ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Чаму кніга "Прыгоды дамавічкоў" Ягора Конева стала сапраўдным хітом?
Формула бессмяротнасці, або Медыцынская картка Максіма Багдановіча

Таямніцы Багрымаў, або Па тонкім лёдзе здагадак

Таямніцы Багрымаў, або Па тонкім лёдзе здагадак
Іншыя навіны

14 лістапада 2022 года споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння знакамітага крошынца – Паўлюка Багрыма. У гісторыю беларускай літаратуры ён быў уведзены як сялянскі паэт, аўтар вострасацыяльнага верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”, напісанага на беларускай мове ў першай палове ХІХ стагоддзя.

Як вырас культ сялянскага паэта

У 1854 годзе ў лонданскім выдавецтве Аляксандра Рыпінскага выйшла кніга “Аповесць майго жыцця, або Літоўскія прыгоды”. Яе аўтарам быў ураджэнец Наваградчыны Ігнат Яцкоўскі – добры знаёмы Аляксандра і Адама Міцкевічаў, адвакат, паэт, паўстанец і заўважны дзеяч эміграцыі. Некалькі раздзелаў кнігі былі прысвечаны ксяндзу Магнушэўскаму і падзеям 1828 года ў Крошыне. Асобны раздзел датычыць хлопчыка Петрака, які на загад ксяндза прачытаў чыноўнікам свой верш на беларускай мове “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”. Праз 50 гадоў Вацлаў Ластоўскі вярнуў да жыцця падзабытую крошынскую гісторыю, распавёўшы яе на старонках “Нашай нівы” (1911). А праз два гады гісторык Аўгусцінас Янулайціс апублікаваў дакументальную версію, з якой стала вядома праўдзівае імя “паэта Петрака”, якім аказаўся Паўлюк Багрым, што насамрэч прачытаў чыноўнікам верш Яна Баршчэўскага “Размова хлопаў”. 


Так былі закладзены трывалыя падмуркі багрымазнаўства, на якіх за стагоддзе вырас сапраўдны культ “сялянскага паэта”. Пасля Другой сусветнай вайны сваё важкае слова ў багрымазнаўстве сказалі такія вядомыя літаратуразнаўцы і даследчыкі, як Ісідар Бас, Алег Лойка, Адам Мальдзіс, Генадзь Кісялёў, Язэп Янушкевіч, Яўген Сахута, Васіль Дубейка і іншыя. Акрамя даследчыкаў, спрычыніліся да папулярызацыі імя Багрыма і літаратары – Уладзімір Караткевіч, Іван Летка, Рыгор Барадулін, Мікола Арочка, Эдуард Акулін… Далучыліся да справы мастакі. Музыкант Раман Яраш паклаў верш “Зайграй...” на музыку ў стылі “журба” (блюз). Зрабіла ўнёсак у скарбонку тэлебачанне (“Паўлюк Багрым: прароцтва паэта-вундэркінда”, 2019). Не засталася ўбаку і “Культура”. У трэцім (ад заснавання газеты) нумары ў 1993 годзе супрацоўніца Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вольга Бабкова апублікавала новыя звесткі пра сям’ю Багрымаў. Агульная колькасць напісанага пра Паўла Багрыма не паддаецца ўліку. Сапраўды культавая асоба. Вось толькі… 

Погляд з вышыні ХХІ стагоддзя

…у якім даследчыкі задаліся пытаннем: ці мог “пятнаццацігадовы хлопчык, селянін, гадаванец парафіяльнай школы” быць аўтарам верша? А паразважаўшы і ўзважыўшы pro et contra, выказалі меркаванне, што, хутчэй за ўсё, аўтарам была іншая асоба – Ігнат Яцкоўскі ці Юльян Ляскоўскі. У адной з публікацый за 2009 год Адам Мальдзіс падвёў такую рысу: “Аднак Хаўстовіч аргументавана даказаў, што ніякага сялянскага паэта Багрыма не было, што верш прыдумаў сам Яцкоўскі. Гэтае паведамленне выклікала сенсацыю. Многім, у тым ліку і мне, цяжка будзе звыкнуцца з думкай, што ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя не было свайго Шаўчэнкі, няхай і патэнцыяльнага, але, відаць, прыйдзецца змірыцца...” 

Ва ўспамінах Жураўскага напісана так: “Маўклівы, сівы, шляхецкія рысы, з доўгімі і буйнымі вусамі, трымаецца па-вайсковаму, у прыязні з усімі, пачынаючы ад двара і завершваючы сялянскім падворкам”.

А калі не цёмны сялянскі пятнаццацігадовы хлопчык? Калі хлопчык з мястэчка, адукаваны, даволі начытаны ды яшчэ, напрыклад, 16–17 гадоў?

Крошынскі перыяд (1812 (1813) – 1890). Першыя сумневы

І ўсё роўна многае ў яго жыцці застаецца без адказаў. Таму любая, нават маленькая навіна становіцца ледзь не сенсацыяй. 


Як вядома, першая згадка Багрымаў у Крошыне (і ўвогуле, у гісторыі) – метрыка хросту 3 (15) лістапада 1812 года Паўла, сына Юзафа і Ганны Багрымаў, народжанага 2 (14). Была яна апублікаваная Язэпам Янушкевічам яшчэ ў 1988 годзе. Запіс паходзіць з метрычнай кнігі крошынскага касцёла, якую вывез пасля вайны ў Польшчу былы крошынскі ксёндз Караль Жураўскі (мы яшчэ не раз згадаем гэтага чалавека, які ўтрапёна ўсё жыццё збіраў усё, што датычылася Багрыма, калі гэта яшчэ не было мейнстрымам). Але гэты запіс выклікае некаторыя сумневы. Справа ў тым, што ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі таксама ёсць метрычная кніга гэтага касцёла за патрэбны нам час. Толькі патрэбнай нам метрыкі няма! Усе астатнія ёсць, а гэтай, як назнарок, няма. Хрысціў Паўла крошынскі пробашч Адальберт (ён жа Войцах) Магнушэўскі (ключавая асоба ў справе крошынскага бунту). А вось пачынаючы з лютага 1813 года, калі Юзаф Багарым (Baharym) двойчы стаў хросным бацькам ў крошынцаў, і да 1820-х такія “багрымавыя” метрыкі ідуць у кнігах сінхронна. Тут напрошваецца пытанне, а ці не быў гэты запіс зроблены пазней, калі кнігу перапісвалі і шнуравалі ў 1820-х (заднім чыслом і з пэўнымі мэтамі)? Падазрэнні напрошваюцца яшчэ з той прычыны, што ксёндз, які завізіраваў гэты год у “польскай” кніжцы, – Валянцін Зан, дзядзька філамата і паэта Тамаша. Мабыць, ён у свой час парупіўся пра тое, каб мяшчане Заны ў метрычных кнігах радашковіцкага касцёла раптам падвысілі свой статус да “яснавяльможных паноў”. Зразумела, рабілася гэта для таго, каб яго пляменнікі Тамаш і іншыя змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю, дасяжную толькі шляхце. Але ж, але ж… 

Удакладняем даты і склад сям'і

Яшчэ адно пытанне, якое здаўна цікавіць багрымазнаўцаў: колькі ў Паўла было братоў і сёстраў і калі ж яны нарадзіліся? У 2012 годзе Язэп Янушкевіч са спасылкай на ўспаміны Жураўскага ўжо публікаваў склад сям’і. Але некаторых імён і дат там не хапала. На падставе сабраных намі метрык можна зрабіць выснову, што дзяцей было мінімум 12 (даты нараджэння прыведзены па старым стылі): Ганна (?–10.07.1865), Павел (2.11.1812? – да 21.09.1890), Тарэза (17.09.1814 – пасля 1855), Станіслаў Піўс (6.11.1816–25.07.1818), Вінцэнт (1.09.1818–?), Антон Ян (16.04.1820–11.11.1827), Аляксандр (12.12.1821 – пасля 1855), Ян (16.11.1823–?), Яна (24.08.1824–?), Паўліна (4.09.1825–24.11.1827), Венант (20.01.1828–18.08.1837), Станіслаў (1832?–5.07.1863). Звесткі, што была дачка Марыя, нараджаючы якую памерла жонка Юзафа Марыя Багрым, пацвердзіць пакуль не ўдалося. 

Жонка Паўла Карнэлія (дачка Юстына Рэўкоўскага і Ядвігі Сівіцкай, удава па Шышлоўскім) нарадзілася 11 верасня 1838 года ў фальварку Кунілаў (на поўдзень ад Крошына). То бок Павел на момант шлюбу (3 лістапада 1863) быў у два разы старэйшы за Карнэлію і меў поўныя 52 гады. Іх адзіная дачка нарадзілася 1 жніўня 1764, але была ахрышчана, як занатаваў Жураўскі, толькі 17 ліпеня 1865 года. 

Дакрошынскі перыяд: тонкі лёд здагадак

Праглядаючы ў пошуках звестак пра сваякоў Яна Чачота метрычныя кнігі Навамышскай парафіі (за 20 кіламетраў ад Крошына), немагчыма было не заўважыць, наколькі шырока ў гэтай мясцовасці былі прадстаўлены роды Бутрымаў і Бутрымовічаў (Butrym і Butrymowicz). І наколькі падобна на Bahrym час ад часу пісалася гэта прозвішча (паспрабуйце ў якасці эксперымента напісаць іх побач). Аказалася, што і ў гэтай парафіі на пачатку ХІХ стагоддзя былі нейкія Юзаф і Кацярына Бутрым, якія жылі ў Стралкаве. Першы іх сын нарадзіўся ў 1802 годзе, а другі – у 1804-м. 12 мая 1809 года на свет прыйшла Ганна, а 10 кастрычніка 1811 – Павел. Далей была разбуральная вайна 1812 года, у выніку якой смяротнасць у ваколіцах Новай Мышы вырасла ў два разы (памерла вельмі шмат Бутрымаў усіх узростаў). І што цікава, сям’я Юзафа назаўсёды знікае з Навамышскіх радараў. Нагадаю: акурат ў гэты час у Крошыне з’яўляецца Юзаф Багрым з дзецьмі Ганнай і Паўлам. Калі было б толькі гэтае супадзенне (бо маем яшчэ падазроную метрыку хросту Паўла і адсутнасць метрыкі хросту Ганны ў Крошыне), то можна было б адмахнуцца. Але як адмахнуцца ад сям’і шляхетнага Яна Белашэўскага (з Крошынскай парафіі), які ажаніўся у Новай Мышы з Ганнай Бутрымовіч і вярнуўся з жонкай на радзіму? Ці як не заўважыць у Навамышскай парафіі сям’ю Вінцэнта Магнушэўскага, роднага брата крошынскага пробашча Войцаха? Дарэчы, гэтыя Магнушэўскія былі вельмі шчыльна звязаны кумаўством з сем’ямі бацькоў Яна Чачота і цёткі Адама Міцкевіча. А яшчэ адзін брат Войцаха, Мікалай, жыў у Крошынскай парафіі. 


То-бок сувязі паміж парафіямі былі. Ці магло здарыцца так, што з нейкай прычыны падчас вайны Юзаф Бутрым вырашыў змяніць прапіску і прозвішча і ў гэтым яму дапамог крошынскі пробашч? Ці магло быць так, што, страціўшы першую жонку, з малымі дзецьмі ён перабраўся ў Крошын і ажаніўся паўторна? Ці магло так скласціся, што Паўла трошкі амаладзілі, каб адсунуць тэрмін рэкруцкай павіннасці (з 17 год)? Усё гэта толькі думкі. Знаўцы, вядома ж, змогуць запярэчыць: калі б гэта быў бацька Паўла, то на момант хросту ў 1802 годзе першага сына Юзаф Бутрым- Багрым меў бы 15 год. 

Так вынікае з метрыкі смерці Юзафа Багрыма, які адышоў у вечнасць у 1855 годзе, маючы 68 год. Але метрыкі часта даюць збой. Прыклад? Калі ласка! Яго сын Станіслаў памёр у 1863-м ва ўзросце 28 гадоў, а значыць, мусіў нарадзіцца праз 3 гады пасля смерці маці. Ёсць яшчэ прыклад. Жонка Станіслава Манюшкі паводле афіцыйнай версіі была маладзейшая за яго на год-два, а аказалася, што, наадварот, старэйшай на год. Падаецца, меўся яшчэ адзін выпадак у сям’і Манюшкаў, калі немаладога маладога “амаладзілі” ледзь не на 10 гадоў! Таму калі, скажам, Юзаф Бутрым, страціўшы першых сыноў і жонку, заблытваючы сляды, перабраўся ў Крошын і змяніў прозвішча, то цалкам мог прыбраць і “цяжар гадоў”. А дапамагчы яму ў гэтым быў здольны крошынскі ксёндз Войцах Магнушэўскі, які пазней зрабіў Паўлюка сваім служкам і апекаваўся над ім да самай смерці. Заблытаная гісторыя атрымліваецца. 

Сяляне ці шляхта? Мяшчане!

Адным з балючых пытанняў багрымазнаўства з’яўляецца паходжанне Паўла Багрыма. Адны аўтары няспынна шукаюць яму шляхецкія карані. Другім ён бліжэйшы як прадстаўнік сялянства. І тыя, і гэтыя спрачаюцца, не маючы непахісных аргументаў. А яны ёсць, і знайсці іх прасцей простага. Дастаткова адправіцца ў архівы і прагледзець метрычныя кнігі крошынскага касцёла за ХІХ стагоддзе. У бальшыні метрык гэтай сям’і Багрымы пазначаны як мяшчане. Толькі ў непрацяглы прамежак часу ў пачатку 1830-х (відаць, як вынік крошынскага бунту) усе крошынскія парафіяне сталі “працавітага стану” – вядома ж, за выключэннем шляхты. Гэтым тлумачыцца, чаму памерлая пасля няўдалых родаў жонка Юзафа Багрыма запісана як “працавітага стану”. Праўда, праз некаторы час усё вярнулася на колы свае, сяляне засталіся сялянамі, а мяшчане вярнуліся ў мяшчанства (напрыклад, бацька Паўла, які памёр у 1855 і быў запісаны ў метрыцы мешчанінам). 

Хто падкажа, дзе магіла твая?

Там, дзе і сёння. У нататках ксяндза Караля Жураўскага напісана, што магіла Паўла Багрыма за касцёлам, насупраць акна, паміж магіламі мастака з Вільні Парцэвіча і двух ксяндзоў. Юрка Віцьбіч піша, што “яна была на самым пачэсным месцы, каля алтарнай апсіды”, а на магіле стаяў “вялікі, ахінены бэзам, дубовы крыж з надпісам – Паўлюк Багрым – і з напаўсцёртымі датамі нараджэння і смерці…”. Метрычны запіс аб часе яго скону пакуль не знойдзены, таму дата прыблізная – “напрыканцы лета” і “да 21 верасня 1890 года” (“Гістарыёграф”, 2004 г.). Як паведаміў Жураўскаму нейкі месціч пан Ярмакоўскі, памёр Багрым, магчыма, без святых сакрамантаў, бо нібыта быў няверуючым. Юрка Віцьбіч, які наведаў Крошын, каб сабраць больш інфармацыі пра паэта-каваля, сцвярджаў: смерць Багрыма была незвычайная – яго забіў раз’юшаны бык. 


У 1968 годзе замест спарахнелага крыжа ўлады паставілі помнік з надпісам “Багрым Павел Іосіфавіч 1811–1891”. Напрыканцы 1980-х мясцовы краязнаўца ўсталяваў новы помнік. Але пасля 1993 года яго скралі невядомыя асобы і вывезлі на “жыгулях”. Сёння на магіле стаіць здалёк бачны помнік, які мае ахоўны статус. Было б цудоўна, калі б побач з магілай з’явіўся невялічкі інфармацыйны стэнд з багрымаўскім маршрутам па Крошыне. Такі ж добра размясціць і на будынку станцыі. 

Павел Багрым (1812?–1891?), сын крошынскага слесара Юзафа Багрыма. Вучыўся ў парафіяльнай школцы. Ёсць меркаванне, што выкладанне ў ёй вялося на беларускай мове. Пасля сканчэння школы да восені 1828 года служыў у ксяндза Войцаха Магнушэўскага. У 1829 годзе стаў адной з галоўных фігур у следстве па справе народных хваляванняў. Падазраваўся ў распаўсюдзе антыпрыгонніцкіх вершаў. Працэс скончыўся масавай экзекуцыяй жыхароў Крошына, а з Паўла, які не меў дачынення да хваляванняў, чыноўнікі ўзялі абяцанне больш вершаў не пісаць, не перапісваць і не чытаць. Пазней працаваў кавалём. У 1863-м, маючы 52 гады, ажаніўся з удавой, шляхцянкай Карнэліяй Шышлоўскай з фальварка Кунілаў. Меў нашчадкаў. Памёр і пахаваны ў Крошыне, на прыкасцельных могілках. Месца пахавання Паўла Багрыма з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

І апошняя думка ўслых, яна ж зварот да багрымазнаўцаў. Калі ўжо з’явіцца кніга, што абагульняе ўсё вядомае пра Паўла Багрыма, яго лёс, сям’ю, паходжанне? Шчыра кажучы, зачакаліся! 

Выказваю словы ўдзячнасці супрацоўнікам Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна і ДУ “Мемарыяльны музей-майстэрня З.Г. Азгура” за прадастаўленую інфармацыю! 

Аўтар публікацыі: Зміцер Юркевіч.
Крыніца: Культура і мастацтва

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам