ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Уладзімір Ліпскі: “Жыццё вымяраецца не гадамі, а чалавечнасцю”
Водгалас нашага далёкага

Улюбёнец і вязень слова

Улюбёнец і вязень слова
Іншыя навіны

Гэтая кніга ў маёй асабістай бібліятэцы – адна з самых дарагіх.

Адгортваю вокладку, узіраючыся ў знаёмы почырк: «Дарагому земляку Алесю Марціновічу з сяброўскім прывітаннем. Сц. Александровіч. 20.ІV.1976». Называецца яна «Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі». У ёй аналізуюцца малавядомыя старонкі з гісторыі беларуска-польскіх літаратурных і грамадска-палітычных сувязей у 40-я гады пазамінулага стагоддзя. Аднак асноўная ўвага нададзена аповеду пра яркае жыццё атэіста-дэмакрата, зацятага ворага манархіі, прозвішча якога і названа ў загалоўку гэтага даследавання. Аляксандр Незабытоўскі – адзін з тых, хто робіць гонар любой нацыі.

Звесткі пра яго Сцяпан Хусейнавіч збіраў па крупінках, гадзінамі праседжваючы ў архівах. Выязджаў у Кракаў, Прагу, Варшаву. Вядома ж, наведваў і сховішчы Масквы, тагачаснага Ленінграда, Вільнюса і «свае», беларускія…

Хоць, выношваючы згаданую тэму, жыў не толькі ёю. Планы меў куды больш шырокія. Была ўжо і задума манаграфіі «Пуцявіны роднага слова», прысвечанай праблемам развіцця беларускай літаратуры і друку ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Дарэчы, летам 1971 года па ёй абараніў доктарскую дысертацыю, а ў хуткім часе стаў і прафесарам. Толькі не ўсе сабраныя матэрыялы ўвайшлі ў манаграфію. Частка іх і падказала яму змест кнігі «Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі».

Зайздросная працаздольнасць, апантаная ўлюбёнасць ва ўсё беларускае спадарожнічала Сцяпану Александровічу ўсё яго жыццё, а першыя крокі навукоўца, пісьменніка былі зроблены ў Капылі, дзе нарадзіўся 15 снежня 1921 года. Яго аўтабіяграфія «Радзіма мая – Капыль» – адна з самых прачулых песень-прызнанняў у любові да родных мясцін, напісаная ўраджэнцамі Капыльшчыны. Толькі невялічкая вытрымка з яе: «Змалку палюбіў я капыльскія ваколіцы, поўныя нейкага чароўнага хараства. Мясціны тут узгоркавыя, краявіды вельмі маляўнічыя і каларытныя. Адразу кідалася ў вочы, што мястэчка стаяла на беразе вялікага рэчышча, на самым дне якога блішчала пакручастая Каменка. Хоць рэчышча зарасло драбналессем, на схілах зелянела збажына, а дзе было і забудавана, але профіль яго добра праглядаўся, асабліва калі зірнеш з высокага замчышча. Па-свойму дзівосна выглядалі адсюль, з замка, вузенькія гарыстыя капыльскія вулачкі, нязграбныя купецкія муры і крамы, касцельныя вежы».

Немалаважную ролю ў тым, што Сцяпан Александровіч ступіў на творчую сцяжыну, адыгралі здаўна моцныя ў мястэчку літаратурныя традыцыі.

А яшчэ тое, што бацька будучага даследчыка і празаіка быў асабіста знаёмы з Цішкам Гартным, ведаў на памяць яго «Песні гарбара».

У маладыя гады Сцяпан Хусейнавіч сустракаўся не толькі з Цішкам Гартным, калі той наведваўся ў Капыль, але і з Алесем Гурло (малодшая сястра яго жыла па суседстве з сям’ёй Александровічаў, на той жа Какорыцкай вуліцы). Шмат далі юнаку і гутаркі з колішнім супрацоўнікам капыльскіх рукапісных выданняў Рыгорам Чарнушэвічам. Ён успрымаўся Сцяпанам Александровічам як свайго роду жывая гісторыя нацыянальнай літаратуры.

У манаграфіі «Пуцявіны роднага слова» Сцяпан Хусейнавіч падрабязна расказаў і пра рукапісныя часопісы – унікальна для глыбінкі, якой на той час з’яўляўся Капыль. Адзін з іх, літаратурна-грамадскі, на рускай мове, «Заря» быў заснаваны па ініцыятыве Цішкі Гартнага. З’яўляўся раз на два тыдні. Усяго выйшла 15 нумароў. Галоўная прычына ў тым, што большая частка яго актыўных аўтараў пакінула мястэчка. У пошуках работы многія выехалі ва Украіну, у Латвію, Літву. Але ў красавіку наступнага года на сваю малую радзіму вярнуўся Цішка Гартны. Яго аднадушна выбралі рэдактарам новага часопіса «Голоса низа». Акрамя часопіса, выпускаўся літаратурны дадатак «Вольная думка», выходзіў па-беларуску, а ўпершыню прыйшоў да чытача разам з трэцім нумарам «Голоса низа».

Пра гэтыя выданні некалі пісаў ураджэнец Капыля Леў Клейнбарт. Але шырокаму чытачу гэтыя публікацыі былі ўжо не вядомы. Дзякуючы Сцяпану Хусейнавічу адбылося новае адкрыццё таго, што падзабывалася. А ўвогуле ён прасачыў шлях, пройдзены беларускім друкаваным словам за чатыры з паловай вякі. Згадаў тых, хто абуджаў любоў да яго, выдаў першыя кнігі Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых. Тое, пра што пісаў, было блізка і дорага. Прыгожае пісьменства палюбіў яшчэ падчас вучобы ў сярэдняй школе. Гэта і прывяло ў 1939 годзе на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Скончыў яго толькі ў 1950-м, бо на долю выпалі суровыя і нялёгкія выпрабаванні. Праз нейкі месяц прызвалі ў войска. Калі гітлераўцы напалі на Савецкі Саюз, вайсковую часць, у якой служыў, перавялі ў Іран. Потым прымаў удзел у Керчанска-Феадасійскай аперацыі і ўзяцці Керчы і Феадосіі. 16 мая 1942 года быў цяжка паранены, праз восем дзён трапіў у палон. Аб гэтым лаканічна сказаў у аўтабіяграфіі: «Увогуле жыццёвы тэмп быў незвычайны: у 18 год я быў у арміі, у 20 – на фронце, у 21 – у палоне».

Пра тое, што перажыў у фашысцкім лагеры, як у жніўні 1942-га вырваўся з няволі, дабраўся ў Капыль, па-мастацку праўдзіва і псіхалагічна-дакладна паведаў у дакументальна-мастацкай аповесці «Далёкія зарніцы». У творы нічога прыдуманага. Ды і як прыдумаць такое, ад чаго гатова стынуць у жылах кроў: садызм гітлераўцаў, іх пастаяннае жаданне калі не самога чалавека знішчыць, дык усё чалавечае ў ім. Нягледзячы на пакуты – фізічныя і маральныя, – стараўся выжыць, каб пасля стаць у строй барацьбітоў з фашызмам.

Гэта таксама нялёгка далося, «з лагера прынёс працэс у лёгкіх». Слова самому Сцяпану Хусейнавічу: «Маладосць і дамашні харч збольшага прытушылі хваробу. Да гэтага часу (вясна 1943 года. – А. М.) у мяне ўжо наладзіліся сувязі з партызанамі, якім бацька вырабляў аўчыны і круціў сырамяць на збрую… Стаў членам капыльскай падпольнай групы, выканаў два баявыя заданні, Савецкую Армію сустракаў у партызанскім атрадзе».

Універсітэт закончыў завочна. Пачынаючы з 1944 года настаўнічаў. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Беніцкай сямігодцы Маладзечанскага раёна. Пасля – у Наваяльнянскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна, у Навагрудскай СШ № 1. Адначасова паспрабаваў свае сілы ў творчасці. Пачаткам яе стаў 1946 год. Адразу вызначыў кірунак – гісторыка-краязнаўчыя даследчыцкія памкненні. Гэта відаць з публікацый, што з’явіліся ў часопісе «Беларусь»: «Кравецкі жаргон», «Вёска Лоск», «Друкар Ілья Капіеўскі».

А ў газеце «Літаратура і мастацтва» выступіў з допісам «Больш увагі літаратурнай спадчыне», што быў пададзены як «Ліст чытача».

Больш мэтанакіравана стаў аздабляць ніву краязнаўства пасля пераезду ў Мінск. Выкладаў у бібліятэчным тэхнікуме, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, у Літаратурным музеі Якуба Коласа.

У 1963 годзе звязаў лёс з філалагічным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У вольны час шмат падарожнічаў па родных мясцінах знакамітых пісьменнікаў. Нарысы, што напісаліся пад уражаннем гэтых паездак, пазней увайшлі ў кнігу «Незабыўнымі сцежкамі» (1962). Працягам яе стала кніга «Па слядах паэтычнай легенды» (1965). Яны перавыдаваліся, а ў 1974 годзе выйшлі пад адной вокладкай – «Тут зямля такая».

Гэтая кніга таксама ёсць у мяне з аўтарскім аўтографам: «Дарагому земляку Алесю Марціновічу з пажаданнем самых плённых творчых поспехаў. 8.VІІ.1975. Сц. Александровіч». Тыя ж імёны, як і ў папярэдніх выданнях: Францыск Скарына, Янка Купала, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка, Максім Танк і іншыя. Але гэтае выданне дапоўнена нарысам пра Івана Шамякіна. З ранейшых кніг увайшоў глыбока змястоўны, з прывядзеннем цікавых фактаў, нарыс пра Кузьму Чорнага «Сэрца, у якім месціцца цэлы свет».

Марыў напісаць пра яго і асобную кнігу. У аўтабіяграфіі прызнаваўся: «Сабралася ўжо многа цікавых успамінаў, запісаў і нататак пра Кузьму Чорнага і цімкаўцоў. Трэба знайсці нейкую форму, каб выкарыстаць увесь гэты багаты дакументальны і бытавы матэрыял, каб атрымалася кніга не толькі пра К. Чорнага, але і пра людзей Капыльшчыны – герояў яго самабытных раманаў».

Кніга гэтая жыла ў планах, а Сцяпана Хусейнавіча на той час падштурхоўвала не менш значная задума. Узяўся за напісанне мастацкай біяграфіі народнага песняра Якуба Коласа. Першую аповесць «Ад роднае зямлі…» выдаў яшчэ ў 1962 годзе. Гэта згадкі пра маленства і юнацтва класіка нацыянальнй літаратуры, яго ўваходзіны ў вялікі свет жыцця.

У наступнай аповесці «На шырокі прастор» (1972) – расповед пра вучобу будучага пісьменніка ў Нясвіжскай настаўніцкй семінарыі, рэвалюцыйную дзейнасць і далей – творчасць у гады савецкай улады, вялікая грамадзянская і навуковая праца. Трэцяя кніга – «Крыжавыя дарогі» (1985). Назва кажа сама за сябе. Гэта цяжкія для Якуба Коласа выпрабаванні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенны час, у якім давала аб сабе знаць водгулле перажытага ў час усенароднай барацьбы з фашызмам. Атрымаўся панарамны мастацкі твор пра народнага песняра і час, у якім ён жыў.

Напісанне празаічных твораў не спыняла навукова-даследчыцкай дзейнасці. Ён выдаў кнігі «Старонкі братняй дружбы», «Гісторыя і сучаснасць», «Кнігі і людзі», «Слова – багацце», напісаў раздзелы для першага тома «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры». Складаў і зборнікі твораў пачынальнікаў нацыянальнага прыгожага пісьменства – Францішка Багушэвіча, Цёткі, Каруся Каганца, Альберта Паўловіча і іншых. Падрыхтаваў томік паэзіі сябра студэнцкіх гадоў паэта Аляксея Коршака, які загінуў ва Усходняй Прусіі. З’яўленне кожнага з іх прыхільна сустракалася грамадскасцю. Не трэба забываць, што ў гэтыя кнігі, за выключэннем толькі Аляксея Коршака, траплялі творы, якія доўгі час замоўчваліся, паколькі ў іх узнімаюцца пытанні нацыянальнага адраджэння, паважнага стаўлення да беларускай гісторыі, культуры, мовы.

Працаваў мэтанакіравана, хоць цяжкая хвароба пастаянна нагадвала аб сабе. Яна і дагнала яго. Пісьменніка-чалавекалюба, чалавека светлай душы, не стала 1 мая 1986 года. Пра Сцяпана Александровіча таксама можна сказаць, што ў яго сэрцы месціўся свет. У гэтым неаднойчы пераконваліся ўсе, хто кантактаваў з ім, адчуваў яго парады і падтрымку.

Яго шчодрасць, душэўную цеплыню адчуў на сабе і я, калі, перш чым перавесціся на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, вучыўся на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры. Сцяпан Хусейнавіч быў куратарам нашай групы. Вучыўся я добра, тры семестры фота было на дошцы выдатнікаў факультэта, а наведванне заняткаў… Ад сесіі да сесіі студэнт жыве весела. Неяк ён жартаўліва сказаў: «А што калі напішу тваім бацькам, як паводзіш сябе?» Я гэтаксама жартаўліва адказаў: «Навошта псаваць ім настрой?» На гэтым ушчуванні скончыліся.

Калі я ўступаў у Саюз пісьменнікаў Беларусі, адну з рэкамендацый мне даў Сцяпан Хусейнавіч. Такое памятаецца ўсё жыццё. Не меншая памяць аб ім і яго кнігах. За іх удзячныя яму ўсе, хто калі-небудзь чытаў. Добра і тое, што сёлета том «Выбраныя творы» Сцяпана Александровіча пабачыў свет у серыі «Беларускі кнігазбор».

Аўтар публікацыі: Алесь Марціновіч.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Да 100-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Александровіча Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізавала круглы стол "Кнігі і людзі" і юбілейную выставу "Слова – багацце".

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам