ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Працягваецца рэалізацыя міжнароднага праекта “Беларусь сёння”
Улюбёнец і вязень слова

Уладзімір Ліпскі: “Жыццё вымяраецца не гадамі, а чалавечнасцю”

Уладзімір Ліпскі: “Жыццё вымяраецца не гадамі, а чалавечнасцю”
Іншыя навіны

У перадкалядны час сярод выданняў, якія пабачылі свет у 2021 годзе, асабліва прыемна адзначыць літаратурны дзённік пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, , лаўрэата літаратурных прэмій імя Янкі Маўра, Васіля Віткі, А. Швейцара, да нядаўняга часу рэдактара часопіса “Вясёлка” і прэзідэнта Беларускага дзіцячага фонду, уганараванага тытулам “Рыцар дзяцінства”, ініцыятара і старшыні Усебеларускага фестывалю гумару ў Аўцюках.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Каўчэг” пад назвай “Усякі дзень апошні”. Такім быў дзённік яго юбілейнага 80-га года, у які аўтар занатоўваў тое, што выстуквала сэрца, аб чым трывожылася і радавалася душа.

Народжаны ў 1940 годзе ў Шоўкавічах Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці таленавіты журналіст, пісьменнік і грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі амаль паўстагоддзя служыць літаратурным словам дзецям і дарослым, услаўляючы малую і вялікую Радзіму ў сваіх кнігах, сярод якіх – “Прыдзвінскі цуд”, “Я: праўдзівы аповед пра твой і мой радавод”, “Сын дня: азбука аднаго жыцця”, “Мы: аповесць пра нашы прозвішчы”, “Свіцязанская русалка”, “Я тут жыву: дзецям пра Беларусь” і іншыя.

SAM_5535_resize.jpgSAM_5557_resize.JPG

Новая кніга Уладзіміра Ліпскага – гімн жыццю, урокі сумлення, чысціні пачуццяў, акрыленасць думкі, бадзёрасць жыцця. Усё гэта – гаючыя лекі на кожны дзень зямнога раю. А яшчэ – абярэг, мальба да сучаснікаў: беражыце адзін аднаго, цаніце секундную стрэлку”, – адзначана ў анатацыі выдавецтва.

Прапануем вашай увазе фрагменты з кнігі-дзённіка Уладзіміра Ліпскага “Усякі дзень апошні”.

******************************

Шостага мая – пачатак майго гасцявання ў зямным раі. У панядзелак якраз мяне Мама нарадзіла. Сённяшні дзень укідваю у памяць, як віншавальную паштоўку. Міла і душэўна хвалілі мяне ўсе Ліпскія за абедзенным сталом. А пасля сотавік ледзь не расплавіўся. Тэлефанавалі з Мінска, Масквы, Любані, Ельска, Барысава, Аўцюкоў, Паставаў, Дабужы, Навасёлак. Хвалілі. Жадалі. Прасілі жыць доўга. А я проста жыў, як усякі дзень апошні. У басейне праплыў тысячу сто метраў. Са смакам размаўляў па тэлефоне з сябрамі, родзічамі, дабрадзеямі.

**************************

Хлопцы, да пачатку свайго юбілейнага года капітальна асвяжыце кватэру. Магу падзяліцца сакрэтам і вопытам. Дужа натхнёна памыйце вокны. Праз іх убачыце васільковае неба, узыход юрлівага сонейка, шалёную зеляніну. А калі пашанцуе, то і шызага голуба, сівую варону, самалёт з аўтографам на белым хвасце. Пасля вокнаў збярыце пыл, мурзілкі з усяго, што стаіць, ляжыць, вісіць. З асаблівай лагодай працірайце, браточкі, рамкі з партрэтамі, фоткамі Мамы і Таты, усяе радні. У гэты міг яны чыстымі спагадлівымі вачыма абагаўляюць вас. А я ўключаю для іх музычнага коніка. Мелодыя вяртае ў вечна жывую для мяне хату ў Шоўкавічах.

У Мамы маёй Марыі і бацькі Сцяпана – разам васямнаццаць братоў і сясцёр. Я ўжо і не злічу, колькі ад іх пайшло народу. Яны ж усе –мая радня.

А ў нашай галіне дрэва, ад Сцяпана і Марыі – шасцёра дзяцей, шасцёра зяцёў і нявестак ды шаснаццаць унукаў, дваццаць праўнукаў. Яны ўсе жывымі хвалямі кіруюць у бязмежны чалавечы акіян. Мы ўсе на зямлі знітаваны сваяцтвам. Апошняя кропля палаючага воску капае на свежую свечку – жыццё прадаўжаецца. І гэтак ажывае новы ланцуг пакаленняў. Імі падперазана планета людзей…

************************

Май святочны! Вяртаюся ў рэдакцыю, як пасля адпачынку. Адчыняю дзверы, бацюхна! Уся столя ў вясёлкавых шарах. Плакаты віншавальныя. На стале – торт з надпісам “Любіменькаму шэфу”, у рамцы – партрэт. Я – у блакітным спартыўным касцюме з літарай “s” на грудзях. А вакол мяне: шалёная прыгажосць: багоўкі, зеляніна, сінява… А ў кабінет збіраецца маладая каманда. Святочныя. Акрыленыя. Колькі ж у іх словах дабрыні, шчырасці, удзячнасці! Іх словы – як медалі.

Анастасія: “Вы для нас незамянімы шэф. Дзякуй, што шырока адамкнулі вочы на святло жыцця!”

Віка: “Я вучуся ў Вас штодня, нават тады, калі нічому не вучыце”. Радміла: “Шэф, не пакідайце нас яшчэ доўга-доўга!”

Карына, Эля: “Над нашым домікам ззяе «Вясёлка», над ім жыве «Буся». Гэта шчаслівы сімвал!”

Маладыя, крэатыўныя вясёлкаўцы жадаюць, каб я быў з імі бясконца. Хаця б да ста гадоў. Заставайцеся ў маім сэрцы юнымі, крыху свавольнымі гарэзамі! А я паціху буду грэцца каля вас.

“Вясёлка”, якой слугую 42-гі год здала справаздачу рэдкалегіі і чытачам. Гадавы тыраж – 71.658 экзэмпляраў. У часопісе надрукавалі свае творы 55 дзіцячых пісьменнікаў. У дванаццаці нумарах – мой творчы праект пра Беларусь “Я тут жыву”. Верна слугуем Дзецям. А гэта найперш, члены рэдкалегіі – Раіса Баравікова, Алена Масла, Анатоль Зэкаў, Анатоль Бутэвіч, Ірына Буторына, Леанід Улашчанка, Эліна Сапожнікава. Аднагалосна прысудзілі прэмію імя В. Віткі даўнішняму сябру “ Вясёлкі” паэту Васілю Жуковічу і маладой здольнай мастачцы Наталлі Таўсталес. Сваёй прэміяй я адзначыў трох юных аўтараў з Мінска, Віцебска, Парэчча.

***********************

Пра кніжны кірмаш у Мінску можна сказаць казачнай прыгаворкай: і я там быў, мёд, каву піў, па барадзе цякло і ў рот трапіла. Выступаў на прэзентацыі кніг. Меў прыемныя сустрэчы. Абдымулькі. Даваў аўтографы. Меў асалоду бачыцца з Алесем Бадаком, Вячаславам Рагойшам, Раманам Матульскім, Аксанай Спрынчан, Ірынай Буторынай. Бачыў акіян кніг. Ад самых розных азбук, расфарбовак, да “Мальчика с угрюмым лицом”, да              “Девочки с растрёпанными волосами”.

Божа! Пра ўсё-ўсё ўжо напісана. Як жа нам, цяперкавым пісьменнікам, не згубіцца сярод чытачоў? Якія тэмы ўзняць? Як падступіцца да неабробленай нівы, няскошанай сенажаці, непераплытай ракі, да белых старонак нашай гісторыі і явы?

***************************

Мама пякла праснакі ў сто разоў смачнейшыя, чым пячэнікі заморскія. Усё свае ідзе на добрае здароўе, лекуе, надае сілы, моцы, настрою. І свая хата, і свая мова, і свае звычкі, культура, і свая айчына, усё сваё, нават родныя сцены, падмагаюць жыць, адчуваць сябе вольным Чалавекам. Хай жа ў Беларусі ўва ўсе вякі будзе ўсё сваё! Не здадзім у архіў і музеі свой гонар, сваё сумленне, сваю любоў і вернасць роднай зямельцы.

***************************

Жыць – гэта значыць любіць.

Калі любіш – жывеш.

Калі любіў – умееш ненавідзець усё, што шкодзіць любові.

Калі любіў – дыхаеш на поўныя грудзі.

Калі любіш, становішся прывабным іскрыстым, лятаючым каньком-гарбунком. Калі любіш, спазнаеш буру эмоцый, высакавольтку душы. Ад усяго гэтага ўнутраны млын выдае атамную энергію.

Калі любіш – хочацца бачыць ранішні танец сонца, поўдзень і поўню, вечаровыя абнадзейныя промні захаду сонца…

*************************

Смерць і Бяссмерце.

Яны валадараць над намі. Аднолькава жывучыя. Таямнічыя. Загадкавыя.

Смерць прыходзіць, калі яе зусім не чакаюць. І выпраўляецца душа чалавечая альбо ў багну, дзе з яе вяроўкі звіваюць, альбо на Алімп Бяссмерця.

Бяссмерце. Яно – для выбраных, хто нечым уславіў зямную жытку. Хто нешта зрабіў, каб зразумець і ўдасканаліць свет жывых. Хто высвяціў дарогу ад цемры да ясноты. Хто штосьцейкі зрабіў, вынайшаў, адкрыў, што ўзрушыла людскі мурашнік.

Бяссмерце ў спадчынніках, калі дрэва радаводнае не вяне, а буяе вясновай, абнадзейнай зелянінай.

Бяссмерце наша ў веры і ў вернасці, бо чалавек, па перакананні Антона Чэхава, “ці павінен верыць”, “ці шукае веру”, інакш ён пусты чалавек.

Бяссмерце ў памяці людзей, бо чалавек жыве столькі, колькі яго памятаюць. Дык жа паверым, што неўміручымі нарадзіліся нашы Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала.

******************************

Адшумеў віншавальны дзень. Мы з Нінай за святочным сталом. Казюра-вірус забараніў збірацца вялікі гуртам. Але не забараніў трымаць свята ў душы і верыць, што цяпер сотні людзей сэрцамі з намі. Гэта надае маёй жыццёвай свечцы бадзёрага, трапяткога вогніва. За апошнім днём юбілейнага года пачынаюцца новыя абсягі зямнога раю. Згадваю Льва Талстога, які ў свае восемдзесят вывеў формулу даўгалецця: жыццё вымяраецца не гадамі, а чалавечнасцю.

Падрыхтавала Эла Дзвінская.
Фота Э. Дзвінскай і з архіва У. Ліпскага.

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам