ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Калядная зорка
Творчыя заняткі “Ліст Дзеду Марозу”

Выдуманыя кнігі ў творах беларускіх пісьменнікаў

Выдуманыя кнігі ў творах беларускіх пісьменнікаў
Іншыя навіны

І праходзіў Падарожнік, які ведаў усё, і прайшоў паўсюль і чытаў усе кнігі, нават Галубіную, што ўпала з неба.

Так піша Уладзімір Караткевіч у паданні пра князя Слуцкага і яго замак на Князь-возеры. У Галубіную кнігу, дзе можна знайсці адказы на ўсе пытанні, верылі тысячы гадоў... Зрэшты, як сёння для нас цалкам рэальныя раман пра Понція Пілата, напісаны булгакаўскім Майстрам, «Даведнік па Галактыцы для аўтастопшчыкаў», прыдуманы Дугласам Адамсам, «Казкі барда Бігля» з сусвету Гары Потэра і «Некранамікон» ад Лаўкрафта.

Кніга — магутны артэфакт для кожнага літаратара... Таму нярэдка робіцца рухавіком сюжэта, а яшчэ — аб'ектам містыфікацыі ці зашыфраваным намёкам. Франсуа Рабле ў неіснуючую бібліятэку Сен-Вікторскага абацтва змясціў кнігі з парадыйнымі назвамі, высмеяўшы нелюбімых схаластаў. Цэлыя бібліятэкі прыдумалі Умбэрта Эка і Борхес. Станіслаў Лем склаў зборнік «Абсалютная пустэча» з рэцэнзій на неіснуючыя кнігі. А мы давайце складзём ну калі не бібліятэку — дык хаця б паліцу з кніг, спароджаных фантазіяй беларускіх пісьменнікаў.

Чорная кніга Твардоўскага

І пачнём з самага містычнага беларускага літаратара, а менавіта Яна Баршчэўскага. У яго творах звычныя героі — алхімікі ды чарнакніжнікі... Самы магутны з іх — пан Твардоўскі, які воляю аўтара выкладае ў Полацкім езуіцкім калегіуме. У пана Твардоўскага з'явіўся любімы вучань, шкаляр Гугон. Аднойчы ўвечары, калі настаўніка не было дома, Гугон пабачыў, што Твардоўскі пакінуў у замку свайго пакоя ключ. Ну і не стрымаў цікаўнасці...

«Уваходзіць у пакой, на стале бачыць велізарную кнігу ў старасвецкім пераплёце з пергамену; глянуўшы ў яе, ён здзівіўся, бо першы раз у жыцці сустрэў белы друк на чорнай паперы, і ледзь прачытаў паўстаронкі, з'явіўся перад ім чараваты карузлік, вочы свяціліся белым агнём, твар чорны, як вугаль».

Як вядома, цікаўнасць падлягае пакаранню. Выкліканы выпадкова дух забіў Гугона, а потым яшчэ па просьбе Твардоўскага ўсяліўся ў цела ахвяры. Не чапайце Чорную кнігу, нават калі яе гаспадара побач няма!

Сабранне навук Зямельчыца

Вацлаў Ластоўскі, інтэлектуал і містык, у аповесці «Лабірынт» таксама стварыў цэлую бібліятэку ўнікальных выданняў. Герой кнігі знаёміцца з дзіўным старым па мянушцы Падземнік, які з'яўляецца ахоўнікам бібліятэкі полацкіх сутарэнняў. Падземнік, якога завуць Іван Іванавіч, абірае героя сваім пераемнікам і праводзіць у таемную полацкую бібліятэку. Там шмат залаў, «аграмадныя фаліянты, пісаныя на пергаміне і шоўкавых тканінах, залягалі ўсе сцены: унізе, каля сцен, у дубовых, абіваных сярэбранай бляхай скрынях разложаны былі звіткі, пісаныя на розных мовах». Ёсць цэлы аддзел кніг, пісаных забытай глаголіцай. Сярод іншага герой «убачыў сабранне навукі Зямельчыца, якое складалася з чатырох кніг, разбітых кожная на семдзесят два раздзелы. На змест кнігі злажыліся: маральнае права, цывільнае і дзяржаўнае права, гісторыя народа і анталогія лепшых тагачасных літаратурных твораў».

Каб дадаць праўдападобнасці, Ластоўскі дае даведку нібыта ад выдавецтва пра таго Зямельчыца, спасылаючыся на антычныя крыніцы. Зямельчыц — гетскі мудрэц, які жыў раней за Піфагора. Сапраўды, ёсць такі персанаж, Zamolxіs, старажытныя геты ўважалі яго за Бога. Але згаданага збору твораў ад яго, вядома, не засталося.

Падручнік, як гаварыць мала і важка, і паэмы Пушкінзона

Андрэй Мрый у «Запісках Самсона Самасуя» кіраваўся метадамі Рабле. Немагчыма без смеху чытаць, як малады невук-кар'ерыст, ад'язджаючы да месца новага прызначэння, бярэ з сабою самае неабходнае:

«Чатыры кніжкі я лічыў настольнымі і ніколі з імі не разлучаўся:

  • падручнік, як гаварыць мала і важка,
  • культура трох камераў цела,
  • як размяркоўваць свае функцыі і
  • падручнік па агульнаму кіраванню».

У вёсцы Шапялёўка, дзе Самсон Самасуй займаецца «ажыўленнем культпрацы», у яго з'яўляецца паплечнік — загадчык нардому, пясняр Гарачы з сапраўдным прозвішчам Пушкінзон. Мрый хвацка парадзіруе сучаснікаў, захопленых пафаснай рыфмаванкай. Пушкінзон, ён жа Гарачы, «Сялянам на сходах... чытаў сваю паэму "За тваім гарбатым носам нічога не бачу". Ён сапраўды стаўся тварам да вёскі. Вечарамі кандыбоберам хадзіў з дзяўчатамі па вуліцы, на ўсе грудзі цягнуў вясковыя прыпеўкі і, каб высока ўзняць сцяг паэзіі, сам новыя прыпеўкі прыдумаў. Яны вельмі спадабаліся на вёсцы. Некаторыя і мне ўлезлі ў галаву:

Галіфэ маё худое
Разарву я да кален.
Думаў з восені
жаніцца —
Маўчыць дзевачка,
як пень.
Каля нашага ваконца
Прашкандыбала цяля,
Я за хвосцік ухапіла —
Думала маё міля!»

Пясняр Гарачы — таварыш пладавіты:

«Ля рэчкі ім напісана славутая паэма "Дні мае крутыя". Шкода толькі, што ў мяне цяжкая памяць на вершы, а між тым у паэме ёсць месцы, хвалюючыя да стогнаў фізіялагічных. Там былі радкі, якія да вар'яцтва падабаліся ўсім. Нешта:

Ў 17 годзе парвалі
мне радасці цуглі.
Дротам калючым
пралезлі ў грудзі.
Сціснулі торбу
сардэчную
Вяроўкаю помсты».

А вось як суцяшае Самасуй супрацоўніцу: «Цяпер, тав. Надзея, не верце мужчыне, хоць ён клянецца, хоць ком зямлі глынець з яйцо, як перасцерагае ўсіх жанчын пясняр Гарачы ў сваёй паэме "Кроў і зялеза"».

Ёсць у аповесці Мрыя і свае «Чорныя кнігі»: настаўнік Мамон просіць у Самасуя садзейнічання ў канфіскацыі «у гр. Андрэя Выбейдуха старалатынскай кнігі, па якой ён займаецца чорнай магіяй і наводзіць цень на ўсіх добрых людзей, у гр. Багдана Злыбядухі рукапіснай кнігі, па якой ён лечыць жывёлу і людзей ад мэханічнай хваробы трасцы». А ў «Шапялёўскім дзяржаўным музэі імя тав. Андросава», створаным па ініцыятыве Самасуя, экспануюцца «цікавы рукапіс ХV стагоддзя "Аб гаспадарчым выхаванні жывёлы", дзённік абжэрства (ХVІ ст.) і зборнік вершаў ХVІІ ст. — "Ён і яна"». Апошні экспанат — парадыйная згадка пра паэму Янкі Купалы «Яна і я», якую маладыя паэты лічылі састарэлай.

Дарэчы, сам Самсон Самасуй — аўтар п'есы «Пратарчака жыцця», напісанай ім для Шапялёўскага самадзейнага тэатра, а таксама трох трактатаў, у тым ліку пра шапялёўскага Трагладыта.

Кніга князёў Альшанскіх

Вялікім кніжнікам быў Уладзімір Караткевіч, і нядзіўна, што сюжэт яго рамана «Чорны замак Альшанскі» пабудаваны вакол кнігі. Яе перадае герою, гісторыку Антону Космічу, сябар Мар'ян Пташынскі. З-за гэтага артэфакта Пташынскі будзе забіты, а Косміч адшукае схаваны ў кнізе ключ да скарбаў злавеснага князя Альшанскага.

«Тры кнігі памерам у аркуш, узятыя ў адзін пераплёт з рудой скуры канца XVІ стагоддзя. Ні густу, анічога. А кнігі, сапраўды, дужа каштоўныя, толькі які ёлуп іх сабраў пад адной вокладкай: «Евангелле» 1539 года, выдадзенае накладам князя Юр'я Сямёнавіча Слуцкага, ды тут жа «Евангелле» Цяпінскага, ды да яго прышмараваны «Статут» 1580 года выдання, той, што пад даглядам Льва Сапегі рабіўся».

Кнігі названыя рэальныя, хоць, зразумела, пад адной вокладкай, ды яшчэ са схаваным таемным пасланнем іх не існуе. А Караткевіч яшчэ надзяляў сакавітымі дэталямі:

«Евангелле» Цяпінскага было надзвычай рэдкім экземплярам. З набору былі выцягнуты «літаркі», каб засталося пустое месца.

Ясна, друк у Цяпінскага быў не той, што ў Скарыны. Бедны друк дужа беднага друкара. І нейкаму багатаму чалавеку гэта не спадабалася. І ён папрасіў аб адной такой кнізе, толькі без «літарак», для сябе. А на пустых месцах папрасіў нейкага мініяцюрыста намаляваць тыя літаркі фарбамі і золатам. Каб кніга выглядала на больш багатую. І мастак гэта зрабіў. З густам і ўмельствам».

Двухтомнік фальклору робатаў

У фантастычным рамане Леаніда Дайнекі «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» дзеянне адбываецца ў далёкай будучыні, дзе людзі суіснуюць з цывілізацыяй робатаў, з якой, зразумела, адносіны складваліся няпроста. Напрыклад, былі паўстанні робатаў — кіраўнік аднаго з іх, «робат Х-29342 назваў сябе Спартаком і загадаў усіх інжынераў і тэхнікаў, што апынуліся ў руках паўстанцаў, распяць на металічных крыжах. Ледзьве ўдалося пранікнуць у лагер мяцежнікаў і абясточыць усіх». Галоўны герой рамана — «прафесійны гісторык Гай Дубровіч». Да Гая прыязджаюць сябры.

«Усе госці таксама ўлягліся спаць. Толькі было чутно, як Дулеб хадзіў унізе, у каміннай зале, чыгуннай рыдлёвачкай выграбаў попел, дзынкаў дужкай вядра, а потым нават ціхенька заспяваў куплет з «Танга робатаў»:

Там, дзе за горадам жаўцеюць горы металалому,
Дзе ў іржавым падшыпніку зацвіў сіні васілёк,
Я сустрэну цябе. І мы прагонім сум і стому.
І я навекі запомню твой крылата-спружынны крок.

«Добрая песня, — падумаў, ужо амаль засынаючы, Гай. — Простая даходлівая мелодыя, чыстае пачуццё. Кажуць, у кнігарнях з'явіўся двухтомнік фальклору робатаў. Трэба купіць».

Таямнічая кніга Разанава

Паэт Алесь Разанаў, які, на жаль, нядаўна сышоў з жыцця, быў майстрам алюзій ды гульні ў сэнсы. У яго вершы-версэце «Вучань чараўніка» мы ўбачым адсылкі і да апавядання «Твардоўскі і вучань» са «Шляхціца Завальні», і да Гётэўскага «Фаўста».

«He ўтрываўшы, я адгарнуў наступную старонку...

«Ліхнаэль, Весмалон, Гермашур, Мэмрагай...» — я чытаю, спяшаючыся, няўцямныя словы-імёны той старой таямнічай кнігі, якую на часіну даверыў мне мой настаўнік...

А на дварэ раптам цямнее, як пры змярканні. Чароды птушак запалоньваюць двор і з гучным пранізлівым крыкам абрушваюцца ў дзверы і вокны.

Спалатнелы, я не паспяваю што-небудзь зрабіць, куды-небудзь падзецца, як у хату ўбягае ўгневаны чараўнік, выхоплівае кнігу, шэпча...

Ужо не вучань, я ўсё далей адыходжу ад чараўніковай сядзібы.

Аднак словы, тыя забароненыя словы імёны, якія я вычытаў у кнізе... —

я мучуся, я намагаюся не ўспамінаць іx, не дапусціць іx да свайго розуму, не застацца з імі сам-насам...

Я баюся таго, што ведаю.

За вокнамі маёй свядомасці цёмныя крыкі».


Што ж, спадзяюся, што з гэтай віртуальнай паліцы вы здымеце разам з уяўнымі і рэальна існуючыя кнігі беларускіх пісьменнікаў. Прыемнага чытання на роднай мове!

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам