ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Анлайн-конкурс чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”
У Дзень бібліятэк павіншавалі лепшых па прафесіі (+відэа)

Вага ўзятых абавязкаў

Вага ўзятых абавязкаў
Іншыя навіны

Да дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі

З чаго пачаць? Гэта ж як Нотр-Дам або Саграда Фамілія, як фларэнтыйская Санта Марыя дэль Фьёрэ – немагчыма змясціць цалкам у адзін пагляд, немагчыма ўзяць агульным планам. Толькі хадзіць наўкола, прыглядацца да дэталяў, стаяць гадзінамі ля калоны ці брамы, а потым складаць у адно, уяўляць цалкам і не стамляцца дзівіцца моцы і непераможнасці чалавечага духу, які стварае неспасцігальнае. З чаго ж пачаць…

Ну, напрыклад, з гісторыі пра лістоўніцу.

Калі Дубоўку арыштавалі трэці раз, у 1949-м, і далі ўжо не турэмны ці лагерны тэрмін, як папярэднім разам, а ўсяго толькі вечнае пасяленне ў Краснаярскім краі, яны з жонкай прыехалі ў Почат, пасёлачак на беразе хуткаплыннай халоднай ракі Бірусы. Дубоўка ўладкаваўся працаваць цесляром, а Марыля Пятроўна – настаўніцай. Далі ёй з гэтай нагоды зямлю для будоўлі дома – дзялянку некранутай тайгі на беразе Бірусы. Уласнымі рукамі саракасямігадовы Дубоўка, за плячыма якога было дзевятнаццаць гадоў высылак, турмаў і лагера, пакарчаваў тайгу, разбіў агарод і паставіў дом.

Дык вось, падчас будоўлі неяк вынесла на супрацьлеглы бераг Бірусы таўшчэзную лістоўніцу. І Дубоўка паплыў на чоўне за ёй. Пераплыў раку, прымацаваў дрэва да лодкі – і рушыў назад.

А Біруса – вельмі хуткая рака.

Адным словам, калі Марыля Пятроўна спахапілася і выбегла на бераг паглядзець, дзе ж гаспадар, ані чоўна, ані чалавека ўжо не было. Яна бегала па беразе да самай ночы, гукала свайго бядовага Валодзю, падняла ўвесь Почат, і початаўцы, якія любілі гэтую шляхетную пару, таксама бегалі па беразе і гукалі Уладзіміра Мікалаевіча, але адказу ім не было. А калі ў цемры Марыля Пятроўна вярнулася дадому ў поўным адчаі, то ўбачыла ў вокнах святло.

Аказваецца, плынь пацягнула дрэва з чоўнам і чалавек не даў рады рачной моцы. Лодку знесла далёка ўніз: несла, пакуль лістоўніца не зачапілася за нейкія камяні. Там Дубоўка выбраўся з чоўна, зацягнуў і яго, і дрэва на бераг, пераплыў Бірусу і пакуль што пайшоў дадому. А з раніцы, адпачыўшы і набраўшыся сіл, вярнуўся, сеў у човен, абцяжараны дрэвам, і падняўся ўверх па рацэ да свайго дома з гэтай клятай, але цяпер ужо пераможанай лістоўніцай.

Сям’я Дубоўкаў.png

Сям’я Дубоўкаў. Уладзік стаіць, самы высокі. 1914 год. З фондаў БДАМЛіМ

«Вага ўзятых абавязкаў». Пра гэтую вагу яшчэ ў 1927 годзе напісала Уладзіміру Дубоўку ў прыватным лісце Наста Нарутавічанка. Ну як напісала... Дубоўка, канешне, прыдумаў яе, тую Насту, прыдумаў і яе ліст, вакол якога закручаны сюжэт паэмы «Кругі» – адной з найлепшых Дубоўкавых паэм. «Спытаюся: ці думалі калі вы пра вагу ўзятых абавязкаў?» – звяртаецца Нарутавічанка да маладога паэта, які вырашыў перабудаваць сусвет («Мы жыццё дашчэнту перайначваем, перайначым жа яго хутчэй!» – горача ўсклікае лірычны герой «Кругоў»). Напэўна, менавіта яна, вага ўзятых на сябе абавязкаў, і абумовіла колькасць і цяжар тых пякельных кругоў вакол уласных узвышшаў, якія давялося прайсці ў жыцці бліскучаму беларускаму паэту Уладзіміру Дубоўку.

Ён нарадзіўся… Дарэчы, і гэта цікавая гісторыя – калі нарадзіўся

Уладзімір Дубоўка. Дзякуючы нядаўняму адкрыццю даследчыцы Наталлі Казапалянскай, якая адшукала ў архіве яго метрыкі, мы ўжо дакладна ведаем, што ён нарадзіўся 2 ліпеня (15-га па новым стылі) 1901 года. Між тым сваёй уласнаю рукой ва ўсіх вядомых дакументах – анкетах, спісах, паказаннях – Уладзімір Дубоўка пазначаў годам нараджэння 1900-ы. Гэты ж год і сёння стаіць ва ўсіх даведніках і падручніках, па ім жа адзначаюцца юбілейныя даты. Хутчэй за ўсё, падмена адбылася тады, калі малога Уладзіка аддавалі ў Манькавіцкую школу: не па гадах разумнага і рослага хлопчыка запісалі на год старэйшым, каб пасадзіць у клас. Уважлівы чытач Дубоўкавых аўтабіяграфічных тэкстаў мог здагадацца аб гэтым без метрык: «Між іншым, мяне паслалі ў школу тады, калі мне было няпоўных шэсць год («Каб дома не дурэў!»). Я ужо добра чытаў. З гэтае прычыны настаўнік пасадзіў мяне не ў першы клас, дзе вучыліся дзеці 8-9 год, а ў так званы падрыхтоўчы. У гэтым класе былі выключна дзецюкі-навабранцы і дзяўчаты-нявесты, якім трэба было навучыцца распісвацца ды ліст які невялічкі напісаць. /…/ У гэтай школе я вучыўся пяць год (год у падрыхтоўчым, тры – у нармальных, і яшчэ адзін год – у чацвёртым, новаадкрытым)» – піша ён у нарысе «Сярод людзей добрых». Просты падлік гадоў, праведзеных у школе, і супастаўленне іх з іншымі біяграфічнымі звесткамі сапраўды нараджалі пытанні, бо гады не сыходзіліся. Але хто ж мог насамрэч падазраваць у падмане, няхай і бязвінным, самога Дубоўку?

Сядзіба Друцкіх-Любецкіх.png

Сядзіба Друцкіх-Любецкіх у Манькавічах. З архіва Pоlonia, з падзякай Кастусю Шыталю

Так і пайшоў ён па жыцці – беручы на сябе абавязкі не па ўзросце. У Манькавіцкай школе Уладзік правучыўся сем гадоў. Але не толькі школай засталіся ў ім Манькавічы. Тады, на пачатку ХХ стагоддзя, ціхія і занядбаныя сёння Манькавічы былі вялікім і шумным маёнткам Друцкіх-Любецкіх, знакамітага магнацкага роду, прыбліжанага да імператарскага двара. Гаспадар Манькавіч, князь Уладзімір, стала жыў у Пецярбургу, займаў высокія дзяржаўныя пасады і кожны год быў запрошаны на імяніны да цара. У Манькавічах ён жыў некалькі летніх месяцаў, увесь астатні час палац стаяў пусты. Туды праз акно і лазіў малы Дубоўка ў багатую княжацкую бібліятэку. Хаваўся там у шыкоўных фатэлях – і чытаў. Бацька Уладзіка, Мікалай Фёдаравіч, працуючы на бровары Друцкага-Любецкага, моцна траўміраваў руку, спрабаваў дабіцца ад князя дапамогі і кампенсацыі, але дзе там – і таму кінуў маёнтак і сышоў рабочым на чыгунку.

Сваіх дзяцей Мікалай і Настасся Дубоўкі зацята вучылі – усе яны ў выніку мелі вышэйшую адукацыю. Адразу пасля заканчэння Манькавіцкай школы Уладзіка аддалі ў Мядзельскую двухгадовую вучэльню, а потым паслалі вучыцца ў Новую Вільню, у настаўніцкую семінарыю. Пачыналася Першая сусветная вайна, дабірацца да ваколіц Вільні было цяжка, цывільным шляхам – па квітках у камфортных вагонах – амаль немагчыма, і бацькачыгуначнік саджаў сына на вузенькую пляцоўку паміж вагонамі, ля счэпу, а каб не зваліўся пад колы, моцна прывязваў да парэнчаў. У 1915 годзе Дубоўкі эвакуіраваліся ў Маскву – чыгуначнікаў вывозілі сем’ямі, а настаўніцкая семінарыя была пераведзена ў Невель. Толькі ў 1918-м сямнаццацігадовы Уладзік самым неверагодным чынам прабраўся праз рэвалюцыйна-ваенную навалу ў Маскву, адшукаў там сваіх – яны ўжо жылі ў кватэры, на чацвёртым паверсе навюткай грунтоўнай камяніцы, пабудаванай для чыгуначнікаў. Бацька зноў працаваў у складзе брыгады, што клала рэйкі ля Беларускага вакзала. Туды ж узялі і Уладзіка – высачэзны, пад два метры, фізічна моцны і руплівы хлопец быў здатны і да такой дарослай працы.

Дубоўка-чырвонаармеец-1921.png

Дубоўка – чырвонаармеец. 1921 год. З фондаў БДАМЛіМ

Але ж катаклізмы катаклізмамі, а трэба вучыцца. Увосень 1918 года Дубоўка паступае на гісторыкафілалагічны факультэт МДУ, ды, правучыўшыся два месяцы, кідае вучобу – бацькам зусім складана, трэба працаваць. Ён едзе настаўнікам на Тульшчыну, у вялікае сяло, дзе адвеку жылі суровыя стараверы. Паспрабуй у такой вёсцы ўсталюй новыя парадкі, раздзялі царкву і дзяржаву, патлумач новую рэчаіснасць. Няпроста! Адпраўляючы маладзенькага Дубоўку на месца працы, загадчык аддзела народнай асветы па-бацькоўску папярэджваў: «Пільнуйся, хлопча, становішча надзвычай сур’ёзнае!» Але ж настаўнік для Новай Слабодкі быў незвычайны – пільнаваўся, але не надта. Гнуў сваю лінію. І – выгнуў: «Вучыць вашых дзяцей пісаць і чытаць я буду, і буду бясплатна, такое навучанне аплоціць дзяржава, а за закон боскі грошай мне не даюць, дык звяртайцеся ў царкву». Слабажане звярнуліся, але ж мясцовы святар назначыў за навучанне такі высокі кошт, што сяляне пажурыліся-пажурыліся, але ж ці то з эканоміі, ці то са сквапнасці, а можа, і з-за сімпатый да новага настаўніка, маладога і харызматычнага, з новай школай змірыліся.

Адпрацаваўшы год, Дубоўка вяртаецца ў Маскву. Там яго прызываюць у армію ў тэлеграфнабудаўнічую роту: салдаты ўсталёўваюць сувязь у разбітых войнамі гарадах. А ў 1921-м – дэмабілізаваўшыся, але яшчэ ў вайсковай форме – Уладзімір Дубоўка раптам бачыць на Малой Нікіцкай вуліцы шыльду на камяніцы: «Прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР».

Дубоўка-Уладзімір Сасюра.png

Дубоўка і ўкраінскі паэт Уладзімір Сасюра. 1925 год. З фондаў БДАМЛіМ

Ён зойдзе туды спытаць беларускіх газет – і зусім малады бялявы хлопец пакладзе перад ім падшыўку «Савецкай Беларусі». З таго моманту пачнецца сяброўства, а потым і супрацоўніцтва Міхася Мароза, дваццаціпяцігадовага паўнамоцнага прадстаўніка БССР у Маскве, і Уладзіміра Дубоўкі, дваццацігадовага волата, які распачынаў свой пераможны шлях у літаратуру і гісторыю.

Наогул, 1921 год багаты на падзеі. Дубоўка пачынае працаваць у Пастпрэдстве сакратаром, паступае ў славуты Вышэйшы літаратурнамастацкі інстытут імя Брусава, у гэтым жа годзе ў Мінску выходзіць першы яго верш – «Сонца Беларусі». Крытыка адразу заўважае новае паэтычнае імя і асабліва светлую, бадзёрую танальнасць вершаў. Маладому паэту, які піша пабеларуску ў Маскве, удаецца пазбегнуць адразу двух супрацьлеглых трэндаў у тагачаснай беларускай паэзіі – і рэвалюцыйнай экзальтацыі, і бясконцага ныцця над гаротным жыццём няшчаснай роднай старонкі.

Узлёт маладога Дубоўкі імклівы і несупынны: ён адзін з самых заўважных студэнтаў-брусаўцаў, улюбёнец самога мэтра, Валера Якаўлевіча Брусава, загадчык інстытуцкага кабінета паэтыкі, знаёмец Маякоўскага і Ясеніна, жаданы выступоўца на паэтычных вечарынах і імпрэзах, што ла- дзяць беларусы ў Маскве, выкладчык Камуністычнага універсітэта і курсаў беларускай мовы... Між іншым, менавіта Дубоўка выкладаў родную мову студыйцам-беларусам пры ММАТ, і адной з самых уважлівых яго вучаніц была маладзенькая Стэфанія Станюта. З 1924 года Дубоўка – супрацоўнік крамлёўскай службы перакладу: гэта ён перакладае на беларускую ўвесь корпус законаў СССР, што прымаюцца ў Маскве. Тут, у кабінеце Крамля, нараджаецца новая белару- ская юрыдычная лексіка – талентам аднаго паэта.

Дубоўка-1926.png

У 1926-м. З фондаў БДАМЛіМ

У 1924-м Дубоўка ўпершыню трапляе ў Мінск. Камандзіроўка найперш службовая: яму дадзена заданне наладзіць у БССР выпуск часопісаў – дзіцячага і настаўніцкага. Тыя часопісы, запачаткаваныя Дубоўкам, жывыя і сёння: «Беларускі піянер», што стаў «Бярозкай», і «Асвета». Але не часопісы тут галоўнае. Галоўнае, што нарэшце паэт знаёміцца са сваім чытачом.

А чытач беларускі Дубоўку хіба што не абагаўляе. Зборнік «Строма», які выйшаў у 1923-м, даўно разабраны на цытаты, кожны выступ у прэсе – падзея, кожнае слова – нагода для абмеркавання. Граюць сваю ролю бясспрэчны, арыгінальны талент, паэтычная смеласць, неардынарнасць мыслення і сталічны, «маскоўскі» флёр (у той час, як і сёння, для беларуса было надзвычай важна, каб свайго прызналі чужыя). На вечарынах, дзе чытае Дубоўка, заўсёды аншлаг, публіка адбівае далоні ў апладысментах.

Дубоўка-Марыля Кляус.png

З Марыляй Кляус. 1927 год. З фондаў БДАМЛіМ

Вельмі хутка Дубоўка ўваходзіць у жывы мінскі літаратурны працэс. У 1925-м ён старшыня ЦБ «Маладняка», адна за адной выходзяць кніжкі: паэма «Там, дзе кіпарысы», «Калініншчына», зборнік «Трысцё», на пачатку 1926-га – «Credo».

Вось тут і пачынаецца.

Наогул, 1926 год – няпросты для маладых беларускіх літаратараў. Прыйшоўшы ў літаратуру адразу пасля рэвалюцыі, зусім-зусім маладымі, цяпер яны сталі на крыло: у беларускай паэзіі – вялікая колькасць самабытных, амбітных імёнаў: Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Анатоль Вольны, Язэп Пушча, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Пятрусь Броўка. Падцягваецца і моцная, шматабяцальная моладзь: Валер Маракоў, Тодар Кляшторны, Алесь Звонак, Міхась Багун. Вядома ж, пачынаецца надзвычай жорсткая канкурэнтная барацьба, абцяжараная агульнай атмасферай паўсядзённага змагання з ідэалагічнымі ворагамі, уяўнымі і ўмоўнымі. Да таго ж менавіта цяпер, у 1926-м, пасталелыя «рэвалюцыянеры з пялюшак», якія некалі апявалі і бласлаўлялі новы час і новае жыццё, пачынаюць заўважаць вакол сябе не толькі прыгажосць і рамантыку перамен, але і разбуральнасць мацнеючай улады працоўных і сялян. Зборнікі 1926 года, якія выходзяць адны за адным – «І залацісцей і сталёвей» Дудара, «Credo» Дубоўкі, «Vita» Пушчы, нізкі вершаў Янкі Купалы, – прасякнутыя прадчуваннем благіх часоў, трывогай за сябе і краіну, не сфармуляваным яшчэ ў прычынах і следствах, але ўяўным расчараваннем.

Часіна ды з сокам рабіны,
Качаеш мяне ў чарнабыллі…
На дзіды, на востры шыпшыннік
Ці сэрца, ці дух мой узбілі…
Калышуцца скаргі і моўкнуць,
Разносяцца разам пялёсткі,
Не хоча Ўладзімер Дубоўка
Спяваць пад зазубраны лёскат…

У траўні 1926-га група паэтаў і празаікаў на чале з Дубоўкам (Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Язэп Пушча, Кандрат Крапіва і іншыя) абвяшчае пра выхад з «Маладняка», пратэстуючы супраць залішняй палітызаванасці мастацтва. Адначасова апазіцыйная група стварае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша» – сёння мы ўжо ведаем, што менавіта гэтая група акумулявала і развіла тое найлепшае, што было закладзена маладой беларускай літаратурай у першыя паслярэвалюцыйныя гады. З гэтага моманту на старонках цэнтральных газет – «Савецкай Беларусі» і «Звязды» – распачынаюцца бясконцыя жорсткія літаратурна-палітычныя дыскусіі, у якіх былыя таварышы, а цяпер зацятыя ворагі пляжаць адзін аднаго, не зважаючы на правілы прыстойнасці.

Узвышша-1928.png

«Узвышша». 1928 год. З фондаў БДАМЛіМ

Пасярод гэтай бясконцай бойкі Дубоўка жэніцца. Марыля Пятроўна Кляўс, яго вучаніца – Дубоўка кіраваў беларускімі курсамі ў Беларускім клубе Масквы, дзе займалася Марыля, – з’яўляецца ў жыцці пісьменніка ў складаны час. Марыля была прагрэсіўнай дзяўчынай і доўга супраціўлялася афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу – тады гэта лічылася «перажыткам». Але Дубоўка настаяў. «У далейшым яму гэта спатрэбілася: пры перадачах у турму, пры дазволах на спатканне і г. д.», – пісала потым Марыля Пятроўна. Праз год, у кастрычніку 1928-га, у Дубоўкаў нарадзіўся сын Альгерд.

Ісці супраць плыні для Дубоўкі не навіна. У гэтых складаных варунках (ён нават скарачае свае візіты ў Мінск да мінімуму, а зборнік «Наля» (1927) наогул выходзіць у Маскве, бо Цішка Гартны, адзін з самых жорсткіх ворагаў пісьменніка, абяцае, што ніводнага слова Дубоўкі цяпер не будзе надрукавана ў Беларусі) Дубоўка адчайна змагаецца. Разам з Адамам Бабарэкам і паплечнікамі яны запачаткоўваюць і выдаюць часопіс «Узвышша» – пэўна, найлепшы, найгрунтоўнейшы з «тоўстых» беларускіх літаратурных часопісаў за ўсе часы існавання айчыннай літаратуры. Больш за тое – менавіта «Узвышша» з траўня 1929 года пачынае выходзіць з выкарыстаннем новых літар беларускага алфавіта, створаных Дубоўкам: ён замяніў афрыкаты «дж» і «дз» адмысловымі знакамі, каб падкрэсліць самабытнасць і першараднасць фанетычных беларускіх з’яў у нашай графічнай сістэме. Дубоўка літаральна ходзіць па лязе нажа – у 1927-м у віленскай прэсе друкуецца выразны апазіцыйны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету». Ён апублікаваны пад псеўданімам Янка Крывічанін, але аўтарства Дубоўкі не выклікае ў сучаснікаў сумневаў. У літаратурным беларускім дадатку да маскоўскай газеты «Гудок» ён заяўляе: «З грамадскай працай «Узвышша» і не думала парываць, спадзяючыся праводзіць яе і надалей пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі, у магчымых для сябе кірунку і формах – у галіне літаратуры, у формах літаратурна-мастацкіх згуртаваньняў». Гэтае дзёрзкае «у магчымых для сябе кірунку і формах» прагучала як выбух.

Марыля і Алік.png

Марыля і Алік. 1930-я. З фондаў БДАМЛіМ

З 1929 года за свядомых беларусаў – і найперш за нацыянальную інтэлігенцыю – у БССР бяруцца сур’ёзна. Беларусізацыя імкліва згортваецца, пачынаецца моцны ідэалагічны ўціск. Цяпер на старонках цэнтральных газет, і асабліва «Звязды», адначасова ганяць «і тых, і гэтых»: і былых маладнякоўцаў, і ўпартых узвышаўцаў.

А ў ліпені 1930-га пачынаюцца арышты. «Узвышша» б’юць першым.

Дубоўку арыштавалі проста на працы, у тым самым крамлёўскім кабінеце. Заўсёды франтаваты, стыльна апрануты, ён прыйшоў у той дзень у белым, надзвычай модным, строі.

Доўга яшчэ казалі шэптам і ў Маскве, і ў Менску: «Дубоўку ўзялі ў бялізне, проста з пасцелі».

Калі акрэсліць у лічбах далейшыя 28 гадоў яго жыцця, дык выйдзе багаты на судовыя выракі спіс. Большых, чым у Дубоўкі, спісаў не мае ніхто са шматпакутных беларускіх літаратараў.

1930–1931 – пад следствам па справе Саюза вызвалення Беларусі ў Бутырскай, а потым у Мінскай турмах;
1931–1935 – высылка ў Яранску;
1935–1937 – падоўжаная высылка ў Чабаксарах;
1937–1947 – у ГУЛАГу (дзесяць гадоў на лесапавале і будоўлях Бірабіджана);
1947–1949 – часовы адпачынак без дазволу жыць у вялікіх гарадах, Дубоўка працуе рахункаводам у чайным саўгасе ў грузінскім сяле Наразені;
1949–1957 – новы арышт і цяпер ужо вечная высылка ў Краснаярскі край, мястэчка Почат.

* * *

Тут мне хочацца сполахамі, імгненнямі пасярод цемры падсвяціць гэты бясконцы пакутны шлях. У Яранску, дзе Дубоўка адбываў свой першы тэрмін, яго прынялі на працу юрыстам у райпо. Яно толькі-толькі стварылася, на чале стаяў той, чыёй галоўнай кампетэнцыяй было членства ў Кампартыі – ані гандлю, ані сельскай гаспадаркі ён не ведаў. Праз колькі часу Дубоўка стаў адыгрываць самую заўважную ролю ў гэтай арганізацыі: бездакорнае валоданне заканадаўчай базай (ці дарэмна шэсць гадоў кожную літару закона перакладаў?), ветлівасць і хуткі розум, уменне наладзіць трывалыя чалавечыя кантакты і знайсці выйсце з няпростай сітуацыі, а яшчэ ж і багаты сялянскі досвед, набыты ў складзе вялікай і працалюбівай сям’і ў беларускіх Манькавічах, да таго ж валоданне англійскай мовай (у Яранску і ваколіцах ёй ніхто, вядома ж, не валодаў). Для богам забытага сібірскага кутка гэта быў сапраўдны скарб. Калі Дубоўку праз тры гады пераводзілі з Яранска ў Шэшургу («Ты з глузду з’ехаў, ці што? У цябе ўсім райпо кіруе палітычны высланы?!» – крычалі на старшыню ў мясцовым НКУСе), у Яранску стаялі ўжо парнікі, дзе вырошчваліся адмысловыя, адабраныя Дубоўкам гатункі памідораў і нават кавуны, была арганізаваная вытворчасць колавай мазі, працавалі курсы англійскай мовы і не было ніводнага даўжніка.

Адбіткі пальцаў Дубоўкі.png

Адбіткі пальцаў Уладзіміра Дубоўкі. З архіва Грузінскага МУС

Аднойчы бухгалтар Яранскага райпо Іван Хадыкін быў арыштаваны за шкодніцтва. Нешта там не сыходзілася ў справаздачах. Дубоўка тры дні не выходзіў з працы – не хадзіў нават дадому спаць: усё шукаў у паперах і законах ратаванне для калегі. І знайшоў! Хадыкіна вызвалілі, усе абвінавачванні знялі.

Пасля Яранска яго ўжо штурхалі па раёне і асабліва расправіць крылаў не давалі. Перавялі ў Шэшургу, а калі пабачылі, што ён і там хутка атабарыўся – распрацаваў дзялянку, пасадзіў агарод, пачаў рамантаваць халупу, выдзеленую ўладай, – забралі ў НКУС, трымалі некалькі тыдняў, нічога не гаворачы сям’і, цішком перавялі ў Чабаксары. Там далі нейкую кватэрку, але вельмі хутка дом рассялілі, і Дубоўкам выдзелілі ў якасці часовага жытла хлеўчык, што стаяў у двары. Яго нават закрыць можна было толькі знутры, на кручок. У гэтым хляўчуку з малым Альгердам перажылі сібірскую зіму.

Падчас этапу з Чабаксараў у лагер ахове не спадабалася, што нехта падбег да Дубоўкі з абдымкамі. Спусцілі сабак, але да двухметровага вязня сабакам яшчэ даскочыць трэба. Ён выстаўляў блокам рукі і адбіваўся ад своры. Тады наляцелі самі ахоўнікі, збілі Дубоўку з ног, і сабакам у іх працы выйшла палёгка. Тыя, хто быў з Дубоўкам у лагеры, успамінаюць, як да яго гарнуліся тыя, хто хацеў застацца чалавекам. Заўсёды знешне спакойны, вельмі пераборлівы і нешматслоўны ў гутарках, надзейны ў працы, Дубоўка ратаваў сябе і іншых ад знялюдзення нечакана: прымушаў, напрыклад, кожную раніцу чысціць зубы. Што б ні было – мыць рукі і чысціць зубы. Проста пасярод гэтага вось усяго.

У 1942 годзе – самы страшны лагерны час, бо з пачаткам вайны фінансаванне ГУЛАГа спынілася і вязні павінны былі самі забяспечваць сябе ежай, – Дубоўка захварэў на пелагру, вельмі распаўсюджанае сярод зняволеных захворванне, якое развіваецца ад голаду і недахопу жыццёва неабходных рэчываў у ежы. Пелагра точыць чалавека доўга, і хварэць на яе, і паміраць ад яе – вельмі пакутна. Дубоўка хварэў два гады – і выкараскаўся, бо не даваў сабе ляжаць. Уставаў з лазарэтнага ложка – і сунуўся або рамантаваць печы, або месці падлогу, або выконваць абавязкі санітара пры ляжачых, каб толькі рухацца.

Алік Дубоўка, адзіны сын, загінуў у 1942 годзе: бегалі з хлопцамі, знайшлі снарад – і кінулі ў вогнішча. Марыля Пятроўна напісала аб гэтым не самому Дубоўку, а доктару лагернага шпіталя. Папрасіла, каб паведамілі толькі тады, калі ён будзе ў сілах атрымаць гэтую вестку. Сама Марыля Пятроўна па Аліку літаральна выплакала вочы – з той пары ўвесь час хварэла і перыядычна губляла зрок. Ды й Дубоўка ўвесь час, успамінаючы Аліка, плакаў.

* * *

Дубоўка вярнуўся ў Маскву з Почату ў 1957-м, у год канчатковай рэабілітацыі па ўсіх сваіх чатырох прысудах. Думаў пераехаць нарэшце ў Беларусь, аднак тут яго не асабліва чакалі. Ані з жытлом, ані з лячэннем, ані з працай дапамогі ніхто не прапаноўваў, да таго ж адносіны да былога ворага народа былі, мягка кажучы, насцярожанымі. Пра што казаць: калі ў 1960 годзе ў зале Дома літаратара адзначалі юбілей Дубоўкі (усім Домам адзначалі – нельга было абысці), адразу пасля афіцыйнай імпрэзы ўсе госці шусь – і разбегліся, і ён стаяў ля ўваходу адзін, агромністы, высачэзны, з даўгой сівой барадой, кінуты ўсімі. Тады да яго падышоў толькі Юльян Пшыркоў, літаратуразнавец, што першым вяртаў імёны міжваенных паэтаў і празаікаў у навуковы зварот. Падышоў, прапанаваў пайсці да яго. З сям’ёй Пшырковых Дубоўка сябраваў да канца жыцця.

У 1968 годзе наогул здарылася ганебнае: цішком, ані слоўца, Дубоўку выключылі са складу Саюза пісьменнікаў БССР. Ён аб гэтым даведаўся значна пазней. Нібыта таму, што ён стаяў на ўліку ў Маскве, а не ў Мінску.

Між тым – Дубоўка ў беларускую літаратуру вярнуўся. Гэта адзіны ў свеце выпадак – каб пасля 28 гадоў маўчання літаратар вярнуўся ў жывы літаратурны працэс, і не ганаровым пенсіянерам, што перавыдае свае маладыя тэксты, а форвардам. Ён першы і пакуль адзіны, хто пераклаў на беларускую мову ўвесь корпус санетаў Шэкспіра. Менавіта ў шасцідзясятыя пісьменнік распачаў і распрацаваў незвычайны жанр дыдактычнай прозы, сабраў і пераказаў у вершах незлічоную колькасць народных казак для дзяцей. У 1962 годзе быў ганараваны прэміяй імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Палеская рапсодыя».

Уладзімір Дубоўка памёр нечакана. У сакавіку 1976-га пайшоў у аптэку за лекамі для хворай Марылі Пятроўны, паслізнуўся на дзіцячай пляцоўцы ў двары свайго дома – і зламаў шыйку бядра. Даў згоду на аперацыю, але яе не перажыў: адарваўся тромб. Доктар потым казаў Марылі Пятроўне: нягледзячы на тое, што на сэрцы Дубоўкі было два рубцы ад інфарктаў, перанесеных на нагах, каб не аперацыя, мог яшчэ доўга жыць, бо сілы меў невымерныя.

«На хвалі часу, у плыні жыцця» – праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць».

Аўтар публікацыі: Ганна Севярынец.
Крыніца: Маладосць

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам