў Казань, бацька падрыхтаваў мне гісторыю горада і адрас даў: “Не ўладкуешся ў гасцініцы, пайдзі да гэтага чалавека. Мы з ім разам сядзелі. Ён успомніць мяне, абавязкова цябе прыме”.

Марыя: – У мяне ад дзядулі засталася цікаўнасць да розных рэчаў. Калі нешта даведалася, трэба далей і глыбей вывучыць. Абавязкова хадзіць на розныя выставы. Добрая цікаўнасць да жыцця ў мяне, безумоўна, ад дзядулі.

– А хто з унукаў ці дзяцей падобны знешне на Сяргея Грахоўскага?

Таццяна: – Мы ўсе падобныя на яго. Як кажа маці Машы Іра – з аднаго куфара.

– А па характары?

– Мне здаецца, што ў нас усіх свае характары.

– А ў Глуск Сяргей Грахоўскі ездзіў?

– Амаль кожны год. Ён вельмі любіў Глуск. Ездзіў туды да апошняга. Ён жа напісаў пра Глуск цудоўную аповесць, называецца “Мястэчка, мястэчка…” Яна такая лірычная, такая прыгожая. Дарэчы, у Глуску ўстаноўлены барэльеф бацькі. І на доме ў Мінску, дзе ён жыў, на плошчы Якуба Коласа, устаноўлена мемарыяльная дошка...

У Глуску засталіся толькі далёкія-далёкія родзічы. Мы бываем у іх. І на стагоддзе бацькава яны нас запрашалі. Сяргея Грахоўскага ў Глуску памятаюць. Бацька ўсе свае кніжкі пасылаў туды. Гэта была любімая яго радзіма. Увогуле слова “Глуск” было паролем. Землякі дапамагалі адзін аднаму.

(Заканчэнне будзе.)

Пра літаратуру і літаратараў 1920–1930-х гг. чытайце ў праекце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваным да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” (1923–1928).

Аўтар публікацыі: Вера Гнілазуб.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня
Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам