ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Выйшла дзіцячая кніжка беларускай пісьменніцы пра ката, які падарожнічае па Мінску
Новая паслуга: вызначэнне валавай нумарацыі перыядычнага выдання

У бібліятэку не толькі за кнігамі

У бібліятэку не толькі за кнігамі
Іншыя навіны

У Іўі захоўваюцца ўнікальныя кнігі з аўтографамі ўдавы Аляксандра Салжаніцына, Святланы Алексеевіч, Паўла Басінскага і іншых вядомых асоб.

Кніга “Архипелаг Гулаг” Аляксандра Салжаніцына з аўтографам яго ўдавы Наталлі Дзмітрыеўны, выданне “Лев Толстой. Бегство из рая” – уладальнік галоўнай літаратурнай прэміі Расіі “Большая книга” ў памеры 3 мільёнаў расійскіх рублёў – з подпісам аўтара Паўла Басінскага, лекцыя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч з яе аўтографам і асабістай ручкай... Разглядаючы гэтыя ўнікальныя экспанаты, дзіву даешся, што захоўваюцца яны не дзесьці ў сталіцы, а ў Іўеўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Адкуль такія скарбы? Дырэктар бібліятэкі Святлана Мірончык тлумачыць: падаравала ўраджэнка іўеўскай зямлі Ядзвіга Юферава – намеснік галоўнага рэдактара “Российской газеты” з 2001 года, старшыня аргкамітэта Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для педагогаў-русістаў блізкага замежжа, Балгарыі, Ізраіля і Германіі, член журы прэміі “Большая книга”, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі.

Пакінуўшы родную Іўеўшчыну адразу пасля школы, Юферава ніколі на яе не забывалася, нават калі дабілася вялікіх поспехаў у прафесіі журналіста і здабыла павагу не толькі на радзіме, але і за мяжой. Наадварот, яна адчула неабходнасць аддзячыць сваёй зямлі, аддаць усё тое, што яна дала. “Як добра быць грамадзянінам свету, як важна заставацца патрыётам сваёй малой радзімы. Мы можам і павінны зрабіць для яе многае”, – так разважае знакамітая ўраджэнка Іўеўскага раёна. Менавіта яна яшчэ ў 1994 годзе ініцыявала добраўпарадкаванне крыніцы ў раённым цэнтры, якая праз некалькі гадоў была аб’яўлена рэспубліканскім геалагічным помнікам, а ў 2003-м на сустрэчы на малой радзіме землякоў-іўеўчан “Сябрына”, якую сама і арганізавала, прапанавала стварыць краязнаўчы музей, якога ў Іўі ў адрозненне ад іншых рэгіёнаў не было. У 2009 годзе такі аб’ект з’явіўся. Сёння яго ведаюць як адзіны ў краіне Музей нацыянальных культур.

Асабліва цесная сувязь у Ядзвігі Юферавай з Іўеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай: “Усім лепшым у жыцці я абавязана сям’і, Іўеўскай школе і Іўеўскай бібліятэцы. Усе добрыя кнігі ў любыя часы я заўсёды магла ўзяць у нашай бібліятэцы. Пасля будзе ўніверсітэт у Мінску і Ленінка, але самыя галоўныя ўрокі павагі да кнігі, шанавання кнігі мы атрымоўвалі ўсё ж такі тут”. Каб аддзячыць гэтай установе, людзям, якія ў ёй працуюць, а таксама ў дапамогу цяперашнім і будучым чытачам, Ядзвіга Браніславаўна пастаянна прывозіць у падарунак цікавыя выданні – энцыклапедыі, даведнікі, мастацкую літаратуру, часта з аўтографамі аўтараў, адрасаванымі менавіта іўеўскім чытачам. Асабліва шчодры прэзент атрымала раённая бібліятэка ў 2001 годзе – пры садзейнічанні Ядзвігі Юферавай інстытут “Открытое общество” ў Маскве ў межах дабрачыннай акцыі перадаў іўеўскай установе 495 экзэмпляраў кніг коштам амаль 1800 долараў.

Бібліятэкары вельмі цэняць сяброўства з Ядзвігай Браніславаўнай і ганарацца сваёй знакамітай суайчынніцай, як, дарэчы, і ўсімі слыннымі землякамі. Тым больш што Іўеўская зямля багата на выдатных асоб. Яна дала свету таленавітых пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў, вучоных, святароў, спартсменаў... Працу з суайчыннікамі за мяжой і ў розных кутках краіны Іўеўская бібліятэка вядзе ўжо некалькі гадоў. Адкрывае новыя імёны, збірае звесткі пра землякоў, ініцыіруе выдавецкія і віртуальныя праекты. Чаго толькі каштуе раздзел на сайце Іўеўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі “Знакамітыя землякі”, дзе змешчаны біяграфіі дзясяткаў суайчыннікаў.

– Сёлета, у Год малой радзімы, вырашылі распачаць праект “Нашы людзі” – знаёмім іўеўчан з іх знакамітымі землякамі не толькі віртуальна, але і рэальна, – расказвае дырэктар бібліятэкі Святлана Мірончык. – Да прыкладу, ужо арганізавалі сустрэчы з доктарам гістарычных навук, прафесарам, першым прарэктарам Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргеем Стрэнкоўскім і паэтам, грамадска-культурным дзеячам Іванам Карэнда. Cяргей Пятровіч прэзентаваў для іўеўчан манаграфію пра гісторыю парафіі царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў сваіх родных Юрацішках ад будаўніцтва храма ў пачатку XVI стагоддзя і да нашых дзён, а Іван Арсеньевіч прачытаў яшчэ не апублікаваную паэму “Вочап: на скрыжаваннях эпох”, у якой выказаў боль і трывогу за беларускую вёску. Слухаць такіх цікавых асоб можна гадзінамі. Яны вельмі натхняюць! Асабліва тым, што не забываюць пра свой родны край. Вядома, на гэтым наша праца з суайчыннікамі не заканчваецца. Ужо запланавана некалькіх новых сустрэч.

Аўтар публікацыі: Людміла Мінкевіч.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

У бібліятэцы адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя"

17 Кра 2024

16 красавіка ў дзень 90-годдзя з дня заснавання звання "Герой Савецкага Саюза" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя", прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прапануем новую віртуальную кніжную выставу “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”

17 Кра 2024

Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый прапануе віртуальную кніжную выстаўку “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Віртуальныя выстаўкі

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам