Выданне “(Не)расстраляныя” ўтрымлівае ў сабе гісторыі жыцця, абраныя творы і архіўныя здымкі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, што былі рэпрэсаваныя сталінскім рэжымам. Кніга выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч” і 15 лютага паступіла ў продаж.
Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі, Міхась Чарот, Мойшэ Кульбак, Міхась Зарэцкі – усяго васямнаццаць асоб. Некаторыя матэрыялы, што ўтрымліваюцца ў кнізе, публікуюцца ўпершыню. Выданне з’яўляецца часткай агульнага праекта “(Не)расстраляныя”, куды ўваходзяць таксама песні на вершы забітых паэтаў ды курс лекцый. Усяго ў працы было задзейнічана каля шасцідзесяці чалавек.
“Праект пачаўся з адчування неперажытасці траўмы, якую атрымала наша грамадства за восемдзясят гадоў да гэтага. Тая рана не тое, што не загаілася, яна працягвала нарываць. Мы не асэнсавалі тыя падзеі, не прынялі іх, не асудзілі і не зрабілі высновы. Менавіта таму стала магчыма ўся гэтая папярэдняя і далейшая жэсць ужо ў сучаснай Беларусі”, – пісаў у фэйсбуку аўтар ідэі і адзін са складальнікаў выдання Сяргей Будкін.
Кніга выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч».
Крыніца: Наша ніва