ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Паэзія дабрыні
Кнігі ў дар бібліятэцы сярэдняй школы № 189 г. Мінска

Вучыць чытача духоўнай шчырасці і адкрытасці

Вучыць чытача духоўнай шчырасці і адкрытасці
Іншыя навіны

Беларускаму пісьменніку Віктару Карамазаву сёлета споўнілася 85 гадоў. Мы размаўляем з вядомым празаікам пра разнастайнасць тэм і жанраў, у якіх ён працуе: апавяданні і аповесці, падарожныя нарысы і эсэ, публіцыстыка і раманы пра жыццё і творчасць знакамітых майстроў жывапісу – Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага, Антона Бархаткова, Гаўрыіла Вашчанкі, Мікалая Неўрава і інш. У перапынках паміж літаратурнай працай юбіляр таксама звяртаецца да мальберта.

1-Karamazau.jpg– Віктар Філімонавіч, вы вельмі любіце прыроду, падарожнічалі не толькі па Беларусі, але і наведвалі Мальдзівы, Сейшэлы, Маўрыкій, Мадагаскар. Вашы назіранні аб сустрэчах з жыхарамі гэтых краін адлюстраваныя ў аповесці “Глядзіце ў вочы лемуру”. Цікава, калі і як вы патрапілі на акіянскія выспы?

– У канцы 70-х гадоў дэлегацыя Саюза пісьменнікаў СССР адправілася ў краіны – былыя калоніі Францыі і Англіі, якія сталі вольнымі. Савецкі ўрад імкнуўся завязваць культурныя кантакты з гэтымі народамі і краінамі. Сфарміравалі экспедыцыю, куды ўваходзілі міністр культуры Грузіі, скульптар з Латвіі, літоўская паэтэса, і ўключылі мяне. Я пабываў на выспах у Індыйскім акіяне і напісаў аповесць пра далёкія краіны. На Сейшэлах і на Мадагаскары я найперш знайшоў кантакт з прыродай. Яна натхніла мяне на напісанне аповесці, хоць я не ведаў ні мовы, ні гісторыі тых мясцовасцей. За 20 дзён мы наведалі чатыры краіны. Я пабываў на Сейшэлах у дамках у мясцовых людзей, слухаў іх спевы, назіраў за побытам, былі кантакты і з ваеннымі, і з паліцэйскімі. Ужывую сустракаліся сланы і лемуры. На аповесць Янка Брыль адазваўся, што гэта лепшае, што ў нас ёсць пра замежжа ў літаратуры. Падарожжы я вельмі любіў і знаходзіў новыя ўражанні.

– Прыгадайце, якім было ваша першае апавяданне?

– У 1956 годзе ў студэнцкія гады мы адправіліся ў Кустанайскую вобласць і ўдзельнічалі ў жніве на цаліне. Жыццё было цікавае, яно па-маладому ўражвала. Рамантыка, палаткі, героіка гарачых дзён – усё было ўрачыста. З маладымі аднакурснікамі мы жылі ў палатках у стэпе. У брыгадзе кругласуткава працавалі 13 камбайнаў, на машынах звозілі зерне, і мы ўчатырох у начную змену выгружалі яго і засыпалі ў бурт. Бывала, што ўначы адвозілі зерне на элеватар. Едзеш з кіроўцам па стэпе, кругом ноч, дзіўна, як ён арыентуецца. Шафёр па дарозе расказваў пра сваіх сыноў, пра іх працу і лёс. Калі я вярнуўся адтуль – напісаў апавяданне на рускай мове “Сыновья” і занёс яго ў “Советскую Отчизну” (так называўся тады часопіс “Нёман”). Многія пісьменнікі майго пакалення, выхадцы з Магілёўшчыны, пачыналі пісаць па-руску – Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў, Эрнест Ялугін.

4-Karamazau.jpgБыла ў мяне цікавая сустрэча з Барысам Іванавічам Бур’янам, які загадваў аддзелам прозы. Ён прыхільна да мяне паставіўся і аддаў апавяданне ў нумар. Яго надрукавалі ў сакавіку 1957 года. Гэта быў чалавек высокай культуры, у мінулым – драматычны актор, франтавік, удзельнік вызвалення Мінска. Ён запомніўся мне як шчыры чалавек і выдатны прафесіянал. Калі выйшла яго аповесць пра Максіма Багдановіча “Сіняя бухта”, ён падпісаў мне кнігу. Праз год, скончыўшы ўніверсітэт, я прыйшоў да яго з новым апавяданнем. Ён пацікавіўся маім лёсам. Наша філалагічнае пакаленне – Чыгрынаў, Пташнікаў – пасля заканчэння вучобы ўладкоўваліся ў Мінску: хто – у “Маладосці”, хто – у “Полымі”. Барыс Іванавіч па-бацькоўску параіў мне паехаць ў раённую газету. “На раёне ты знойдзеш сапраўднае багатае народнае жыццё. Беларуская мова сёння ў вёсцы”. Так я і зрабіў. У Магілёўскай вобласці я патрапіў адказным сакратаром у родны Чэрыкаў, дзе жылі мае сваякі і стрыечныя браты. Папрацаваў год у Чэрыкаўскай раённай газеце. Там сапраўды была выдатная школа жыцця і беларускай мовы. Потым я прыжыўся ў канторы лясніцтва і завёў добрыя стасункі з леснікамі. Гэта сяброўства засталося на ўсё жыццё, тэмай у літаратуры стала прырода і леснікі. Лес, паляванне, Сож, цудоўныя мясціны – гэта незабыўнае!

5-Karamazau.jpgУ Лімені быў бабровы запаведнік і вальер з аленямі. Ліменьскі лес славіўся яшчэ пры цары, драўніна ішла на будаўніцтва Чарнаморскага флоту. Пасля рэвалюцыі ў доме пана Васілеўскага была заснавана школа-камуна, якую ўзначальваў Панцелеймон Лепяшынскі. З яе выйшлі Ісаак Любан, два будучых генерала. Жыццё мяне звязала з Ліменню. Мы палявалі і рыбачылі, там я напісаў апавяданне “Падранак” і раман “Пушча”. Потым туды прыйшла радыяцыя. Я прыехаў праз пяць дзён пасля таго, як чарнобыльскае воблака села на Лімень. Мае Чэрыкаўскія лясы аказаліся самымі забруджанымі ў Беларусі. Я пабываў у вёсках, паглядзеў, што там адбываецца і напісаў аповесць “Аброчны крыж”. Намеснік старшыні аблвыканкама Клімаў прапаноўваў выпісаць мне пасведчанне ліквідатара. Я адмовіўся, бо не ратаваў ад бяды, а толькі пісаў. Лясная тэма ўвайшла ў мае жыццё, паляўнічыя былі маімі сябрамі.

Да лесу ў мяне святыя адносіны. Мама і бацька былі грыбнікі, без лесу не маглі жыць, на беразе Сожа стаяла хата. Потым я вандраваў па лясах Карэліі, любіў лясную стыхію, у мяне была машына, палаткі, стрэльбы, сабакі. Мае захапленне лесам якраз і вывела на мастака, які пісаў прыроду і не ўяўляў існавання без яе. Вітольд Бялыніцкі-Біруля быў унікальны прыроднік. Жывапісец дзіўна тонкіх настрояў, мастак срабрыста-перламутравага паветра. Ён быў здольны злавіць непаўторны міг у прыродзе і напоўніць яго пачуццём, колерам і музыкай! Напісаўшы пра яго, я зацікавіўся творчасцю яго сябра, Станіслава Жукоўскага, – і напісаў аповесць “Брат мой духоўны”. Так яно і пайшло, я палюбіў гэту тэму.

3-Karamazau.jpg– У выдавецтве “Беларусть” нядаўна выйшла ваша кніга “Зямля Фердынанда” для сярэдняй школы. А раней дзецям рэкамендавалася для прачытання ў старэйшых класах пераважна апавяданне “Дзяльба кабанчыка”.

– У кнігу ўключылі апавяданні розных гадоў, аповесць пра Фердынанда Рушчыца, эсэ. Добра было б, каб хоць адзін твор пра мастакоў уключылі ў школьную праграму. Аповесць пра Бялыніцкага-Бірулю раней уваходзіла ў праграму як літаратура пазакласная. Для дзяцей і моладзі гэта літаратура вельмі многа дае. У ёй паказана духоўная шчырасць мастака. Я напісаў восем аповесцей і раманаў пра мастакоў. Увесь час працуючы ў гэтай тэме, глядзіш па-новаму на творцаў і мастацкую тэматыку. Перада мной як пісьменнікам паўстаюць усё новыя і новыя задачы. У Бірулі мяне захапляла, як адчуванне прыроды вылівалася ў яго мастацтва. Калі пісаў пра Жукоўскага, мяне хваляваў яго круты лёс і яго пошукі каларыту. Ён быў больш энергічны і тэмпераменты за свайго сябра. Жукоўскі ўлічваў густы Еўропы ды Польшчы – чырвоны тон, схільнасць да якога палякам прышчапляў іх геній і кумір Матэйка. Шарм лёгкай радасці, урачыстасці салонаў, дэкаратыўнасць жывапісу. Калі пісаў аповесць пра Рушчыца, зразумеў яшчэ адну ісціну: літаратура пра мастака сёння вельмі патрэбная!

Калі глыбока ўглядацца і імкнуцца разумець, мастак вучыць чытача духоўнай шчырасці і адкрытасці. Нашаму чалавеку, беларусу, які вельмі замкнёны, гэта проста неабходна! Успамінаючы сваю маладосць, бацькоў і старэйшых людзей, я заўважаю, што пасля вайны людзі былі больш адкрытыя, жылі разам з усім народам.

6-Karamazau.jpgМногія пісьменнікі сябравалі з мастакамі – і з Леанідам Шчамялёвым, і з Гаўрыілам Вашчанкам, і з Міхаілам Савіцкім, але ніхто не асмеліўся пісаць. Я адчуў душу мастака, увайшоў у яго псіхалогію. Для нас вобраз мастака, вельмі павучальны, гэта цэлая школа выхавання. У мастакоў кандэнсуецца высокая духоўнасць, прыгажосць жыцця чалавека і прыроды. Мастак чытае прыроду знутры. Ён раскрывае духоўны патэнцыял прыроды, і мы павінны вучыцца ў творцаў разуменню прыроды.

Праглядаю кавалкі сваёй аповесці пра Міхаіла Савіцкага: такія кампазіцыі, глыбокія і складаныя, ніхто акрамя яго не мог рабіць. Савіцкі пісаў сваю апошнюю работу на каленях, яго ўжо не трымалі ногі, але ён пісаў – нямецкі шпіталь, вопыты над дзецьмі... Жыццё яго было трагічным.

– Калі Вы самі пачалі працаваць у жывапісе?

2-Karamazau.jpg– Маё захапленне было вельмі раннім. У школе нагляднасці не было і настаўніца прасіла мяне намаляваць партрэты Гогаля і Пушкіна. Мне гэта вельмі падабалася. Васьмікласнікам я маляваў выявы Коласа і Купалы. Мой бацька выпісаў мне цэлую пасылку алейных фарбаў з Масквы. Сам я вучыўся грунтаваць, праклейваць. А першы малюнак алоўкам зрабіў у 7 гадоў за Волгай, на ваенным заводзе. Мы трапілі пад бамбёжку, я згубіся, патрапіў у прытулак для бяздомных дзяцей, і бацька мяне знайшоў у 1942 годзе на ваенным заводзе, дзе рабілі снарады і міны.

Маю першую значную жывапісную работу “Зазімак” я напісаў на пленэры Бялыніцкага-Бірулі. Пішучы, я разумею іншага мастака. Таму і атрымліваецца літаратура.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара і з архіва пісьменніка.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Да 85-годдзя Віктара Карамазава ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі была арганізавана выстаўка твораў пісьменніка “Пейзаж чалавечай душы”.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам